Серада, 13 Лістапад 2013 12:11

Бл. Арцемій Дзацці

Аўтар

БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ АРЦЕМІЙ ДЗАЦЦІ SDB

(ARTEMIDE ZATTI)

1880 – 1951

Успамін 13 лістапада

 

Арцемій Дзацці нарадзіўся 12 кастрычніка 1880 г. y сялянскай беднай сям'і ў Барэтто (Італія). Яго бацькамі былі Алаізій Дзацці і Альбіна Векіё.

З ранніх гадоў быў прывучаны бацькамі да працы і ахвярнасці. Ва ўзросце амаль дзевяці гадоў пачынае зарабляць грошы для сям'і ў якасці працаўніка на ролі. З-за сваёй беднасці ў 1897 г. сям'я Дзацці эмігруе ў Баія-Бланка ў Аргентыне, дзе распачынае новае жыццё. Тут Арцемій часта прыходзіў у парафію, у якой душпастырскую паслугу спаўнялі салезіяне. Неўзабаве ён становіцца блізкім памочнікам пробашча, ксяндза Карла Кавалі, з якім часта дзяліў працу і малітву. Гэты салезіянін сваёй усмешкай і дабрынёй прыцягваў да сябе людзей, як магніт.

Углядаючыся ў прыклад ксяндза Кавалі, Арцемій захацеў таксама стаць салезіянінам. Адчуванне таго, што ён на верным шляху, паўстала ў яго сэрцы пасля таго, як ён прачытаў кнігу пра жыццё святога Яна Боско. Гэты святы назаўсёды застаўся ў сэрцы маладога Арцемія. Біскуп Кальеро прыняў яго як аспіранта, і яшчэ перад аканчаннем дваццатага году жыцця Арцемій пасяліўся ў салезіянскай супольнасці ў Берналь. Божы провід даверыў яго апецы маладога святара, які хварэў на сухоты. На жаль, гэты святар памірае ў 1902 г., а на наступны дзень Арцемій павінны быў атрымаць сутанну, але сам захварэў на амаль смяротную хваробу на тыя часы.

Kсёндз Гаронэ, які меў вялікі вопыт у гэтай галіне, апякуецца  ў той час шпіталем, які заснавалі салезіяне для бяздомных убогіх. Гэты святар сваёй гарачай малітвай выпрошвае ў Марыі Уапамогі Хрысціянаў ласку аздараўлення для маладога клерыка Арцемія. Арцемій пасля аздараўлення складае прысягу Богу, што прысвяціць сваё жыццё дагляду і апецы над хворымі.

Ачуняўшы, як і абяцаў, стрымлівае сваё слова. Спачатку ўзяў на сябе абавязкі працаўніка шпітальнай аптэкі. Там ён убачыў, як ксёндз Гаронэ працаваў у рэальнасці: за дапамогу плаціць толькі той, хто можа. Пасля смерці ксяндза Гаронэ Арцемій узяў на сябе поўную адказнасць за аптэку. Каб выканаць сваю місіі – абяцанне працаваць з хворымі -  Арцемій атрымлівае медыцынскую адукацыю і становіцца фармацэўтам і медбратам. Ён клапаціўся пра людзей, якія маюць патрэбу не толькі ў шпіталі, але намагаўся таксама аб'язджаць на сваім нязменным ровары хворых, якія ляжалі ў сваіх дамах. Асабліва дрыгатліва ён ставіўся да бедных. Пацыенты называлі яго ”Ксяндзом Боско ўбогіх”.

Арцемій таксама перажыў момант, калі яму давялося адмовіцца ад сваёй мары стаць святаром і выбіраць, ці застацца салезіянінам -каад'ютарам (братам законным), ці не быць салезіянінам зусім. Яму не прыйшлося доўга разважаць, - ён даўно вырашыў, што назаўжды застанецца з ксяндзом Боско. У той складаны і рашучы момант ён паўтарыў знакамітыя словы біскупа Кальеро, якія той сказаў, калі яго сяброў апаноўвалі сумненні, што датычыліся ўступлення ў манаскую кангрэгацыю, якую ксёндз Боско хацеў заснаваць. З уласцівай яму непасрэднасцю ён усклікнуў: “Манах ці не, але я застаюся з ксяндзом Боско!”.

Цяпер Арцемій, будучы каад’ютарам, усяцэла займаецца справай шпіталя. Хворыя настолькі палюбілі брата Арцемія, што часта аддавалі перавагу яму, а не сапраўдным лекарам, са свайго боку лекары давяралі яму і прыкланяліся перад яго дабразычлівасццю. “Калі я побач з Дзацці, то я не магу не верыць у Бога!” - усклікнуў аднойчы лекар, які раней меў сумненні адносна існавання Бога.

Дзацці прыйшлося выпрабаваць нялёгкую долю даўжнiка, але Провід ніколі не пакідаў яго. З аднаго боку, ён распараджаўся буйнымі сумамі грошай, а з другога, калі ён адправіўся ў падарожжа па Італіі, то вымушаны быў пазычаць касцюм, капялюш і чамадан. Кожны грош з ахвяраванняў ён аддаваў бедным, альбо закупаў патрэбныя лекі.

У чым жа быў сакрэт яго аўтарытэту? Для Дзацці кожны хворы быў, нібы Сам Езус! Аднойчы сабраты параілі яму не прымаць больш за 30 хворых у дзень, і тады ён сказаў: “А раптам трыццаць першы будзе Сам Езус?” Са свайго боку, ён у гэтым зусім не сумняваўся,  да кожнага хворага ён ставіўся з такой любоўю, як быццам гэта быў сам Збаўца. Часта, звяртаючыся да сястры, адказнай за склад, ён пытаўся: “Ці няма ў вас адзення для дванаццацігадовага Езуса?”.

У непрадбачаных выпадках ён заўсёды ўступаў хворым свой пакой, а часам, калі не было іншага выйсця, нават клаў у яго целы памерлых. Быў выпадак, калі з-за сваіх хворых Дзацці трапіў у турму. Здарылася так, што аднаго зняволенага прывезлі ў шпіталь, а затым ён збег адтуль, ва ўцёках абвінавацілі Дзацці і пасадзілі ў турму, дзе яму давялося правесці два дні. Вялізны натоўп хворых з забінтаванымі рукамі і нагамі адправіўся выручаць свайго медбрата, і ў той жа дзень яго вызвалілі.

Зусім нечакана Арцемій пачаў вельмі блага сябе адчуваць. Праз некалькі месяцаў яму быў пастаўлены дыягназ: рак. Пачуўшы смяротны прысуд, ён зразумеў, што яму засталося жыць мала часу. Ён сам запоўніў медыцынскае пасведчанне аб сваёй смерці, прапусціўшы толькі дату і час, і ў поўным спакоі падрыхтаваўся да сустрэчы з Панам, які паклікаў яго да Сябе 15 сакавіка 1951г.

Зараз у Вьедма, дзе працаваў брат Арцемій, ёсць новы шпіталь, які носіць ягонае імя. Кожнага хворага, які паступае ў гэты шпіталь, сустракае радасны, з усмешкай брат Арцемій Дзацці, высячаны ў каменнай табліцы пры ўваходзе.

14 красавіка 2002 года Папа Ян Павел II абвясціў Арцемія Дзацці благаслаўлёным. Яго зямныя парэшткі спачываюць у салезіянскай капліцы ў Вьедма.

Крыніца: sdb.org; donboscogatchina.ru

Апошняе змяненне Серада, 04 Май 2016 12:15
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Бл. Міхал Руа Бл. Магдалена Марано »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пан Бог не глядзіць на род працы, Ён звяртае ўвагу на мэта таго, хто яе выконвае. Бо ўсе заняткі аднолькава высакародныя, таму што аднолькава выглядаюць у вачах Бога.

Св. Ян Боско