Пятніца, 06 Май 2016 16:22

Юзаф Кавальскі

Аўтар

КСЁНДЗ ЮЗАФ КАВАЛЬСКІ SDB

(JÓZEF KOWALSKI)

Успамін 29 мая

 

Ксёндз Юзаф Кавальскі нарадзіўся 13 сакавіка 1911 года ў Сядлісках каля Жэшова. У сям’і быў сёмым з дзевяцярых дзяцей. Яго бацькамі былі Войцех Кавальскі і Сафія з дому Баровец. Хрост маленькі Юзаф атрымаў у парафіяльнай святыні ў Любені. Там жа прыступіў да Першай Святой Камуніі. Пасля адзінаццатага года жыцця распачынае вучобу ў салезіянскай прафесійнай школе ў горадзе Асвенцыме. Там у салезіянскім касцёле Марыі Успамогі Хрысціянаў прыняў таксама сакрамэнт канфірмацыі.

Юзаф быў вельмі дапытлівым і рухавым хлопчыкам. Да навукі ставіўся з павагай, быў вельмі набожны. Асаблівым чынам ушаноўваў Найсвяцейшую Панну, молячыся штодня да Яе на ружанцы, падчас гадзінак, альбо проста ў малітоўным чуванні перад Яе абразом у салезіянскім касцёле. Выхавацелі і настаўнікі называлі Юзафа “piccolo santo”, што азначае “маленькі святы”.

Любіў музыку, іграў на скрыпцы і ўдзельнічаў у выступленнях духавога аркестра. Меў выдатны голаc, з адвагай і задавальненнем выступаў на сцэне.

У школе яго запрашаюць да Таварыства Безаганнай, якое ўпершыню заснаваў св. Дамінік Савіо, каб разам з іншымі сумленнымі і набожнымі хлопцамі збіраць як мага болей сяброў вакол Езуса і Марыі. Таксама быў членам Місійнага Таварыства, паказваючы гэтым сваю неабыякавасць да святой справы распаўсюджвання Евангелля там, дзе яго яшчэ не чулі.

Праз пяць гадоў вучобы ў школе, разумее, што яго пакліканне гэта святарства ў салезіянскай харызме, таму неадкладна просіць настаяцеляў прыняць яго да навіцыяту. Гадавы навіцыят адбыўся ў Чэрвінску над Віслай, дзе 24 ліпеня 1928 года складае свае першыя манаскія абяцанні.

У 1928-31 гадах клерык Юзаф скончыў у Кракаве класічную гімназію і два гады філасофіі. Педагагічную практыку (асістэнцыю) праходзіў год ў Чэрвінскім навіцыяце і год у Пшэмысльскай школе арганістаў. У 1934 годзе ў Кракаве складае вечныя абяцанні наследаваць Хрыста чыстага, убогага і паслухмянага. У той дзень у сваім духоўным дзённічку напіша: “О мой дарагі Езу, дай мне волю вытрымкі, рашучую, моцную, каб я здолеў вытрываць у сваіх пастановах і дасягнуў узвышанага ідэалу святасці, які сабе акрэсліў. Я павінен быць святым”. У гэтым жа блакноціку пасля рэкалекцый 1930 года ўласнай крывёю напісаў: “Цярпець і быць пагарджаным”.

Пасля асістэнцыі распачынае вывучаць тэалогію ў Кракаўскай семінарыі салезіянаў. Пасля тэалогіі 29 мая 1939 года прымае сакрамэнт святарства з рук біскупа Станіслава Распонда. Перад святарскім пасвячэннем таксама запіша ў дзённічку адзін сказ: “Калі Езус называе мяне сваім сябрам, то паміж мной і Езусам павінна ўзнікнуць сапраўднае, сардэчнае сяброўства”.

Распачынаецца другая сусветная вайна – жудасная трагедыя, якая забіла мільёны нявінных людзей. Нацысты мелі вялікую нянавісць не толькі да габрэяў, але і да служыцеляў культу – асабліва католікаў. 23 мая 1941 года немцы ўрываюцца ў дом кракаўскіх салезіянаў і арыштоўваюць ксяндза Кавальскага разам з адзінаццацю іншымі салезіянамі. Спачатку іх кінулі ў вязніцу на Мантэлэпіх у Кракаве, пасля перавезлі ў канцлагер у Асвенцыме. Ксёндз Юзаф атрымаў турэмны нумар 17350.

Ужо на наступны дзень пасля прыбыцця ў канцлагер ксёндз Кавальскі быў сведкам жудаснай і агіднай смерці прывезеных разам з ім габрэяў і чатырох салезіянаў. У лісце ад 29 чэрвеня ён напіша: “Будзьце за мяне спакойныя, я ў руках Бога”. Ксёндз Конрад Швэда, сувязень ксяндза Юзафа, ўспомніць: “Ксёндз Кавальскі захаваў у канцлагеры годнасць чалавека і святара; патрапіў быць сабой, хоць быў за гэта біты; дапамагаў іншым і як руплівы святар, нягледзячы на суровую забарону, адпускаў грахі канаючым вязням, падбадзёрваў паніклых духам, суцяшаў псіхічна надламаных і тых, хто чакаў смяротнага прысуду”. Паплечнік Юзафа, ксёндз Станіслаў Гарэцкі,  напіша аб ім: “Ксёндз Кавальскі ў канцлагеры смерці, у якім, – як выказваліся наглядчыкі, – няма Бога, здолеў зняволеным таварышам Бога прыносіць”.

Сілы чэрпаў ад Маці Божай, да якой меў вялікую набожнасць. Доказам гэтага быў ружанец, які ён схаваў і не аддаў пры ўездзе ў канцлагер. У асвенцымскім канцлагеры ксёндз Юзаф патаемна цэлебраваў святую Імшу, вельмі часта ўначы. Насіў з сабой Хрыстовае Цела, каб у кожным моманце змог яго ўдзяліць паміраючаму брату-сувязню (штодзённа ў Асвенцыме памірала каля пяці дзясяткаў чалавек). А палове пятай раніцы перад выхадам на працу арганізоўваў сумесныя малітвы для вязняў. У канцлагеры двойчы сустрэўся з святым Максімільянам Кольбэ, размаўляючы з ім пра Бога і вартасць цярпення.

У канцы мая 1942 года вязні даведаліся, што група святароў будзе вывезена ў канцлагер у Дахау, дзе ўмовы былі лепшыя, чым у Асвенцыме. Сярод “шчасліўчыкаў” апынуўся і ксёндз Кавальскі.

Святароў распранулі дагала, каб перад ад’ездам дакладна абшукаць. Калі група ксяндзоў стаяла без адзення ў канцлагернай лазні, з’явіўся рапартфюрэр Паліцш, які заўважыў штосьці схаванае ў далоні ксяндза Кавальскага. Ад моцнага ўдару па руцэ з далоні выпаў ружанец. Афіцэр са злосцю крыкнуў: “Растапчы гэта!” Ксёндз Юзаф з годнасцю падняў галаву і адказаў: “Не”. Раз’юшаны нямецкі жаўнер, б’ючы, вывеў святара з лазні. Ксяндзы, якія былі сведкамі гэтага, яшчэ доўга пераглядаліся вачамі ў цішыні. Яны добра ведалі, што чакае ксяндза Кавальскага за ружанец. Але хіба болей у іх галовах мітусіліся думкі: “Ці змог бы я так, як ён…?”

Ксёндз Юзаф вачамі праводзіў сваіх вязняў-святароў, калі яны ад’язджалі машынай у Дахау. Ксяндза Кавальскага направілі ў карную роту. Там штодзённа падчас нечалавечай працы мардавалі людзей дзясяткамі. Кожны ведаў, што адтуль жывымі не вяртаюцца.

Нямецкія афіцэры жудасна здзекаваліся з вязняў: білі палкамі па галаве, ламалі пальцы, выкалывалі вочы, вылівалі на зямлю абедзенную баланду і загадвалі злізваць языком. Аднаго дня падчас такога жорсткага катавання людзей, адзін з нацыстаў з усмешкай усклікнуў: “А дзе той каталіцкі ксёндз, няхай дасць ім у дарогу да вечнасці сваё духоўнае бласлаўленне!” Знайшоўшы ксяндза Кавальскага, які працаваў на насыпе, яго моцным ударам скідаюць у балота. Пасля гэтага высмяяння, б’ючы палкамі, вядуць да бочкі з фекаліямі, дзе каналі іншыя вязні, якіх білі і з якіх здзекаваліся. Салдаты яшчэ раз моцна ўдарылі святара па галаве кіем і загадалі яму ўзлезці на бочку. Наглядчык Зэп з крывадушным выразам твару звярнуўся да згорбленага ад болю ксяндза: “Душачкі ад цябе ўцякаюць. Ускоквай хутчэй на бочку, каб даць ім апошняе бласлаўленне ў дарогу да неба”. Пасля чаго гучна рассмяяўся яму ў твар.

Скрываўлены і збіты, ксёндз Кавальскі перасільвае сябе: дрыжучы ўсім целам упаў на калені, зрабіў знак крыжа, склаў пабожна рукі да малітвы і глыбока ўзіраючыся ў неба з усёй моцы пачаў прамаўляць словы: “Ойча наш, каторы ёсць у небе…”. На дзядзінцы запанавала цішыня. Адзін з вязняў па прозвішчы Кокаш скрываўленымі вуснамі прамовіў: “Такой малітвы свет яшчэ не чуў”.

Гэтай малітвай ксёндз Юзаф падпісаў сабе смяротны прысуд. Адзін з фашыстаў моцна стукнуў святара па нагах і скінуў з бочкі. Абяссіленае цела яшчэ доўга білі кіямі. Ксяндза Юзафа пасля здзекаў вязні занеслі на ягоны ложак. Пасля вячэрняй пераклічкі да барака падышоў нямецкі афіцэр Мітас, паклікаў ксяндза да выхаду. Ксёндз Юзаф аддаў сваю порцыю хлеба свайму сувязню, кажучы: “Зыгмунт, вазьмі гэты хлеб, мне ён ужо не будзе патрэбны”. Пазней гучна прамовіў да ўсіх сабраных у бараку: “Маліцеся за мяне і за маіх катаў!” – і пакорна выйшаў да наглядчыкаў.

Болей ўжо не вярнуўся. Быў дзень 4 ліпеня 1942 года. Салдаты-фашысты, жудасна мучаючы святара, ўтапілі яго ў бочцы з фекаліямі, з якой ксёндз Юзаф маліўся за душы канаючых вязняў. Раніцай пад баракам ляжала бруднае ад фекаліяў цела святога святара, якое потым спалілі разам з дзясяткамі іншых пакутнікаў Асвенцыма.

13 чэрвеня 1999 года Папа Рымскі Ян Павел ІІ абвяшчае ксяндза Юзафа Кавальскага бласлаўлёным.

Апошняе змяненне Панядзелак, 18 Люты 2019 23:52
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Бл. Эўзэбія Палёміно Александрына Марыя да Коста »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Жывіце ў вялікай радасці, толькі не грашыце

Св. Ян Боско