Серада, 10 Снежань 2014 19:45

Iнтэрв'ю з вядучымі sdb.by-news

Аўтар

Вось ужо цэлы год Кацярына Мальцава і Уладзіслаў Зарэцкі з парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў мінскай Серабранцы спрабуюць сябе ў ролі вядучых на youtube-канале sdb.by-news.

Уладзіслаў і Кацярына — салезіянскія аніматары. У сваіх відэааглядах яны распавядаюць пра жыццё салезіянскіх парафій, а таксама пра падзеі з салезіянскіх араторыяў.

Першае відэа на інтэрнэт-канале sdb.by-news з’явілася год таму. А зусім нядаўна быў падрыхтаваны ўжо юбілейны 15-ы выпуск.

Як усё пачыналася? 

«Пачыналася ўсё з ідэі «рэкламных выпускаў» пра салезіянскія падзеі, агучанай на адным з аніматарскіх сходаў, — распавядае Уладзіслаў Зарэцкі. — Праз выпускі навін мы таксама хацелі звярнуць увагу людзей і на салезіянскі харызмат».


На карце пазначаны: чырвоным колерам — салезіянскія супольнасці ў Беларусі, чорным колерам — парафіі, якімі апякуюцца ксяндзы салезіяне

Праца над асобным выпускам, як прызнаюцца Кацярына і Уладзіслаў, займае ў іх каля тыдня ў залежнасці ад вольнага часу. Абое з вядучых звычайна занятыя: Кацярына — студэнтка дзённага аддзялення Інстытута культуры і мастацтваў, а Уладзіслаў ужо скончыў ВНУ і мае сталую працу.

«Спачатку рыхтуем здымкі мерапрыемстваў, — апісвае падрыхтоўку выпуска Уладзіслаў. — Затым, гледзячы на ўжо адзнятае, мы прапісваем сцэнарый для новага выпуска. Здымаем вядучых і пасля зводзім і апрацоўваем відэа на камп'ютары. Калі набіць руку, то ў цэлым нічога складанага тут няма. Галоўнае — мець дастаткова часу на ўсе гэтыя этапы».

Уладзіслаў дадае, што ў творчай камандзе sdb.by-news — усяго пару чалавек.

«Часам працуем удваіх з Кацяй. Але часта нам дапамагаюць з матэрыяламі, ідэямі або працэсам здымак. У нашай камандзе Павел Купцоў і Дзяніс Бобін, а таксама семінарыст Артур Ляшнеўскі SDB», — кажа хлопец.

«Выпускі залежаць таксама ад колькасці падзей, якія адбываюцца ў салезіянскай сям’і, — дапаўняе Кацярына. — Звычайна мы рыхтуем адзін выпуск у месяц, але калі месяц быў насычаны падзеямі, то выпускі робім два».

 

Каця і Улад прызнаюцца, што добра памятаюць момант, калі пасля першых выпускаў іх пачалі пазнаваць у твар у іншых парафіях.

«Салезіянская моладзь ведала нас і раней, таму што мы з’яўляемся салезіянскімі аніматарамі, — прыгадвае Улад, які сёння ўжо кандыдат у салезіяне супрацоўнікі. — Рэакцыя была пазітыўнай. Да таго ж было прыемна даведацца, што нашыя выпускі глядзяць і цікавяцца імі і дарослыя людзі. Іх водгукі вельмі кранаюць».

«Планы на развіццё ёсць»

Каця ў сваю чаргу прыгадвае неспадзяваны для яе момант з пілігрымкі, калі моладзь з іншых парафій пазнавала яе ў твар і нават называла па імені.

«Гэта былі незабыўныя моманты, — усміхаецца Каця і дадае: — Яшчэ адзін пазітыўны момант я стала назіраць за маёй сяброўкай, якая не звязана з Касцёлам, але глядзіць час ад часу нашыя выпускі. Цяпер, кожны раз, развітваючыся пасля сустрэчы, яна заўсёды мне кажа “З Богам!” — як і мы з Уладам напрыканцы нашых выпускаў».





Узгадваючы рабочы працэс, Улад і Каця адзначаюць, што большасці рэчаў падчас здымкаў яны вучыліся самі. І, нягледзячы на напрацаваны ўзровень, імкнуцца ўдасканальвацца.

«Я не ведала, як сябе паводзіць у кадры і што казаць, якую дыстанцыю трымаць побач з сувядучым, — кажа Каця. — Гэта з часам я пачала чытаць спецыялізаваную літаратуру і глядзець нейкія ролікі». «Тым не менш жаданне наведаць майстар-клас па тым, як паводзіць сябе перад камерай, нікуды не знікла і сёння», — усміхаецца дзяўчына.

Словы сваёй калегі падзяляе і Улад:

«Тое, што ёсць сёння, яшчэ не канчатковы этап. Калі мы пачыналі, то не ставілі перад сабой грандыёзныя мэты выйсці на вялікі ўзровень. Калі ж усё закруцілася, мы ўбачылі, што людзям гэта цікава. Таму планы на развіццё ёсць. Хочацца, каб у кожным салезіянскім араторыі была камера і каб адтуль таксама здымаліся навіны».

Адмысловыя відэапраекты салезіян працуюць і ў іншых краінах свету, у тым ліку ў Італіі, Славакіі і Польшчы. Польскі праект называецца art43.tv — ад назвы 43-га артыкула ў салезіянскай канстытуцыі: ісці ў нагу з часам і карыстацца сродкамі новай евангелізацыі.

«Гэты праект аб’ядноўвае нас»

— Як лічыце, ці патрэбны ў Беларусі тэлевізійны каталіцкі канал?

Уладзіслаў:

— Думаю, ён бы карыстаўся попытам. І моладзі, і больш сталым вернікам гэта было б на карысць. І ў нейкай ступені гэта таксама была б евангелізацыя. 

Кацярына:

— Гледачоў трэба найперш зацікавіць. Як мы заўважылі па нашых выпусках, калі чалавек ёсць у сюжэце, то гэты выпуск ён абавязкова паглядзіць і параіць паглядзець яго родным і знаёмым. 

— Пра што мараць вядучыя sdb.by-news?

Уладзіслаў:

— Хацелася б, каб гэта справа не згінула і знайшліся зацікаўленыя, якія працягвалі б нашы напрацоўкі. Праца не такая простая, як можа падацца, яна забірае шмат часу. Спадзяюся, наша каманда папоўніцца жадаючымі дапамагаць, якія ў перспектыве пяроймуць нашу эстафету. 

Кацярына:

— А яшчэ марым, каб дзякуючы гэтым відэанавінам салезіянская сям’я пашыралася.

Уладзіслаў:

— Калі ўсё атрымаецца, то будзе працяг выпускаў. Мы рады, што наш дырэктар кс. Віктар Гайдукевіч SDB падтрымлівае нас ва ўсім. Зараз мы рыхтуемся да 200-годдзя Дона Боско і абдумваем youtube-выпускі, якія будуць распавядаць пра падрыхтоўку да свята. Гэта будуць асобныя ад sdb.by-news відэадзённікі. Жаданне працаваць ёсць, пытанне толькі ў сродках. Але спадзяемся на лепшае.

Улад і Каця сціпла прызнаюцца, што яны не проста вядучыя, а закаханыя вядучыя. Пара сустракаецца ўжо доўгі час.

«У нас больш глыбокія ўзаемаадносіны, чым проста сяброўства — мы пара. І мы рады, што ў нас з’явілася больш агульных тэм, якія нас аб’ядноўваюць. Разам здымаем, разам працуем над гэтымі выпускамі і разам радуемся, калі выпускі ўдаюцца», — дадаюць закаханыя.

***

«Для мяне верыць у Бога — гэта жыць з Богам, — прызнаецца Каця. — І, пражываючы кожны свой дзень, імкнуцца да святасці. Пра гэта казаў святы Дон Боско: святасць магчыма і кожны свой дзень трэба пражываць, памятаючы, што гэта сапраўды магчыма».

«Верыць у Бога — мець надзею і ўпэўненасць у тым, што цябе нешта чакае, што Бог табе дапаможа і ў любой сітуацыі ты можаш на Яго разлічваць, — дадае Улад. — Завяршаючы кожны выпуск sdb.by-news, я раблю рахунак сумлення: дзеля чаго я працую над гэтым, якая мая матывацыя? І я заўсёды прыгадваю словы Дона Боско аб тым, што ўсё павінна быць на карысць — на карысць маю, карысць Каці і тых людзей, якія нас глядзяць. На хвалу Божую і дзеля збаўлення душ. І я ўдзячны Богу за Яго падтрымку».

Паводле: catholic.by

 

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не выхваляйцеся ніколі тым, што ведаеце. Чым болей ты ведаеш,  тым болей сазнаеш , што шмат не ведаеш.

Св. Ян Боско