Чацвер, 03 Май 2018 12:08

СДМ-2018: інтэрв’ю з удзельніцай сустрэчы

Аўтар

Для салезіянскай Беларусі адной са знакавых падзей з’ўляюцца Салезіянскія дні моладзі. Рэдакцыя sdb.by пагаварыла з адной з удзельніц сустрэчы Ганнай Клімашэвіч з Брэста, каб даведацца, які вопыт дзяўчына атрымала падчас ўдзелу ў СДМ-2018.

 

- Як Вы даведаліся пра СДМ?

- Пра СДМ я даведалася праз сацыяльныя сеткі, у суполцы гурта “Рыбы”, з удзелам якога адбылася вельмі кранальная Адарацыя на завяршэнне першага дня СДМ.

- Самае яркае уражанне за гэтыя дні?

- Самым галоўным уражаннем ад СДМ стала сама атмасфера мерапрыемства. Адкрытасць людзей і абсалютная безбар'ернасць ў адносінах паміж удзельнікамі сустрэчы. І гэта пры тым, што ўсе былі вельмі розныя па ўзросце, з розных куткоў краіны, былі тыя, хто ўжо ўдзельнічаў ў Салезіянскіх днях моладзі ў мінулым годзе, і тыя, хто зусім нядаўна даведаўся пра гэтую сустрэчу, пра тое, хто наогул такія салезіяне. У ліку апошніх была і я.

І самае галоўнае - клопат, які аказвалі і арганізатары, і ўдзельнікі ад моманту рэгістрацыі да моманту ад'езду. Мая вялікая падзяка ўсім за гэта!

- Чым могуць быць карысныя СДМ?

- Я ехала на сустрэчу для таго, каб яшчэ больш даведацца пра Бога, і галоўным пазнаннем аказалася Яго велізарная прысутнасць у людзях вакол.

Чым могуць быць карысныя СДМ? Безумоўна, магчымасцю памножыць у сабе сілы для супрацьстаяння свету, у якім у людзей адсутнічае вера ў Бога. Тут ты не толькі пачуеш інфармацыю, якую арганізатары рыхтуюць спецыяльна для пашырэння твайго кругагляду ў самых розных галінах жыцця, але ў першую чаргу даведаешся, як быць хрысціянінам кожнае імгненне свайго шляху. Тут ёсць час на малітву і на размовы з іншымі ўдзельнікамі сустрэчы, на забаўку і адзіноту. І тут так шмат магчымасцяў атрымаць адказы на пытанні, якія даўно хвалююць.

- Што можаце сказаць тым, хто не змог прыняць удзел у днях моладзі?

- Што б я сказала тым, хто не змог прыняць удзел? Вельмі спадзяюся, што гэта адбылося не таму, што не знайшлося кампаніі або з-за няведання, хто такія салезіяне, бо гэта не тыя моманты, з-за якіх трэба адчуваць якую-небудзь боязь. Тут аб’яднаны выдатныя людзі, з вялікім дабром унутры. І гэта нібы адна вялікая сям’я, у якой рады кожнаму!

- Ці будзеце імкнуцца трапіць на дні моладзі ў наступным годзе?

- Буду старацца ўдзельнічаць і ў наступных сустрэчах. І веру, што ў наступны раз прадстаўнікоў з Брэста будзе крыху больш.

- Дзякуй!

 

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Выкіньце з сэрца вашага грэх і прывязанасць да яго, і здабудзеце дастаткова мудрасці, каб збавіць сваю душу

Св. Ян Боско