Чацвер, 09 Сакавік 2017 10:00

Семінарыст Артур Ляшнеўскі SDB: падчас аперацыі на калене хворая звязка раптам стала здаровай

Аўтар Кл. Артур Ляшнеўскі SDB

Артур Ляшнеўскі SDB, член Таварыства Святога Францішка Сальскага і навучэнец салезіянскай семінарыі ў Кракаве (4 курс), дзеліцца сведчаннем надзвычайнага цуду, які адбыўся ў яго жыцці.

Траўма падчас адпачынку

У 2013 годзе Артур праходзіў душпастырскую практыку ў Мінску пры салезіянскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля. Летам арганізоўваўся так званы табар для міністрантаў у г.п. Наваельня. У тыя дні Артур з хлопцамі заўзята гуляў у футбол. Падчас адной з гульняў ён атрымаў вельмі сур’ёзную кантузію —– разрыў крыжовай звязкі каленнага сустава.

Траўма была вельмі балесная. Некаторы час ён увогуле не мог хадзіць. Урачы, аднак, запэўнівалі, што гэта толькі надрыў звязкі і аперацыя не патрэбна. Праз некаторы час Артур пачаў хадзіць з палачкай, пазней без яе, аднак увесь час крыху накульгваў і адчуваў боль. З часам прывык да болю.

Мінулі тры гады

За гэты час з-за накульгвання на правы бок у юнака пачаў скрыўляцца пазваночнік. У Кракаве семінарысты запрашалі Артура гуляць у футбол, аднак з-за нагі ён заўсёды адмаўляўся. Аднойчы спакусіўся і пайшоў гуляць. Баронячы вароты, ізноў скруціў нагу ў тым жа месцы. З поля Артура павезлі ў бальніцу.

Урач адразу заўважыў няправільную форму калена і дыягнаставаў: састарэлы разрыў звязак. Здымак МРТ паказаў, што за тры гады разарваная звязка зусім знікла. Замест яе была вялікая дзюра і запаленне тканак навокал. Урач быў вельмі здзіўлены: як юнаку ўсе гэтыя гады ўдавалася хадзіць?..

Адзіным выйсцем была хуткая трансплантацыя звязак. Аперацыю прызначылі на 2-га верасня 2016 года.

Аперацыя

Аперацыя прайшла добра, без ускладненняў. На другі дзень пасля аперацыі Артур пачаў хадзіць без мыліц. Аднак радасць трывала нядоўга... Праз пяць дзён пасля трансплантацыі, раніцай 7-га верасня, семінарыст Артур пайшоў у кракаўскі кляштар сясцёр кларысак, каб падзякаваць за малітву. Знаёмая сястра манахіня сказала Артуру, што бачыла яго ў сне ў вялікіх цярпеннях. Ён супакоіў яе, кажучы, што ўсё прайшло добра. Аднак вечарам усё змянілася ў горшы бок.

Новае выпрабаванне

Пачалася гарачка. Тэмпература дасягала 40⁰С. Нага распухла і стала чырвона-сіняй. Яна стала амаль у тры разы большая за здаровую. Ад болю ён страчваў прытомнасць. Уся ноч была вялікай мукай. Анальгетыкі ўвогуле не дапамагалі. Раз на дзень медыкі спускалі з калена кроў, якая збіралася ў хворым месцы. У рэшце рэшт, калі Артур ўжо не мог цярпець, яго тэрмінова павезлі ў бальніцу. Дыягнаставалі інфекцыю ўнутры калена. Трэба было неадкладна рабіць другую аперацыю. Пасля аперацыі Артура размясцілі ў ізаляцыйнай палаце. Паўтара месяцы ён ляжаў прыкаваны да ложка. Нага нясцерпна балела. Абязбольваючыя не дапамагалі, таму ўрач пачаў калоць морфій, каб паменшыць цярпенні. Увесь час праз кропельніцы малады семінарыст атрымліваў вялікую колькасць антыбіётыкаў, якія павінны былі забіць інфекцыю.

Аднак яго балесны побыт у шпіталі не скончыўся паспяхова. Нага не згіналася. Ён не мог нармальна хадзіць. Боль пранізваў яго, калі ён спрабаваў сыходзіць са сходаў альбо проста згінаць калена. Швы апанавалі сустаў унутры і не дазвалялі назе згінацца ў калене. Пасля апошніх даследаванняў было выяўлена, што інфекцыя з’ела звязку, якая была прыстасавана да калена. А гэта значыць, Артура чакала яшчэ адна аперацыя. Падчас гэтай, ужо трэцяй аперацыіі яму павінны былі абрэзаць швы і выдаліць хворую звязку. Гэта азначала, што ён вярнуўся б на стартавую прамую, і пасля лячэння інфекцыі патрэбна была б яшчэ адна трансплантацыя.

Роспач медыкаў

Артур гаворыць, што бачыў роспач у вачах урача, які баяўся за нагу, не ведаў, ці атрымаецца вылечыць інфекцыю, ці будзе калена функцыянаваць нармальнага. Ніхто дакладна не ведаў, як будзе далей. Медыкі, якія сабраліся разглядаць гэты выпадак, казалі, што за сваю доктарскую практыку такога яшчэ не бачылі пры падобных аперацыях. Іх здзіўленне не дадавала Артуру аптымізму. На гэтым абследванні ён сказаў урачу: «Папрашу семінарыстаў, каб адвезлі мяне на Кальварыю Зэбжыдоўскую (Марыйны санктуарый каля Кракава). Буду маліцца аб цудзе. І за Вас, доктар, таксама буду маліцца!» Урач апусціў вочы і сказаў: «Вось за мяне там сапраўды памаліся. Я ўжо не ведаю, што з табою рабіць ».

Сіла малітвы і абаяцанне Марыі

Па словах Артура, праз увесь час хваробы ён адчуваў вялікую моц малітвы, якая лілася ад сабратоў, родных і сяброў: «Ведаю, што мае браты ў Беларусі прасілі людзей маліцца за мяне і самі запэўнівалі, што просяць Бога аб маім хутчэйшым аздараўленні. За мяне малілася шмат законніц: салезіянкі, ўршулянкі, кларыскі, дамініканкі, кармэліткі. Здаецца мне, што мая пакутная пілігрымка на Кальварыю была толькі вяршыняй вялізнага «айсберга» малітоўнай дапамогі».

У Кальварыі семінарыст некалькі гадзін трываў на малітве перад цудоўным абразом Марыі. Ён замовіў Эўхарыстыю ў капліцы з цудадзейным абразом і цалкам аддаўся Маці Божай. Пасля пілігрымкі сэрца напоўнілася спакоем, ён адчуў сябе ў бяспецы. Праз два дні Артура павезлі ў бальніцу на аперацыю. Перад тым, як ён сеў у машыну, у кутку семінарыйнага калідора ўбачыў фігуру Марыі, у якой былі адбітыя рукі: «Я паглядзеў на яе і сказаў у прысутнасці семінарыстаў: «Марыя, калі ўчыніш цуд, аднаўлю тваю выяву і вярну Табе тваю хвалу».

Цуд на аперацыйным стале

На аперацыйным стале да апошняй хвіліны ён быў спакойны, нават радасны. Усе ў аперацыйнай зале былі здзіўлены ягонаму аптымізму. У апошні момант перад тым, як яму ўвялі наркоз, ён сказаў свайму доктару спадару Каралю Томчыку, што памятаў пра яго на Кальварыі. Таксама распавёў яму пра сваё абяцанне перад пабітай фігурай Марыі. Спадар Караль прамаўчаў.

Пасля аперацыіі Артур адчуваў сябе вельмі добра. Яго вельмі хутка выпісалі. Праз некаторы час ён адкінуў мыліцы і пачаў хадзіць. Урач, дзівячыся ягоным станам, тэрмінова запісаў яго на рэабілітацыю, каб развіваць згіб калена. На рэабілітацыіі Артуру сказалі, што за некалькі месяцаў заняткаў ён павінен сагнуць нагу на 120 градусаў. Ён сагнуў нагу на столькі праз пару тыдняў. Бачачы нешта надзвычайнае ў сваім стане малады салезіянін звярнуўся да ўрача. Спадар Караль сказаў, што падчас той аперацыі не выдаліў звязку. На аперацыйным стале яна з хворай пераўтварылася ў здаровую, здольную згінацца і ўтрымліваць напружанасць калена. Пасля працяглага позірку ў вочы Артура ўрач сказаў: «Ну чаго сядзіш? Ідзі цяпер выконваць абяцанне! Ідзі рабі далоні Маці Божай! Марыя цябе аздаравіла!»

Падзяка

«Усведамленне апекі Марыі разрывала маё сэрца. Я так Ёй удзячны! Яна не пакінула мяне ў маёй бядзе, але, дзякуючы малітвам маіх сяброў і блізкіх, аздаравіла неверагодным чынам. Няхай будзе праслаўлена Найсвяцейшая Багародзіца, якая ніколі не пакідае сваіх дзяцей!»

Наступным крокам, канешне, была падзяка. Ён паехаў на Кальварыю, каб дзякаваць Маці за дар і ласку, дадзеную «нягоднаму слузе». Ён замовіў Імшу падзяку ў капліцы з цудадзейным абразом Кальварыйскай Мадонны. Пасля літургіі мясцовыя манахі запісалі ягонае аздараўленне ў кнігу цудаў кальварыйскага санктуарыя. Таксама ў салезіянскай семінарыі рэктар цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх тых, хто маліўся за семінарыста падчас хваробы.

Апошняй справай было выкананне дадзенага Марыі абяцання — аднавіць фігуру Марыі. Уласнымі рукамі Артур зрабіў Мадонне новыя далоні, а таксама зрабіў для фігуркі адмысловую калонну, на якой яна цяпер стаіць на адным з калідораў кракаўскай семінарыі.

«Падчас хваробы я нераз наракаў, плакаў, а таксама выказваў Богу свае прэтэнзіі на малітве. Цяпер я ведаю, што гэтае цярпенне было мне патрэбна. У цярпеннях і самотнасці чалавек адкрывае праўду пра сябе. А бачанне сябе ў праўдзе дапамагае нанова і па-новаму адкрыць, кім ёць Стварыцель. Бог не жадае нашага цярпення, але часам, дапускаючы яго ў нашым жыцці, прагне наблізіць нас да сябе альбо ўратаваць нас ад нас саміх.

Няхай будзе праслаўлёны Бог у Тройцы Адзіны! Няхай славіцца Хрыстовая і наша Маці  Марыя!»

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Выкінце з вашага сэрца грэх і сувязь  з ім. Будзеце ведаць дастаткова, каб збавіць свае душы.

Св. Ян Боско