Серада, 29 Сакавік 2017 10:34

Пра Касцёл у Беларусі ў часы перабудовы і салезіянскую дзейнасць. Размова з ксяндзом Здзіславам Вэдэрам SDB

Аўтар Ірына Радзевіч

Ксёндз Здзіслаў Вэдэр SDB – салезіянскі святар, які нарадзіўся ў Польшчы, але шмат зрабіў для Касцёла ў Беларусі. Пра сваё пакліканне і пра тое, як распачыналася дзейнасць салезіян на тэрыторыі нашай краіны ў   часы перабудовы, святар распавёў sdb.by. 

Дзяцінства і вайна

 – Ксёндз Здзіслаў, раскажыце крыху пра сваё дзяцінства.

– Я нарадзіўся 22 студзеня ў 1936 годзе ў Польшчы.  Дзяцей у нашай сям’і было 11, на жаль, 3-е памерла яшчэ маленькімі. Зараз нас засталося 7. Цяпер мне ўжо 81 год. Перад вайной мае бацькі жылі недалёка ад  Лодзі ў мясцовасці Бабеніца. Тата займаўся гандлем. У 30-ых гадах бацькі пераехалі ў вёску Слепетніца, дзе нарадзіўся я. Там наша сям’я зняла памяшканне, дом быў першы ад лесу. З дзяцінства памятаю, што грыбы раслі проста на дарозе паміж домам і лесам. 

Потым прайшла вайна… Былі вельмі складаныя ўмовы. Дом першы ад лесу, таму ноччу да нас заходзілі партызаны, а днём нямецкія вайскоўцы. Адразу вёска была салідарная, але пазней нехта данёс пра бацьку, што ён мае кантакт з партызанамі. Немцы прыйшлі па яго і хацелі расстраляць. Яны сказалі капаць самому сабе яму ў садзе. Але тады адна з маіх маленькіх сясцёр, якая нічога пра гэта не ведала,  абняла туту за нагу. І немец, які гэта ўбачыў, дамовіўся аб тым, каб замяніць кару смерці на арышт. Айца забралі… Калі вайна скончылася бацькі пераехалі  ў Лодзь. А я адзіны з дзяцей, які дзесьці на паўтары гады застаўся ў бабулі і дзядулі на вёсцы. 

Самаробны алтарык і францішкане

– А калі з’явілася жаданне стаць святаром?

– У 1946 годзе я вярнуўся да бацькоў у горад і пачаў хадзіць у школу. Настаўнікі тады вадзілі нас на рэкалекцыі ў касцёл.  І добра памятаю той дзень, тое месца, на якім стаяў, памятаю святара, які гаварыў казанне… Мне тады прыйшла думка, каб стаць ксяндзом. Тады мне яшчэ не было 12-ці год. Калі вярнуўся дамоў, расказаў пра сваё жаданне маме, якая нічога на гэта не адказала.

Ад таго моманту, ад 1947 года, я пачаў жыць толькі думкай аб рэалізацыі свайго жадання. Хадзіў у школу, а пасля заняткаў маліўся, потым збудаваў сабе алтарык. Аднойчы я чытаў часопіс “Рыцар Беззаганнай” і там пабачыў, што францішкане прымаюць кандыдатаў да законнага жыцця. Нікому нічога не сказаўшы, напісаў просьбу аб тым, каб мяне прынялі. Але нейкім чынам мае стрыечныя сёстры даведаліся пра тое, што я маю нейкую таямніцу. Яны хацелі забраць гэтае пісьмо, таму я ўцякаў ад іх дзесьці 15 хвілін. Урэшце яны мяне акружылі, не было выхаду.  І прыйшлося выкінуць маю просьбу ў калодзеж. Так скончылася маё пакліканне да францішканскага закону. 

Знакі жыцця і семінарыя

– Раскажыце, як Вы пазнаёміліся з салезіянскай супольнасцю?

– У маім жыцці часта былі невялікія знакі, аднак вельмі значныя. Напрыклад, калі аднойчы маліўся пры алтарыку, падумаў, што мушу закончыць сваю малітву заклікам да Маці Божай. Але не ведаў якім. Я пачаў выбіраць з Літаніі і бачу словы: “Успамога хрысціянаў, маліся за нас”. Потым заўсёды заканчваў малітву такім зваротам.

Адзін раз мы з братам спазніліся ў нядзелю ў касцёл і вырашылі застацца на другую Імшу. У перапынку мы пайшлі ў парафіяльную краму. Я кажу свайму брату: “Паглядзі, які смешны святы!” А гэта быў абраз святога Яна Боско. Зараз бы я сказаў па-іншаму: “Які радасны святы!”  Такім было маё першае спатканне з  ксяндзом Боско.  

Ужо пад канец года, пасля сканчэння сямігадовай школы, настаўніца пыталася ў вучняў, кім яны хочуць стаць. Калі ж чарга падышла да мяне, я падмануў і сказаў, што буду шаўцом. Настаўніца на гэта адказала: “Хоць адзін выбраў практычную прафесію”.

Калі я выйшаў на калідор, убачыў манахіню-уршулянку, якая вяла ў нас занятак па рэлігіі. Яна спытала, што са мной здарылася. А я ёй адказаў так: “Сястра, я хачу быць святаром і не ведаю, куды пайсці”. Манахіня расказала, што да іх у кляштар прыходзіць ксёндз-салезіян Аляксандр Дрозд. Яна нас і пазнаёміла.

Пасля размовы з ім, я, нікому нічога не сказаўшы,  адправіўся да інспектара салезіянаў. Сакратар інспектара распавёў, што ёсць Ніжэйшая салезіянская семінарыя ў Лёндзе. Маючы 13 год, я напісаў туды просьбу. Праз некалькі дзён прыйшоў адказ аб тым, што я прыняты.

Толькі потым пра ўсё расказаў родным. Мама завязла мяне ў семінарыю. Мы прыехалі туды 1 верасня 1949 года. Памятаю, што на першым абедзе клерык скончыў малітву такімі словамі: “Успамога хрысціянаў, маліся за нас!” І мне стала ясна, што я дома…

Салезіянскае служэнне ў Польшчы

– Як склаўся далей Ваш лёс?

– 2 гады я быў у Ніжэйшай семінарыі, а потым прыняў рашэнне ўступіць у салезіянскую супольнасць.  Мае бацькі згадзіліся. У 1951 годзе пачаўся навіцыят у Чэрвінску на Вісле. Тады нас было 67 чалавек. Я атрымаў сутану, а ўжо ў 1952 годзе склаў першыя законныя шлюбы на 3 гады. Потым было навучанне ў Вышэйшай семінарыі. Далей праходзіў 4 гады практыкі  на салезіянскіх парафіях. У 1958 годзе вярнуўся на апошні этап тэалагічнага  навучання ў Лёндзе над Вартай. Святарскае пасвячэнне я атрымаў 3 чэрвеня 1962 года. 

Першы год працаваў вікарыем у Шчэціне, потым праходзіў тэалагічнае навучанне ў Каталіцкім універсітэце ў Любліне. Пасля на працу быў пасланы ў Лодзь, у вялікую парафію святой Тэрэсы. Праз год мне прапанавалі навучанне ў дактарантуры. Я вярнуўся ў Люблін. Мяне назначылі выконваць абавязкі настаяцеля супольнасці салезіянскіх студэнтаў. Я быў там з 1966 па 1968 год. 

Але ў 1968 годзе я сур’ёзна захварэў, таму амаль цэлы год быў у розных бальніцах. Пасля ўжо не вярнуўся ў Люблін. На некаторы час мяне адправілі ў законны дом у Вазнякова. А калі хвароба прайшла, назначылі прафесарам ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Лёндзе над Вартай. Там я працаваў 3 гады. У 1972 годзе я стаў пробашчам і дырэктарам салезіянскай супольнасці  ў Піле. Праз 7 год у 1979 годзе новы інспектар прапанаваў мне быць магістрам навіцыяту ў Чэрвінску. Пасля таго, як прайшоў год, я быў назначаны дырэктарам філасофскага аддзелу ў Вазнякове. Разам з тым у 1982 мяне прызначылі намеснікам інспектара. У 1984 годзе быў назначаны інспектарам Салезіянскай правінцыі ў Варшаве і выконваў свае абавязкі 6 год.

Пачатак дзейнасці ў Беларусі

– Цікава, як і калі Вы трапілі ў Беларусь? 

– Тут, на Усходзе, былі часы Гарбачова, можна сказаць, што вярталася свабода. З’явіліся магчымасці для дзейнасці Касцёла. Як інспектар я адправіў у Беларусь некалькі святароў. Сярод іх былі кс. Генрых Куляшэвіч SDB, кс. Генрых Багушэўскі SDB. 

А ў 1990 годзе з Рыма ў Польшчу прыехаў дэлегат генерала па справах  польскай інспекторыі. Ён перадаў мне такія словы генерала: “Кс. Вэдэр быў адкрыты на патрэбы Касцёла на Усходзе, накіроўваў туды святароў – цяпер яго туды адправім”. Я адказаў дэлегату, што не прыгатаваны да гэтага, што ніколі пра гэта не думаў, што не ведаю мову. Я адразу не згадзіўся. Дэлегат прыйшоў да мяне праз тыдзень і зноў атрымаў мой негатыўны адказ. А яшчэ праз два тыдні, калі ён прыйшоў да мяне чарговы раз, я згадзіўся. Так і патрапіў у Беларусь.

З’яўленне новых салезіянскіх парафій

– Дзе пачыналася Ваша праца?

– Яшчэ афіцыйна я не быў прызначаны інспектарам, але быў адказны за салезіянаў, якія працавалі ў былым  Савецкім Саюзе. Разам з тым у 1990 годзе я працаваў у Жупранах, дзе ўжо была распачата актыўная дзейнасць салезіян (на тэрыторыі Беларусі перад  перабудовай з салезіянаў быў толькі адзін святар – ксёндз Ян Такарскі SDB, які апошнія гады свайго жыцця жыў у Ракаве). 

Пробашчам у Жупранах у гэты час быў  беларускі святар  Юзаф Занеўскі SDB. Ён быў першым беларускім салезіянінам, які распачаў працу на гэтых тэрыторыях. Увесь час я дапамагаў яму пры парафіі, а таксама стараўся клапаціцца пра цэласнасць дзейнасці салезіянаў. Мы шукалі таксама іншыя пляцоўкі для працы.

Новымі салезіянскімі парафіямі ў Гродзенскай дыяцэзіі сталі: Ашмяны, Смаргонь, Дзятлава, Наваельня,  Нястанішкі, Баруны, Варняны, Ліда (Слабодка), Крупава, Бердаўка, Мураваная Ашмянка… Яшчэ пазней з’явіліся пляцоўкі на Міншчыне: Багданава, Мінск, Бараўляны, Раўбічы.

Аднак на сённяшні час у некаторых парафіях салезіяне ўжо не вядуць сваю дзейнасць. Зараз салезіянскія парафіі знаходзяцца ў Мінску, у Раўбічах,  Бараўлянах, Дзятлаве, Смаргоні, Жупранах, Барунах.

Салезіянскія пляцоўкі і святары

– Ксёндз Здзіслаў, раскажыце, калі ласка,  хто з салезіянскіх святароў працаваў у тых наваствораных парафіях?

– У Жупранах пробашчамі былі: кс. Юзаф Занеўскі SDB, кс. Кшыштаф Цабала SDB, кс. Марэк Паневельскі, цяперашні біскуп кс. Аляксандр Яшэўскі SDB. Зараз пробашчам з’яўляецца кс. Казімір Мурава SDB. У Ашмянах пробашчамі былі: кс. Антоній Рафалка SDB, які ўжо адыйшоў у вечнасць, кс. Бэнэдыкт Вышынскі SDB. Працу ў Смаргоні распачаў кс. Генрых Куляшэвіч SDB. З 2002 па 2015 год пробашчам быў я.  Зараз пробашчам з’яўляеца кс. Алег Жураўскі SDB. Як першы салезіянін ў 1991 годзе ў Лідзе на Слабодцы працаваў  кс. Казімір Шока  SDB, я працаваў там толькі год.  Таксама служылі кс. Станіслаў Шока SDB, кс. Эдвард Мацвевіч SDB, кс. Станіслаў Лугоўскі SDB, кс. Веслаў Дамброўскі SDB. Дарэчы, касцёл у Лідзе (Слабодцы) пабудаваны з ініцыятывы салезіян. Першым салезіянінам, які 25 год служыў у Варнянах быў кс. Здзіслаў Пікула SDB. У Дзятлаве першым быў кс. Бернард Каліньскі SDB, потым кс. Казімір Вальчук SDB, кс. Казімір Мурава SDB, кс. Алег Жураўскі SDB.  Зараз пробашчам у Дзятлаве з’яўляецца кс. Здзіслаў Пікула SDB. У Крупаве пад Лідай працаваў кс. Вацлаў Стэфановіч SDB,  які адыйшоў у вечнасць, кс. Францішак Рослан SDB, які таксама загінуў. Там служыў і кс. Юзаф Богуш SDB, які вярнуўся ў Польшчу і зараз там жыве. У Бердаўцы пробашчам быў кс. Станіслаў Лугоўскі SDB. Нядоўга ў Мураванай Ашмянцы служыў кс. Казімір Вальчук SDB, а ў  Нястанішках гэты святар больш за 20 год быў пробашчам. Баруны і Крэва абслугоўваў кс.  Генрых Багушэўскі  SDB. Дзякуючы яго намаганням у Крэве быў нанова пабудаваны касцёл. Гэтыя парафіі абслугоўваў таксама кс. Яцэк Валькоўскі SDB, кс. Ян Немец SDB, некаторы час працаваў  цяперашні біскуп кс. Аляксандр Яшэўскі SDB, кс. Люцян Дамброўскі SDB, які зараз з’яўляецца пробашчам у Барунах. У Багданаве – кс. Ігар Лашук SDB і кс. Станіслаў Лугоўскі SDB. Ксёндз Ігар Лашук SDB распачынаў салезіянскаю дзейнасць пробашчам у Мінску, Бараўлянах і Раўбічах. Пробашчам у Мінску зараз з’яўляецца кс. Аляксандр Мятліцкі SDB. Ужо шмат год пробашчам у Браўлянах працуе кс. Казімір Шыдэлко SDB. 

Слёзы на Божае Нараджэнне

– Чым запомніўся перыяд, калі служылі ў Жупранах?

– Ксёндз Занеўскі SDB быў душпастырам  таксама і для вернікаў з Ашмян, якія прыязджалі ў Жупраны на малітву, бо іх касцёл быў прыстасаваны пад прамысловы будынак. Я добра памятаю той час, калі ў 1991 годзе вернікам была аддадзена адна бакавая нава касцёла. Гэта падзея стала вельмі вялікай радасцю для нас. А як цешыліся людзі… Пасля таго, як святыня была зачынена столькі год, людзі ўрэшце атрымалі магчымасць святкаваць Божае Нараджэнне ў касцёле. 

Сустрэўшыся перад Пастэркай мы, святары, думалі аб тым, што трэба зрабіць з гэтымі вернікамі нейкую спробу, каб спець калядкі. Я ж сказаў, што гэтага не будзем рабіць… 

І вось у гэтай аддадзенай наве распачалася Пастэрка. Ксяндзы заспявалі “ Wśród Nocnej Ciszy” (“Ночкаю ціхай”), а за імі працягнулі і старэйшыя, і малодшыя… Усе радкі вернікі ведалі на памяць. Усе спявалі са слязамі на вачах… Людзі памяталі словы, бо раслі з традыцыяй, з верай, звязанай з Божым нараджэннем. І гэта цудоўна! 

Пазней вернікам Ашмян былі аддадзены іншыя часткі святыні. Салезіяне папрацавалі там яшчэ крыху, потым парафія перайшла да дыяцэзіяльных святароў. Увогуле, калі казаць пра парафіі, у якіх наўдаўжэй працавалі салезіяне, а зараз не вядуць там сваю дзейнасць, то гэта Варняны і Нястанішкі. Няшмат часу салезіяне працавалі ў Крупаве, Бердаўцы, Мураванай Ашмянцы, Лідзе, Ашмянах.

– А дзе працвавалі пасля Жупран?

На другі год прабывання ў Беларусі я працаваў у Лідзе (Слабодка). Пробашчам там быў ксёндз Казімір Шока  SDB. У гэтай парафіі таксама служыў  яго брат ксёндз Станіслаў Шока SDB, які адыйшоў у вечнасць у 1993 годзе. 

У 1992 годзе я пакінуў Беларусь і трапіў у Маскву. У 1993 годзе была ўтворана салезіянская усходняя акруга (правінцыя) з сядзібай у Маскве. Да яе належалі ўсе краіны былога Сацецкага Саюза, а сярод іх і Беларусь. А ў 1994 годзе я афіцыйна быў прызначаны інспектарам усходняй правінцыі. Пазней была ўтворана асобная беларуская дэлегатура. 

І калі зараз параўнаць Беларусь з іншымі краінамі былога Савецкага Саюза, то можна сказаць, што на дадзены момант гэтая структура тут найбольш самастойная. 

Мясцовыя пакліканні

– Дзякуючы намаганням руплівых святароў, сярод якіх і Вы, паважаны ксёндз Здзіслаў, на тэрыторыі краіны з’явілася шмат  салезіянскіх пляцовак. А як у той час выглядала справа з пакліканнямі?

– З цягам часу на тэрыторыі Беларусі пачало працаваць шмат салезіянаў. Салезіянскія пляцоўкі развіваліся вельмі актыўна. Душпастырскае жыццё было вельмі дынамічным, мы часта наведвалі адзін аднаго. Гэты час я ўспамінаю з цеплынёй. Што да пакліканняў, то іх было шмат, асабліва пры кс. Генрыху Куляшэвічу SDB. Кандытатаў да святарскага жыцця мы накіроўвалі ў Акцябрскі пад Масквой, дзе быў навіцыят, а потым на далейшае навучанне за мяжу.

Зараз сабратаў беларускай нацыянальнасці, якія на дадзены момант працуюць на тэрыторыі Беларусі, ужо вялікая колькасць: біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB родам са Смаргоні, ксёндз дэлегат Віктар Гайдукевіч SDB з Жупран, кс. Аляксандр Мятліцкі SDB з Барун, кс. Іван Огар SDB з Бердаўкі, кс. Павел Шчарбіцкі SDB з Мінска, кс. Алег Жураўскі SDB з Мінска, кс. Станіслаў Краўчанка SDB са Смаргоні, Ксёндз Ігар Лашук SDB з вёскі Макашы, кс. Алег Каралёў SDB з Мінска.    Акрамя гэтага ёсць мясцовыя клерыкі: кл. Артур Ляшнеўскі SDB, кл. Міхаіл Радзевіч SDB, кл. Юрый Пашкавец SDB, кл. Марк Найдзіч SDB.

Таксама 2 беларускія ксяндзы-салезіяне зараз працуюць у Расіі: кс. Уладзімір Кабак SDB і кс. Юзаф Занеўскі SDB, ад якога ўсё пачыналася ў Беларусі.

З Польшчы ў Беларусі на сённяшні дзень застаецца 5 салезіянаў:  кс. Казімір Шыдэлко SDB, кс. Здзіслаў Пікула SDB, кс. Казімір Мурава SDB, кс. Люцыян Дамброўскі SDB і я.

Душпастырская дзейнасць у Смарноні

– Вы ўзгадвалі, што былі пробашчам смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла з 2002 да 2015 года. Якім быў гэты даволі значны адрэзак часу?

– У 2002 годзе, пасля вяртання ў Беларусь, я стаў пробашчам у Смаргоні паля ксяндза Генрыха Куляшэвіча SDB. Маім першым сабратам, вікарыем быў кс. Алег Жураўскі SDB. 

Мінулы пробашч кс. Генрых дамовіўся і атрымаў ад уладаў будынак дома культуры, які патрабаваў рамонту. Ён пачаў  працу. А калі прыйшоў я, то працягнуў гэтую справу. З дапамогай кацёльных арганізацый з Захаду мы пабудавалі моладзевы цэнтр, памяшканне для святароў, кацельную. Будова скончылася ў 2006 годзе. 

Мы абслугоўвалі таксама Аславеняты і Залессе. Залессе да гэтага часу абслугоўваюць салезіяне. Працы было шмат, але таксама было шмат радасці. Людзі былі вельмі добразычлівыя. Гэта ўсё таксама дзякуючы добрай працы кс. Куляшэвіча. Прыехалі таксама сёстры-салезіянкі. Спачатку было толькі невялікае памяшканне, дзе праходзілі катэхезы, але пасля ўсё перанеслі ў новы моладзевы цэнтр. 

Дзякуючы ксяндзу Куляшэвічу ў парафіі ўжо было шмат малітоўных груп. Мы таксама распачалі працу з групамі салезіян-супрацоўнікаў і іншымі суполкамі. Я быў вельмі задаволены сваім служэннем. Адразу ўсё было на польскай мове, але паступова мы пераходзілі на беларускую мову. На польскай мове засталіся тады 2 Імшы. Вельмі шмат дзяцей і моладзі было ў араторыі. Гэта сумесная заслуга сясцёр і святароў, якія працавалі ў парафіі. 

У пэўны момант сёстры-салезіянкі не атрымалі дазволу на далейшую працу і мусілі выехаць. Мы знайшлі сясцёр-назарэтанак, якія некалькі год працавалі ў Смаргоні. Потым сюды прыехалі сёстры-салезіянкі беларускай нацыянальнасці і знаходзяцца тут да сённяшняга дня.

Мы займаліся ўпарадкаваннем тэрыторыі вакол, у Касцёл набывалі лаўкі і  кафесіяналы, аднаўлялі ўнутры святыню. Вельмі добрымі былі адносіны з мясцовай уладай, якая не рабіла ніякіх крокаў насуперак. З Праваслаўнай Царквой сустрэчы праходзілі ў райіспалкоме афіцыйна, іншых духоўных, прыватных сустрэч не было.

У гэты час я быў таксама дэканам Смаргонскага дэканату і біскупскім вікарыем. Вельмі важнай падзеяй былі парафіяльныя місіі і іх аднаўленне. 

Увогуле людзі былі вельмі адкрытыя, шчырыя, таму праца ў Смаргоні ўспамінаецца з задавальненнем. Астатнія тры гады служэння ў смарнонскай парафіі я заставаўся пробашчам, а дырэктарам салезіянскай супольнасці быў прызначаны тады цяперашні біскуп кс. Аляксандр Яшэўскі SDB.

“Квітнець там, дзе пасадзіў Бог”

– Зараз Вы з’яўляецеся духоўным айцом у Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Як Вы сябе адчуваеце ў гэтай ролі?

 – У 2015 годзе на спатканні святароў біскуп Гродзенскі прапанаваў мне стаць духоўным айцом у семінарыі. Прыехаўшы сюды, напачатку я ўвесь час думаў, чаго на гэтым месцы ад мяне чакае Бог і як правільна выкарыстаць час, дадзены мне? Бо ў жыцці нічога не адбываецца выпадкова. Я думаў і маліўся, каб Бог нейкім чынам даў пазнаць, што менавіта Ён хоча. І вось аднойчы сюды з Польшчы прыехаў святар, які распавёў пра блаславёную мучаніцу Мар'яну Бярнацкую, тую, якая пайшла на смерць падчас вайны замест цяжарнай нявесткі. Разам з іншымі закладнікамі Мар’яну Бярнацкую расстралялі на Навумавіцкіх фартах пад Гародняй 13 ліпеня 1943 года. Папа Ян Павел ІІ у 1999 годзе далучыў мучаніцу Мар’яну і іншых мучанікаў часоў Другой сусветнай вайны да ліку бласлаўлёных. Я быў на гэтай беатыфікацыі і бачыў, як дары да алтара несла тая нявестка, якая была ўратаваная.

Святар, што прыехаў у семінарыю, пакінуў таксама кнігу пра бласлаўлёную. Я калі праглядаў яе, на вочы трапіўся фотаздымак, на якім былі луг і прыгожыя кветкі з надпісам: “Квітней там, дзе цябе пасадзіў Бог” (усміхаецца). Таму я лічу, гэтае маё прызначэнне не было выпадковым. 

І зараз, калі я знаходжуся тут, у Гродне, маім найважнейшым заданнем як духоўнага айца з’яўляецца дапамога семінарыстам у духоўным узрастанні, каб яны маглі стаць святарамі, цалкам адданымі Богу.

Думкі ксяндза Боско

Будзь радасным, але няхай гэтая радасць будзе шчырая, якая зыходзіць з усведамлення, вольнага ад граху. Нашаю апораю з’яўляюцца радасць, малітва і святая Камунія

Св. Ян Боско