Субота, 27 Ліпень 2019 18:54

Кс. Сяргей Гоман SDB - аб місіі салезіянцаў у Сьера-Леонэ

Аўтар Вольга Дубягіна, рускатолик.рф

Ксёндз Сяргей Гоман – беларускі святар салезіянін. З 2001 года ён нясе сваю паслугу ў Афрыцы як місіянер. Больш за ўсё ён затрымаўся ў Сьера-Леонэ, краіне ў Заходняй Афрыцы з насельніцтвам каля 7,5 млн чалавек. У канцы чэрвеня айцец Сяргей наведаў Маскву. Пра сацыяльныя праграмы салезіянаў у Фрытаўне, пра плады місіі і пра стэрэатыпы, звязаныя з афрыканскім кантынентам, з ім паразмаўляла Вольга Дубягіна.

 

— Ксёндз Сяргей, афрыканскі кантынэнт для нас, еўрапейцаў, гэта нешта экзатычнае – львы, сафары. А якая яна, Афрыка, насамрэч?

— Сафары – гэта для турыстаў, львоў і малп можна сустрэць толькі ў заапарку альбо ў джунглях, але туды яшчэ трэба дабрацца. І людзі ўсе ходзяць апранутыя, зазвычай у second hand, а не як паказваюць па Discovery альбо National Geographic – у нацыянальныя строі альбо зусім без іх. Я асабіста за амаль 19 год місійнай дзейнасці, а працаваў я ў пяці краінах, толькі аднойчы быў у племені, дзе на людзях была мінімальная наяўнасць вопраткі, і гэта было ў вельмі далёкім сяленні. У гарадах і ў прылеглых да іх вёсках усе ходзяць апранутыя. Але не ў нацыянальную вопратку, а ў звычайную, “еўрапейскую”. Нацыянальныя строі па мясцовых мерках каштуюць вельмі шмат – ад 40 да 80 даляраў за сукенку, а ў гэты ж самы час на 2 даляры можна набыць шмат вопраткі ў second hand.

А яшчэ вельмі спякотна. Сезон дажджоў доўжыцца паўгода. Дрэнныя дарогі, асабліва ў вясковай мясцовасці, па якім немагчыма праехаць у сезон дажджоў; дзеці, якія гуляюць з тым, што ў нашым уяўленні цяжка назваць цацкай – напрыклад, машынкі, зробленыя з бляшанак, з коламі з коркаў ад колы, і народ вельмі добры і адкрыты ўсяму новаму.

 IMG 1389

— Вы пачалі казаць пра людзей, і першыя асацыяцыі – з героямі рамана Ж. Верна, якія, апынуўшыся на афрыканскім кантыненце, сталі сведкамі гандлю людзьмі, непасільнай дзіцячай працы. А што зараз, амаль праз два стагоддзя, ці існуе рабства і дзіцячая праца?

— Не, Афрыка вельмі змянілася, гэта цудоўны кантынэнт. Вядома, як і ў любым іншым асяроддзі, ёсць негатыўныя бакі, але гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. Рабства няма, але дзецям даводзіцца працаваць, асабліва тым, якія жывуць у вёсках – гэта пытанне выжывання ўсёй сям’і, можна сказаць, што гэта асаблівасць культуры. Так, некаторым з іх даводзіцца гандляваць на рынке альбо выконваць іншую працу, каб зарабіць сабе на абед, нехта бяжыць з сям’і з прычыны хатняга гвалту, альбо выдаецца замуж ва ўзросце 12-13 год, але зноў жа кажу, гэта не правіла, а выключэнне з яго. Зараз дзяржава вельмі строга карае тых, хто вінаваты ў гвалце над дзяцьмі альбо бярэ за жонку малалетніх.

 20181018 111628

— Ксёндз Сяргей, як я разумею, Вы зараз жывяце і працуеце ў Сьера-Леонэ. Раскажыце больш падрабязна пра тое, чым Вы там займаецеся.

— Так, зараз я працую на місіі ў Фрытаўне, сталіцы Сьера-Леонэ. Гэта невялікая краіна, у якой салезіяне маюць тры супольнасці. У Лунгі – самая “старая” салезіянская супольнасць, ёй каля 35 год. Тут шмат католікаў, а салезіяне займаюцца дашкольным і школьнам выхаваннем. Нашыя дзіцячыя садкі, пачатковую і сярэднюю школы наведваюць дзеці жыхароў бліжэйшых раёнаў, таксама тут працуе моладзевы цэнтр і дом састарэлых. Другая супольнасць размяшчаецца ў Бо – гэта новая місія і яе дзейнасць звязана з евангелізацыяй. І трэцяя місія, у якой працую я, знаходзіцца ў Фрытаўне, сталіцы Сьера-Леонэ.

Я і яшчэ чацвёра маіх сабратоў працуем з дзецьмі і падлеткамі, якія апынуліся па тым альбо іншым умовам у цяжкім жыццёвым становішчы, і вядзём 7 праграм. Гэта акрамя працы ў касцёле і моладзевым араторыі.

У нашай парафіі – 6 хрысціянскіх супольнасцяў і ўсе яны збіраюцца разам на нядзельная святой Імшы. У іншыя дні мы кожную раніцу адпраўляем святую Імшу, на якую збіраюцца ўсе, хто жыве побач, а тыя, хто жыве далёка, збіраюцца па хатах.

Жыццё ў нашай парафіі нічым не адрозніваецца ад жыцця ў любой іншай: набажэнствы, удзяленне сакрамэнтаў, двухгадовая катэхізацыя для тых, хто жадае стаць католікам, падрыхтоўка да бежмавання і г.д. Акрамя таго, пры парафіі дзейнічае дзіцячы садок на 450 чалавек, а таксама моладзевы цэнтр. Сюды, як правіла, прыходзяць удзельнікі нашых праграм ва ўзросце ад 10 да 25 год, кожны дзень цэнтр наведваюць прыкладна 70-80 чалавек. У цэнтры вядзецца пазакласная адукацыя, шмат у чым яна мае прывентыўны характар, каб нашыя выхаванцы зноў не апынуліся “на вуліцы”, не сталі ахвярамі альбо самі не ўчынілі злачынстваў.

20170331 111155 resized

Напрыклад, у нашым цэнтры мы штодзённа раз на дзень кормім нашых падапечных, каб яны, з аднаго боку, маглі быць вызваленыя ад неабходнасці зарабляць сабе на абед, а з іншага – мелі магчымасць падрыхтаваць заняткі альбо проста пагуляць. Але не адным хлебам жыве чалавек, таму мы дбаем таксама і пра духоўнае развіццё нашых выхаванцаў: праводзім духоўныя практыкаванні, напрыклад, у маі і кастрычніку разам молімся на ружанцы, у лістападзе молімся за памерлых. Нашыя выхаванцы прыкладна тры разы ў год удзельнічаюць у розных сацыяльных праграмах, напрыклад, па ўборцы вуліц, дапамозе пажылым. Таксама ў нас праводзяцца шматлікія спартыўныя спаборніцтвы.

— Вы казалі, што вядзеце шэраг праграм. Распавядзіце пра іх падрабязней.

— На цяперашні час у Фрытаўне мы, салезіяне, працуем па 7 праграмах. Першая — “Дзеці вуліц” — накіраваная на працу з дзецьмі, якія па тым ці іншым умовам апынуліся на вуліцы: збеглі з дому з-за гвалту, тыя, хто ў пошуку лепшага жыцця быў вымушыны збегчы з вёскі ў горад. Мы дапамагаем такім дзецям зноў вярнуцца ў сям’ю, з дзецмі працуюць лекары, псіхолагі, педагогі.

Другая праграма – “Сацыялізацыя маладых прастытутак (12 – 16 год)” – разлічана на тых, хто жадаў бы сысці “з вуліцы” і распачаць новаё жыццё. У яе рамках мы аказваем медыцынскую, псіхалагічную дапамогу, дапамогу тым, хто жадае атрымаць адукацыю і прафесію, таксама дапамагаем з працаўладкаваннем. Мы робім усё магчымае, каб дзяўчаты мелі магчымасць “сысці з вуліцы”, распачаць новае жыццё. На жаль, не ўсе гэтага жадаюць, прыкладна толькі 20 адсоткаў, ім мы і дапамагаем.

Трэцяя — “Дапамога ахвярам згвалтавання, ранняга замужжа” – уяўляе сабой дапамогу малалетнім дзяўчынкам ва ўзросце 12 – 14 год, якія былі прымусова выдадзены замуж, а таксама вясковым дзецям, якіх забіраюць у горад далёкія сваякі пад падставай, што яны змогуць навучацца ў школе, а самі аддаюць іх на прымусовую працу. Дапамагаючы такім дзецям, мы аказваем ім медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, праводзім рэабілітацыю, шукаем сваякоў, якія гатовы прыняць дзіця, пры гэтым мы робім усё магчымае, каб вінаватыя панеслі вартае пакаранне.

Чацвёртая праграма — гарачая тэлефонная лінія «323 Free Line» і псіхалагічная дапамога па тэлефоне «Don Bosco line». Тэлефоны працуюць кругласутачна, тут не бывае святочных і выхадных дзён.

Пятая праграма – “Мабільная дапамога бяздомным” — аўтобус, які курсуе па вуліцах пяць дзён на тыдзень (акрамя выхадных). Тут можна атрымаць медыцынскую і псіхалагічную дапамогу (у першую чаргу тым, хто мае ў гэтым вострую патрэбу), ежу, медыкаменты, прадметы першай неабходнасці і адзежу.

 IMG 1954

Шостая — “Дапамога вязням”. У праграме ўдзельнічаюць тыя, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, сярод іх выбіраюцца самыя слабыя (у фізічным і псіхалагічным плане), іх дадаткова кормяць, навучаюць чытаць і пісаць, дзейнічае праграма камп’ютэрнага навучання. У межах дадзенай праграмы праводзіцца паступовая ратацыя: як толькі чалавек набіраецца сіл, яго месца займае іншы. Такім чынам атрымаць дапамогу можа большая колькасць зняволенных.

Сёмая праграма — грамадскі дом “Апошні шанец” – для тых, хто быў удзельнікам праграмы “Дзеці вуліц”, але з-за розных акалічнасцяў зноў вярнуўся да ранейшага ладу жыцця. Мы не пакідаем гэтых людзей, мы даем ім яшчэ адну магчымасць уладкаваць сваё жыццё.

Усе нашыя праграмы звязаныя паміж сабой і з іншай нашай дзейнасцю, і магу сказаць, што яны з’яўляюцца дастаткова эфектыўнымі, не больш за 5-7 адсоткаў з тых, з кім мы працуем, вяртаюцца да ранейшага ладу жыцця.

— Ксёндз Сяргей, складаецца такое ўражанне, што дзяржава не мае ні праграм для працы з дзецьмі, якія апынуліся ў цяжкім становішчы, ні спецыяльных прытулкаў, куды б іх можна было накіраваць?

— Так, гэта праца ў асноўным вядзецца недзяржаўнымі арганізацыямі, напрыклад, намі, салезіянамі. Я асабіста не ведаю дзяржаўных прытулкаў, хоць, магчыма, і існуе адзін альбо два. Менавіта таму мы на місіі і ўзялі на сябе гэтую працу. Але яшчэ раз жадаю падкрэсліць, мы не прытулак, у нас дзіцё жыве не больш за год. За гэты час мы прыкладаем намаганні, каб вярнуць яго ў сям’ю - не ў тую, у якой ён пацярпеў, а да іншых яго родных і блізкіх, часам гэта сем’і сяброў іх сямей. Напрыклад, так было пасля эпідэміі Эболы, калі выміралі цэлыя сем'і, заставаліся дзеці-сіроты, іх бралі да сябе сябры іх бацькоў.

 20181109 084401

— Атрымліваецца, Сьера-Леонэ - гэта тое месца, дзе салезіяне могуць максімальна поўна выконваць сваю місію?

— Так, маеце рацыю, тут мы маем школы і дзіцячыя садкі, моладзевы араторый, а галоўнае – мы бачым вынікі нашых намаганняў, як змяняюцца нашыя падапечныя. У межах працы з моладдзю мы арганізоўваем летнія вакацыі, праводзім святы для дзяцей, прыкладна сем разоў на год. Сюды абавязкова ўваходзяць святы Божага Нараджэння, Новага года, Вялікадня, урачыстаці святых, асабліва святога Яна Боско і Дамініка Савіо, з падарункамі, тэатральнымі імпрэзамі, спартыўнымі спаборніцтвамі.

— А хто можа наведваць ваш цэнтр? Ці ёсць якія-небудзь абмежаванні?

— Не, мы прымаем абсалютна кожнага, мы не робім адрознення па гендарным альбо рэлігійным прыкметам. У Сьера-Леонэ жыве мноства плямён, гэта краіна, дзе прыкладна 60% насельніцтва – мусульмане, 30% - хрысціяне, астатнія – прадстаўнікі этнічных веравызнанняў. Мы нікога не прымушаем станавіцца хрысціянінам, дзверы нашай місіі і Касцёла адчынены для ўсіх.

— Якое месца ў жыцці людзей, з якімі Вы спатыкаецеся ў штодзённым жыцці, займае вера, наколькі яны адкрытыя для ўспрымання Евангелля?

— О, гэта вельмі шчырыя і вельмі веруючыя людзі. Яны могуць нічога не ведаць пра Езуса альбо мець вельмі слабое ўяўленне пра Бога, але на пытанне “Як справы?” заўсёды дадуць адказ: “Дзякуй Богу, што я яшчэ жыву”. У падсвядомасці гэтых людзей ужо закладзены давер да Бога. Яны з радасцю прымаюць Евангелле, іх сэрцы адчынены для любові да бліжняга і Бога.

— Ці былі ў Вашай місійнай дзейнасці выпадкі, калі людзі пераходзілі ў хрысціянства з іншых рэлігійных канфесій, распаўсюджаных у Сьера-Леонэ?

— Так, напрыклад, у гэтым годзе я хрысціў пяць чалавек, прадстаўнікоў іншых рэлігійных веравызнанняў, якія прайшлі ў нас двухгадовую катэхізацыю.

FREETOWN S L 36

— Ксёндз Сяргей, скажыце, а сярод Вашых падапечных ёсць тыя, якія жадалі бы стаць святаром ці манахам?

— Так, Самуэль, адзін з маіх аратарыйцаў, тых, хто калісьці прыйшоў у наш моладзевы цэнтр, прыняў дыяканскае пасвячэнне і рыхтуецца стаць святаром.

— Што бы Вы жадалі сказаць, падводзячы вынікі ўсёй нашай размове?

— Напэўна, я жадаў бы сказаць, што Афрыка – гэта цудоўнае месца, дзе жывуць добрыя людзі. Тут ёсць бедныя і багатыя, добрыя і благія, як і паўсюль. У любым выпадку, Афрыка вельмі адрозніваецца ад таго малюнку, які нам прапануюць Discovery і National Geographic.

Канешне, тут ёсць праблемы, якія не больш сур’ёзныя, чым на любым іншым кантыненце, і мы, салезіяне, дапамагаем па меры сіл і магчымасцяў вырашаць некаторыя з іх, звязаныя з дзецьмі і падлеткамі. Працаваць тут не складаней, чым у любой іншай краіне свету. Цяжка працаваць не там, дзе шмат складанасцяў, а там, дзе можна згубіць веру. А тут, у Афрыцы, я сваю веру ўзмацніў. Хай Пан Бог нам дапаможа, а вы маліцеся за нас.

Крыніца: http://рускатолик.рф/sergey-goman-sdb/
Размаўляла Вольга Дубягіна, рускатолик.рф

Фотаздымкі місіі ў Сьера-Леонэ падаў кс. Сяргей Гоман

Думкі ксяндза Боско

Так званы просты чалавек, але  добрасумленны і пакорны  робіць болей дабра і найвялікшыя рэчы, чым  ганарысты, так званы вучоны

Св. Ян Боско