Пятніца, 22 Снежань 2017 02:02

“Сабраты ў фармацыі”: Артур Ляшнеўскі SDB

Аўтар

У рамках праекта “Сабраты ў фармацыі” каманда SDB.by/news працягвае знаёміць вас з тым, як умацоўваюцца ў сваім пакліканні і які вопыт перажываюць клерыкі з Беларусі. На гэты раз сваім досведам дзеліцца кл. Артур Ляшнеўскі SDB.

Ласёўка – мой дом і мейсца асвячэння

Некалікі слоў з жыцця кракаўскай семінарыі Салезіянскага Таварыства

Дзесці ў паўднёвай Польшчы над магутнай ракой Віслай стаіць прыгожы горад Кракаў – даўняя сталіца Польшчы і гняздо каралеўскай сям’і. Калі ад замка прайсціся 20 хвілін уздоўж Віслы, можна ўбачыць амаль незаўважальны будынак салезіянскай семінарыі на вуліцы Тынецкая, 39. Гэтае месца ўжо трэці год як мой дом – мейсца майго фармавання і асвячэння.

Гісторыя мейсца

Зямля, на якой стаіць семінарыя, называюць Ласёўка. Гэта дзіўная назва паходзіць ад даўніх уладальнікаў – шляхецкай сям’і Лось. Будынак семінарыі дзеліцца на дзве часткі - старую і новую. Новая брыля будынка пабудавана ў 80-я гады, старая частка, у сваю чаргу, з’яўлялася калісці паляўнічым замкам роду Кірхмаёраў, будова якога паходзіць з 1777 года. Маёмасцю князя па прозвішчы Лось замак стаў дзякуючы жонцы Эўзэбіі з роду Кірхмаёраў, якая атрымала замак у якасці шлюбнага дару бацькі. Уладальнікі маёнтка збанкрутавалі і праз некаторы час выгадны надзел зямлі над Віслай выкупілі салезіяне. Напачатку тут быў выхаваўчы дом для хлопцаў, а пазней настаяцелі перанеслі сюды семінарыю.

Этап фармацыі, які праходзяць маладыя салезіяне ў Кракаве, называецца тэалогіяй. Гэтым кірункам салезіяне працягваюць пасля асістэнцыі навуку тэалагічных прадметаў. Гэты этап фармацыі прадугледжаны для сабратоў, якія прагнуць стаць святарамі. Браты-каад’ютары ў большасці паступаюць у свецкія навучальныя ўстановы, каб здабыць навыкі для выхаваўча-настаўніцкай паслугі на нашых пляцоўках.

Расклад дня

Семінарыя – гэта манаскі дом з тэалагічным кірункам адукацыі, а таксама з планам жыцця, які салезіяне вядуць кожны дзень. Абавязваюць семінарыстаў некаторыя пункты праграмы жыцця, якія дапамагаюць нам упарадкаваць і асвяціць уласнае жыццё. У Кракаве мы распачынаем дзень у 6.00. Клерыкі ўстаюць са сваіх ложкаў і рыхтуюцца да раннішніх малітваў. У 6.20 распачынаем малітву “Ютрань” – гэта раннішняя малітва Касцёла, якую штодзённа практыкуюць манаскія асобы. Пазней паўгадзіны ў цалкавітай цішыні мы медытуем над Словам Божым. Медытацыя з’яўляецца фундаментам законнага жыцця. Калі паміраючага кс. Боско папрасілі, каб ён даў апошнюю раду для салезіянаў, з высілкам святы прамовіў: “Медытацыя!”. Пасля медытацыі наступае момант, калі мы робім добрае пастанаўленне на кожны дзень. Каб тэкст, над якім разважалі, не застаўся пустымі словамі, але ператварыўся ў чын. Пазней збіраемся вакол алтара, каб цэлебраваць Эўхарыстыю, якая з’яўляецца цэнтрам кожнага дня. Пасля Імшы наступае сняданне, а ў 8.15 усе сустракаемся ў лекцыйных залах. Да абеду трывае святы час навукі. У 13.30 абед, а пасля яго рэкрыацыя, гэта азначае, што салезіяне бягуць гуляць ў футбол, альбо ў іншую спартыўную гульню. Ад гадзіны 15.30 кожны асабіста займаецца вывучаннем прадметаў. Чытаем кнігі і разшыфроўваем канспекты лекцый. У 18.30 – вячэра, пасля якой спатыкаемся ля фігуры Марыі. Спяваем марыйную песню і распачынаюцца семінарыйныя аб’явы, каб лепей арганізаваць кожны дзень супольнага жыцця. Пасля аб’яваў молімся “Нешпары” – вячэрня малітва Касцёла, якая заканчваецца слоўкам на добрую ноч. У 21.00 у капліцы трывае гадзінная адарацыя, падчас якой кожны клерык можа духоўна падсілкавацца, каб свята і з радасццю распачаць наступны дзень.

Навука

Галоўнай місіяй Тэалагічнага дома ў Кракаве з’яўляецца прыгатаванне сабратоў да святарскай паслугі сярод люду Божага. Вялікі націск робіцца на навуку. Вось толькі некаторыя прадметы, якія кожны з нас вывучае ў семінарыі: трыніталогія (навука аб Тройцы святой), хрысталогія (навука аб Хрысце), пнеўматалогія (навука аб духу святым), эсхаталогія (навука аб рэчах, што чакаюць нас пасля смерці), маральная тэалогія (памагае зразумець маральныя дэлематы), патралогія (навука айцоў Касцёла), эгзэгеза (тлумачэнне) Старога і Новага Запавету і гд. Акрамя таго, вывучаем габрэйскую, грэцкую і лацінскую мовы. Плёнам навуковай дзейнасці маладога салезіяніна на заканчэнне тэалогіі мае быць дыпломная праца (магістэрка), якую кожны павінен абараніць перад навуковай камісіяй. Усё як у вышэйшай навучальнай установе. Тэма маёй дыпломнай - “Таварыства св. Францішка Сальскага на Беларусі ў 1978-2014 гадах”. Працу маю пішу пад кірункам прадмету “Гісторыя Касцёла”. Ідэя працы нарадзілася з абяцання, якое я сам сабе даў, а менавіта паабяцаў, што збяру ў адно гісторыю маіх братоў, каб захаваць яе для нашчадкаў.

Духоўнае жыццё

Апрача штодзённых абавязковых малітоўных практык, салезіяне моляцца разнастайныя набажэнствы і цэлебруюць шмат навэннаў. Кожны асабіста дбае пра сваю духоўную фармацыю. Семінарыя дае магчымасці, але жадаць ты павінен сам. Ачышчаючы сваё жыццё ад граху і эгаізму, мы вучымся адкрывацца на іншага чалавека. Проста з набажэнстваў ідзем служыць ў араторый, дом для састарэлых, прытулак для глуханямых дзетак, а таксама ў інтэрнтат для моладзі з абмежаванымі магчымасцямі. Медытацыя, Эўхарыстыя, Літургія Гадзінаў і асабістая малітва з’яўляюцца школай хрысціянскага жыцця. Плёнам нашай малітвы ёсць служэнне і любоў, якія наколькі можам аказваем тым, каторыя сталі на шляху нашага паклікання.

Харызма

Салезіяне кс. Боско не могуць існаваць без моладзі! Таксама і ў кракаўскай семінарыі маладыя сабраты стараюцца распаўсюджваць харызму турынскага святога ў розных галінах працы з моладзю. Пры нашай семінарыі існуе студэнтскае душпастырства “Зямля Бога”. Амаль 80 студэнтаў збіраюцца разам, каб маліцца, слухаць канферэнцыі, дапамагаць харытатыўна і проста духоўна развівацца. Таксама пры семінарыі працуе Цэнтр Салезіянскіх Місій. Маладыя людзі, якія жадаюць памагчы моладзі і дзецям у місійных краінах, праходзяць у гэтым цэнтры фармацыю і грунтоўную падрыхтоўку. Маладыя валанцёры вывучаюць мовы, пазнаюць іншыя культуры, але перад усім рыхтуюцца духоўна да будучай місіі. Шматлікія штогод выязджаюць служыць у салезіянскай харызме за мяжу: ў Афрыку, Азію, Манголію, Балівію, Мадагаскар і гд. Таксама пры нашай парафіі існуе араторый, які ў Кракаве называюць Сальтром. Кожны дзень да араторыя прыходзяць каля 60-ці чалавек дзяцей і моладзі. Дзеці прыходзяць да нас адразу пасля школы і знаходзяцца аж да вечара. Мы пільнуем, каб кожны зрабіў урокі і падрыхтаваўся да заўтрашніх заняткаў. Таксама ў араторыі ладзіцца для ўсіх супольны абед. Пасля абеда разам гуляем і арганізоўваем тэматычныя вечары. Шматлікія з гэтых дзяцей і моладзі паходзяць з паталагічных сем’яў. Араторый для іх – гэта адзінае мейсца, дзе могуць пачуць сябе як у сапраўдным доме, дзе іх любяць і чакаюць.

 

Творчасць

У нашай семінарыі існуе тэатральная сцэна, на якой штогод салезіяне разам з моладзю прадстаўляюць тэатральныя пастаноўкі. Зоркай нашага дому і сапраўдным скарбам з’яўляецца спадар Марцін Каберскі – рэжысёр і актор кракаўскага тэатра “Багатэль”. Гэты чалавек заражае сваёй харызмай усю нашу супольнасць. Ужо шмат гадоў спадар Марцін піша сцэнарыі і дырыжыруе нашым тэатральным жыццём на Ласёўцы. Кульмінацыяй салезіянскай сцэны з’яўляюцца штогадовыя “Містэрыі Мукі Панскай”, якія прадстаўляюць муку нашага Пана Езуса Хрыста. Цікавым з’яўляецца тое, што Марцін кожны год піша новы сцэнарый да мукі Езуса. Так, напрыклад, два гады таму Мука Пана была паказана ў святле Эўхарыстыі, калі Галгофа лучылася з алтаром касцёла. Год таму рэжысёр спалучыў церпячага Хрыста з кліматам Сусветных Дзён Моладзі. У гэтым годзе закранае тэму мучаніцтва хрысціян па ўсім свеце. Містэрыі на нашай сцэне маюць таямнічую глыбіню і дохоўны зарад, які гледачы забіраюць да сваіх дамоў. Апрача гэтага, у семінарыі існуе мужчынскі хор Canticum. Я, напрыклад, спяваю ў першых тэнарах. Таксама нашыя клерыкі арганізавалі музычны гурт “ЛосьБэнд”. Маем гітарыстаў, басістаў, перкусіста, вакаліста, а таксама сабрата, які ў гурце грае на баяне.

Падсумаванне

Жыццё ў семінарыйнай супольнасці вельмі каларытнае і насычанае. Шмат абавязкаў, шмат фармацыі і навукі таксама шмат. Усё гэта багацце мае за мэту падрыхтаваць маладых сабратоў да будачай душпастырска-выхаваўчай працы сярод моладзі. Якасць і руплівасць нас, маладых сабратоў, цяпер перакладаецца на будычыню, калі кожны будзе пасланы ў розныя пункты дзейнасці нашай Кангрэгацыі. Ад імя кракаўскіх салезіянаў прашу вас маліцца за нас. Мы трываем таксама дзякуючы вашай малітоўнай дапамозе. Сам не раз адчуваю, што калі цяжка і складана, штосці невытлумачальнае цяне цябе ў гару, а думкі разбаўляе радасным колерам. Свята веру, што гэта малітва ўсёй Салезіянскай Сям’і!

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Нараканні робяць сэрца халодным

Св. Ян Боско