Чацвер, 29 Кастрычнік 2015 12:07

Бл. Міхал Руа

Аўтар

БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ МІХАЛ РУА SDB

(MICHELE RUA)

1837 – 1910

Успамін 29 кастрычніка

 

Міхал Руа нарадзіўся ў Турыне 9 чэрвеня 1837 г. у вялікай мяшчанскай сям’і.  Быў апошнім з 9 дзяцей.

Калі Міхалу было сем гадоў, на шыі аднаго са сваіх сяброў ён убачыў новенькі гальштук.

- Дзе ты яго купіў? – Запытаўся ў яго Міхал.

- Выйграў у латарэю ў араторыі.

- А што такое араторый?

- Ну, араторый ксяндза Боско... у прытулку.

У наступную нядзелю Міхал пабег у прытулак (дабрачынную ўстанову, заснаваную маркізай Баролло) і ўбачыў там мноства хлопцаў. Яны гучна бавіліся на лузе вакол маладога святара. Святар падышоў да Міхала, паклаў яму на галаву руку і звярнуўся да яго. Тыя некалькі добрых слоў святара “надоўга засталіся ў яго душы і памяці".

Гэта былі гады “вандроўнага араторыя”: з касцёльнага канвікта ксёндз Боско з хлопцамі перасяліўся на млын, з млына – на могілкі, з могілак – на дзядзінец прытулка маркізы Баролло. Жыхары Турына з неразуменнем глядзелі на святара, вакол якога заўсёды круцілася шумная зграя хлопцаў.

У той час Міхал пачаў займацца ў пачатковай школе ў Порта Палацо, якую ўтрымлівала брацтва хрысціянскіх школ. Ксёндз Боско часта прыходзіў туды спавядаць хлопцаў і дзяўчат, прамаўляў гаміліі і праводзіў катэхізацыю. Згледзеўшы яго, хлопцы натоўпам акружалі невялікую постаць ксяндза ў бірэце.

Калі Міхал скончыў пачатковую школу, ксёндз Боско спытаў у яго:

- Ты хацеў бы стаць святаром?

- Вельмі!

- Тады рыхтуйся вывучаць лацінскую мову!

Ксёндз Боско ўпадабаў гэтага хлопца. Міхал быў вельмі здольны ў навуцы, але больш за ўсё здзіўляў сваёй пакорай і глыбокай пабожнасцю. Аднойчы ксёндз Боско сказаў яму: "Мы з табой усё будзем дзяліць папалам". Гэтыя словы не былі пустымі. Дзень за днём яны спраўджваліся ў жыцці.

Ён запісаў хлопца ў прыватную школу на навучанне ў трох малодшых класах гімназіі. Міхал па-ранейшаму жыў з маці і братамі.

У верасні 1852 г. ксёндз Боско пасылае яго да ксяндза Кафассо (славутага духоўнага настаўніка ў Турыне), каб юнак параіўся з ім адносна свайго паклікання. Пачуўшы цалкам станоўчае меркаванне, 22 верасня Міхал пакідае свой дом і пераязджае ў араторый на Вальдокко. Тады яму было 15 гадоў. На наступны дзень разам з ксяндзом Боско, мамай Маргарытай і іншымі 26 сябрамі ён адправіўся пешшу ў Бэкі, дзе 3 кастрычніка ксёндз Чынцано апрануў на яго сутану.

Міхал Руа быў адным з першых, каму ксёндз Боско прапанаваў заснаваць салезіянскае таварыства, якое б займалася выхаваннем пакінутай моладзі. На працягу 36 гадоў Міхал цесна супрацоўнічаў з ксяндзом Боско, дапамагаючы яму на ўсіх этапах станаўлення новазаснаванага  таварыства. У 1855 г. ён складае манаскія абяцанні ў салезіянскім таварыстве. У 1860 г. атрымлівае святарскае пасвячэнне. Ксёндз Боско прызначае маладога святара першым дырэктарам салезіянскага каледжа ў Мірабэлло. Ксяндзу Руа было тады 26 гадоў, і ксёндз Боско яму вельмі давяраў. На гэтай пасадзе малады святар прабыў з 1863 па 1865 гг., затым яго прызначылі вікарыем у Вальдокко (дзе было 700 выхаванцаў). У 1869 г. ксёндз Руа быў прызначаны адказным за фармацыю маладых салезіянаў. У 1875 г.  становіцца генеральным настаяцелем кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Ксёндз Міхал заўсёды суправаджаў ксяндза Боско ў яго падарожжах, быў яго правай рукою.

Па асабістай просьбе заснавальніка салезіянскага таварыства ў 1884 г. Папа Рымскі Леў XIII прызначае яго пераемнікам ксяндза Боско, і ў 1888 г. ксёндз Боско пацвярджае яго прызначэнне генеральным настаяцелем. Праз тры тыдні пасля смерці ксяндза Боско Папа Рымскі Леў XIII прыняў Міхала Руа. Тады Пантыфік сказаў яму, робячы акцэнт на кожным слове: Вы - пераемнік ксяндза Боско. Ён быў святым, і з нябёсаў абавязкова будзе вам дапамагаць". Ксёндз Руа коратка адказаў Святому Айцу: Я буду працягваць справу ксяндза Боско, асабліва на карысць беднай і пакінутай моладзі, а таксама місій".

У перыяд кіраўніцтва ксяндза Руа салезіянская кангрэгацыя павялічылася: з 773 чалавек да 4000; з 57 салезіянскіх цэнтраў да 345, у 33 краінах ужо налічвалася не 6, а 34 салезіянскія інспекторыі (правінцыі). Місійная справа пашырылася ў тры разы. Ксяндза Руа называлі “жывым статутам” салезіянскай кангрэгацыі за яго няўхільную вернасць ксяндзу Боско і яго ідэі выхавання. Будучы генеральным настаяцелям, Міхал Руа да кожнага сабрата праяўляў бацькоўскую любоў і добразычлівасць. Наведваючы салезіянскія дамы, ксёндз Руа заўсёды падбадзёрваў сваіх сабратоў, нагадваючы пра заснавальніка: “Ксёндз Боско казаў ... ксёндз Боско рабіў... ксёндз Боско хацеў....”. Салезіяне, а таксама выхаванцы называлі яго “каралём дабрыні".

З 1890 г. ксёндз Руа аднавіў тую дзейнасць, якую праводзіў ксёндз Боско ў апошнія гады жыцця: ён падарожнічаў па Італіі і за мяжой, збіраючы ахвяраванні на салезіянскую дзейнасць. У 1908 г. ксёндз Руа ў апошні раз паехаў у Аўстрыю, Турцыю, Палесціну і Егіпет. Падарожнічаючы ў самых бедных вагонах цягніка, ён заразіўся інфекцыйнай хваробай, якая паволі згасіла яго жыццё.

Ксёндз Руа развітаўся з гэтым светам 4 красавіка 1910 г. Падчас беатыфікацыі Папа Рымскі Павел VI сказаў: "Ксёндз Боско быў пачынальнікам салезіянскай сям'і, а ксёндз Руа – яго пераемнікам. З прыклада святога ён учыніў школу жыцця, з яго статута – духоўнасць, з яго святасці – узор. Ручай ён учыніў ракой”.

Парэшткі благаслаўлёнага Міхала Руа спачываюць у крыпце базылікі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне.

Крыніца: sdb.org; donboscogatchina.ru

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Бл. Стэфан Шандор Бл. Арцемій Дзацці »

Думкі ксяндза Боско

Памятайце пра годны адпачынак, каб забавы былі карыснымі, аднаўлялі сілы цела і душы. Асцерагайцеся, каб забавы не былі пустымі, а час – змарнаваны.

Св. Ян Боско