Пятніца, 15 Лістапад 2013 12:15

Бл. Магдалена Марано

Аўтар

БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ МАГДАЛЕНА МАРАНО FMA

(MADDALENA MORANO)

1847-1908

Успамін 15 лістапада

 

Магдалена Кацярына Марано нарадзілася 15 лістапада 1847 г. ў К'еры, маленькім гарадку каля Турына, у сям'і глыбока веруючых людзей. Сям'я Марано вельмі рана спазнала смак гора: да 1855 г. памёр Францішак, бацька Магдалены, і пяцёра дзяцей. Дзякуючы свайму рашучаму і энергічнаму характару Магдалена мужна ў ахвярным духу перажывала жыццёвыя цяжкасці, якіх аказалася нямала і пасля.

Дзякуючы свайму роднаму дзяцьку, які быў ксяндзом, Магдалена мела магчымасць атрымаць адукацыю. Займаючыся ў школе і адначасова працуючы, яна здолела ў 1868 г. атрымаць дыплом выкладчыка. Магдалена стала настаўніцай і паабяцала Богу зрабіць выкладанне сваёй місіяй дзеля дабра моладзі. Неўзабаве яе прынялі ў школу ў Мантальдо Тарынэзэ, дзе на працягу 14 гадоў яна была ўзорным выкладчыкам, заслужыўшы прызнанне людзей і шчырую павагу ўсіх, хто яе ведаў. Аднак Магдалена даўно марыла цалкам належаць Богу ў манаскім жыцці. Пасля размовы са сваім духоўнікам Магдалена купляе дом для сваёй маці, каб забяспечыць ёй жыццё, і вырашае пайсці за Хрыстом.

У 1878 г. Магдалена сустракае ў Марнэзэ ксяндза Боско (за дваццаць гадоў да гэтага яна ўпершыню сустрэлася з ім у Буццільерэ), заснавальнікам Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. У ім Магдалена здабыла страчанага бацьку, а ў кангрэгацыі - новую сям'ю. Сузаснавальніца кангрэгацыі, Марыя Дамініка Мадзарэлло, прыняла Магдалену ў шэрагі салезіянак. Сястра Магдалена бачыла ў сваёй настаяцельніцы ідэал апостальскага служэння і прыклад сапраўднай святасці.

У 1880 г. Магдалена складае вечныя манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці, жадаючы ахвяраваць сваю волю дзеля Божай задумы, назаўжды аддаўшы Яму сябе: «Пане, не дапусці, каб я памерла, не дасягнуўшы святасці! Дапамажы мне стаць святой!». Гэтыя высакародныя словы Магдалена запісала ў дзень сваіх духоўных заручын з Хрыстом.

Праз некаторы час сястра Марано была настаяцельніцай супольнасці сясцёр салезіянак у Вальдокко. Пазней з благаслаўлення ксяндза Боско і з яго бацькоўскай дапамогай Магдалену ў 1881 г. пасылаюць на Сіцылію, у жаночы каледж. Дзякуючы сваёй духоўнай фармацыі і педагагічнай чуласці Магдалене ўдалося прыцягнуць да сябе не толькі вучняў і іх сем'і, але і ўвесь сіцылійскі народ.

Сястра Марано становіцца настаяцельніцай візітаторыі салезіянак на Сіцыліі. Яна як сапраўдная маці клапацілася аб добрай фармацыі даручаных ёй сясцёр і нястомна засноўвала новыя супольнасці, дамы фармацыі, школы і каледжы па ўсёй Сіцыліі. Справы развіцця кангрэгацыі на сіцылійскай зямлі з даверам аддавала Марыі Успамозе Хрысціянаў і св. Юзафу. Сіцылія стала для Магдалены Марано «другой радзімай», «радзімай яе сэрца».

Магдалена Марано памірае ў Катаніі 26 сакавіка 1908 г. ад пухліны. На час яе смерці на Сіцыліі было 18 манаскіх супольнасцей са 142 сёстрамі. 5 лістапада 1994 г. Папа Рымскі Ян Павел ІІ абвясціў сястру Магдалену благаслаўлёнай. Яе зямныя парэшткі знаходзяцца ў шкляным саркафагу ў капліцы сясцёр Марыі Успамогі Хрысціянаў у Алі-Тэрмэ ў Катаніі.

Крыніца: sdb.org; donboscogatchina.ru

Апошняе змяненне Серада, 04 Май 2016 12:24
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Бл. Арцемій Дзацці Бл. Філіп Рынальдзі »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі чыніш дабро ці змагаешся са спакусамі, даверся Марыі, каб быць гатовым на прыніжэнне, патаптанне чалавечай годнасці і, таксама, на цярпенне

Св. Ян Боско