Чацвер, 30 Студзень 2014 14:52

Бл. Браніслаў Маркевіч

Аўтар

БЛАГАСЛАЎЛЁНЫБРАНІСЛАЎ МАРКЕВІЧ CSMA

(Bronisław Markiewicz)

1842 – 1912

Успамін 30 студзеня

 

Браніслаў нарадзіўся 13 ліпеня 1842 г. у Прухніку каля Яраслаўля ў Польшчы. У сям’і быў шостым з адзінаццаці дзяцей. Яго шлях да Бога быў вельмі складаны. У васямнаццаць гадоў ён перажыў вялікі крызіс веры. Праз чытанне кніг па прыродазнаўству і гісторыі і захапленне іх аўтарамі ён засумняваўся ў існаванні Бога. Аднак аднойчы яго сэрца ўзрушыла тая натуральная патрэба чалавека, якою з’яўляецца вера ў найвышэйшую моц. Упаўшы на калені, ён пачаў маліцца: “Калі існуеш, Божа, дай мне пазнаць Цябе, і я буду гатовы зрабіць для Цябе ўсё… І ў тую самую хвіліну Пан напоўніў мяне вялікім унутраным святлом, якое ўчыніла, што я паверыў ва ўсё, што святы Касцёл вызнае, і ў гэты ж дзень паспавядаўся з усяго жыцця…”

Браніслаў марыў аб кар’еры навукоўца або жаўнера. Аднак 3 мая 1863 г. ад свайго сябра даведаўся пра незвычайнае здарэнне ў доме яго калегі. Да гаспадара дома завітаў незнаёмы юнак у белай вопратцы з ружанцам у руцэ, які ў экстазе прамовіў: “Я бачыў на паўднёвым захадзе, недалёка, пад гарамі вялікага Божага мужа і санктуарый Божай Маці, дзе адбываюцца шматлікія ласкі і цуды. Гэты вялікі Божы муж выхоўвае святых святароў. (…) Адзін з пшэмысльскіх ксяндзоў пойдзе да гэтага Божага мужа. Святар гэты будзе шмат цярпець. І апошняе, што ён зробіць для Польшчы, увядзе на польскія землі новае манаскае таварыства”.

Пад уплывам гэтага таямнічага прароцтва, а таксама смерці трох сясцёр, Браніслаў пачуў у сабе пакліканне да святарства і паступіў у духоўную семінарыю ў горадзе Пшэмысль. Як пазней высветлілася, гэтае прароцтва датычылася яго і споўнілася ў поўні.

У 1867 г. Браніслаў Маркевіч атрымаў святарскае пасвячэнне і распачаў сваю душпастырскую працу ў парафіі Харта. Шмат часу ён удзяляў катэхізацыі вясковых дзяцей і моладзі. Шмат сіл аддаваў таксама барацьбе з п’янствам у вёсках, у якім бачыў вялікую пагрозу для народа.

Праз некалькі гадоў плённай працы ксяндза Браніслава біскуп Салецкі прызначае яго прафесарам пастаральнай тэалогіі ў Пшэмысльскай семінарыі. Адначасова ён з’яўляецца капеланам і апекуном сясцёр кармэлітанак босых у Пшэмыслі. Прагнучы прысвяціць сябе працы з беднай і пакінутай моладдзю, 10 лістапада 1885 г. ён выязджае ў Італію, каб там уступіць у закон тэатынаў. Але па дарозе зусім выпадкова ён апынуўся на пляцоўцы ксяндза Боско ў Турыне.

Ксёндз Браніслаў спыніўся ў гатэлі і ўважліва ўглядаўся ў салезіянскае жыццё. Харызма ксяндза Боско назаўсёды пасялілася ў яго сэрцы, і ўжо 30 лістапада 1885 г. ён папрасіў ксяндза Боско прыняць яго ў салезіянскае таварыства.

Пасля ўпарадкавання фармальнасцяў з пшэмысльскай курыяй ксёндз Боско прымае саракагадовага ксяндза Маркевіча. 1 студзеня 1886 г. у Сан Бэніньё Канавэзэ ён распачаў навіцыят, які скончыў 25 сакавіка 1887 г. складаннем вечных манаскіх абяцанняў на рукі ксяндза Боско.

Вільготны італьянскі клімат раптоўна выклікаў у ксяндза Маркевіча запаленне лёгкіх. Каб уратаваць сваё здароўе, са згоды настаяцеля ён выязджае ў Польшчу. Вяртаецца ў Пшэмысльскую дыяцэзію. Біскуп Салецкі даручае яму парафію ў Мейсцы Пястовым.

Хвароба не адступала. Пастаянныя крыватокі забіралі ў святара апошнія сілы. Лекар сцвердзіў: жыць не болей месяца. Аб хваробе свайго “дабрадзея” даведаліся пшэмысльскія сёстры кармэлітанкі. Адна з іх, сястра Марыя ад Найсвяцейшага Пана Езуса, са згоды настаяцельніцы ахвяруе сваё жыццё за жыццё ксяндза Маркевіча. Бог прыняў ахвяру. Праз некалькі тыдняў сястра памерла, а ксёндз Маркевіч на здзіўленне лекараў выздаравіў. Ксёндз Браніслаў верыў, што цуд аздараўлення стаўся дзякуючы ахвяры сястры кармэлітанкі.

Атрымаўшы здароўе, ксёндз Маркевіч засноўвае першую ў Польшчы салезіянскую пляцоўку. Будуе школу рамяства для ўбогай моладзі, а таксама шматлікія майстэрні і сучасную друкарню. Плёнам яго працы сталі шматлікія пакліканні да святарства тых, хто жадаў прысвяціць жыццё выхаванню моладзі.

Аднак не ўсё ішло добра. Ксёндз Маркевіч, жывучы ў польскай рэчаіснасці, не мог увесці некаторыя італьянскія традыцыі, якія ў тыя часы абавязвалі салезіянаў. Узніклі клопаты з салезіянскімі ўладамі. Шукаючы капрамісу, ксёндз Браніслаў вырашае адлучыцца ад салезіянаў і паводле натхнення Духа Святога засноўвае новае манаскае таварыства. Яго апекуном стаў Арханёл Міхал, якому, як сам ксёндз Маркевіч прадбачыў, выпала вялікая барацьба за Касцёл у ХХ стагоддзі. Дэвізам для міхалітаў былі абраны словы кс. Боско: “Умеркаванасць і праца”. Менавіта гэтыя словы праз усё сваё жыццё спаўняў ксёндз Маркевіч, пераказваючы іх сваім духоўным сынам міхалітам.

У 1901 г. касцёльныя ўлады наказваюць ліквідаваць новае законнае таварыства. Клерыкі знімаюць сутаны і працягваюць працаваць на сваёй пляцоўцы як звычайныя настаўнікі – члены таварыства “Умеркаванне і праца”. Ксяндза Маркевіча ўсё больш і больш пакідаюць сілы і здароўе.

Браніслаў Маркевіч, святар і заснавальнік супольнасці міхалітаў, памірае 29 студзеня 1912 г. Божы Провід паклапаціўся аб справе ксяндза Маркевіча пасля яго смерці. З’явіліся новыя пакліканні, якія адрадзілі ліквідаванае таварыства Міхала Арханёла. Мужская і жаночая галіны таварыства былі зацверджаны ў 1921 і 1928 гадах адпаведна.

У 1958 г. распачаўся беатыфікацыйны працэс ксяндза Браніслава Маркевіча, які завяршыўся вынясеннем да хвалы алтароў гэтага ахвярнага святара. 19 чэвеня 2005 г. падчас урачыстай Эўхарыстыі на плошчы Пілсудскага ў Варшаве ксёндз Маркевіч быў абвешчаны благаслаўлёным.

Паколькі духоўнасць і харызма міхалітаў цесна звязана з салезіянскай, у 2000 г. мужская і жаночая галіны таварыства былі далучаны да салезіянскай сям’і.

Апошняе змяненне Серада, 11 Май 2016 17:22
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Благаслаўлёная Лаўра Вікунья Бл. Эўзэбія Палёміно »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Гаворачы пра важныя справы, сказаць, што «ідуць па-малу», азначае тое самае, калі б мы сказалі, што ўсё дрэнна

Св. Ян Боско