Чацвер, 05 Снежань 2013 12:53

Бл. Філіп Рынальдзі

Аўтар

БЛАГАСЛАЎЛЁНЫФІЛІП РЫНАЛЬДЗІ SDB

(FILIPPO RINALDI)

1856–1931

Успамін 5 снежня

 

Філіп Рынальдзі нарадзіўся 28 мая 1856 г. у Лу Манферрато (паўночная Італія) у вельмі пабожнай і працавітай сям'і. Яшчэ ў дзяцінстве Філіп пазнаёміўся з ксяндзом Боско, калі святы разам з выхаванцамі свайго араторыя спыніўся ў яго вёсцы. Калі Філіпу споўнілася 10 гадоў, бацька адправіў яго вучыцца ў салезіянскі каледж у Мірабэлло. Пакідаючы ў першыню родны дом, Філіп быў не вельмі радасны. На жаль, з прыйсцем вясны маладому Рынальдзі перахацелася вучыцца. У гэты ж час яму пачало моцна балець левае вока. Келіх горычы дапоўніў адзін клерык, які моцна накрычаў на яго. Пражыўшы ў каледжы некалькі месяцаў, Філіп вяртаецца дадому па ўласным жаданні. Ксёндз Боско асабіста пісаў яму шматлікія лісты, просячы, каб ён перагледзеў сваё рашэнне, але Філіп не пагадзіўся вярнуцца.

У 1876 г. ксёндз Боско асабіста адправіўся ў Лу, каб пераканаць Філіпа, што ён мае пакліканне і запрасіць яго ў Турын. Цяжка было дваццацігадоваму хлопцу пераадолець псіхалагічныя цяжкасці і зноў узяцца за навуку. Бацькі дазволілі сыну самому выбіраць. Як пазней ён сам напіша, у той момант “выбраў ксяндза Боско”. Філіп паступае ў семінарыю для спозненых пакліканняў у Сампердарэна, каб там нагнаць страчанае ў навуцы. У 1879 г. распачынае навіцыят у Сан-Бэнініё і 20 кастрычніка гэтага ж года з рук ксяндза Боско атрымлівае сутану. Яго сябры ў навіцыяце маюць па 16-17 гадоў. Таму Філіп як найстарэйшы быў прызначаны сярод іх асістэнтам. Гэта была яго першая пасада ў таварыстве. У 24 гады Рынальдзі складае на рукі ксяндза Боско вечныя манаскія абяцанні.
23 снежня 1882 г. Філіп Рынальдзі атрымаў святарскае пасвячэнне. Пасля цырымоніі Ксёндз Боско запытаў маладога прэзбітара: “Цяпер ты шчаслівы?”. Ксёндз Рынальдзі адказаў: “Калі буду побач з ксяндзом Боско, так. Калі ж не, то не буду ведаць, што рабіць”.

Знакавым з’яўляецца тое, што Філіп увесь шлях свайго манаскага жыцця даверыў ксяндзу Боско. “Увогуле, нават не думаў стаць святаром. Салезіянінам так, але не святаром. Здаваў іспыты па тэалогіі, прымаў сан святара толькі з паслухмянасці”. Цікава, што ксёндз Боско не паступаў так з ніводным іншым юнаком. Звычайна заахвочваў, радзіў, але ніколі не настойваў на прыняцці канчатковага рашэння. З Філіпам было іначай. Ксёндз Боско проста наказваў яму, прароча бачачы яго будучыню.

Ксёндз Боско за некалькі месяцаў да сваёй смерці прызначае ксяндза Рынальдзі дырэктарам семінарыі для спозненых пакліканняў (для мужчын, якія ў сталым узросце распазналі салезіянскае пакліканне). Перад самай смерцю ксяндза Боско Філіп прыйшоў да яго ў пакой, каб апошні раз паспавядацца ў свайго духоўнага айца. Ксёндз Боско быў блізка смерці, вусны не маглі ўжо нічога прамаўляць, а вочы ледзве адкрываліся. Ксёндз Філіп, каб не турбаваць яго ў цяжкім стане, прапанаваў ксяндзу Боско, каб той пасля вызнання грахоў сказаў яму толькі адно слова, якое стане ключом яго паклікання. Ксёндз Боско пасля споведзі прашаптаў: “Медытацыя!” (біблійнае разважанне, якое салезіяне практыкуюць штодзённа).

Праз год пасля смерці ксяндза Боско яго пераемнік ксёндз Міхал Руа накіроўвае ксяндза Рынальдзі ў Іспанію дырэктарам салезіянскай школы ў Барселоне-Саррыі. Школа перажывала сапраўдны крызіс. Недахоп дысцыпліны, разбэшчанасць вучняў і абыякавасць мясцовых салезіянаў не знеахвоціла ксяндза Філіпа. Першае, што ён зрабіў – узмацніў агульныя правілы, у якіх зрабіў націск на дысцыпліну ў школе. Многім вучням такія рэформы не спадабаліся. Аднойчы ў пакой ксяндза Рынальдзі уляцеў юнак са словамі: “Надакучыла! Збіраю свае манаткі і сёння ж выязджаю!”. Ксёндз Рынальдзі са спакоем вуслухаў хлопца і прамовіў: “Ты сказаў мне тое, што думаеш, і за гэта я ўдзячны табе. Падумай яшчэ раз над гэтым… А цяпер адкажы, ці сапраўды з-за гэтай прычыны ты хочаш ад’ехаць дадому?”. Хлопец збянтэжыўся. Ксёндз Рынальдзі ізноў са спакоем звярнуўся да яго: “Мой сыне, станеш салезіянінам, добрым салезіянінам”. Так і сталася.

Заўважаючы ў ксяндза Філіпа вялікія здольнасці да кіравання і яго непагасны энтузіязм, ксёндз Руа прызначае яго абласным настаяцелем (інспектарам) для ўсёй Іспаніі. За дзевяць гадоў інспектар Рынальдзі стварае 16 новых манаскіх супольнасцяў. Сваёй бацькоўскай апекай атуляе таксама мясцовых сясцёр салезіянак, якія знайшлі ў ім сапраўднага духоўнага кіраўніка і сябра, які заўсёды дапаможа.

У 1894 г. падчас наведвання салезіянскіх дамоў у Іспаніі ксёндз Руа пераканаўся ў выдатных здольнасцях ксяндза Рынальдзі як інспектара салезіянскай акругі і як сапраўднага бацькі для маладых, а часта яшчэ недасведчаных іспанскіх салезіянаў. Бачачы яго вернасць духу і справе Дона Боско, у 1901 г. ён прызначае ксяндза Рынальдзі генеральным вікарыем і запрашае яго ў Турын. У гэты перыяд з новай сілай праявіліся выключныя цноты ксяндза Рынальдзі і яго ініцыятыўнасць. Ён вельмі клапаціўся пра маладыя пакліканні, арганізоўваў цэнтры духоўнай і сацыяльнай дапамогі маладым працаўніцам, падтрымліваў і кіраваў дочкамі Марыі Успамогі Хрысціянаў (салезіянкамі), у гісторыі якіх тады наступіў складаны перыяд. Ксёндз Рынальдзі ахвярна дапамагаў у развіцці асацыяцыі салезіянаў-супрацоўнікаў. Арганізоўваў сусветныя канфедэрацыі былых салезіянскіх выхаванцаў і выхаванак.

Шматлікія абавязкі, якія ляглі на плечы ксяндза Рынальдзі з атрыманнем новай пасады, не перашкаджалі яму быць сапраўдным салезіянінам. Каб не патануць у моры папераў, ён устае вельмі рана і ўжо а 5 гадзіне раніцы цэлебруе святую Імшу ў базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў. Пасля Імшы сядае ў канфесіянал і спавядае на працягу двух гадзін. На пытанне, ці не дастаткова яму працы ў кабінеце, адказвае: “Хачу, нягледзячы ні на што, адчуваць сябе святаром”. Таксама свой вольны час ахвяруе дзяўчатам з араторыя сясцёр салезіянак у Турыне. Часта казаў сёстрам: “Дазвольце ім спяваць, крычаць… Вы таксама спявайце і баўцеся з імі, бо давер здабываецца, а не навязваецца. Калісьці для працы было дастаткова моцных рук, а сёння неабходна і добрая галава – заўсёды трэба вучыцца”.

Паводле Божага натхнення Рынальдзі засноўвае таксама таварыства пасвечаных Богу асобаў, якія жывуць у свеце як свецкія людзі. Яны жывуць паводле манаскіх абяцанняў, але ў самоце, па-за супольнасцямі, захоўваючы ў таямніцы сваё пакліканне. Паўсюдна іх называюць “Ахвотніцы ксяндза Боско”.

28 кастрычніка 1921 г. памірае ксёндз Альбэра, трэці па ліку настаяцель салезіянскага таварыства. Генеральная капітула ўжо ў першым галасаванні новым кіраўніком салезіянаў выбірае 65-гадовага ксяндза Філіпа Рынальдзі. Пасля абвяшчэння вынікаў галасавання прамовіў да сабраных салезіянаў: “Вось стаў я “чацвёртым ксяндзом Боско” для салезіянскай сям’і. Маліцеся за мяне, каб не сапсаваў таго, што зрабіў ксёндз Боско і яго паслядоўнікі”.

Новы “генерал” салезіянскага таварыства з вялікім запалам у сэрцы распачынае сваю місію і паслугу. Аднаўляе і пашырае місійную дзейнасць таварыства. У 1922 г., калі салезіянскі кардынал Ян Кальеро адзначаў свой брыльянтавы юбілей святарства, ксёндз Рынальдзі асноўвае ў Іврэа салезіянскі місійны інстытут у гонар гэтага кардынала, які ўсё сваё жыццё ахвяраваў місійнай справе. Ад гэтага моманту на місіі пачынаюць выязджаць таксама клерыкі, аспіранты і навіцыі. Ксёндз Рынальдзі засноўвае і новы місійны часопіс: “Місійная моладзь”. Падчас яго кіравання салезіяне атрымоўваюць новыя місійныя тэрыторыі ў Бразіліі, Індыі, Японіі, Тайландзе. За 9 гадоў свайго кіравання Рынальдзі нікараваў на місіі 1868 салезіянаў і 613 салезіянак.

Узрост і нястомная праца моцна пахіснулі здароўе ксяндза Філіпа. Лекар наказвае яму больш адпачываць. Ксёндз Рынальдзі адказвае: “Калі ў мяне цяжкасці з хадзьбой, гэта не значыць, што я маю права прыстасоўваць салезіянскую кангрэгацыю да маіх крокаў”.

Раніцай 5 снежня 1931 г. ксёндз Рынальдзі сядзіць у сваім пакоі з кніжкай у руцэ. Чытае жыццёрыс ксяндза Руа. Сакратар ксяндза Філіпа выходзіць у суседні пакой, а праз некалькі хвілін чуе гвалоўны кашаль. Спяшаецца да пакоя ксяндза Рынальдзі, але ўжо было позна: святар сядзеў у сваі крэсле з апушчанай галавой. Адышоў да Пана нікога не заклапочваючы.

29 красавіка 1990 г. Папа Рымскі Ян Павел ІІ абвяшчае ксяндза Філіпа Рынальдзі благаслаўлёным.

Апошняе змяненне Аўторак, 05 Снежань 2017 21:25

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Будзце паслухмянымі. Праз гэта мы будзем дастойныя споўніць Божую волю і зробім адзіны крок у верх па лесвіце святасці.

Св. Ян Боско