Панядзелак, 14 Ліпень 2014 19:52

Араторый

Аўтар

Пасля святарскага пасвячэння Ксёндз Боско атрымаў некалькі цікавых прапаноў месца працы ў якасці святара. Не скарыстаўся з  іх, -  гэтае рашэнне было  звязана з асобай ксяндза Кафассо, які пераканаў яго ўступіць у касцёльны калегіўм у Турыне.

Менавіта там ксёндз Боско змог адчуць багацце святарскага служэння сярод беднай і апушчанай моладзі ў Турынскіх прыгарадах, што дазволіла яму бліжэй пазнаёміцца ​​з гэтым асяроддзем. На Турынскіх вуліцах малады святар убачыў поле сваёй будучай працы - бедных хлопцаў, якія кожную хвіліну падвяргаліся ўздзеянню і  ўплыву злога праз бяздзейнасць і горкую беднасць. Вопыт Ксяндза Боско з гэтага  перыяду аказаў значны ўплыў на спосабы і метады яго будучай працы з моладзю.

        Праца Яна Боско пачалася  з сустрэчы з адным бедным хлопчыкам  Барталамеям Гарэллі, якая адбылася, верагодна, 8 снежня 1841 года ў касцёле святога Францішка Асізскага ў Турыне, сведкам якой ( а нават ўдзельнікам,бо ён хацеў выгнаць хлопчыка з закрыстыі) быў закрыстыян таго ж касцёла. Апісваючы ў скарочанай форме гэтую сустрэчу,  можна ўбачыць, што на кожнае пытанне ксяндза Боско, звязанае з катэхізісам, навыкамі пісання або чытання адказ хлопчыка быў адмоўным ... Ксёндз Боско, аднак, не быў бы самім сабой, калі б не знайшоў "злучальнае звяно" - гэта азначае чагосьці, што хлопец умеў бы зрабіць ... Апошняе пытанне было наступным: "А свістаць умееш?" Гэтым уменнем хлапчук валодаў дасканала ... і на наступным тыдні ён прыйшоў разам з некалькімі сябрамі па сяброўскаму запрашэнню святара на ўрокі катэхізіса. Вось так усё і распачалося. Праз некалькі месяцаў на сустрэчы з ксяндзом Боско пачало прыходзіць ўжо каля васьмідзесяці хлопцаў, ні адзін з іх не меў ні найменшага паняцця аб катэхізісе. Хлопцы добра адчувалі сябе адзін з адным, таму што святар, якога сустрэлі,  не толькі казаў ім пра Бога, але таксама забаўляўся з імі падчас гульняў–ён проста стаў для іх сапраўдным сябрам.

        Колькасць хлопцаў сістэматычна павялічвалася і ў гэтай сітуацыі ксёндз Боско быў вымушаны шукаць месца, дзе ён мог бы сустракацца са сваімі маладымі сябрамі. На працягу трох гадоў дзеці збіраліся на падворку касцёльнага калегіўма, у якім жыў ксёндз Боско. Хоць гэтая моладзь і не належыла да "жаданых гасцей”,  але ўсё ж такі ім было дазволена застацца ў гэтым месцы  без скаргаў ад іншых жыхароў калегіўма. Аднак, пасля завяршэння вучобы ў калегіўме ксяндзу Боско давялося адтуль з'ехаць. І зноў нямя дзе прытуліцца бедным і апушчаным дзецям вуліцы.

        На восем месяцаў ксяндза  Боско і яго "групу крыклівых галаварэзаў " прыняла графіня Бароло, якая наняла ксяндза Боско ў якасці капелана дому для заняпалых дзяўчат, якімі апекавалася  графіня. Але графіне не хапіла цярпення для  хлопцаў, якія кожную хвіліну рабілі нейкую шкоду. Яна хацела, каб ксёндз Боско застаўся капеланам, але без яго "сяброў". Аднак, паколькі гэты, як яго клікалі, "дзіўны святар», не захацеў расстацца са сваімі сябрамі, ён быў вымушаны пайсці разам з імі ... Ксёндз Боско яшчэ доўга не мог знайсці  месца для свайго “Блукаючага Араторыя" (Турынскія касцёлы, лугі, каплічкі на гарадскіх могілках, лясы за межамі горада ...), але ні адно з гэтых месцаў не было сталым і рана ці позна трэба было ад яго адмовіцца. Гэты стан доўжыўся каля чатырох з паловай гадоў (мяркуецца, што дата сустрэчы з Барталамеем Гарэллі сталася пачаткам працы ксяндза Боско) з 8 снежня 1841 па 5 або 13 красавіка 1846 года, калі пэўны спадар Соаве прыйшоў у дом ксяндза Боско заяўляючы, што яго сябар Францішак Пінардзі прадае невялікі  хлеў ...

        Пасля  агляд ксёндз Боско вырашыў набыць гэты хлеў у аварыйным стане і луг,  які прылягаў да будынка. Не меў ён тады ў кішэні грошай, але сказаў, што аб гэтым паклапоціцца "Хтосьці" іншы ...

        "У нас ёсць Араторый, з якога нас больш ніхто не выганіць!" - гэтае паведамленне пераказаў ксёндз Боско сваім хлопцам, калі ён вярнуўся з "агляду" хлева спадара Пінардзі. Ксёндз Боско збіраўся купіць гэтае месца, але з-за адсутнасці грашовых сродкаў на пачатак свайго дзеяння, падпісаў на тры гады дагавор арэнды зямельнага надзелу Пінардзі (яшчэ да заканчэння тэрміну ксёндзіБоско быў у стане купіць дом і зямлю на 30 тысяч лір). Пасля неабходнай рамонтнай працы,  са згоды Арцыбіскупа  адбылося асвячэнне капліцы і ўсяго аб'екта. Гэтая цырымонія адбылася 12 красавіка 1846 года. Арцыбіскуп таксама даў дазвол на пастаянную цэлебрацыю Святых Імшаў у капліцы, а таксама рознага віду набажэнстваў, што дазволіла ксяндзу Боско і яго хлопцам часта карыстацца са Святых Сакрамэнтаў.

        Калі здавалася, што ўсё ўладкоўваецца паспяхова, ксёндз Боско вычарпаны памерам працы  і пастаяннай заклапочанасццю аб духоўным  і матэрыяльным дабрабыце хлопцаў, сур'ёзна захварэў. Аднойчы ў адну з нядзель ліпеня 1846 года, пасля цэлага дня прысутнасці ў Араторыі, ксёндз Боско страціў прытомнасць у сваім пакоі. Выкліканыя лекары сцвярдзілі пнеўманію. Хвароба была ў такой цяжкой стадыі, што хвораму было ўдзелена апошняе намашчэнне. Усе чакалі толькі горшага. Хлопцы, зрэшты, не маглі з гэтым прымірыцца ... сваёй паставай  выклікалі немалое здзіўленне тых, якія назіралі за імі. "Банда галаварэзаў", па чарзе чувалі прад Езусам у Эўхарыстыі ў касцёле Маці Божай Суцяшэння ў Турыне, а калі касцёл быў зачынены, маліліся перад домам хворага . Многія з іх бралі на сябе шматлікія пакуты і пабожныя намеры ў інтэнцыі хутчэйшага аздараўлення свайго сябра. Вырашылі, што будуць "націскаць" на Бога так доўга, аж пакуль будзе такая патрэба... Іх упартасць і дзіцячая надзея, прынеслі свой плён. Лекары сказалі, што крызіс прайшоў, і ксёндз Боско ў хуткім часе выздаравіць, але ён патрабуе супакою і адпачынку. Хлопчыкі ўзрадаваліся гэтай навіне і пад кіраўніцтвам ксяндза Барэля (вялікага сябра ксяндза Боско) склалі Богу падзяку за вылячэнне свайго айца і настпаўніка. Калі здароўе ксяндза Боско палепшылася да такой ступені, што ён ужо мог устаць з ложка, ён сустрэўся са сваімі "гарэзамі", якія на сваіх плячах унеслі яго на дзядзінец Араторыя, а з вуснаў аздароўленага ксяндза пачулі словы: "Дзякуй усім вам за доказ сяброўства. Асабліва дзякую за вашыя малітвы, якія вярнулі мне жыццё. Калі сёння я тут,  гэта ваша заслуга. І ці не лічыце вы правільным, каб я прысвяціў вам усе мае дні, якія яшчэ прыгатаваў для мяне Бог?".

               Пазней ксёндз Боско паехаў трохі адпачыць у мястэчка Кастэльнова. Падчас яго адсутнасці Араторыям апякаваліся некалькі святароў на чале з ксяндзом Барэлям. Праз тры месяцы ксёндз Боско адпачываў і збіраў новыя ідэі для развіцця місіі, якую Бог праз яго распачаў. Адбылася таксама вельмі сур'ёзная размова з яго матуляй, у выніку якой мама Маргарыта сабрала тое, што палічыла неабходным для жыцця, і 3 лістапада 1846 года пайшла пешшу разам са сваім сынам у Турын (30 км!) . Яны ішлі каля сямі гадзін. Апрача залатога ланцужка і шлюбнага пярсцёнка яна не мела нічога ... Тым не менш, мела ў сваім сэрцы самы каштоўны скарб - любоў да Бога і да людзей, якую прыйдзецца ёй шмат разоў  ажыццяўляць сярод апушчанай моладзі на Вальдокко ў Турыне.

        Гэты момант з'яўляецца фактычна пачаткам новага радзелу ў існаванні  Араторыя. Ксёндз Боско і яго хлопцы мелі ўжо стабільную "апору", але, галоўнае, матчыные сэрца мамы Маргарыты.


        АРАТОРЫЙ - гэта хрысціянскае выхаваўчае асяроддзе для дзяцей і моладзі. Літаральнае слова «араторый» на лацінскай мове азначае месца для малітвы. Салезіянскі араторый –гэта гасцінны ДОМ, у якім ты заўсёды знойдзеш сям’ю; гэта ПАРАФІЯ, у якой табе дапамогуць спаткацца з жывым Хрыстом; гэта ШКОЛА, якая рыхтуе да жыцця ; і ў рэшце, гэта ПЛЯЦОЎКА, дзе сябры могуць сустракацца і весела праводзіць час.

        Педагагічны падыход, які характарызуе ўсе салезіянскія араторыі, базуецца на «папераджальнай сістэме», так Ян Боско сам назваў той духоўны і выхаваўчы вопыт, які ён набыў у адносінах з моладдзю. Гэтая сістэма грунтуецца на бескарыслівай любові, шчырасці, даверу і нястомным прабыванні сярод моладзі. Задачамі выхаваўцы з'яўляюцца папярэджванне благіх сітуацый і стварэнне ўмоў для маральнага развіцця выхаванца.

        Апорамі папераджальнай сістэмы з'яўляюцца РОЗУМ, РЭЛІГІЯ і ДОБРАЗЫЧЛІВАСЦЬ. Спалучэнне гэтых трох фактараў дазваляе выхаванцу актыўна і ахвотна ўключыцца ў працэс рэалізацыі свайго патэнцыялу.

 

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Таварыства Небасхіл »

Думкі ксяндза Боско

Не выхваляйцеся ніколі тым, што ведаеце. Чым болей ты ведаеш,  тым болей сазнаеш , што шмат не ведаеш.

Св. Ян Боско