Нядзеля, 14 Студзень 2018 10:58

Салезіянскі Хрыстус

Аўтар Кл. Артур Ляшнеўскі SDB

Асаблівасці і існасць салезіянскай духоўнасці і харызмы

Беларусь яшчэ жыве духам юбілея 500-годдзя скарынаўскай Бібліі. Роўна 500 год таму найважнейшая кніга свету была перакладзена на старабеларускую мову. Дзякуючы Скарыне Святое Пісанне сталася вельмі блізкім і зразумелым для звычайных жыхароў нашай старажытнай Бацькаўшчыны. Многія змаглі ўзяць у рукі і, што самае галоўнае, прачытаць словы, таго, хто збавіў увесь свет. Беларуская Біблія – гэта ўнікальны экзэмпляр святых тэкстаў, дастасаваны да моўных рэаліяў тагачаснага беларускага асяродзя, які нёс Хрыста людзям па-свойму – па-беларуску!

Гэтым уступам я хацеў падкрэсліць манаскую тоеснасць і харазматычнасць ордэнаў і таварыстваў, якія ўзбагачаюць Касцёл сваім каларытам і разнастайнасцю. Кожная манаская супольнасць мае сваю адметнасць і стыль жыцця і місіі, які сустракаецца толькі сярод яе членаў. Шчыра кажучы, кожны ордэн у першую чаргу мае наследаваць і абвяшчаць сваім жыццём Хрыста - Валадара сусвету. Аднак, кожная манаская галіна робіць гэта па-рознаму, па-свойму. З большага гэта выглядае як тлумачэнне Бібліі: арыгінал адзін, з яго перакладаюць тэкст на розныя мовы, каб святое слова сталася блізкім і зразумелым. Кожнае тлумачэнне, хоць і стараецца максімальна перказаць клімат і змест Бібліі, пераказвае адзін і той жа тэкст у клімаце свайго асяродзя і моўных правілаў з-за разнастайнасці моўных звычаяў, граматычных адметнасцяў і багацця слоў кожнай нацыі. Тое самае адбываецца і ў манаскім жыцці. Кожная манаская сям’я пераказвае таго ж Езуса ў іншы спосаб, не горшы, ці лепшы, але іншы. Так на старонках святой Бібліі з’яўляецца: Хрустус францішканскі, які перакладае Евангелле на мовы прастаты і любові да ўбогіх; дамініканскі, які праз навуку і закаханасць у Божым Слове прапаведуе Добрую Навіну; піярскі, які будуе Божае Валадарства праз школьную адукацыю; капуцынскі, марыянскі, езуіцкі і г.д. Таксама ў Божым Слове можна знайсці выразны і пэўны вобраз салезіянскага Хрыста - Бога, які з поўным любові сэрцам выходзіць насустрач маладым людзям, прагнучы іх благаслаўляць, і як Добры Пастыр весці ў шчаслівую будучыню. Менавіта такое тлумачэнне Бібліі зрабіў шмат гадоў таму святы айцец Ян Боско. Ён не змяніў у Божым слове ані літары, але ператлумачыў іх на новую мову – мову любові да моладзі, бязмежнай радасці і пасхальнай надзеі. Такое, салезіянскае, Евангелле вывучаюць духоўныя сыны і дочкі ксяндза Боско. Такога, салезіянскага Хрыста, мы наследуем і прапаведуем сваім жыццём.

Святыя заснавальнікі манаскіх сем’яў пакінулі ўнікальныя пераклады Святога Пісання ў разнастайных харызмах і апостальскіх пачынаннях, а рэгулы і канстытуцыі ордэнаў і таварыстваў служаць нібы слоўнікамі, якія дапамагаюць адкрыць у гэтых тлумачэннях арыгінал – змест любові Бога да чалавека. Таму вельмі важным з’яўляецца аўтэнтычнае жыццё выбранай харызмай, яе паглыбленне і пераказ тым, якіх пасылае нам кожны дзень Бог.

Салезіянская духоўнасць у першую чаргу - гэта сам ксёндз Боско. Гэта ён з’яўляецца для нас узор і “Калумбам”, які адкрыў новую перспектыву веры, любові і надзеі. Яго тэмперамент, дохоўная і людская фармацыя, багацце талентаў і ўнікальны кантакт з Богам стварылі непаўторны сюжэт хрысціянскага жыцця, якое абапіраецца на еднасці: натуры і ласкі; апостальства і сузірання; традыцыі і навізны; дабрыні і цярплівасці. А пры ўсім гэтым яго духоўнасць вызначана вернасцю і цвёрдасцю ў пастановах і рашэннях. Такі быў і ёсць сярод нас св. Ян Боско. Яго жыццё і сведчанне сталіся новым кірункам духоўнага развіцця. Касцёл называе ксяндзя Боско “Містыкам Апасталату”. Гэта значыць, што у яго асобе дасягаецца вышэйшы ўзровень любові да бліжняга і з’яднання з Богам. Кажучы прасцей, па прыкладу святога апостала моладзі салезіяне яднаюцца са Стварыцелем у паслузе маладым. Рэалізуючы рысы салезіянскай адметнай ад іншых духоўнасці, мы служым Хрысту, якога бачым у вачах моладзі, асабліва маргінальнай і забытай. Салезіянскі Хрыстус – гэта моладзь! Упэўнены і правераны кірунак, які пакінуў нам наш заснавальнік.

Апрача галоўнай мэты і натхнення нашых мараў, якой з’яўляецца асоба маладога чалавека, Ян Боско пакінуў нам канкрэтныя “сходы”, ідучы якімі, крочым да Хрыста па-салезіянскі. Рысы нашай духоўнасці – гэта сімвалічныя струны салезіянскай гітары. Гітарыст, водзячы пальцамі па розных струнах і адначасова заціскаючы акорды, здабывае адну з найпрыгажэйшых мелодый у свеце. Аднак каб музыка была ідэальнай, трэба добра ведаць, якіх струнаў дакрануцца і які акорд заціснуць. Ксёндз Боско быў прафесійным музыкантам духоўнасці, якую выпрацаваў сваім жыццём і пераказаў вялікай сям’і, што з волі Духа Святога існуе і развіваецца па сённяшні дзень. Таму члены гэтай вялікай супольнасці разам са св. Янам Боско ствараюць непаўтаральную музыку, дакранаючыся да струнаў салезіянскай духоўнасці. На мой погляд, струнаў гэтых дзесяць. Гэта яны найбольш важныя і адказныя за гук адпаведнай мелодыі. Вось іх склад:

1 струна - Духоўнасць штодзённасці – адказвае за евангельскі спосаб бачання рэчаіснасці, каб члены салезіянскай сям’і маглі адкрываць сваё жыццё нібы невярыгодную прыгоду, пазначаную Божым планам і стратэгіяй;
2 струна - Духоўнасць сяброўства з Езусам – адказвае за перажыванне асабістай веры ў клімаце сяброўскай сустрэчы з Хрыстом, які адначасова з’яўляецца нашым Настаўнікам і Крыніцай жыццёвай моцы;
3 струна - Духоўнасць Эўхарыстычнай любові – дапамагае бачыць ў кансэкраваным Хлебе і Віне жывога Бога і, аддаючы Яму належную пашану і любоў, чэрпаць сілы і моц у станаўленні на шляху Яго наследвання;
4 струна - Духоўнасць аскетызма і ўмеркавання – дзякуючы ёй адказваемся ад непатрэбных рэчаў і звычак і наследуем вырачэнні Езуса, а духоўны плён салезіянскага ўмеркавання ахвяруем за тых, хто аказаўся слабейшы за нас на духоўным шляху;
5 струна - Духоўнасць еднасці са святым Касцёлам – усведамляе, што Касцёл з’яўляецца не толькі іерархічным падзелам, але перадусім асяроддзем майго духоўнага ўзросту – глебай, на якой маю прынесці духоўны плён;
6 струна - Духоўнасць Марыі Успамогі – дае нам Марыю за ўзор і дапаможную далонь, якая ўпэўнена вядзе кожнага з нас у кірунку Неба;
7 струна - Духоўнасць радасці і аптымізму – дае магчымасць бачыць свет у пазітыўных колерах  і нястомна адлюстроўваць радасць Пасхі там, куды пасылае нас Бог;
8 струна - Духоўнасць працы і цярплівасці – дзякуючы ёй абвяшчаем прыйсце Бога праз суменную працу і выкананне сваіх штодзённых абавязкаў;
9 струна - Духоўнасць адказнай службы – адказвае за навык дзялення прыгажосцю жыцця з іншымі, ўзаемна дапамагаючы адзін аднаму і адчуваючы адказнасць за збаўленне майго бліжняга;
10 струна - Духоўнасць быцця з маладымі – адказвае за любоў і прысутнасць ў моладзевым асяроддзі, наследуючы Добрага Пастыра, які гатовы аддаць жыццё за кожнага.
Вось так, на мой погляд, і выглядае “салезіянская” гітара, якую склаў св. Ян Боско і на якой навучыў нас ствараць новую мелодыю, якой яшчэ не чулі ў Касцёле.
Цяпер да працы! Трэба вучыць акорды і - наперад! Бог, Касцёл і ўвесь свет чакае салезіянскай музыкі – мелодыі радаснага перажывання кожнай хвіліны жыцця і пасхальнай надзеі ўжо тут, на зямлі.

Працяг будзе.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: “Трэба расквітнець там, дзе пасадзіў нас Бог” »

Думкі ксяндза Боско

Не шукай апраўдання сваім недахопам. Лепш шукай спосабы, пры дапамозе якіх ты змог бы іх пазбавіцца.

Св. Ян Боско