Аўторак, 13 Кастрычнік 2015 12:17

Александрына Марыя да Коста

Аўтар

Александрына Марыя да Коста

Успамін - 13 кастрычніка  Крыніца: http://sdb.by/svyatast/saleziyanskiya-blagaslauljonyya/101-blagasla-ljonyya/401-bl-yuzaf-kavalski

Александрына Марыя да Коста нарадзілася 30 сакавіка 1904 года ў Балазары (Партугалія) у хрысціянскай сям’і. Каб яна магла наведваць школу, якой не было ў вёсцы, бацькі адвезлі сямігадовую Александрыну ў Павуа-дзі-Варзін і знайшлі сям’ю цесляра, у якой яна магла жыць. Пасля заканчэння школы дзяўчына вярнулася ў Балазар і працавала ў полі разам са сваёй сям’ёй. Яна была жыццярадаснай і пяшчотнай. Александрына любіла гуляць і жартаваць, і сяброўкі ахвотна праводзілі з ёй час.

Калі ёй было 14 гадоў яе спрабавалі згвалтаваць. Абараняючыся ад гэтага, яна выскачыла ў сад з акна свайго дома. Праз 5 год пасля траўмы ад гэтага падзення Александыну цалкам спаралізавала. Усё астатняе жыццё, а гэта больш 30 гадоў, яна правяла лежачы ў ложку. Увесь гэты час аб ёй клапацілася яе старэйшая сястра Дэалінда.

Александрына прасіла Бога аб аздараўленні, але Панна Марыя дала ёй ласку прыняць пакуты і гатоўнасць ахвяраваць іх дзеля збаўлення душаў. Таму яна прапанавала сябе Хрысту, як ахвяру за навяртанне грэшнікаў і супакой ва ўсім свеце: “У мяне няма іншых жаданняў, акрамя таго, каб праслаўляць Бога і ратаваць душы”.

На працягу 4 гадоў (з 1938 па 1942 гг), нягледзячы на параліч, яна кожную пятніцу падымалася з ложка і перажывала Мукі Хрыстовыя. У агульнай складанасці гэта паўтаралася 182 разы. Пакуты доўжыліся па тры гадзіны. Яе штотыднёвыя перажыванні Мукі Пана скончыліся, калі 31 кастрычніка 1942 года Папа Пій XII прысвяціў свет Беззаганнаму сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі. Пра значэнне гэтага прысвячэння гаварылася падчас бачанняў і пра гэта Александрына пісала Святому Айцу.

З 27 сакавіка 1942 года і да самай смерці – на працягу 13 год і 7 месяцаў – Александрына не спажывала ніякай ежы і напояў, акрамя Святой Эўхарыстыі. Гэты невытлумачальны факт даследавалі дактары і вучоныя, здаралася нават у абразлівай для яе форме.
Александрына была вялікім містыкам. У пастаяннай еднасці з Езусам, прысутным у табернакулюмах па ўсім свеце яна рэгулярна адчувала экстаз і атрымлівала візіі ад Бога.

Бог хацеў, каб яе другім духоўным айцом стаў салезіанін кс. Умберта Паскуале, які вёў яе дзённік. Яна звярнулася з просьбай стаць салезіянкай-супрацоўніцай. Яна сказала: «Я адчуваю яднанне з салезіянамі і салезіянамі-супрацоўнікамі па ўсім свеце. Часта, гледзячы на маё пасведчанне аб уступленні ў Асацыяцыю салезіянаў-супрацоўнікаў, я адчуваю зносіны з салезіянамі і ахвярую свае пакуты дзеля выратавання моладзі! Я люблю Салезіянскую Кангрэгацыю. Я яе вельмі люблю і ніколі не забудуся ні на зямлі, ні ў небе».

Тысячы людзей прыходзілі да яе, каб слухаць яе словы. Яна памерла 13 кастрычніка 1955 года ў Балазаре, дзе яна і пахаваная. Мноства пілігрымаў рэгулярна прыязджае ў гэтае месца.

Александрына Марыя да Коста больш за ўсё ўвасабляла адну з рысаў салезіянскай духоўнасці: гатоўнасць да самаахвяравання. Да яе і іншыя салезіяне рэалізавалі сваё пакліканне, пабожна пераносячы сваю хваробу і ахвяруючы свае пакуты дзеля выратавання моладзі: кс. Аўгуст Чартарыскі, кс. Андрэа Бельтрам і с. Эўсебія Паліміно.

Апошняе змяненне Панядзелак, 18 Люты 2019 23:55
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Юзаф Кавальскі

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Без цярпення не можам стаць святымі.

Св. Ян Боско