Панядзелак, 26 Май 2014 19:53

Cв. Марыя Д. Мадзарэлло Выбранае

Аўтар

СВЯТАЯ МАРЫЯ

ДАМІНІКА МАДЗАРЭЛЛО FMA

(MARIA DOMENICA MAZZARELLO)

1837 - 1881

Упамін 13 мая

 

Марыя Дамініка нарадзілася ў вялікай сялянскай сям'і 9 мая 1837 г. Сям'я выхавала ў ёй глыбокую пабожнасць, нястомную працавітасць і глыбіню думкі, што праявілася, калі яна стала настаяцельніцай новазаснаванай кангрэгацыі.
Надзеленая велізарнай фізічнай сілай, Марыя з дзяцінства працавала з бацькам Юзафам у полі. "Трэба маліцца і працаваць, каб Бог не пакінуў нас без хлеба», -- казаў бацька. Дзякуючы глыбокаму хрысціянскаму выхаванню ў сям'і, Марыя штодня ішла на немалыя ахвяры, каб сустрэцца з Езусам у Эўхарыстыі. "Без Яго я б не змагла жыць", -- скажа некалі Марыя Дамініка. У пятнаццаць гадоў яна запісалася ў Асацыяцыю Дачок Беззаганнай Панны Марыі і пачала апостальскае служэнне сярод дзяўчат у вёсцы.
У 1860 г. у Марнэзэ прыйшла смяротная на тыя часы хвароба тыф. Спавяднік Марыі, ксёндз Пестарыно, папрасіў яе дапамагчы даглядаць за некалькімі яе сваякамі з сям'і Мадзарэлло, якія захварэлі на гэтую хваробу. Марыя згадзілася, але сама неўзабаве заразілася тыфам. Праз некаторы час яна раптам папраўляецца. Хвароба забрала ў яе фізічную сілу, аднак ў яе засталася непахісная вера і нязломны энтузіязм.
Аднойчы Марыя ішла па вуліцы і раптам ёй з'явілася таямнічая візія: велізарны будынак, у якім было мноства дзяўчат. Яны гулялі і бегалі ў двары, а нейкі таямнічы голас сказаў ёй: "Я даручаю іх табе".
Паколькі Марыя больш не магла працаваць у полі, яна вырашае з сяброўкамі з асацыяцыі Беззаганнай Панны навучыцца кравецкаму рамяству, каб у будучыні вучыць бедных дзяўчынак шыццю. Святы Дух сфармаваў у Марыі матчынае сэрца. Разумная і мудрая яна выхоўвала дзяўчат папераджальнай любоўю. Калі Марыя адкрыла першую майстэрню, добры Бог паслаў ёй першых сірот, якіх яна прыняла пад сваю апеку. З'явіліся і першыя памочніцы, якіх ксёндз Пестарыно назваў Дочкамі Беззаганнага Зачацця.
У 1864 г. ксёндз Боско прыязджае у Марнэзэ, каб там адкрыць каледж для падлеткаў з вёскі. Марыя, убачыўшы яго, усклікнула: «Дон Боско – святы! Я гэта адчуваю". Наведаўшы маленькую майстэрню Дачок Беззаганнага Зачацця, ксёндз Боско быў глыбока ўражаны вялікай ахвярнасцю і пабожнасцю Марыі і яе сябровак.
Папа Пій IX прапанаваў ксяндзу Боско заснаваць жаночую галіну салезіянскага таварыства, каб ахінуць выхаваўчай любоўю таксама і дзяўчат. Тады святар ўспамінае пра пабожную асацыяцыю дзяўчат з Марнэзэ, на чале якой была Марыя Дамініка. Нібы пад Божым натхненнем ксёндз Боско абірае для новай жаночай кангрэгацыі Дачок Беззаганнага Зачацця. Ім ён перадае нядаўна пабудаваны каледж у Марнэзэ. Як казаў ксёндз Боско, гэтая кангрэгацыя з’яўляецца жывой падзякай Марыі Успамозе Хрысціянаў. Аднавяскоўцы прынялі гэтую навіну варожа. Яны будавалі гэты каледж для хлопцаў, а ксёндз Боско аддаў яго ў рукі нейкай суполкі пабожных кабет. Марыя і яе сяброўкі сталі пакутаваць ад голаду з-за таго, што аднавяскоўцы ставіліся да іх з пагардаю. Тым не менш іх невялікая супольнасць ніколі не траціла духа. Яны заставаліся вясёлымі, а іх вера была моцная і непахісная.
У 1872 годзе першыя 15 дзяўчат складаюць манаскія абяцанні ў новай кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, якую разам з Марыяй Дамінікай сузаснаваў ксёндз Боско. Марыі прапанавалі стаць галоўнай настаяцельніцай, але спачатку яна называла сябе "вікарыем", бо, як казала, "сапраўднай настаяцельніцай з’яўляецца Панна Марыя”. Як настаяцельніца яна праявіла сябе ўмелай выхавацельніцай і настаўніцай у духоўным жыцці. У Марыі была харызма спакойнай весялосці, яна выпраменьвала радасць і прыцягвала іншых дзяўчат да справы жаночага выхавання.
Кангрэгацыя хутка развівалася, адкрываліся новыя дамы, у Амерыку адправіліся першыя місіянеркі. Сёстры называлі Марыю "матуляй" за яе вялікую любоў да кожнага. Яна ўзначальвала новазаснаваную кангрэгацыю, але адначасова заставалася простай і ўважлівай да ўсіх і была прыкладам нават у самых брудных працах.
Марыя мудра будавала духоўнасць кангрэгацыі на аснове харызмы ксяндза Боско. Пасля яе смерці духоўныя дочкі засталіся верныя выхаваўчай традыцыі, заснаванай на евангельскіх каштоўнасцях.
Марыя Мадзарэлло памерла 14 мая 1881 г. ва ўзросце 44 гадоў. У момант яе смерці кангрэгацыя ўжо налічвала 165 сясцёр і 65 дзяўчат у навіцыяце, якія жылі ў 28 манаскіх дамах (19 -- у Італіі, 3 -- у Францыі і 6 -- у Амерыцы).
У 1938 г. Пій XI беатыфікаваў Марыю Мадзарэлло, а 24 чэрвеня 1951 г. Пій XII кананізаваў. Парэшткі святой знаходзяцца ў базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне – касцёле, які пабудаваў святы Ян Боско.

Крыніца: sdb.org; donboscogatchina.ru

 

Апошняе змяненне Аўторак, 05 Снежань 2017 16:56
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Св. Калікст Караварыё Св. Дамінік Савіо »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

У выглядзе адкінутых, убогіх ёсць сам Збавіцель. Гэта не бедныя хлопцы просяць аб міласэрнасці, а сам Езус у выглядзе сваіх бедных. Рабі ўсё, што можаш, а Пан Бог зробіць, чаго не хапае. Ён ніколі цябе не ашукае, калі працуеш для Яго.

Св. Ян Боско