Чацвер, 14 Ліпень 2016 10:03

Генеральны настаяцель салезіянаў: «Маладыя людзі маюць вялікае сэрца і шматлікія магчымасці, каб быць гаспадарамі свайго жыцця»

Аўтар catholic.by

Генеральны настаяцель Таварыства Святога Францішка Сальскага кс. Анхель Фернандэс Арцімэ SDB напрыканцы візіту ў Беларусь у інтэрв’ю распавёў аб сваіх уражаннях падчас прыбывання ў нашай краіне. 

— Ксёндз Анхель, якім было Ваша першае ўражанне аб Беларусі? І як змянілася яно ў канцы Вашага візіту?

— Першым было пачуццё вялікага і цёплага прыняцця. Часу было мала, толькі два с паловай дні, але я павінен сказаць, гэты час быў вельмі інтэнсіўны — з вялікай колькасцю сустрэч з салезіянамі і ўсёй Салезіянскай сям’ёй, з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB, з момантамі малітвы і прыгожай святочнай Эўхарыстыяй, потым было вялікае свята з моладдзю.

І ў канцы якая мая ацэнка? Нясу ў сэрцы па-сапраўднаму вялікае пачуццё. Я адчуваў, што гэта прыняцце не павярхоўнае, але глыбокае. Бачу па-сапраўднаму вялікае адраджэнне веры, што людзі спакойна вызнаюць сваю веру і каталіцкасць,  і гляджу з вялікай надзеяй на шматлікіх маладых людзей, якіх я сустрэў.

— З якой мэтай Вы прыехалі на Беларусь? Якія месцы Вы наведалі?

— Галоўная мэта — быць прысутным, каб падтрымаць у сваім служэнні і развіцці Салезіянскую сям’ю ў Беларусі і быць разам з маімі сабратамі, быць сярод іх, бо яны крочаць па дарозе жыцця з вялікай радасцю і надзеяй, але таксама і з цяжкасцямі, характэрнымі для жыцця. Такім чынам, мая мэта, як і ва ўсіх іншых маіх падарожжах у 132 краіны свету, дзе прысутнічаюць салезіяне, — гэта ўмацаваць чаканні, надзеі і салезіянскі энтузіязм ва ўсіх нас. А таксама сустрэцца з маладымі людзьмі, якія знаходзяцца ў мясцовым Касцёле, асабліва з тымі, хто блізкі салезіянскай супольнасці.

— У чым асаблівасць салезіянскай харызмы? Як вы сталі салезіянінам? І чаму?

— Кажучы пра асаблівасць салезіянскай харызмы, я павінен сказаць, што мы (і для нас гэта вельмі выразна і канкрэтна), як і ўсе ў Каталіцкім Касцёле, з’яўляемся Касцёлам, і жадаем будаваць Касцёл і еднасць у Касцёле, у гэтым выпадку асабліва ў Касцёле ў Беларусі і ў яе асобных дыяцэзіях. Я выказаў гэта арцыбіскупу Тадэвушу. Ён ведае, што мы заўсёды гатовыя быць у еднасці з Панам. Але ў той жа час харызма павінна паказваць сваю асаблівасць, каб узбагачаць аблічча Касцёла, як гэтага заўсёды патрабуе Касцёл ад любой харызмы.

Таму я нагадаў маім салезіянам і Салезіянскай сям’і, што мы павінны дэманстраваць тое, што больш характэрна для салезіянскага духу, атрыманага ад ксяндза Боско праз Святога Духа. А гэта значыць, паказваць папераджальную сістэму выхавання, якая будуецца на трох слупах: розум, рэлігія, любоў (добразычлівасць) — а таксама мы павінны паказваць дабрыню і слодыч, атрыманыя ад святога Францішка Сальскага.

Для нас прыярытэт — гэта моладзь і вера ў тое, што маладыя людзі маюць вялікае сэрца, маюць шматлікія магчымасці, каб быць гаспадарамі свайго жыцця і таксама вера ў тое, што наша выхаваўча-пастырская дзейнасць, накіраваная на евангелізацыю, заўсёды вядзе да выхавання мужчын і жанчын сумленнымі грамадзянамі і добрымі хрысціянамі. Вось гэта салезіянскі дух, менавіта такім чынам мы паказваем аблічча Пана.

Як я стаў салезіянінам, распавяду кораценька. Я не ведаў салезіянаў у маёй маленькай, беднай і далёкай вёсцы ў Іспаніі, якая знаходзіцца каля мора. Потым, дзякуючы аднаму выпадку і з дапамогай адной старэйшай турысткі, я змог паехаць далёка ад дому да салезіянаў і вучыцца ў салезіянскай школе. Скончыўшы вучобу ў школе, я пакінуў салезіянаў і павінен быў пайсці ва ўніверсітэт, але ў гэты момант я адчуў у сэрцы, што магчыма Пан Бог мяне кліча, і я жадаў распазнаць, ці кліча мяне Пан рабіць і жыць так, як рабілі гэта ў адносінах да мяне мае выхавацелі? Я не ведаў і не быў упэўнены, але адчуваў у сэрцы, што павінен гэта распазнаць.

Мае бацькі былі вельмі шчодрыя і адпусцілі свайго сына. Яны былі па-сапраўднаму пакорныя і бедныя, і я быў ім патрэбны, каб дапамагаць майму бацьку ў працы ў моры. Але яны сказалі мне: «Сынок, калі гэта зробіць цябе шчаслівым, і калі Бог гэтага жадае, можаш ісці». Я пайшоў да салезіянаў, прайшоў навіцыят і з таго моманту ужо 38 гадоў я салезіянін ксяндза Боско і па-сапраўднаму шчаслівы.  

— Чым адрозніваецца салезіянская супольнасць у Беларусі ад салезіянскіх супольнасцяў ў іншых краінах свету?

— Так, заўсёды ёсць адрозненне, таму што нацыянальная, сацыяльная рэальнасць і культура краіны робяць так, што заўсёды можна знайсці ўласныя рысы ў кожнай супольнасці. Напрыклад, асаблівасць, якую я знаўшоў тут: асаблівая духоўнасць, спосаб маліцца, спосаб спяваць…

Павінен сказаць, што я ўражаны прыгожым спосабам маліцца са спевам падчас Эухарыстыі, якую мы перажывалі ўчора. Я ўражаны выражэннем веры народа. Таксама тут свой стыль адносін паміж людзьмі, моладдзю. У другіх месцах ёсць свае асаблівасці. І тут у Беларусі я прашу маіх салезіянаў і Салезіянскую сям’ю рабіць вельмі жывой нашу харызму, захоўваючы гэтыя асаблівасці.

Для нас салезіянская харызма выражаецца не толькі ў малітве, або ў парафіі. У ёй задзейнічана ўсё жыццё, таксама і араторый, як месца жыцця і свята. Мы кажам, што ўся салезіянская супольнасць, кожная супольнасць у свеце павінна мець наступныя элементы: павінна быць як дом, які прымае ўсіх, павінна быць як парафія (Касцёл), якая евангелізуе, таксама павінна быць, як школа адносін, якая рыхтуе да жыцця, і павінна быць пляцоўкай, дзе адбываюцца сустрэчы з сябрамі. І гэта асаблівасць, якую мы павінны развіваць у Беларусі, бо я веру, што дух людзей і моладзі тут вельмі шчыры і прымае з вялікай радасцю гэтую асаблівасць.

— Што Вы раскажаце вашым братам па ордэне аб Беларусі?

— Генеральнаму Савету, а затым і ў іншых месцах свету я раскажу, што, па-першае, прыём быў вельмі прыгожы, таксама і з боку ўлады; быў дазвол, каб перамяшчацца, прамаўляць ў розных месцах. Прыём мяне Касцёлам таксама быў вялікім, як адно вялікае сэрца. Адчувалася, што салезіяне па-сапраўднаму жаданыя ў беларускім Касцёле і грамадстве.

Я вярнуся з адным перакананнем, што калі мы будзем верныя ўсяму таму, што важна і істотна для нашай харызмы, салезіяне і Салезіянская сям’я ў Беларусі змогуць вельмі актыўна развівацца. Веру, што зараз час Духа Святога як для беларускага Касцёла цалкам, так і для Салезіянскай сям’і і для салезіянаў ксяндза Боско.

Пытанні задаваў Аляксандр Гелагаеў. Перакладалі Юлія Клевец і Ірына Петрусевіч.
Матэрыял сайта catholic.by

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі чыніш дабро ці змагаешся са спакусамі, даверся Марыі, каб быць гатовым на прыніжэнне, патаптанне чалавечай годнасці і, таксама, на цярпенне

Св. Ян Боско