Чацвер, 12 Чэрвень 2014 13:48

Бл. мучанікі з араторыя ў Познані

Аўтар

БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ ФРАНЦІШАК КЭНСЫ І ПАПЛЕЧНІКІ, МУЧАНІКІ З САЛЕЗІЯНСКАГА АРАТОРЫЯ Ў ПОЗНАНІ

Успамін 12 чэрвеня

Нарадзіўся 13 лістапада 1920 г. у Бярліне, адкуль яго бацькі вярнуліся ў Познань (Польшча). Бацька Францішка быў цесляром на электрастанцыі.

Францішак з дзяцінства адчуваў у сваім сэрцы голас паклікання. Меў цвёрды намер паступіць у ніжэйшую духоўную семінарыю салезіянскага таварыства ў Лёндзе. Аднак другая сусветная вайна перакрэсліла яго планы. Распачынае працу на фірме “Хэнфлера”. Увесь вольны час праводзіць у салезіянскім араторыі на вуліцы Вранецкай. Там спявае ў хоры, іграе ў тэатры араторыя, а таксама вылучаецца як выдатны спартсмен. У араторыі, бачачы яго пабожнасць і адказнасць за дзяцей як аніматара, яму прапанавалі ўзяць на сябе кіраванне моладзевым таварыствам св. Яна Боско. У духоўным жыцці Францішак адзначаўся вялікай пабожнасцю да Найсвяцейшага Сакрамэнту і Марыі Успамогі Хрысціянаў.

23 верасня 1940 г. разам з паплечнікамі з араторыя быў арыштаваны нацыстамі і змешчаны ў Форце VII. У вязніцы, нягледзячы на забароны, быў актывістам ружанцовай малітвы. Каб падтрымаць сваіх сувязняў і дадаць ім настрою, спяваў рэлігійныя песні.

 

 

 

 

 

 

 

Нарадзіўся 7 верасня 1919 г. у мясцовасці Лажына каля горада Быдгашч. З 1930 года разам з бацькамі пераязджае ў Познань. Бацька Чэслава быў паліцэйскім афіцэрам і выконваў абавязкі гарадскога следчага.

Падчас акупацыі Чэслаў працаваў на фірме “Хэнфлера”. З’яўляўся аніматарам познаньскага араторыя і актыўна дапамагаў мясцовым салезіянам. За ўзорныя паводзіны і глыбокую пабожнасць хлопца прызначылі старастай Таварыства Беззаганнай, якое адказвала за падтрыманне добрай атмасферы ў араторыі і перавыхоўванне складаных падлеткаў.

Быў арыштаваны 23 верасня 1940 г.

 

 

 

 

 

 

 

 

Нарадзіўся 1 кастрычніка 1919 г. у горадзе Познань. Бацька Эдварда працаваў гарадскім сапожнікам.

Пасля школы Эдвард працуе кур’ерам на складзе дэкарацый. Пазней слесарам-механікам на фірме “Бжэскіаўто”. У араторыі ўсіх заварожваў сваімі музычным талентам. Сябры называлі яго “кампазітарам”. Вельмі любіў Найсвяцейшую Панну Марыю. У Яе гонар складаў шматлікія ахвяры і адрачэнні. У 16 гадоў адзін вырушае ў шматдзённую пілігрымку да Чэнстахоўскай Мадонны.

Быў арыштаваны ў ноч на 23 верасня 1940 г.

 

 

 

 

 

 

 

 

Нарадзіўся 21 ліпеня 1919 г. у горадзе Познань. Бацька ўтрымліваў сям’ю, працуючы слесарам. З салезіянамі Эдвард быў знаёмы не адзін год, таму што ў 1937 г. скончыў салезіянскую гімназію ў Асвенцыме. Падчас акупацыі ўладкаваўся ў мясцовую будаўнічую фірму. У познаньскім араторыі актыўна праяўляў сябе ў спорце, музычнай і тэатральнай дзейнасці. Меў вялікую пашану да Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1936 г. здзяйсняе пілігрымку да Чэнстаховы. Сваё пілігрымаванне ён запісвае ў нататніку, які захаваўся да нашых дзён.

Яго арышт адбыўся 21 верасня 1940 г. на працы. Не меў магчымасці нават развітацца са сваёй сям’ёй.

 

 

 

 

 

 

 

 

 Нарадзіўся 5 лістапада 1922 г. у Познані. Бацька шмат піў і прагульваў сямейны маёнтак, а ўрэшце ўвогуле кінуў жонку і дзяцей. Ярогнеў разам з маці знаходзіўся на сціплым утрыманні старэйшай сястры Людаславы. З-за недахопу грошай, на жаль, не змог закончыць школу. Праз некаторы час распачаў вучобу ў гарадской гандлёвай школе. Быў дзейсным наведвальнікам у араторыі на вуліцы Вранецкай. Удзельнічаў у тэатры араторыя, а таксама як аніматар дапамагаў арганізоўваць канікулы і выезды для дзяцей і моладзі. Як і яго сябры вельмі любіў Марыю Успамогу Хрысціянаў. Ідучы ў араторый альбо вяртаючыся, у яго руцэ заўсёды быў ружанец.

Ноччу 23 верасня 1940 г. арыштаваны гестапаўцамі і змешчаны ў Форце VII. Там ён ізноў сустракае сваіх сяброў з араторыя.

 

 

 

 

 

 

 

 

МУЧАНІЦТВА

Усе з “пяцёркі” выхоўваліся ў араторыі ў салезіянскім духу. Яны памяталі словы св. Яна Боско і стараліся імі жыць: “выхаваць хлопцаў добрымі хрысціянамі і сумленнымі грамадзянамі”. Добра выконвалі свае хрысціянскія абавякі і як аніматары араторыя дапамагалі выконваць іх іншым. Адзначаліся як сумленныя грамадзяне сваёй бацькаўшчыны. У сваіх маладых сэрцах мелі любоў як да роднай зямлі, так і да польскага народа. Таму, калі над радзімай навісла пагроза страціць незалежнасць, доўга не думалі.

Калі толькі выбухнула другая сусветная вайна, хлопцы з познаньскага араторыя як спраўдныя патрыёты запісаліся ў шэрагі дабравольцаў польскага войска. Не ўсім удалося рэалізаваць гэты план. Нават тыя, якіх прынялі і якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях, у верасні адправілі дадому, таму што польскія войскі былі жахліва разбіты нямецкімі акупантамі.

Пасля гэтых смутных падзей уся “пяцёрка” сабралася ў араторыі на вул. Вранецкай ў Познані. Працягвалі жыць як і раней, але ў акупацыі. Штодзённа ахвяроўвалі свае малітвы за свабоду роднага краю.

Аднойчы даведаліся, што ў Познані арганізоўваецца новы рух супрацьстаяння акупантам пад назвай “Дабравольцы Заходніх Зямель”. Рух дзейнічаў патаемна. Хлопцы, доўга не думаючы, уступаюць у рух вызвалення. Нядоўгі час іх патрыятычнай дзейнасці завяршаецца арыштам. Нехта з несумленных здрадзіў менавіта іх. Усю “пяцёрку” вывезлі ў Форт VII – нацысцкую вязніцу за мурамі Познані.

Па прыбыцці нямецкія салдаты паставілі іх тварамі да сцяны і правялі рэвізію рэчаў. Ва ўсіх знайшлі ружанцы. На іх вачах гэты прадмет культу са знявагай быў выкінуты ў сметнік. Калі салдаты за імі не сачылі, хлопцы бясстрашна кінуліся ў сметнік, каб забраць з сабой у камеру гэтыя дарагія для іх рэчы. Ружанцы будуць з імі ў хвіліны смутку, цярпення і роспачы – аж да самага канца. Ружанец Францішка Кэнсы пасля яго смерці вярнуўся да яго матулі і спачыў у яе труне.

Пасля рэвізіі, хлопцы былі пабіты палкамі і адведзены ў бункер №58. У абсалютнай цемры хлопцы чакалі жахлівы час допытаў. Немцы ўсялікімі спосабамі стараліся зламаць іх маральна. Амаль кожны дзень іх збівалі да самай крыві. Ратункам была толькі супольная малітва – на ружанцах, якія так моцна сціскалі здранцвелыя ад болю і холаду рукі.

Іншыя вязні былі вельмі здзіўлены лагоднасцю і пяшчотай, якой маладыя хлопцы атулялі кожнага ў бункеры. Яны спявалі касцёльныя спевы, каб гэтым хоць крыху падбадзёрыць людзей, змучаных голадам і болем. Пра сабе нават не думалі. Хваляваліся толькі за свае сем’і. У адным з сакрэтных лістоў напісалі: “Божа, з намі ўсё добра, май толькі ў сваёй апецы нашых каханых бацькоў”.

З Форту VII іх перавозяць у вязніцу на вуліцы Млынскай у Познані. Першы час яны знаходзіліся ў адной камеры. Разам адпраўлялі набажэнства, заклікаючы да малітвы і іншых. Адзін з вязняў, гледзячы на іх, сказаў: “Ці ведайце, што вам за гэта будзе?”. Яны ж адказалі: “Аб тым, што нас чакае, ведае толькі Бог. Мы Яму давяраем. Што б не здарылася, няхай будзе Яго воля”.

16 лістапада 1940 г. іх перавялі ў палітычную вязніцу на Вронках. Ім састрыглі валасы і далі вопратку вязняў. Там хлопцаў білі яшчэ часцей. Нераз удары атрымоўвалі за тое, што маліліся ў камеры альбо спявалі рэлігійныя песні. Адзін з хлопцаў тады напіша: “Дзякуй Табе, Божа, што я нарадзіўся ў каталіцкай веры. З яе чэрпаю сілы для пераадолення ўсіх цяжкасцяў. Не баюся нічога”.

У красавіку 1941 г. “пяцёрку” вывозяць у Бярлін, а ў маі 1942 г. перавозяць у вязніцу строгага рэжыму ў Звіцкаў у Саксоніі. Там яны жылі ў камерах па 18 чалавек. Увесь дзень цяжкія працы. Амаль штодня былі сведкамі смерці кагосьці з сувязняў. У нямецкую вязніцу мог прыходзіць капелан, мясцовы пробашч. Хлопцы выкарыстоўвалі гэтую магчымасць вельмі часта. Спавядаліся, прымалі Цела Хрыста – ведалі, што трэба падрыхтавацца да спаткання з Панам.

1 жніўня 1942 г. усе з “пяцёркі” сталі перад судом у Познані. Абвінавачвалі іх у здрадзе рэйху, падрыхтоўка аперацыі па адлучэнні заходніх зямель ад Нямеччыны. Рашэнне суда было кароткім і ясным: смяротнае пакаранне. Гэтыя словы, як пяруны, ударылі у вушы хлопцаў. Гэта быў пачатак канца. Мінае хвіліна цішыні і раптам чуецца голас: “Будзь воля Твая!”.

Дрэздэн – апошняе месца прабывання “пяцёркі”. Перад іх вачыма ўжо такія звычайныя муры і краты на маленькіх акенках. Праз краты зіхаціць сонца, вусны прагнуць усміхнуцца, але недзе ў падсвядомасці кожны з іх разумее: гэта апошнія промні сонца ў іх жыцці. Усё скончыцца сёння, 24 жніўня 1942 г., паміж 20.00 і 21.00 гадзінамі.

У камеры пануе спакой. Яны гатовы. Сёння месячны ўспамін Марыі Успамогі. Яны вераць, што Яна побач. Некалькі гадзін таму прыходзіў капелан. Паспавядаліся з усяго жыцця і прынялі Езуса ў свае маладыя і адважныя сэрцы. Засталося толькі напісаць апошнія лісты – лісты з-пад гільяціны.

Сонца паволі садзіцца за мур вязніцы. Вось і мінае апошні дзень іх жыцця. Хлопцам з познаньскага араторыя адсякаюць галовы. Іх нявінныя целы скінуты ў брацкую магілу. Кат змывае кроў з каменнага бруку вязьніцы… Ці гэта усё? Па-чалавечы – так, але не па-Божаму. Цяпер яны сузіраюць Езуса тварам у твар. Побач з імі Марыя, св. Ян Боско і іншыя пераможцы. Яны перамаглі – яны жывуць!

Малітва да благаслаўлёных мучанікаў з араторыя ў Познані

Усемагутны Божа! Дзякую Табе за сведчанне мучаніцкай смерці выхаванцаў салезіянскага араторыя ў Познані. Яны, абмытыя Крывёю Хрыста і ўмацаваныя Яго Целам, сталі вартыя ўдзелу ў ахвяры Твайго Сына на крыжы. Праз іх заступніцтва давяраю Табе тых, хто, несучы свой крыж, не змог быць верным Табе даканца. Захапляючыся дзеяннем Тваёй ласкі ў жыцці і ў час смерці маіх братоў з Познані, пакорна прашу Цябе ўдзяліць мне ласку .......... Праз Хрыста Пана нашага. Амэн.

Апошняе змяненне Аўторак, 05 Снежань 2017 14:28
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Бл. Філіп Рынальдзі Бл. Алаізій Варыяра »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Маліцеся заўсёды да Марыі, ужываючы гэты заклік: Марыя, Успамога Хрысціянаў, маліся за нас! Гэта невялікая малітва, але самі заўважыце, што яна вельмі дзейсная

Св. Ян Боско