Серада, 22 Студзень 2014 14:39

Благаслаўлёная Лаўра Вікунья

Аўтар

БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ ЛАЎРА ВІКУНЬЯ

(LAURA VICUÑA)

1891 – 1904

Успамін 22 студзеня

Бацька Лаўры Юзаф Дамінго быў жаўнерам і паходзіў са шляхецкага роду. Закахаўся ў Мэрсэдэс Піно, якая працавала ў звычайнай кравецкай майстэрні. У хуткім часе Юзаф вырашае ўзяць з Мэрсэдэс шлюб у касцёле. Гэтае рашэнне вельмі не спадабалася яго сям’і. У знак пратэсту блізкія адмовіліся ад Юзафа.

У 1897 годзе, калі Лаўрыце, як яе называлі ў сям’і, было восем гадоў, а яе малодшай сястры Юліі – тры, памірае іх бацька, пакідаючы сям’ю на волю лёсу. Не маючы грошаў і ўласнай зямлі, Мэрсэдэс з дзвюма дочкамі эмігруе ў пошуках працы і заробку. Шмат бедных сем’яў злучаюцца ў караваны і супольна выпраўляюцца ў небяспечнае падарожжа праз высокія горы Анды. У хуткім часе яны дабраліся да Аргенціны.

Мэрсэдэс затрымліваецца ў Лас-Лахас, невялікай мясцовасці на аргенцінскай зямлі. Маладая прыгожая жанчына, якой была Мэрсэдэс Піно, хацела працаваць за любую цану, каб толькі накарміць сваіх любімых дачок. Аднак лёс быў да яе жорсткім. Яна нідзе не магла знайсці працу і не мела чаго даць есці сваім дзецям. Прыгажуняй Мэрсэдэс зацікавіўся мясцовы фермер Мануэль Мора, які толькі выйшаў з вязніцы, дзе адбываў пакаранне. Спадчынай Мануэля былі два досыць вялікія ранча, дзе ён гандляваў рагатай жывёлінай. Дапамагалі яму шматлікія працаўнікі, а таксама члены сям’і. Мануэль быў вельмі ўладным чалавекам, таму ўсе непахісна падпарадкоўваліся яму. Мясцовыя жыхары называлі яго тыповым аргенцінскім “каўбоем”, моцным і жорсткім, які заўсёды ездзіў на кані і шукаў з кім пабіцца. У паводзінах быў падобны да сярэднявечнага феадала. Ён забірае Мэрсэдэс з дочкамі да сябе. Лаўрыта і Юлія ўпершыню маглі наесціся досыта, а таксама апрануцца ў прыгожыя сукенкі. Але каштавала гэта жыццём без шлюбу іх матулі з Мануэлем Мора, які часта біў яе і зневажаў.

У дваццаці кіламетрах ад іх мясцовасці знаходзіцца Хунін дэ лос Андэс, дзе пражывала амаль трыста жыхароў. Там сёстры салезіянкі вырашылі стварыць месійную пляцоўку і пабудаваць невялікую школу для мясцовых дзяўчат.

21 студзеня 1900 г. спадарыня Піно прыязджае да сясцёр і просіць настаяцельніцу прыняць у школу яе дачок: дзевяцігадовую Лаўрыту і Юлію Аманду, якой было шэсць гадоў. Сёстры прынялі дзяўчат за невялікую штомесячную плату. Лаўра адчувала сябе там вельмі добра. У школе вучыліся трыццаць тры дзяўчынкі. Усе яны паходзілі з бедных сем’яў, і ім зручней было ездзіць вярхом на кані, чым трымаць пяро ў руцэ ці іглу для шыцця, чаму дзяўчат вучылі ў школе сёстры.

Маці Лаўры і Юліі прыязджала наведваць дачок толькі раз у месяц. Усю мацярынскую любоў і чуласць яна вылівала на маленькую Юлію Аманду. Лаўры не хапала матчынай любові і гэта яе вельмі непакоіла. Яна чакала, што маці возьме шлюб з Мануэлем, але гэтай радаснай навіны яна так і не пачула. Лаўру абцяжарвала тое, што яе маці не можа прыступаць да сакрамэнтаў споведзі і Эўхарыстыі.

Сятра Роза, выхавацельніца дзяўчат, пісала: “Калі на занятках рэлігіі я ўпершыню апавядала пра сакрамэнт сужэнства, то сказала, што тыя, хто жыве без сакрамэнтальнай сувязі, чыняць цяжкі грэх. Лаўра, пачуўшы гэта, нібы самлела…”. Для яе гэта быў вялікі цяжар. Можа, нават большы, чым для яе маці…

2 чэрвеня 1902 года, калі Лаўры было дзесяць гадоў, яна ўпершыню прыступіла да сакрамэнту споведзі і святой Камуніі. На ўрачыстасці прысутнічала і яе маці, але, на жаль, яна не прыступіла да сакрамэнтаў. Калі сястра Роза запытала ў Лаўры, ці памятала яна пра маці ў гэты прыгожы дзень, Лаўра адказала: “Ні пра каго не забылася”. Перад Першай Камуніяй Лаўра напісала ў сваім дзённічку тры пастанаўленні, якія захаваліся да сённяшняга дня.

  • “Першае: О мой Божа, прагну Цябе любіць усё маё жыццё; таму аддаю Табе душу, сэрца і ўсю сябе.
  • Другое: Лепей мне памерці, чым абразіць Цябе грахом; таму выракаюся ўсяго, што магло б мяне аддаліць ад Цябе.
  • Трэцяе: Пастанаўляю, наколькі мне хопіць сіл, зрабіць усё, каб Цябе ведалі і любілі; пастанаўляю таксама замаліць людскія крыўды, з якімі Ты штодзень сутыкаешся, а асабліва крыўды ад членаў маёй сям’і. Божа мой, дай мне жыццё, пазначанае любоўю, пакутай, ахвярай”.

8 снежня 1902 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Лаўру прынялі ў суполку “Дачок Марыі”. Да гэтай групы належалі найлепшыя вучаніцы школы сясцёр салезіянак. Юлія Аманда апавядала, што “дзень, у які Лаўра атрымала блакітную стужку і медальён Дачкі Марыі, быў для яе адным з самых шчаслівых у жыцці”.

2 студзеня распачаліся зімовыя канікулы. Дзяўчаты вярнуліся на сядзібу спадара Мора. Дзіцячая надзея чакала радасці і спакою, аднак гэты час стаўся для Лаўры поўным журботы і цярпення. Мануэль Мора быў вельмі нястрыманы ў сваіх прагненнях. Аднойчы ён стаў дамагацца адзінаццацігадовай Лаўры. Маленькая Аманда пазней успамінала: “Я была малая і нічога не разумела… мама пазней мне апавядала, што на ранчо мая сястра перажыла вельмі цяжкія для яе цнатлівасці моманты”. Лаўра, церпячы вялікія пакуты і знявагі, бараніла сваю чыстасць. Яе адвага і рашучасць у тыя хвіліны была вельмі вялікай для яе ўзросту. Мануэль Мора часта выганяў маці з хаты, каб застацца з Лаўрай. Адважная дзяўчына, абараняючы сваю цнатлівасць, уцякала з сядзібы, а часам нават аказвала, наколькі магла, фізічны супраціў спадару Мора.

Каб учыніць дрэннае Мэрсэдэс і дзяўчатам, Мануэль адмовіўся плаціць за вучобу Лаўры і Юліі. Праз гэта ён хацеў затрымаць Лаўру на ранча. У такой сітуацыі сёстры, нягледзячы на складанае матэрыяльнае становішча, прапанавалі спадарыне Мэрсэдэс, каб Лаўра засталася ў школе без аплаты. Паводле плану сясцёр, Лаўра павінна была застацца ў школе яшчэ на пяць гадоў. Чаму пяць? Адказ вельмі просты: ёй споўнілася б шаснаццаць гадоў і яна магла б уступіць у навіцыят сялезіянак. Яе спавяднік кс. Крэстанэллё засведчыў, што Лаўра ўжо даўно і вельмі сур’ёзна прагнула стаць салезіянкай.

 Лаўра расла не па гадам. Часта пасцілася, адпраўляла пакуты ў інтэнцыі сваёй маці, а таксама гадзінамі малілася ў капліцы. Ксёндз Крэстанэллё сцвярджае, што цяжкая сітуацыя маці вельмі атручвала жыццё Лаўры: “Яна цярпела ў таямніцы свайго сэрца”. Аднойчы, аднак, адважылася на вельмі сур’ёзнае рашэнне – ахвяраваць за сваю маці ўласнае жыццё: “Прыму дабравольна смерць дзеля збаўлення маці”. У гэтым пастанаўленні папрасіла згоды ў спаведніка кс. Крэстанэллё.

 У 1903 годзе ўсю Аргенціну ахапіў вялікі катаклізм – амаль з усіх рэк уздоўж Андаў вада выходзіла з берагоў, змываючы з твару зямлі вёскі і мястэчкі. Ноччу 16 ліпеня разлілася і рака, што цякла непадалёку ад школы сясцёр. Вада была паўсюль: у школе, капліцы, на пляцоўцы і ў спальні. Сёстры з дзяўчатамі, калоцячыся ад холаду, безупынна маліліся аб ратунку. Праз некаторы час катаклізм адышоў. Лаўра, аднак, пасля гэтай ночы аправіцца не змагла. З кожным днём сілы яе пакідалі, а прыгожы твар станавіўся змярцвела бледным.

 У верасні адведаць Лаўру прыязджае маці. Мэрсэдэс вырашае забраць Лаўру на сядзібу, на што хворая дзяўчына выказвае сваю нязгоду. Аднак пасля настойлівых просьбаў маці Лаўра згаджаецца, кажучы: “Калі Езус жадае гэтага ад мяне, няхай споўніцца Яго воля”. Мэрсэдэс, каб забяспечыць дачцы небяспеку, вырашае не вяртацца ў дом Мануэля. Маленькую Аманду яна даверыла апецы сясцёр, а сама разам з хворай Лаўрай знайшла прытулак ва ўбогай хаціне спадарыні Фэлічынды Лагос. У студзені 1904 года здароўе Лаўры вельмі пагоршылася – гарачка не адпускала яе ўвесь дзень і ўсю ноч. У сярэдзіне студзеня прыязджае Мануэль Мора. Ён хоча забраць Мэрсэдэс і Лаўру да сябе. Мэрсэдэс адмовіла, аднак, ён вырашыў застацца разам з імі пераначаваць. Лаўра з апошніх сіл устала з ложка і запратэставала:  “Калі ён тут застанецца, я пайду да сясцёр”. Яна выскачыла на двор і, кволая, пачала крочыць у кірунку школы. Мануэль дагнаў яе, піхнуў на зямлю і пачаў біць, аж да крыві. У парыве гневу ён мог бы яе забіць, калі б не спадарыня Фэлічында, якая, пачуўшы крык Лаўры, выскачыла з хаты.

 Ачуняўшы ад злосці, Мануэль ускочыў на каня і паскакаў прэч. Яшчэ некалькі дзён Лаўра змагалася са смерцю. 22 студзеня да яе быў прынесены Віятык з апошнім намашчэннем. Менавіта ў той дзень яна адкрыла маці сваю таямніцу: “Ужо даўно ахвяравала сваё жыццё за цябе… Абяцаеш мне?” Пры гэтым прысутнічалі Мэрсэдэс і ксёндз Джэнчыні. Збянтэжаная маці глядзела на дачку шырока адкрытымі вачыма. Сціснуўшы руку дачкі, яна праз слёзы прашаптала: “Абяцаю табе, дачушка!”.

 Лаўра памірае а 18 гадзіне 22 студзеня 1904 года. На наступны дзень Мэрсэдэс Піно спавядаецца ў кс. Джэнчыні і каля труны дачкі прыступае да святой Камуніі.

5 верасня 1988 г. у Колле Дон Боско Ян Павел ІІ у прысутнасці вялікай колькасці моладзі з усяго свету абвяшчае Лаўру Вікунью благаслаўлёнай. 

 

Малітва да благаслаўлёнай Лаўры Вікуньі

Благаслаўлёная Лаўра Вікунья, якая гераічна прыпадобнілася да Хрыста, прымі нашу малітву. Выпрасі ласкі, якія нам патрэбны, і дапамажы з чыстым і адданым сэрцам спаўняць волю Бога-Айца. Адары нашыя сем’і супакоем і вернасцю. Дапамажы, каб і ў нашым жыцці, так, як у тваім, прамяніліся моцная вера, адважная чысціня, уважлівая і адданая любоў да бліжніх. Амэн.

 

Апошняе змяненне Аўторак, 05 Снежань 2017 15:40
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Бл. Алаізій Варыяра Бл. Браніслаў Маркевіч »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі чый-небудзь сын пакідае сваіх бацькоў, каб адказаць на сваё пакліканне, Езус Хрыстус сам займае мейсца ў гэтай сям'і.

Св. Ян Боско