Чацвер, 26 Май 2011 19:51

Св. Калікст Караварыё Выбранае

Аўтар

 СВЯТЫ КАЛІКСТ КАРАВАРЫЁ SDB

(CALLISTO CARAVARIO)

1903-1930

Успамін 25 лютага

Калікст нарадзіўся 8 чэрвеня 1903 года ў простай мяшчанскай сям’і ў Куорнэ каля Турына. Калі яму было 5 гадоў, разам з сям’ёй пераязджае ў Турын і пасяляецца ля Порта-Нуова. Недалёка ад дома, дзе жыла сям’я Караварыё, знаходзіўся салезіянскі араторый святога Юзафа. Калікст з вялікай ахвотай прыходзіў у гэтае месца, якое стала для яго другім домам. Менавіта ў араторыі ён упершыню сустрэў салезіянаў. Бацькі, бачачы вялікі ўплыў салезіянаў і іх ролю ў выхаванні сына, вырашаюць аддаць яго ў салезіянскую гімназію ў Вальдокко, дзе хлопец, слухаючы апавяданні пра прыгоды місіянераў, таксама пажадаў ім стаць. Яго выхавацелі казалі, што ён быў чысты і духоўна прыгожы, як Дамінік Савіо. У 1918 годзе, маючы пятнаццаць гадоў, ён уступае ў навіцыят у Фоліццо Канавэзэ, а 19 верасня 1919 года складае першыя манаскія абяцанні.

У 1922 годзе клерык Калікст сустракаецца з біскупам Версілія, які прыбыў з Кітая на Генеральную Капітулу. Размова з біскупам, а таксама з іншымі місіянерамі ўсё болей і болей распальвалі ў сэрцы маладога салезіяніна прагненне ахвяраваць сваё жыццё місійнаму апостальству. Калікст доўга прасіў настаяцелей дазволіць яму споўніць гэтае жаданне. Тыя доўга адмаўлялі яму, але ў рэшце, бачачы яго патэнцыял і місійнае пакліканне, далі дазвол.

Генеральны настаяцель наказвае Каліксту разам с ксяндзом Гарэлім паехаць на місійную працу ў Кітай. Накіроўваючыся на місію, клерык Караварыё сказаў свайму сябру: “Еду ў Кітай, дзе мяне чакае мучаніцтва”. Тады ніхто не зразумеў гэтых слоў…

7 кастрычніка 1924 года група місіянераў развіталася з Турынам. Апрача салезіянаў у Кітай ехала таксама невялікая група навіцыяў, дзе іх чакала фармацыя ў Хо Саі. Калікст спачатку прыбывае ў Шанхай. Там распачынае вывучэнне кітайскай, французскай і англійскай моў. У той час ён напісаў маці: ” Любімая матуля! Хоць мне і 20 гадоў, але, як малы, я нанова вучуся пісаць і размаўляць. Кітайская мова нялёгкая, але калі ты, матуля, памолішся за мяне, то твой Калікст зможа ўсё”. Некалькі месяцаў пазней ён напіша: “Любімая матуля! Зараз пачуеш навіну, якая, напэўна, узрадуе цябе. Сёння ўпершыню выкладаў заняткі хлопцам па-кітайску… З радасцю назіраў, што яны мяне добра разумелі”.

Над Шанхаем збіраліся чорныя хмары. Кітайская рэвалюцыя нарадзіла грамадскую вайну. Прабыванне ў горадзе было небяспечным. Калікста разам з пяццю іншымі сабратамі высылаюць у Макаў, адкуль ён едзе ў Цімор. Але пасля двух гадоў працы ў гэтым мейсцы ён ізноў вяртаецца ў Макаў. Настаяцель прызначае Калікста памочнікам ў Апостальскім Вікарыяце Шыў Хоф. Там 18 мая 1929 года з рук біскупа Версілія ён атрымлівае святарскае пасвячэнне. У гэты ж дзень ён піша да сваёй матулі:  “Пішу табе, мая даражэнькая мама, з сэрцам, перапоўненым радасцю. Сёння з рук салезіянскага біскупа я атрымаў святарскае пасвячэнне. Твой Калікст цяпер святар навекі. Сардэчна падзякуй разам са мною Богу за гэту вялікую ласку. Заўтра ўпершыню адпраўлюся да алтара, каб адправіть святую Імшу ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа. Бог упершыню будзе гасціць у маіх далонях. Таму твой Калікст ужо болей не твой. Я павінен цалкам належаць Хрысту і цалкам аддавацца служэнню Яму. Веру, што Бог дасць мне гэтую ласку. Маліся мама, каб я стаў святым святаром… Без рэшты адданым Богу”.

МУЧАНІЦТВА

Напачатку лютага 1930 года біскуп Версілія звяртаецца да ксяндза Караварыё с просьбай, каб той спадарожнічаў яму падчас адведвання місійных пляцовак, якія знаходзіліся далёка ад цэнтра душпастырскай працы. Падарожжа распачалося 24 лютага 1930 года. Біскуп Версілія і ксёндз Караварыё плылі на лодцы ў кірунку Лін Хоф. Разам з імі былі дзве кітайскія катэхеткі і тры вучаніцы з катэхетычнай школы ў Шыў Хоф. Дзесьці апоўдні іх човен быў затрыманы групай партызанаў-бандытаў. Мужчыны пажадалі ад місіянераў 500 даляраў выкупу. Каля іх галоў трымалі стрэльбы, пагражаючы смерцю. Убачыўшы, што ксяндзы не маюць грошай, пажадалі, каб тыя адкупіліся дзяўчатамі. Салезіяне цвёрда адмовілі і за гэта заплацілі вялікую цану. Іх выкінулі з чаўна на зямлю, паставілі на калені і пачалі жорстка біць карабінамі. Калі бандыты зноў спрабавалі забраць дзяўчат, збітыя да крыві місіянеры кінуліся іх абараняць. Злачынцы звязалі салезіянаў і пацягнулі іх у бамбукавы лес, які рос непадалёку. Дзяўчаты ў лодцы з жахам глядзелі, як іх пастыраў цягнуць на смерць. Чалавечыя постаці зніклі ў бамбукавай пушчы. Праз хвіліну раздалася 5 выстралаў. Дзяўчаты зразумелі, што гэта канец. Іх плач заглушылі крыкі бандытаў, якія пачалі крычаць на ўвесь лес: “Забітыя, забітыя!”.

Праз пяць дзён мясцовая армія схапіла банду і вызваліла дзяўчат, якія былі зачыненыя ў мясцовым касцёле. Знайшлі і целы мучанікаў. Іх засыпалі пяском на беразе ракі. Калі была праведзена эксгумацыя, убачылі, што салезіяне былі забітыя стрэлам у галаву. Крыж і персцень біскупа Версілія былі скрадзены. Целы перавезлі ў горад. Пасля невялікай падрыхтоўкі адбылося ўрачыстае развітанне. Тысячы людзей, трымаючы запаленые свечкі, ішлі ў пахавальнай працэсіі і плакалі. У жалобнай прамове дэлегат кітайскага Імператара сказаў: ”Каталіцкі Касцёл з’яўляецца высакароднай інстытуцыяй. Ён умее выхоўваць і даваць грамадству людзей, якія ажно да смерці выконваюць свае абавязкі і абараняюць людзей, людзей, гатовых нават памерці за сваіх духоўных дзяцей”.

15 мая 1983 года Папа Рымскі Ян Павел ІІ абвясціў салезіянскіх першамучанікаў благаслаўлёнымі, а 1 кастрычніка 2000 года – святымі.

Глядзі таксама святы Алаізій Версілія...

 

Апошняе змяненне Серада, 06 Снежань 2017 22:27
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Св. Алаізій Версілія Cв. Марыя Д. Мадзарэлло »

Думкі ксяндза Боско

Нараканні робяць сэрца халодным

Св. Ян Боско