Нядзеля, 09 Люты 2014 15:30

Бл. Эўзэбія Палёміно

Аўтар

БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ ЭЎЗЭБІЯ ПАЛЁМІНО FMA

(EUSEBIA PALOMINO)

1899 – 1935

Успамін 9 лютага

Эўзэбія нарадзілася ў 1899 годзе ў Кантальпіно ў вельмі ўбогай іспанскай сям’і. Яе маці Іоана і бацька Аўгустын, калі пашлюбаваліся, злучылі разам не толькі сваю любоў, але і бядоту. Жылі ў маленькай хаце, накрытай саломай, праз якую вельмі часта падчас навальніцаў працякала вада. Бог даў сям’і Палёміно пяць дзяцей: Антось (жыў толькі тры гады), Далорас, Эўзэбія, Антаніна і Мосэ, які пражыў усяго пару дзён. Дзеці нараджаліся, а Аўгустын не меў пастаяннай працы. Мясцовая шляхта нанімала яго ад мая да верасня пастухом. Але сям’ю трэба ўтрымліваць дванаццаць месяцаў у год, а не пяць. Бацька вельмі часта выходзіў з маленькай Эўзэбіяй у навакольныя вёскі, каб там, жабруючы, сабраць хоць трошкі сродкаў, якія так патрэбны для жыцця.

Калі Эўзэбія мела 10 гадоў, бацькі паслалі яе ў якасці прыслугі да багатых суседзяў, дзе яна выконвала працу нянькі, забаўляючы малых дзяцей. З-за недахопу грошаў і часу на навуку Эўзэбія не магла хадзіць у школу і скончыла толькі адзін клас. Ад самага дзяцінства ўсім сваім сэрцам кахала прыроду. Менавіта ў ёй яна штодня сустракала Бога, Яго прысутнасць і любоў. “Якая шчаслівая я была сярод гэтых палёў! – успамінае Эўзэбія. – Я захаплялася прыгажосцю лугоў, пакрытых кветкамі, слухала спеў птушак, углядалася ў хмары, якія вандравалі па небе, і казала сабе: Усё гэта прыгожае! Але нішто так не захапляе мяне, як гэтыя хмары, за якімі хаваецца неба - рай”.

Калі мела трынаццаць гадоў Эўзэбія разам з сястрой Далорас працавала гувернанткай і нянькай у Саламанцы. Аднойчы ў нядзелю Эўзэбія зайшла ў мясцовы араторый, якім кіравалі сёстры салезіянкі. Эўзэбія прагнула вучыцца, таму папрасіла сясцёр, каб прынялі яе ў нядзельную школу. Настаяцельніца, паглядзеўшы на прыгожую з выгляду дзяўчыну, сказала: “Мы патрабуем асобу такую, як ты, якая дапамагала б нам працуючы ў нашым доме і адводзіла дзяўчат да дзяржаўнай школы. Ці ты згодна?” У першых днях снежня 1917 г. Эўзэбія распачынае працу ў сясцёр. Яе абавязкамі было прыбіранне ў доме, праца на кухні, развешванне бялізны, разпальванне печы. Дзяўчына таксама заўсёды знаходзілася з дзяўчатамі, якія прыходзілі ў араторый, таксама даглядала іх у інтэрнаце, дапамагаючы ім у розных справах.

“Нягледзячы на такую колькасць абавязкаў, я была вельмі шчаслівай, настолькі, што нават не адчувала холаду падчас развешвання бялізны. Ані стомленнасць, ані патрэсканыя рукі, якія крывавілі ад холаду, мне не балелі. Нават наадварот, я вельмі радавалася, што магу гэта ахвяраваць Богу. Усё чыніла з радасцю і, як перапрашэнне за мае грахі, а таксама дзеля збаўленне душаў”.

Эўзэбія была неадукаванай, але яе жыццё пачало распраменьвацца на людзей вакол яе. Дзяўчаты, і нават сёстры, несвядома пачынаюць наследаваць Эўзэбію ў практыкаванні цнотаў. Яе духоўнасць, кантакт з Богам праяўляўся ва ўсім. У яе вачах можна было з упэўненасцю ўбачыць прысутнасць Хрыста, якога яна праслаўляла праз радаснае выкананне сваіх абавязкаў.

31 студзеня 1922 года ва ўрачыстасць святога Яна Боско Эўзэбію ўрачыста прымаюць у пастулят сясцёр салезіянак. Пастулянткі павінны былі паехаць у Барселону – Сарыю, каб там прыгатавацца да навіцыяту. Паехалі ўсе, акрамя Эўзэбіі. Яна ахвяроўваецца і застаецца на месцы таму, што ў сясцёр не было кухаркі. “Я адбыла пастулят у Саламанцы і спаўняла кожны наказ з радасцю… Развешваючы бялізну, духоўна малілася ўвесь ружанец. Усё ахвяроўвала Найсвяцейшай Панне. Ідучы ў горад па пакупкі, духоўна злучалася з табернакулямі касцёлаў, побач якіх праходзіла. Прымала духоўную Камунію. Калі мела вольную хвілінку, а калі касцёл, побач якога праходзіла быў адчынены, уваходзіла ў яго прынамсі на момант”.

Праз шэсць месяцаў Эўзэбія паехала ў Барселону. 5 жніўня 1923 года апранае на сваё маладое цела манаскі хабіт сясцёр Дачок Марыі Успамогі і распачынае двухгадовы навіцыят. Дзяўчаты, якія адбывалі фармацыю разам з Эўзэбіяй, успаміналі: “Падчас першага году працавала ў агародзе. Была простая, шляхетная, нявінная. Час ад часу мы жартавалі з яе прастаты, але яна ніколі не крыўдзілася”.

На пачатку навіцыяту сястра настаяцельніца запрапанавала Эўзэбіі адну вельмі цікавую кніжку для штодзённай медытацыі. Эўзэбія з вялікім здзіўленнем паглядзела на настаяцельніцу і спытала: “Ці да медытацыі патрэбны кніжкі”. “А ты як адпраўляеш медытацыю?” – здзіўлена запытала сястра. “О, мне хопіць паглядзець на аліўкавы куст, альбо іншае дрэва, каб разважаць пра Бога”. Эўзэбія скончыла толькі адзін клас школы, але Бога дасканала ведала ўжо здаўна.

У вялікую суботу 1924 года некалькі месяцаў перад складаннем манаскіх абяцанняў Эўзэбія цалкам прысвячае сябе Богу, прысягаючы духоўна, што стане сястрой салезіянкай. Эўзэбія ў гэтым моманце знаходзіцца ў падвале, поўным мяшкоў бульбы і бутэлек для мыцця. Раптам хтосьці яе паклікаў. Эўзэбія трымае ў двух руках па дзве бутэлькі ад віна, каб іх занесці ў сталовую, і пачынае бегчы па сходах у гару. Спяшаючыся, наступае на хабіт, спатыкаецца і з вялікім гукам падае ўніз разам з бутэлькамі, якія разбіваюцца. Вялікія кавалкі шкла пракалолі яе плечы, разрываючы жылы. Брудная падлога пераафарбоўваецца ў чырвоны колер ад крыві. Лекар, які неадкладна прыбывае ў навіцыят, робіць усё, што можа, каб спыніць паток крыві. Эўзэбія тэрмінова атрымлівае Сакрамэнт намашчэння хворых. Вельмі церпіць. На працягу двух месяцаў вядзе барацьбу са смерцю. Лекар паволі пачынае траціць надзею. Усе, хто яе наведвае, пытаюць, як сябе адчувае. У адказ Эўзэбія з усмешкай адказвае: “Спаўняю Божую волю”.

Бог даў ёй яшчэ троху здароўя і сіл, каб яна 5 жніўня 1924 года змагла пакінуць ложак і скласці свае першыя манаскія абяцанні. Настаяцельніца адпраўляе маладую, але хворую сястру ў Вальвэрдэ. Менавіта ў гэты момант пачынаюць ёй дакучаць атакі астмы. Пакідаючы навіцыяцкі дом, Эўзэбія сказала супольнасці сясцёр: “Пастарайцеся стаць святымі. Усё іншае – гэта проста трата часу”.

У Вальвэрдэ сястра Эўзэбія выконвае працу на кухні, прасавальні, а таксама займаецца дзяўчатамі ў араторыі. Менавіта там, ва ўбогім Вальвэрдэ, Бог праяўляе сваю моц праз простую сястру Эўзэбію. Праз яе малітву людзі пачынаюць атрымліваць сапраўдныя ласкі, здзяйсняюцца шматлікія цуды.

Аднойчы да Вальвэрдэ прыехала з візітацыяй інспектарыяльная настаяцельніца. Сястра Эўзэбія ведала дату прыбыцця настаяцельніцы, таму спецыяльна перад візітацыяй садзіць у агародзе шпінат, каб пазней проста з грады падаць яго на стол. На жаль ва ўсе гэтыя дні з неба не спала а ніводнай кроплі дажджу, і шпінат вырас малым і нясмачным. Сястра Кармэн апавядае, што ў гэтай сітуацыі Эўзэбія выйшла ў агарод і пачала гучна казаць да неба: “Калі б Ты, Божа, паслаў дождж пару дзён раней, я бы мела што падаць на стол”. У гэты момант сястра разумее, што заставіла на пліце гатавацца страву. Калі вярнулася – шпінат быў вялікі, як рука.

Аднойчы да сясцёр прыйшоў майстар, які павінен быў разабраць высахшую кляштарную студню сясцёр. Калі ён вымаў апошні камень са студні, раптоўна з-пад яго  выбіла вада і запоўніла ўсю студню. Мужчына апынуўся ў пастцы. Эўзэбія, якая знаходзілася побач, пачула крык мужчыны і раптоўна прыбегла на дапамогу. Не ведаючы, што рабіць, з малітвай на вуснах працягвае ў студню свой нацельны крыж. Мужчына чапляецца за крыжык законніцы, і яна яго выцягвае наверх.

Сястру Эўзэбію вельмі любілі ўсе навокал і бачылі ў ёй святую пры жыцці. Сябраваць з ёй жадала кожная дзяўчынка ў араторыі. Яна вельмі часта збірала вакол сябе выхаванак і апавядала ім пра Божую любоў, а таксама пра гераічную святасць св. Яна Боско і Марыі Мадзарэлло. Праз пару гадоў вялікая колькасць дзяўчат з Вальвэрдэ пішуць прашэнне аб прыняцці іх у ордэн Дачок Марыі Успамогі. Калі настаяцельніца пачала пытаць іх адкуль яны, усе па чарзе пачалі адказываць: “З Вальвэрдэ,… З Вальвэрдэ,…. З Вальвэрдэ,….” Тады здзіўленная сястра запытала: “А што там такое ў Вальвэрдэ?” Дзяўчаты хорам адказалі, што ў Вальвэрдэ жыве святая сястра Эўзэбія.

Да пакою сястры Эўзэбіі пачалі вандраваць цэлыя натоўпы сясцёр, клерыкаў, ксяндзоў, моладзі. Усе яны прасілі, каб сястра памалілася за іх і дала патрэбную раду. Яна слухала, радзіла і адказвала на цяжкія пытанні. Камусьці радзіла вытрываць у пакліканні, камусьці казала паступіць у семінарыю. Яе рады спаўняліся на ўсе сто працэнтаў. Калі яе пыталі, адкуль яна гэта ведае, яна з пакорай адказвала: “Мне гэта прыснілася”.

Маючы дар прароцтва, сястра Эўзэбія прадказвае хатнюю вайну ў Іспаніі. Яна дакладна бачыла, як чырвоныя рэвалюцыянеры будуць знішчаць Касцёл, забіваючы сясцёр і святароў. Эўзэбія вырашае ахвяраваць сваё маладое жыццё за сваіх братоў і сясцёр, якіх чакала мучаніцтва за вызнанне веры ў Хрыста.

Бог прымае ахвяру сястры Эўзэбіі. Пасля невыносных прыступаў астмы, яна развітваецца з гэтым светам 10 лютага 1935 года, маючы амаль 36 гадоў. 24 красавіка 2004 года папа Ян Павел ІІ абвяшчае сястру Эўзэбію благаслаўлёнай. Яе зямныя парэшткі спачываюць у Вальвэрдэ.

Апошняе змяненне Серада, 11 Май 2016 17:23
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Бл. Браніслаў Маркевіч Юзаф Кавальскі »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Акрамя Езуса не маем лепшай апоры на гэтым свеце і, таксама, не маем лепшага суцяшэння, чым поўны давер Той, якая раздае нам Яго ласкі

Св. Ян Боско