Серада, 24 Студзень 2018 21:57

Дні Духоўнасці Салезіянскай Сям’і вачыма кс. Алега Каралёва SDB

Аўтар Кс. Алег Каралёў SDB

З 18 па 21 студзеня на Вальдокко, вельмі харызматычным месцы, адбываліся дні Духоўнасці Салезіянскай Сям’і. Гэта падзея сабрала разам прадстаўнікоў 31 суполкі, з якіх складаецца Салезіянская Сям’я. Кожная інспекторыя, рэгіён і іншыя структуры імкнуліся прыняць удзел у гэтых днях. Сабралося больш за 370 чалавек.

Мне таксама пашанцавала ўдзельнічаць у днях Духоўнасці ў якасці прадстаўніка салезіянскага дома ў Турыне. Жадаючы падзяліцца з вамі маёй радасцю, а таксама і вам дапамагчы яе адчуць, распавяду пра тое, што адбывалася ў гэтыя дні на Вальдокко.

Праграма была вельмі насычанай і цікавай. Усе аспекты, якія абмяркоўваліся, былі звязаны з дэвізам Генеральнага Настаяцеля на гэты год: “«Пане, дай мне гэтай Вады!». Культывуем мастацтва слухаць і суправаджаць” і бралі свой пачатак з падрыхтоўкі Сінода 2018 пра моладзь, які, як казаў дон Анхель Фярнандэс Арціме, з’яўляецца благаслаўленнем для Салезіянскай Сям’і. Іншымі словамі, дні Духоўнасці дапамагалі рыхтавацца да Сінода.

У першы дзень пасля тэатральнай імпрэзы, у якой праз танец была прадстаўлена Евангельская сцэна з самарытанкай, дзесяты наступнік ксяндза Боско прадставіў дэвіз гэтага года ва ўсёй яго тонкасці і канкрэтнасці. Спачатку ён растлумачыў плакат, які з аднаго боку прадстаўляе малюнак з моладзю розных нацыянальнасцяў з усяго свету. Гэтая моладзь праз ксяндза Боско атрымлівае жывую ваду з сэрца Езуса, побач з Якім стаіць Марыя і самарытанка. Гэтая вада наталяе смагу, абмывае і дапамагае стаць місіянерам для іншых, дзелячыся з імі. З другога боку прадстаўлены сапраўдныя маладыя людзі, для якіх Салезіянская Сям’я павінна адчыняць сваё сэрца і несці ім ваду Езуса!

Сучасная моладзь патрабуе, каб яе нехта сустрэў персанальна (асабістая сустрэча, дзе ёсць час на маладога чалавека), дапамог узрастаць і развівацца. Моладзь патрабуе, каб яе выслухалі і суправадзілі.

“А чаго мы чакаем?” – запытаў генерал Салезіянскую Сям’ю. – “Наперад! І ўжо сёння!”. Дон Анхель у адным накірунку з Папай Францішкам прадставіў тры важныя моманты:

  1. Сустрэча, якая не пакідае абыякавым (СЛУХАЦЬ): прыняць маладога чалавека і выслухаць;
  2. сустрэча, якая падштурхоўвае наперад (РАСПАЗНАННЕ): дапамога для ўсёй моладзі, не толькі для лепшых і выбраных;
  3. сустрэча, якая змяняе жыццё (СУПРАВАДЖЭННЕ): суправаджаць маладога чалавека да Езуса, бо толькі Ён можа змяніць жыццё знутры.

Вялікім прыкладам выхавацеля, які суправаджае нас духоўна, безумоўна з’яўляецца ксёндз Боско. Ксёндз Боско займаўся выхаваннем і евангелізацыяй, ён быў геніяльным суправадзіцелем, моладзь яму давярала і сябравала з ім, ён быў духоўным кіраўніком. Пры гэтым тон суправаджэння для кожнага быў свой, да кожнага быў асабісты падыход, для кожнага знаходзіўся час. Таму кожная салезіянская справа павінна вызначацца гасціннасцю і часам для моладзі і сярод моладзі. У нашых сем’ях неабходна развіваць культуру пакліканняў, якая не абмяжоўваецца пакліканнем да манаскага і святарскага жыцця. Маладым людзям неабходна дапамагчы зразумець, што пакліканне, жыццё – гэта ахвяраванне сябе іншым і служэнне ім!

Генеральны Настаяцель прыгадаў, што наша служэнне павінна вызначацца салезіянскім стылем, духоўным кліматам, а не толькі абмяжоўвацца сацыяльнай працай і гульнямі. Наша служэнне павінна быць таксама знакам радасці жыцця, а сведчанне членаў Салезіянскай Сям’і павінна быць сведчаннем шчаслівых людзей, якім паверыць моладзь. Вечарам быў момант для прадстаўлення кожнай галіны Салезіянскай Сям’і і супольны час у сямейным стыле, закончылася ўсё слоўкам на добрую ноч, якое прамовіў ксёндз Анхель.

У наступныя дні праца вялася над трыма складаючымі дэвіза гэтага года: слухаць, распазнаваць, суправаджаць. У другі дзень сястра Паола Казаліс FMA прадставіла аспект умення слухаць, які часта знікае ў рэчаіснасці, але з’яўляецца неабходным. Слухаць - гэта стан з уважлівым поглядам, з даверам, чаканнем і свабодным сэрцам, дзе ёсць месца для Езуса. Толькі такое слуханне можа стаць суправаджэннем.

Пасля выступлення с. Паолы маладая італьянская сям’я з галіны Салезіянскай Сям’і “Сведкі Ўваскрослага” падзялілася сваім вопытам суправаджэння, распавядаючы, як у свой час суправаджалі іх і як зараз яны суправаджаюць моладзь і сем’і.

Другая канферэнцыя, якую падрыхтаваў ксёндз Хуан Крэспо SDB, звяртала ўвагу, ў першую чаргу, на аспект распазнання. Пасля салезіянская сям’я, раздзяліўшыся на 15 моўных груп, працавала над стварэннем дэкалога (10 запаведзяў) салезіянскага суправаджаючага. Вечарам усе сабраліся ў базыліцы Марыі Успамогі для малітвы, чування і споведзі.

У трэці дзень Міхал Войташ SDB прадставіў у сваёй канферэнцыі салезіянскі стыль суправаджэння, абапіраючыся на прыклад св. Яна Боско. Дадзены стыль мае свае этапы і характэрныя рысы:

  • прыняць маладога чалавека, каб ён мог адчуць сябе жаданым;
  • канкрэтны выклік, які дапамагае развіць дары і таленты і ўбачыць усю праўду і глыбіню асобы;
  • давер сэрца, які выхоўвае і суправаджае;
  • крызіс, які вядзе да трансфармацыі;
  • канкрэтнае рашэнне і выбар;
  • абавязак, які праяўляецца ў дзеянні.

Пасля канферэнцыі двое іспанскіх супрацоўнікаў у салезіянскім асяроддзі падзяліліся сваім вопытам, распавядаючы, чым для іх з’яўляецца суправаджэнне і давалі таксама вострыя, але справядлівыя парады членам Салезіянскай Сям’і. Калі маладыя людзі ўжывую альбо праз відэа распавядалі пра свой вопыт і адчуванні, калі іх суправаджае нехта, хто верыць у іх і вядзе да Езуса, было відавочна, што яны кажуць пра тое, што насамрэч робіць іх шчаслівымі.

Даючы парады, усе ў адзін голас, хоць і на розных мовах паўтаралі: “Салезіяне, будзьце даступнымі, вы жа салезіяне! Выходзьце да моладзі са сваіх офісаў! Не выключайце нікога! Глядзіце на моладзь і сустракайцеся з ёй, дайце ёй зразумець, што яна важная для вас! Будзьце акном, праз якое праходзіць свет Бога! Суправаджайце таксама сабратоў у фармацыі!”. Варта падкрэсліць, што гэтыя парады былі скіраваны да ўсёй салезіянскай сям’і: SDB, FMA, ASC і да кожнай 31 галіны.

Трэці дзень мы скончылі лірычна-музычным канцэртам у гонар пачатку святкавання 150-годдзя кансэкрацыі базылікі Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Апошні дзень распачаўся са святой Імшы, якую ўзначаліў Генеральны Настаяцель. Пасля Імшы на фінальнай сустрэчы ксёндз Анхель падвёў вынікі гэтых благаславёных і выдатных дзён Духоўнасці Салезіянскай Сям’і, падкрэсліваючы іх важнасць. Таксама ён прэзентаваў усім дэкалог салезіянскага суправаджэння, які распрацавалі удзельнікі ў гэтыя дні.

Дзякуй Богу за гэту цудоўную Сям’ю!

Больш фота і відэа з дзён Духоўнасці Салезіянскай Сям’і можна ўбачыць па спасылцы

 

Турын
23.01.2018 г.

 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Той, хто не чувае, рызыкуе, што не будзе збаўлены, таму што яму не хапае часу, або волі, альбо Божай ласкі.

Св. Ян Боско