Серада, 15 Студзень 2014 17:54

Бл. Алаізій Варыяра

Аўтар

БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ АЛАІЗІЙ ВАРЫЯРА SDB

(LUIGI VARIARA)

18751923

Успамін 15 студзеня

 

Алаізій нарадзіўся 15 студзеня 1875 г. у вёсцы Віярыджы (аколіцы Асці) у вельмі пабожнай сям’і. Яго бацька Пётр працаваў настаўнікам у школе. Аднойчы ксёндз Боско прыбыў у мясцовую парафію, каб там з Божай дапамогай распачаць святыя місіі. Заварожаны гаміліямі святога аб выхаванні і адукацыі маладых, бацька Алаізія вырашае адправіць свайго сына ў Вальдокко (Турын), каб там у ксяндза Боско ён працягваў вучыцца. “У араторыі шмат хлопцаў рэалізавалі сваё пакліканне і сталі святарамі”, – сказаў бацька сыну. Аднак Алаізій упэўнена адказаў: “Я не маю ніякага паклікання!”. Бацька ўсміхнуўся і сказаў: “Усё ж такі паедзь. Вучыся там і старайся быць добрым. Калі не маеш паклікання, яго табе дасць Маці Божая Успамога”.

На пачатку Алаізій адчуваў сябе ў араторыі няўтульна і вельмі самотна. Адрадзіла яго да жыцця музыка. Адзін з яго сяброў у араторыі ўспамінае: “У яго быў прыгожы голас – контральт. Маэстра Даліяні зацікавіўся ім і прыняў у групу спевакоў”.

У араторыі Алаізій сустрэў таксама ксяндза Боско: “Аднойчы з розных бакоў пачуліся воклічы: Ксёндз Боско! Ксёндз Боско! Усе спяшаліся падысці да святара. Акружылі яго, як пчаліны рой. Ксёндз Боско ўжо быў вельмі слабы і яму цяжка было стаяць (было гэта за 40 дзён да яго смерці – 20 снежня 1887 г.). Мне ўдалося размясціцца так, каб бачыць яго найлепей. Гэта быў найпрыгажэйшы дзень у маім жыцці. Я быў упэўнены, што пазнаёміўся са святым чалавекам, і што ксёндз Боско адкрыў ува мне штосьці, што было вядома толькі Богу і яму”.

1891 меў вялікае значэнне для Алаізія. Ён шмат думаў, шмат маліўся і ў выніку зразумеў, што хоча стаць салезіянінам. Урэшце ён зразумеў, што святарства – гэта не адна з прафесій. Гэта ахвяра свайго жыцця Богу і людзям, якіх Усемагутны даручае святару. Акурат на працягу гэтага года ў араторый прыйшло вельмі шмат лістоў ад місіянераў. Алаізій адкрывае ў сваім сэрцы місійнае пакліканне, прагне несці Хрыста тым, хто яго яшчэ не ведае.

2 кастрычніка 1892 г., маючы ледзьве 17 гадоў, Алаізій складае на рукі ксяндза Руа вечныя манаскія абяцанні і просіць накіраваць яго на місіі. Распачынае вывучэнне філасофіі ў семінарыі для місіянераў на Вальсалічэ ў Турыне. У маі 1894 г. у семінарыію прыязджае ксёндз Уніа, хворы калумбійскі місіянер з Агуа-дэ-Дзіос. Адчуваючы, што набліжаецца смерць, ён прыехаў у Італію, каб знайсці маладых салезіянскіх місіянераў, якія б атулілі апекай пракажоных, з якімі ён працуе. Вось, што піша Алаізій: “Я напісаў да Маці Божай ліст аб сваім жаданні паехаць на місіі ў Калумбію. Паклаў яго Ёй на сэрца, уставіўшы (на фігурцы) паміж Мадоннай а Дзіцяткам. Чакаў з вялікай верай і надзеяй. Маці Божая вуслухала мае малітвы. На пачатку навэнны на Вальсэлічэ прыбыў ксёндз Уніа, каб ад імя ксяндза Руа выбраць аднаго з клерыкаў. Як жа я быў здзіўлены і ўзрадаваны, калі сярод 188 клерыкаў, якія мелі тое самае прагненне, ён затрымаўся ля мяне і сказаў: “Вось гэты!”. Пазней ён адвёў мяне і спытаў, ці хацеў бы я паехаць у Калумбію ў шпіталь у Агуа-дэ-Дзіос. Я адказаў станоўча. Здавалася, што гэта мне сніцца. Гэтую ласку я атрымаў ад Марыі Успамогі”.

Агуа-дэ-Дзіос – гэта мясцовасць, дзе пражывала 620 пракажоных і столькі ж здаровых іх блізкіх. Сярод гэтых пакінутых працавалі толькі тры салезіяніны: ксёндз Уніа, ксёндз Крыппа і брат Ян Люссо.

Алаізій вельмі хутка ўбачыў, што ў гэтым городзе “смерці” няма дабравольных жыхароў. Усіх супраць іх волі прывяла ў гэта месца паліцыя. Пракажоных цалкам ізалявалі ад здаровых людзей. Ні самі хворыя, ні іх здаровыя дзеці не прымаліся ў калумбійскім грамадстве. Перад тым як сюды прыбыў салезіянін ксёндз Уніа, п’янства і самазабойства былі нармальнай і паўсюднай з’явай. Людзі проста не бачылі сэнсу жыцця. Цяпер гэтае мястэчка жыве нармальным жыццём, са сваімі крамамі, майстэрнямі, школай, шпіталем і касцёлам. Ксёндз Уніа папрасіў Алаізія навучаць мясцовых дзяцей спеву і музыцы, каб хоць крыху ўпрыгожваць іх нялёгкае жыццё. Алаізій прагнуў, каб Агуа-дэ-Дзіос прамянілася радасцю і жыццём.

Пры парафіі арганізоўваецца хор і аркестр. Іх канцэрты слухаюць улады і мясцовыя чыноўнікі. Вельмі хутка пракажоныя артысты сталі папулярнымі. Новыя інструменты ўдалося атрымаць у мясцовага войска. Прагнучы навучыць хворых дзетак граць на інструментах, Алаізій нераз бясстрашна падносіў да сваіх вуснаў муштукі пасля пракажоных, перамагаючы агіду і страх. Адзін з пракажоных пазней напіша: “Аркестр лагодзіць доўгія гадзіны нашага безнадзейнага жыцця, асалоджвае яд хваробы, які нас няспынна з’ядае”.

24 красавіка 1898 г. Алаізій Варыяра становіцца святаром. Святарскае пасвячэнне яму ўдзяліў арцыбіскуп Баготы. Тады яму было 23 гады. З Баготы адразу пасля ўрачыстасцяў ён едзе да сваіх умілаваных пракажоных. Калі набліжаўся да броду ракі Багота (15 км ад Агуа-дэ-Дзіос), з другога берага яго віталі радасныя гукі “пракажонага” аркестра. Яго выхаванцы, каб прывітаць свайго сябра, прайшлі такі далёкі шлях.

У ксяндза Алаізія цяпер два новыя абавязкі: алтар і канфесіянал. Ксёндз Крыппа напіша аб ім: “Спавядае ў канфесіянале ад чатырох да пяці гадзін. Выглядае вельмі слабым”. Салезіяне баяцца, што малады Варыяра не вытрымае такога тэмпу працы. У канфесіянале, дзе Алаізій удзяляў Божае прабачэнне людзям, ён сустракаецца з болем і цярпеннем, але таксама і з высакароднасцю пракажоных. Сярод хворых дзяўчат, якія належалі да парафіяльнага “таварыства Дачок Марыі”, ён заўважае здольных да глыбокага духоўнага жыцця, і нават гатовых прысвяціць сябе Богу. Ксёндз Варыяра кажа ім словы ксяндза Андрэя Бэльтрамі, якога ён ведаў асабіста: “Учыніце са сваёй хваробы від апостальства, аддаючы жыццё ў Божае распараджэнне”. Сярод “Дачок Марыі” першай прысвяціла сваё жыццё Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Алівія Санчэз, трыццацігадовая пракажоная. Праз пару дзён тое самае ўчыніла Ліммбанія Рояс… Ад 1901 да 1904 году дваццаць тры “Дочкі Марыі” назаўсёды ахвяруюць сваё жыццё Богу. Так паволі Божая рука праз ксяндза Алаізія стварала новае манаскае таварыства сясцёр Найсвяцешага Сэрца Езуса і Марыі. Гэта першае і адзінае манаскае таварыства, якое прымае ў свае супольнасці пракажоных.

Арцыбікуп Баготы з радасцю прыняў навіну аб утварэнні новага таварыства сясцёр. Ксёндз Руа, генеральны настаяцель, пачуўшы аб утварэнні новай кангрэгацыі салезіянінам, напісаў: “Гэтае таварыства вельмі прыгожае. Яно павінна жыць”.

Гэта былі апошнія прыемныя словы, якія пачуў ксёндз Варыяра. Ад гэтага моманту над ім і над нованароджаным манаскім таварыствам разгулялася сапраўдная бура. Спачатку салезіянскія ўлады пачалі забараняць яму любую дзейнасць, звязаную з таварыствам пракажоных сясцёр. Затым яму было загадана пакінуць Агуа-дэ-Дзіос, а пазней і Калумбію. Забаранілі таксама падтрымліваць кантакт з сёстрамі, нават праз лісты. Распачаўся доўгі “крыжовы шлях” як для яго, так і для сясцёр. Ксёндз Алаізій зносіў усё гэта з цішынёй і пакорай у сэрцы, заўсёды памятаючы пра манаскую паслухмянасць. Новае таварыства тым часам расло і развівалася. Сястра Лёцано, настаяцельніца, пісала ксяндзу Алаізію: “Гледзячы па-чалавечы, у нас не было ніякай абароны, але Бог распасцёр сваю далонь над намі і ў сваёй міласэрнасці ацаліў нас”.

З болем у сэрцы мы глядзім на апошнія гады жыцця ксяндза Варыяры. Бачым, што зло для рэалізацыі сваіх планаў можа выкарыстоўваць нават прысвечаных Богу людзей, напрыклад, пакрыўдзіць святога чалавека праз іх добрыя памкненні. Перамога, аднак жа, належыць дабру і праўдзе. З радасцю чытаем апошнія словы ксяндза Алаізія, якія ён скіраваў да сваіх сясцёр: “Асвячайце хвіліны жыцця, якія нам яшчэ засталіся, бо іх плёны будуць трываць вечна. Як жа я цешуся, калі думаю пра неба! Сустрэнемся там усе і будзем вечна шчаслівымі. Цяпер жывіце ў адзінстве духа, у паслухмянасці, пакоры, чысціні, прыніжэнні – і ўсё гэта толькі з-за любові… Не пакідаю вас сіротамі, бо ўвесь час малюся за вас, каб некалі ўбачыць усіх вас святымі”.

Ксёндз Алаізій Варыяра памірае 1 лютага 1923 г. ва ўзросце 38 гадоў. Памёр, здаецца, пакінуты ўсімі і цалкам забыты, але ў 1964 г. Папа Рымскі Павел VI прызнаў яго кангрэгацыю, якая ўжо тады налічвала сотні сясцёр, і надаў ёй папскае права. У красавіку 1993 г. Касцёл прызнаў гераічнасць цнотаў ксяндза Варыяры. 14 красавіка 2002 г. Ян Павел ІІ беатыфікаваў яго. Парэшткі благаслаўлёнага спачываюць у капліцы сясцер “Святых Сэрцаў” ва ўмілаваным ім Агуа-дэ-Дзіос.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не выхваляйцеся ніколі тым, што ведаеце. Чым болей ты ведаеш,  тым болей сазнаеш , што шмат не ведаеш.

Св. Ян Боско