Аўторак, 03 Сакавік 2020 03:14

16 лютага ў Турыне (Італія) распачалася 28-ая Генеральная Капітула салезіянскага таварыства.

Аўтар

Салезіяне з розных куткоў свету сабраліся разам, каб абмеркаваць актуальныя пытанні, якія ставіць перад імі сучаснасць. Тэматыка сёлетняй Капітулы ўяўляе сабой адначасова і канкрэтнае пытанне, якое прадстаўнікі таварыства задаюць самі сабе: якія салезіяне для сучаснай моладзі? Адказ на гэтае пытанне дапаможа салезіянам працягваць быць для маладога чалавека, як кажа Канстытуцыя, знакам Божай Любові. Гэтае пытанне з’яўляецца фундаментальным, таму што закранае ўсе аспекты жыцця салезіяніна святара, які павінен мець сэрца Добрага Пастыра: яго духоўнасць, яго фармацыю, яго адукацыю, яго асабістае сведчанне і гд. Варта дадаць, што актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Капітулы прымала моладзь, якая мела магчымасць загадзя прадставіць свае ідэі і прапановы.

У сёлетняй Капітуле прымае ўдзел рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Мы паразмаўлялі са святаром і даведаліся, што сабой уяўляе Генеральная Капітула, як яна праходзіць і якім чынам яе вынікі ўплываюць на салезіянскае таварыства і Паўсюдны Касцёл.

Кс. Віктар, што сабой уяўляе Генеральная Капітула?

Генеральная Капітула – гэта, па-першае, асноўны знак адзінства таварыства пры ўсёй яго разнастайнасці. Па-другое, Капітула уяўляе сабой братнюю сустрэчу, падчас якой салезіяне з усяго свету супольна разважаюць, як захаваць вернасць Евангеллю і харызме заснавальніка і адчувальнасць да знакаў часу і месца. З дапамогай Генеральнага Капітула ўсё таварыства, давяраючы сябе кіраванню Духа Пана, стараецца спазнаць Божую волю ў канкрэтны гістарычны момант дзеля лепшага служэння Касцёлу. 

Таксама трэба сказаць, што Генеральная Капітула з’яўляецца органам Кангрэгацыі, які мае найвышэўшую ўладу. Кожныя шэсць гадоў Капітула прысвечана нейкай канкрэтнай тэме.

Якім чынам адбываецца Капітула і якія пытанні абмяркоўваюцца сёлета? 

Парадак абраду Генеральнай Капітулы распрацоўваецца яшчэ да яе распачацця спецыяльнай камісіяй. Калі казаць абагульняючы, пачатак Капітулы – гэта свайго роду рэкалекцыі, духоўная падрыхтоўка. Працоўныя паседжанні Капітулы распачынаюцца са справаздач аб дзейнасці ўсёй Канрэгацыі за апошнія шэсць гадоў. Яна складаецца са справаздачы паасобных рэгіёнаў і самаго Генеральнага настаяцеля. Затым капітульныя айцы маюць час на вывучэнне справаздачы і ўдакладняючыя пытанні. Таксама ствараюцца адмысловыя камісіі, якія апрацоўваюць справаздачу паасобных сектараў і працуюць у тэматыцы Генеральнай Капітулы, бяручы пад увагу навучанне Святога Айца, а таксама важныя дакументы апошніх Сінодаў Біскупаў, каб быць у сваіх разважаннях сугучнымі з Паўсюдным Касцёлам.

Дзесьці ў сярэдзіне працы Капітулы праводзяцца выбары Генеральнага настаяцеля і яго рады, паасобных адказных за сектары і рэгіёны. Пасля працягваецца праца над тэматыкай і паасобнымі сектарамі Капітулы, выпрацоўваюцца галоўныя тэматычныя элементы, якія пасля будуць перанесеныя на паасаобныя ўзроні Кангрэгацыі.

Менавіта так, абагульняючы, можна прадставіць працу нашай Генеральнай Капітулы. 

Як уплываюць вынікі Капітулы на дзейнасць салезіянскай сям’і і на дзейнасць усяго Каталіцкага Касцёла?

Вынікі Капітулы – гэта свайго роду арыенцір для ўсёй Кангрэгацыі на наступныя шэсць гадоў. Кожная Капітула заўсёды мае галоўную тэму, актуальнае пытанне, якое ў сваёй сутнасці адказвае на патрэбы і выклікі часу, перад якімі стаіць салезіянскае таварыства сёння. Калі мы кажам пра вынікі сёлетняй Капітулы, то трэба падкрэсліць, што яны маюць экзэстэнцыяльнае значэнне. Значэнне, якое нельга недаацаніць, бо вынікі датычуцца трох галоўных ядраў Кангрэгацыі: прыярытэтнасць салезіянскай місіі для сённяшняй моладзі, кваліфікацыя салезіяніна сёння, наш супольны шлях са свецкімі асобамі ў рэалізацыі салезіянскага апостальства і супольнай адукацыі. Аналізуючы гэтыя тры важныя элементы, салезіянская Кангрэгацыя робіць свайго роду мадэрнізацыю свайго быцця і сваёй дзейнасці ў Паўсюдным Касцёле. Дадзенае абнаўленне закранае напэўна ўсе ўзроўні і ўсе галіны Кангрэгацыі і накіраванае на аптымізацыю выхаваўча-душпастырскай дзейнасці Ордэна салезіянаў. 

 

Ці можаце Вы прывесці прыклады зменаў пасля правядзення мінулых Капітулаў?

Змены могуць быць вельмі рознага характару. Яны могуць датычыцца рознай матэрыі ўсёй Кангрэгацыі ў цэлым свеце і на яе асобных ўзроўнях, распачынаючы ад персанальных змен для анімацыі найважнейшых сектараў і генеральнага кіраўніцтва Кангрэгацыі ці структурных змен для аптымізацыі функцыянавання Кангрэгацыі ў розных рэгіёнах свету, заканчваючы зменай Канстытуцыі, хоць у гэтым выпадку патрабуецца зацвярджэнне адпаведнай інстанцыі Апостальскай Сталіцы.
Падчас апошняй Генеральнай Капітулы, напрыклад, была зменена структура Кангрэгацыі ў Еўропе. Кожная Капітула, паколькі ў сваёй сутнасці накіравана на аптымізацыю свайго быцця і сваёй дзейнасці ў Паўсюдным Касцёле, вядзе да пэўных змен альбо ўдасканальвання. У сучасным свеце шэсць гадоў – вялікі прамежак часу і, каб не страціць кантакт, трэба ў пэўным сэнсе няспынна “будаваць мост” паміж вернасцю харызме і зменамі ў свеце, у грамадстве, у канкрэтным культурным кантэксце. 

У Капітуле прымаюць удзел прадстаўнікі кожнай краіны, дзе нясуць паслугу салезіянне?

У 28-ай Генеральнай Капітуле ўдзельнічаюць каля 250 чалавек з 66 краін, хоць наша Кагрэгацыя прысутнічае амаль што ва ўсіх краінах свету. Аднак трэба памятаць, што ў адну структурную адзінку могуць уваходзіць некалькі краін, так як гэта, напрыклад, было ў Усходняй Акрузе з цэнтрам у Маскве, куды ўваходзілі амаль ўсе краіны былога Савецкага Саюза. 

220 з 250 удзельнікаў Капітулы – гэта так званыя капітульныя айцы з правам голасу, таксама запрошаныя прадстаўнікі ў статусе назіральнікаў з правам удзелу ва ўсіх паседжаннях і дыскусіях і запрошаныя госці і моладзь.

Якім чынам прадстаўнікі беларускай салезіянскай сям’і прымаюць удзел у Капітуле? Увогуле, як даўно беларусы з’яўляюцца ўдзельнікамі Капітулаў?

Прадстаўляць салезіянскую сям’ю на 28-ай Генеральнай Капітуле ў Турыне, як рэгіянальны настаяцель Рэлігійнай каталіцкай місіі “Таварыства Святога Францішка Сальскага”, маю гонар я. Гонар, таму што мы, салезіяне ў Беларусі, у кантэксце ўсёй Кангрэгацыі з’яўляемся вельмі маленькай рэчаіснасцю. Аднак Генеральны настаяцель выказаў жаданне, каб на гэтай важнай сустрэчы быў прадстаўнік і ад нашай краіны. 

Калі не памыляюся, то беларусы пачалі ўдзельнічаць у Генеральных Капітулах з 2014 года, калі сённяшні дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB быў абраны капітульным айцом на 27-ую Генеральную Капітулу. 

 

Які ў Вас зараз распарадак дня? Ці ёсць крыху вольнага часу?

Расклад дня вельмі інтэнсіўны і накіраваны на тое, каб як мага больш часу прысвяціць працы. Прынцып ora et labora (“маліся і працуй”) добра падыходзіць, каб апісаць наш расклад дня. На выхадных маем час на арганізаваную для ўсіх удзельнікаў культурную праграму, звязаную з наведваннем важных салезіянскіх месцаў.  

 

Чым вынікі сёлетняга паседжання могуць быць важнымі для нашай краіны і нашай рэчаіснасці?

 

Вынікі сёлетняй, як і кожнай Капітулы да гэтага часу, закрануць напэўна і салезіянскую рэчаіснасць у нашай краіне. Можа, сёлетняя Капітула зробіць гэта яшчэ глыбей, бо яна датычыцца непасрэдна духоўных сыноў кс. Боско, салезіянаў. 28-ая Капітула разважае над тым, якімі салезіяне павінны быць, каб, застаючыся вернымі харызме свайго заснавальніка, яны з’яўляліся для сучаснай моладзі знакам Божай любові. 

 

 

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Шчыры, сыноўскі, светлы давер Марыі, сталая пабожнасць дазволілі вам пераадолець кожную цяжкасць, быць вытрывалымі, патрабуючымі у адносінах да сябе

Св. Ян Боско