Аўторак, 24 Студзень 2017 00:00

“Пакорны Хрыстус Жэневы”

Аўтар

СВЯТЫ ФРАНЦІШАК САЛЬСКІ

БІСКУП І ДОКТАР КАСЦЁЛА

(FRANÇOIS DE SALES)

1567 – 1622

Успамін 24 студзеня

“Як душа з’яўляецца жыццём цела, так міласэрнасць – жыццём душы”.

Св. Францішак Сальскі

 

Францішак Сальскі нарадзіўся 21 жніўня 1567 года ў Сальскім замку ля Торанса (герцагства верхняй Савойі, што на ўсходзе сучаснай Францыі) і быў першым дзіцём Францішка і Францішкі Буасі. Маці нарадзіла Францішка неданошаным, на сёмым месяцы, таму ён заўсёды быў хваравіты. Пазней у сям’і Буасі нарадзілася яшчэ дванаццаць дзяцей – сыноў і дачок, пяцёра з якіх памерлі амаль адразу пасля нараджэння.

З-за хваравітасці Францішак спачатку вучыўся дома. Абат Дэж выкладаў яму катэхізіс, і хлопец вельмі палюбіў гэтага святара. Пасля хатняй адукацыі бацька пачынае падрыхтоўку сына да дзяржаўных пасад і аплачвае найлепшыя ў ваколіцы школы. Падчас навучання ў Анэсі, Францішак ўпершыню прымае Езуса ў Эўхарыстыі і атрымлівае сакрамэнт канфірмацыі. Менавіта ў Анэсі зараджаюцца першыя думкі аб пакліканні да святарства. Пазней ён едзе вучыцца ў езуіцкі каледж ў Парыж, затым, правучыўшыся чатыры гады ў Падуі, атрымлівае тытул доктара грамадзянскага і кананічнага права (1591 год); вывучае таксама тэалогію.

Францішак меў разнастайныя здольнасці, бліскучы розум, упартасць, мяккі і сур’ёзны характар. Ён вылучаўся прывабнасцю і шчырай любоўю да Бога. Яго сэрца прагне аддацца святарскай паслузе, але бацька настойліва пратэстуе. Каб злагодзіць гнеў бацькі, Францішак вучыцца коннай яздзе, танцам і фехтаванню, але без энтузіязму. Аб сакрэтных прагненнях юнака ведае толькі абат Дэж, які паўсюль яго суправаджаў, маці і кузін Людвіг, які быў святаром.

Святар: пастыр і місіянер

Падчас падрыхтоўкі да пасады сенатара Савойі Францішак адмаўляецца ад шлюбу і ад прапанаванай яму пасады. Ён адкрывае ўсёй сям’і сваё прагненне стаць святаром. Мары аб свецкай велічы, якія песціў яго бацька, згінулі.

Пасля смерці дэкана жэнеўскай капітулы, па рэкамендацыі кузіна Людвіга, Францішка прызначаюць на яго месца. 18 снежня 1593 года ён атрымлівае святарскае пасвячэнне. Францішак граф Сальскі пакідае заможнасць, тытулы і багацце, і абірае шлях ахвяры і служэння іншым.

Першыя гады душпастырскай працы ксяндза Францішка праходзілі ў вострай місіянерскай барацьбе з кальвіністамі. На дыяцэзіяльным сходзе біскуп Клод дэ Гранье просіць ахвотных святароў паехаць на паўднёвы бераг Жэнеўскага возера, каб там распачаць місійную дзенасць па евангелізацыі кальвіністаў і іх далучэнні да Касцёла. Малады святар Францішак першы адказвае на просьбу свайго біскупа.

14 верасня 1594 года, у свята Узвышэння Крыжа, ксёндз Францішак разам з ксяндзом Людвігам пешшу накіроўваюцца ў Шабле. Гаміліі Францішка, адважныя, а адначасова простыя і зразумелыя, цярплівы дыялог і яго нястомная малітва аказаліся вырашальнымі ў вяртанні Торанса і Шабле да каталіцкай веры.

За два гады ахвярнай душпастырскай працы Францішка ў лона Касцёла вярнулася звыш 8000 чалавек. Большая частка дыяцэзіі навяртаецца і далучаецца да Касцёла. Аднойчы пасля казання пра святыя сакрамэнты амаль 600 кальвіністаў стала на калені, прызнаючы дагматы Касцёла. Такое апостальства не магло застацца не заўважаным тымі пратэстантамі, якія марылі аб смерці гэтага ахвярнага святара. Яго спрабавалі атруціць, некалькі разоў стралялі, не аднойчы ён быў пабіты незнаёмымі людзьмі, якія натоўпам акружалі безабароннага святара.

Ён зразумеў, што найлепшай зброяй супраць кальвіністаў, а таксама выдатнай прыладай для евангелізацыі будзе пяро і папера. Ён выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб напісаць штосьці супраць кальвінізму і данесці да людзей, што толькі ў Каталіцкім Касцёле яны знойдуць сэнс і надзею на збаўленне. У сваёй апалагетыцы з кальвіністамі ён выкарыстоўваў вельмі лагодны падыход, спрабуючы лавіць “мух на мёд”. Ён прапаведаваў не як логік, засяроджаны толькі на сваёй перамозе, але як бацька, які клапоціцца пра дабро сваіх дзяцей.

Вялікую ўвагу Францішак Сальскі звяртаў на постаці святых, якіх не аднаразова ставіў за ўзор для наследавання. Тлумачыў, што да святасці пакліканы кожны чалавек, а не толькі духоўныя асобы. Абвяшчаў “прывабную святасць”, якая існуе і якой можна дасягнуць, сумленна выконваючы свае абавязкі і давяраючы Усемагутнаму Богу. Пры гэтым, аднак, падкрэсліваў, што святасць патрабуе адвагі, ахвяры і вялікай працы над сабой.

Біскуп Клод дэ Гранье, бачачы вялікія здольнасці Францішка, пасылае яго ў Рым весьці справы дыяцэзіі. Там 24 сакавіка 1599 года папа Клімент VIIІ прызначае яго “каад’ютарам”, гэта значыць дапаможным біскупам Жэневы. Тады Францішку быў няпоўны 31 год.

Жэнеўскі князь-біскуп

8 снежня 1602 года пасля смерці біскупа Клода дэ Гранье Францішак быў прызначаны біскупам Жэневы. Гэты добры пастыр без стомы наведвае свае 450 парафій, займаецца духоўным і інтэлектуальным фарміраваннем духавенства (пазней скажа: “веды – гэта восьмы сакрамэнт святара”), рэфармуе кляштары, праводзіць катэхізацыю дзяцей, шмат гадзін праводзіць у спавядальні, вядзе дыялог з кальвіністамі, прапаведуе ў шматлікіх савойскіх і французскіх гарадах у перыяд Адвэнту і Вялікага посту, вядзе вуснае і пісьмовае духоўнае кіраванне, выступае на багаслоўскіх дыспутах. Разам са сваім сябрам сенатарам Антоніем Фаврам засноўвае “Фларымантанскую Акадэмію”, якая аб'яднала інтэлектуальную і мастацкую эліту рэгіёна. У акадэміі пытанні сучасных навук уздымаліся ва ўзаемасувязі з пытаннямі хрысціянскай веры.

За час сваёй дзейнасці Францішак Сальскі напісаў вялікую колькасць тэалагічных твораў і лістоў. Разам яны складаюць 14 тамоў. Найбольш значнымі з яго прац былі “Уводзіны у пабожнае жыццё” (Філатэя) 1609 года выдання і “Трактат аб любові да Бога” (Тэатым), надрукаваны ў 1616 годзе.

 

З “Філатэі” св. Францішка Сальскага

(Частка I , раздзел III)

Калі Бог стварыў расліны, Ён загадаў ім прыносіць плод “паводле роду свайго” (Быц 1,11). Таго ж Бог хоча ад хрысціянаў – жывых раслінаў Касцёла, каб яны прыносілі плён пабожнасці, кожны па сваіх здольнасцях і паводле паклікання. Розныя формы мае пабожнасць двараніна, рамесніка, слугі, князя, удавы, дзяўчыны, замужняй жанчыны. Акрамя таго, яна павінна адпавядаць сілам, роду заняткаў і абавязкаў кожнага чалавека. Падумай, Філатэя, што было б, калі б біскуп пайшоў у пустыню, а рамеснік праводзіў цэлыя дні ў касцёле як манах, а манах прымаў бы розных людзей як біскуп. Ці не была б такая пабожнасць няправільнай і смешнай? Тым не менш, падобныя памылкі часта сустракаюцца, і свет, які не ўмее ці не хоча адрозніваць, наракае на пабожнасць, якая нібыта ўносіць у жыццё беспарадак.

Не, Філатэя, пабожнасць, калі яна сапраўдная, не шкодзіць. Наадварот, яна ўсё ўдасканальвае. Калі ж пабожнасць уступае ў супраціў законнаму пакліканню, яна, несумненна, ілжывая. “Пчала, – кажа Арыстоцель, – збірае мёд з кветак, не наносячы ім шкоды”. Яна пакідае іх такімі ж духмянымі і свежымі, якімі знайшла; але сапраўдная пабожнасць чыніць яшчэ лепш: яна не толькі не шкодзіць ніякаму пакліканню і ніякім заняткам, але, наадварот, упрыгожвае іх і ўдасканальвае. Усякага роду каштоўныя камяні, калі апусціць іх у мёд, становяцца ярчэй, кожны па сваім колеры; і кожны чалавек становіцца больш паспяховым у сваім пакліканні, калі злучае яго з пабожнасцю: сямейныя клопаты становяцца мірнымі, каханне паміж мужам і жонкай шчырым, служэнне князю больш верным, а розныя заняткі больш прыемнымі і прывабнымі.

Памылка і зман лічыць, што пабожнасці не месца ў казарме для салдатаў, у майстэрні рамесніка, пры двары князя, у сямейным жыцці. Праўда тое, Філатэя, што там не мае месца пабожнасць выключна кантэмпляцыйная, манаская. Але ёсць мноства іншых відаў пабожнасці, якая падыходзіць для тых, хто шукае ратунку, жывучы ў гэтым свеце. ( ... ) Дзе б мы ні знаходзіліся, мы можам імкнуцца да дасканалага жыцця.

Паводле

“Св. Франціск Сальскій: Руководство к благочестівой жізні”

(с. 27-28, Гродненская Рімско-Католіческая Епархія 2002)

 

У эпоху фанатызму і лютых спрэчак паміж пратэстантамі і католікамі Францішак выяўляў выключную стрыманасць і лагоднасць. Яго ветлівасць, добрае стаўленне да кожнага і тактоўнасць набылі яму мянушку “свецкі чалавек сярод святых”. У зносінах з людзьмі ён прытрымліваўся прынцыпу: “На кроплю мёду злятаецца больш мух, чым на бочку воцату”. Яго духоўнасць адрозніваецца цвярозасцю і пяшчотай. "Любоў вымяраецца бязмернасцю", -- казаў ён. Калі аднойчы Францішку звярнулі ўвагу на яго празмерную паблажлівасць да грэшнікаў, ён адказаў: “Ці ёсць на свеце што-небудзь лепшае за дабрыню? Калі б было, Езус Хрыстус навучыў бы нас гэтаму. Але Езус дае нам толькі два ўрокі: “Вучыцеся ад мяне”, -- кажа Ён, -- “бо Я ціхі і пакорны сэрцам”. Калі да яго прыходзілі на споведзь, ён гаварыў: "Бог і я дапаможам табе. Прашу цябе аб адным: не адчайвайся! Астатняе я вазьму на сябе".

Ордэн Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі

У 1604 годзе ў Дзіжоне Францішак сустрэў баранэсу Жану Фрэм’ё дэ Шанталь, 32-гадовую ўдаву з чатырма дзецьмі. Паміж імі зарадзілася глыбокае духоўнае сяброўства. У 1607 годзе Францішак адкрывае баранэсе сваю задуму заснаваць манаскі ордэн новага тыпу – для кантэмпляцыйных манахінь, якія б прымалі дзяўчат і ўдоў і мелі дазвол выходзіць па-за сцены кляштара, каб “наведваць” хворых і беднякоў. Сёстры спяшаліся б з дапамогай да патрабуючых, як Марыя, якая, будучы цяжарнай, паспяшыла з дапамогай да сваёй сваячкі Альжбеты.

Ордэн так званых сясцёр візітак быў зацверджаны 6 чэрвеня 1610 года. Аднак у 1618 годзе з-за празмерна суровых кананічных нормаў, уведзеных прымасам Францыі Дэні Маркмонам, любое знешняе апостальскае служэнне забаранялася. Сёння ордэн сясцёр візітак нясе сваю паслугу і сведчанне манаскага жыцця па ўсім хрысціянскім свеце.

Апошняе падарожжа

Герцаг Карл Эмануэль Савойскі накіроўвае Францішка ў Парыж весці перамовы аб шлюбе паміж князем Віктарам Амедэям і малодшай сястрой маладога караля Людвіга ХІІ прынцэсай Хрысцінай. Францішак прабыў у Парыжы каля дзевяці месяцаў. Трапіўшы ў палацавыя інтрыгі, святы біскуп застаецца перш за ўсё місіянерам: ён нястомна прапаведуе любоў і Божы супакой, сустракаецца з Вінцэнтам дэ Полем, матушкай Анжалікай Арно і Рышэль’е, засноўвае ў Парыжы кляштар візітак. На просьбу кардынала стаць яго дапаможным біскупам рашуча адмаўляе.

У 1622 годзе яму загадваюць здзейсніць яшчэ адно малапрыемнае падарожжа: накіравацца ў Авіньён, сустрэць там караля і каралеву Францыі, а затым суправадзіць іх у падарожжы па рацэ Рона да Ліёна. Спыніўшыся ў Ліёне ў кляштары візітак, Францішак у апошні раз сустракаецца з матушкай Жанай дэ Шанталь.

28 снежня “Пакорны Хрыстус Жэневы”, як яго называлі ў народзе, памірае ад крывазліцця ў мозг. Апошнім словам, якое прамовілі ягоныя вусны, было “Езус”.

24 студзеня 1623 года ў Анэсі адбываецца ўрачыстае пахаванне Францішка Сальскага. Яго зямныя парэшткі змяшчаюць у кляштары візітак.

У 1662 годзе папа Аляксандр VІІ беатыфікаваў Францішка, а 19 красавіка 1665 года гэты ж Пантыфік кананізаваў яго.

Значна пазней, у 1877 годзе, Пій ІХ абвясціў яго першым у Францыі доктарам Касцёла. А папа Пій ХІ абвясціў Францішка Сальскага апекуном пісьменнікаў, рэдактараў, журналістаў і каталіцкай прэсы.

Такім надзвычай багатым і поўным быў жыццёвы шлях гэтага святога, якога ксёндз Боско абраў апекуном і ўзорам жыцця для салезіянаў.

 

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: З Езусам перажываем разам прыгоду Духа Святога! »

Думкі ксяндза Боско

Не ўсе здольныя пасціць і даваць багатую міласціну, удзельнічаць у доўгіх пілігрымках дзеля Божай хвалы, але кожны здольны любіць Бога, дастаткова толькі гэтага хацець.

Св. Ян Боско