Чацвер, 18 Май 2017 22:39

25 гадоў манаскага жыцця: інтэрв’ю з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB

Аўтар Ірына Радзевіч

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB даў інтэрв’ю з нагоды 25-ай гадавіны манаскага жыцця.

Першыя міністранты ў вернутай святыні і нараджэнне паклікання

– Ваша Эксцэленцыя, як і калі Вы адчулі пакліканне да святарскага жыцця?

– Маё пакліканне нарадзілася раней, чым я пайшоў у Салезіянскую Кангрэгацыю. Наш смаргонскі касцёл вярнулі ў 1989 годзе, недзе вясною. Аднак пра тое, што касцёл дзейнічае, я даведаўся ў жніўні, калі вярнуўся з летняга адпачынку ад бабулі. У апошнюю нядзелю жніўня разам з матуляй мы пайшлі на вячэрнюю святую Імшу. Яна цэлебравалася на польскай мове, якую я не ведаў. Але адзінае, што я зразумеў, – гэта запрашэнне пробашча прыйсці да споведзі на пачатак новага навучальнага года. Памятаю, была серада – дзень, ахвяраваны ў нашай парафіі Маці Божай Вострабрамскай.

Паспавядаўшыся, я падышоў пацалаваць стулу, а тут пробашч пытае ў мяне: “Ці не хацеў бы ты быць міністрантам?” І, не дачакаўшыся майго адказу, загадаў: “Ідзі ў закрыстыю, там адзін хлопец ёсць, разам будзеце несці абраз Маці Божай Вострабрамскай”. Адчыняю дзверы ў закрыстыю – і бачу свайго аднакласніка, сёння ксяндза Уладзіміра Кабака, салезіяніна, які, як і я, святкуе юбілей. Так мы з ім сталі першымі міністрантамі і са сваім пробашчам, ксяндзом Генрыхам Куляшэвічам, салезіянінам, пачалі сустракацца амаль штодня.

Асабліва ўзгадваю Свята Божага Нараджэння, калі на пастэрцы я спяваў ад алтара рэспансарыйны псальм. Тады, убачыўшы шмат людзей, што ўдзельнічалі ў набажэнстве, я доўга не мог распачаць спеў. І менавіта ў той момант з’явілася пачуццё, ды такое моцнае: я заўсёды хачу тут стаяць! З гэтай хвіліны, а было мне тады 15 гадоў, я пачаў вельмі сур’ёзна задумвацца, каб стаць святаром. Сёння з перспектывы 25 гадоў манаскага жыцця і 17 гадоў прэзбітэрату, я магу сказаць, што гэта і быў прызыў Пана ісці за Ім, а таксама момант нараджэння майго паклікання.

Навіцыят салезіянаў і малітва пробашча

 – А чаму менавіта пакліканне да манаскага жыцця і чаму салезіяне?

– Які шлях паклікання абраць: быць дыяцэзіяльным святаром ці ісці да салезіянаў? У мяне такога пытання не ўзнікала. Я проста, назіраючы за служэннем свайго пробашча, захапляўся тым, колькі сіл ён аддаваў моладзі, колькі розных акцый для нас рабіў! Менавіта гледзячы на яго, я адчуў перакананне: гэта тая сям’я, да якой я павінен далучыцца, каб працягваць харызму кс. Боска на маёй любімай Бацькаўшчыне.

Праз год разам з ксяндзом Уладзімірам Кабаком я паехаў у Польшчу, каб авалодаць моваю. Пасля завяршэння сярэдняй школы ў 1991/1992 гг. я прайшоў навіцыят у салезіянаў. Тады маё пакліканне яшчэ больш узмацнілася. Да таго ж наш пробашч кожны дзень маліўся ў інтэнцыі пакліканняў, а калі мы сталі ўжо навіцыямі, а пазней клерыкамі, таксама успамінаў нашыя імёны, молячыся аб умацаванні на абраным шляху. Таму, акрамя Пана Бога, Які адорвае чалавека пакліканнем, акрамя Найсвяцейшай Панны Марыі – Успамогі Хрысціянаў, галоўнай патронкі Салезіянскай Кангрэгацыі, якая таксама дапамагла мне сваёй матчынай апекай, святога Яна Боска, майму жыццёваму выбару абраць манаскае жыццё і салезіянаў моцна паспрыяў мой першы пробашч – ксёндз Генрых Куляшэвіч.

Слёзы радасці 18-гадовага юнака і манаскія абяцанні

– Напэўна, Вы часта ўспамінаеце, як складалі свае першыя, а пазней і вечныя манаскія абяцанні?

– Безумоўна, як сёння ўзгадваю дзень 22 жніўня 1992 года, калі разам з маімі аднакурснікамі я складаў свае першыя манаскія абяцанні ў Чэрвінску-над-Віслай (Польшча) на завяршэнне навіцыяту. На гэту ўрачыстасць прыбылі мае бацькі і сястра, а таксама і наш пробашч ксёндз Генрых Куляшэвіч. Дзень выдаўся тады сонечны і вельмі прыгожы. Нібы ўся прырода радавалася нашаму пасвячэнню Богу. За гадзіну перад урачыстасцю кіраўнік навіцыяту кс. Войцех Шульчынскі сабраў нас усіх у капліцы і заахвоціў у цішыні адараваць Найсвяцейшы Сакрамант, усведамляючы той важны крок, які здзяйсняем з адзіным жаданнем, каб гэта было на ўсё жыццё.


Падчас першых шлюбаў

Пасля адарацыі ў суправаджэнні шматлікіх сабраных святароў-салезіянаў пад кіраўніцтвам тагачаснага варшаўскага інспектара Збігнева Маліноўскага мы працэсійна пайшлі ў святыню, дзе валадарыць у сваім цудоўным абразе Маці Божая Чэрвінская. У прэзбітэрыі для нас былі падрыхтаваныя сямнаццаць крэслаў, а пасярэдзіне стаяў кленчнік, на якім ляжалі, перавязаныя белай стужкай, тры кветкі – сімвалы законных шлюбаў: сланечнік – сімвал паслухмянасці, ружа – сімвал беднасці і лілея – сімвал чысціні. Пасля гаміліі наступіў сам момант складання манаскіх абяцанняў. Па прычыне таго, што я быў самым малодшым на курсе і ішоў сярод першых, то і шлюбы складаў першым. Сэрца білася моцна, голас дрыжаў не праз страх, а праз хваляванне, бо гэта быў для мяне вельмі важны і доўгачаканы момант. Слёзы самі ціснуліся з вачэй 18-гадовага юнака. Толькі вобраз Маці Божай і яе ласкавы погляд дадаваў моцы і радасці.

Пасля прынясення абяцанняў ксёндз-інспектар уручыў мне Салезіянскія Канстытуцыі і манаскі крыж, аб’яўляючы ўсім, што прымае мяне з радасцю ў шэраг салезіянаў ксяндза Боска.


З мамай Ядвігай, татам Генрыхам і сястрой Наталляй падчас вечных шлюбаў

Падобнае дзеянне паўтарылася праз шэсць гадоў – 2 жніўня 1998-га ў маім родным горадзе Смаргоні, калі на рукі тагачаснага інспектара ўсходняй акругі ксяндза Здзіслава Вэдэра я мог скласці назаўжды свае манаскія абяцанні як пацвярджэнне тых першых.

“У каго ёсць Бог, у таго ёсць усё”

– Раскажыце, калі ласка, якім быў пачатак Вашага святарскага і манаскага служэння?

– Гэта былі вельмі прыгожыя і сапраўды радасныя моманты. Калі я ўспамінаю тыя часы, то заўважаю, як Бог Айцец, Маці Божая Успамога, як ксёндз Боска ніколі мяне не пакідалі і заўсёды суправаджалі. У навіцыяце, будучы самым маладым сярод аднакурснікаў, я вельмі перажываў: ці павераць мае настаяцелі ў тое, што я сапраўды жадаю быць салезіянінам-святаром? Таму прасіў кс. Боска адарыць мяне супакоем і ўпэўненасцю.

Аднойчы апоўначы, святкуючы Новы 1992 год Эўхарыстыяй, мы па традыцыі выцягвалі думкі кс. Боска. Я быў арганістам, таму, суправаджаючы гэты момант спевам, разумеў, што той абразок, каторы застанецца, будзе маім. Тады я папрасіў кс. Боска не забыць пра маю просьбу. Калі я забраў апошні абразок, то прачытаў на ім наступныя словы: “Не бойся! У каго ёсць Бог, у таго ёсць усё! Кс. Боска”. Тое ж самае Добры Бог і кс. Боска паўтарылі дакладна за год перад маёй біскупскай намінацыяй у Смаргоні, дзе я быў настаяцелем супольнасці. Сярод тысячы розных думак я таксама атрымаў менавіта гэтыя словы, якія сталі маім дэвізам у манаскім, а пасля і прэзбітэрскім жыцці. Таму і дэвізам свайго біскупскага служэння я абраў гэтыя ж самыя словы: “Cui Deus est, omnia sunt”.

Наступны момант, які я ўзгадваю, – гэта жаданне быць айцом парафіяльнай супольнасці, а значыць, пробашчам. Дакладна пасля тыдня прэзбітэрскага пасвячэння мае настаяцелі скіравалі мяне ў Баруны замяніць там пробашча, каторы вярнуўся ў Польшчу. Колькі радасці было ў мяне “прабашчаваць” у парафіі, дзе ў верасні 1973 года мае бацькі прынялі бласлаўленне сакраманту сужэнства, пасля, 1 верасня 1974 года, прынеслі мяне, каб ахрысціць, а пасля і маю сястрычку Наталлю ў студзені 1978-га. Таксама ў гэтай парафіі я ўпершыню прыступіў да сакраманту пакаяння і да Святой Камуніі. Менавіта там я рабіў свае першыя крокі як святар. Пасля былі шматлікія іншыя мясцовасці: Жодзішкі, Жупраны, Масква, Мінск, Смаргонь і цяпер Магілёўшчына. Бог ніколі не пакінуў, заўсёды верна суправаджаў і працягвае гэта рабіць.

Падзяка Богу і любоў да людзей

– 25 гадоў – гэта даволі вялікі перыяд. Як Вы на сённяшні дзень ацэньваеце той шлях, каторы прайшлі?

– Асабіста не жадаю нічога ацэньваць, пакіну гэта Богу і аб’ектыўнасці людзей. Сам жа хачу ў цішыні і засяроджанасці пераглядзець свой шлях, каб пераасэнсаваць яго, а таксама дзякаваць Богу і праслаўляць Яго за тое, што выбраў, адарыў шматлікімі і сапраўды вялікімі ласкамі, за тое, што прабачае мне мае слабасці і не адварочваецца ад мяне, ідзе побач і час ад часу Сам нясе на сваіх ласкавых руках.

 – Што было для Вас самым важным за гэтыя 25 гадоў?

– Самае важнае – гэта людзі, якіх я спаткаў на сваім шляху, якім служыў і якім служу. Я люблю людзей і таму часта ўзгадваю словы Езуса Хрыста: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Як бачна са слоў Збаўцы, у справе, калі робіш дабро чалавеку ў патрэбе, яго канфесійная прыналежнасць, палітычныя альбо асабістыя погляды не маюць значэння. У цэнтры чалавек і магчымасць яму дапамагчы. Гэта было і застаецца для мяне самым важным – служыць людзям і прынесці ў іх жыццё Бога. Асабліва ў жыццё дзяцей і моладзі – нашай сапраўднай будучыні!

Не страціць і не заглушыць голас Бога

 – Што б Вы на дадзены момант пажадалі тым маладым людзям, якія ў сваім сэрцы адчуваюць пакліканне да святарскага і манаскага жыцця?

– У першую чаргу хацелася б пажадаць моцнай веры, з якой будуць выходзіць сапраўдная адвага і давер, каб у сучасным свеце, дзе быць святаром і манаскай асобай з’яўляецца выклікам сучаснасці, ахвотна адказаць на запрашэнне Пана. Пан Бог клікаў, кліча і будзе клікаць людзей з любога, нават паводле нашага людскога разумення нечаканага асяроддзя. Пан Бог кліча адусюль. Жадаю маладым людзям, хлопцам і дзяўчатам, даверыцца Богу, а з уласнага досведу ведаю, што Яго ласкі будзе дастаткова, каб вытрываць на шляху паклікання і выканаць Яго волю ў нашым жыцці. Таму не загубіце і не дазвольце самім і іншым заглушыць той голас, якім вас кліча Бог, ахвотна адкажыце на Божы выбар, тым больш што жніво ў нашай краіне сапраўды вялікае, а работнікаў усё ж мала. Далучайцеся да нас, бо разам служыць больш радасна, прыгожа і больш паспяхова!

Чаканні і жаданні біскупа

– Ваша Эксцэленцыя, заканчваючы размову, хацелася б спытаць у Вас пра Вашы далейшыя планы і мары.

– У мяне ёсць толькі адно жаданне: каб сапраўды выканаць волю Бога, Айца і Збаўцы. Адно чаканне: глыбей пазнаць самому і абвяшчаць іншым Сына Божага. Адна смага: насычацца асалодай і радасцю Духа Святога. Таму прашу ўсіх дапамагчы мне жыць і служыць для гэтага і толькі для гэтага!

Нарыканцы хачу падзякаваць усім без выключэння за падтрымку і добразычлівасць, якую я адчуваў і адчуваю на працягу ўсіх гадоў майго служэння як салезіянін, як прэзбітэр і цяпер як біскуп. Асаблівую падзяку я скіроўваю святарам, кансэкраваным асобам і вернікам, з якімі сустрэўся і сустракаюся кожны дзень, каб разам здзяйсняць місію Хрыста на нашай Бацькаўшчыне. Божа, аддзяч усім сваёй ласкай і кожнага блаславі!

Крыніца: catholicnews.by

Думкі ксяндза Боско

Памятайце, дзеці мае, што кожны хрысціянін абавязаны даваць прыклад бліжняму, ніводнае слова не выхоўвае так, як добры прыклад.

Св. Ян Боско