Адна з адметнасцяў валожынскай зямлі — старадаўняе мястэчка Ракаў. Нібы магутны карабель, лунае над ім велічны касцёл. За вёскаю, на старых каталіцкіх могілках, стаіць яшчэ адна святыня — капліца св. Ганны. Інтэр’ер гэтага могілкавага храма просты, нават сціплы, аднак наведвальніку кідаецца ў вочы невялікі абраз у бочным алтары капліцы. На ім — святы Ян Боско ў атачэнні шматлікіх дзяцей і моладзі. Гэты абраз быў замоўлены адным са святароў ракаўскай парафіі — кс. Янам Такарскім SDB, верным духоўным сынам св. Яна Боско.

Маленькі Ян нарадзіўся ў Польшчы ў вёсцы Мехавіцы 12 красавіка 1900 г. у шматдзетнай сям’і. Ён з дзяцінства вылучаўся пабожнасцю і гарачай любоўю да святой Імшы, з ранняга ўзросту прыслугоўваў у касцёле міністрантам. У святыню Ян хадзіў босым, бо сям’я жыла вельмі бедна. Сябры часта жартавалі ў касцёле з босага хлопца і падчас Імшы казыталі яму пяткі.

У васямнаццаць гадоў Ян уступіў у польскае войска, якое ў той час змагалася за незалежнасць Польшчы. З 1919 да 1923 г. удзельнічаў у бітвах пад Кіевам, Бярдычавам, Львовам. На Львоўшчыне даведаўся пра салезіянаў, якія кіравалі Ніжэйшай семінарыяй для юнакоў старэйшага ўзросту («Сыны Марыі») у Дашаве. Сэрца юнака запалала даўнім жаданнем стаць слугою Хрыста — цалкам і назаўсёды. Навіцыят ён адбыў у Чэрвіньску над Віслай. Клерыцкія гады Яна Такарскага прыпалі на цяжкі час Другой сусветнай вайны. З-за няўпэўненасці ў заўтрашнім дні салезіянаў на Віленшчыне перакідвалі з аднаго дома ў другі. Клерыкамі з усходніх земляў патаемна займаўся кс. Станіслаў Плывачык SDB. Субдыяканат кл. Ян атрымаў 21 снежня 1941 г. з рук біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, Мітрапаліта Віленскага, 22 снежня таго ж года — дыяканат, а 16 сакавіка Ян Такарскі атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, якое ўдзяліў яму мітрапаліт у прыватнай капліцы ў Вільні.

Пасля пасвячэння кс. Ян застаўся працаваць у Вільні, аднак праз некаторы час, атрымаўшы дазвол ад манаскіх уладаў, скіраваўся ў Гарадзею, на Нясвіжчыну, таму што ў Беларусі ў той час не хапала святароў. Касцёл св. Юзафа, якім пачаў апекавацца святар, быў абсталяваны ў былым будынку канюшні. Ксёндз Такарскі прабыў там каля пяці месяцаў. Пасля вызвалення ў 1944 г. Маладзечаншчыны кс. Ян паехаў у асірацелую парафію ў вёсцы Дуброўна, дзе стаяла прыгожая святыня пад тытулам Нараджэння Маці Божай. Адсюль святар таксама ездзіў у парафіі св. Юрыя ў Пяршаях і Маці Божай Ружанцовай у Ракаве.

Сярод парафіянаў была сужэнская пара, якая жыла без сакрамэнту шлюбу. Кс. Ян не раз нагадваў жанчыне, каб яна ўгаварыла мужа павянчацца. Як выявілася, той быў супрацоўнікам НКУС... 16 чэрвеня 1948 г.

кс. Такарскі быў арыштаваны як палітычна небяспечны вораг і асуджаны на 25 гадоў. Прычына такога жор­сткага прысуду гучала наступным чынам: «Упарты ў веры: вучыў дзяцей рэлігіі і, не змогшы пераканаць, прывабліваў іх цукеркамі».

 

Разам з кс. Такарскім у лагеры адбывалі свой тэрмін яшчэ 30 каталіцкіх святароў, у тым ліку і літоўскі біскуп Францішак Раманаўскас. Кс. Ян цяжка працаваў на карчаванні лесу. У зняволенні ён патаемна цэлебраваў святую Імшу, арганізоўваў для вязняў набажэнствы першых пятніцаў месяца, запісваў іх у Жывы Ружанец і ў шкаплернае брацтва. За гэта кс. Ян не раз быў пакараны наглядчыкамі. Гостыю ён хаваў на сваіх грудзях увесь дзень і нават ноччу, каб пры неабходнасці ўдзяліць святую Камунію паміраючаму, што ў тых умовах здаралася кожны дзень.

У лагерах у кс. Такарскага моцна пагоршылася здароўе, з’явіўся дыябет. У 1954 г., пасля 6-ці гадоў і 8-мі месяцаў зняволення, ён быў вызвалены па амністыі.

Кс. Ян адразу вярнуўся ў Беларусь. Касцёл у Дубраве, дзе раней служыў святар, згарэў з-за нядбайнасці студэнтаў-камсамольцаў, якія аднойчы дзеля забавы распалілі ў святыні вогнішча... Кс. Ян цэлы год жыў у плябаніі ў Красным, таемна цэлебруючы святыя Імшы ў ваколіцах Краснага і Валожына. Затым ён скіраваўся ў Ракаў, але тады неагатычны касцёл Маці Божай Ружанцовай быў зачынены: спачатку ў касцёле камуністы арганізавалі майстэрню па рамонце машынаў, пазней ссыпалі ў вялікай наве збожжа. Засталася моцна пашкоджаная могілкавая капліца св. Ганны, у якой кс. Ян распачаў сваю пастырскую місію. У маленькую капліцу з’язджалася вельмі шмат людзей з найблі­жэйшых ваколіцаў і нават з Мінска, дзе ўсе касцёлы былі зачыненыя. Аднойчы падчас гаміліі кс. Такарскі пракаментаваў падзею, якая ўзрушыла ўвесь Савецкі Саюз, — палёт Юрыя Гагарына ў космас. З амбоны ён сказаў, што чалавек увесь час прагне авалодаць гэтым светам, але, на жаль, сам становіцца ўсё меншым. Вечарам таго ж дня да кс. Яна прыехалі прадстаўнікі ўладаў і забаранілі яму цэлебраваць літургію на працягу 5-ці гадоў. Увесь гэты час святар знаходзіўся ў Ракаве, таемна служачы Эўхарыстыю ў прыватных дамах, а пасля заканчэння тэрміну пакарання вярнуўся ў могілкавую капліцу...

З-за цяжкай хваробы кс. Яна настаяцелі ордэну прапаноўвалі яму выехаць на лячэнне ў Польшчу, аднак пастыр не згадзіўся пакінуць сваю аўчарню, напісаўшы ў лісце: «Працы і хлеба мне хапае, кавалак неба заслужу... Спаўняю свой абавязак перад Маці нашай Кангрэгацкай...».

15 снежня 1974 г., знаходзячыся на лячэнні ў мінскім шпіталі, кс. Ян Такарскі адышоў у вечнасць. У складзеныя далоні памерлага святара вернікі ўклалі абразок св. Яна Боско, настаўніка і вернага сябра
кс. Такарскага ў гэтыя цяжкія гады працы на беларускай зямлі. Святар пахаваны ў Ракаве каля могілкавай капліцы св. Ганны.

Прысвячаецца кс. Яну Такарскаму SDB

Ты быў для душаў зраненых людзей
Святлом — героем тых падзей,
Калі ў нас Бога са штодзённасці забралі,
А для паклону Леніна ўсім далі.
Гарэў агонь, што нішчыў храмавыя сцены,
Апошні раз білі званы — душа трымцела —
У Сібір зганялі святароў,
За веру тут лілася кроў.
Вырвалі з нашых сэрцаў Бога,
Забытай сталася ў касцёл дарога.
А ты — святар — айцец Такарскі,
Народу раздаваў ад Бога ласкі.
Людзей яднаў праз споведзь, пакаянне,
Знімаў з іх путы грэху са стараннем.
Хрысціў, вянчаў, маліўся ты аддана,
Ты быў заступнікам для нас у Пана.
За веру цябе каты асудзілі,
У карным лагеры цябе гнаілі.
Праз муку, голад, боль, ганенні
Жадалі знішчыць ўсе твае памкненні,
Што ў сэрцы ты насіў адважна.
Ты ведаў, што тут толькі вера важна.
Вярнуўшыся з ганебнага выгнання,
Ты зноў лагодзіў нашае кананне.
У Ракаве ты атрымаў капліцу,
Каб мог з авечкамі Хрыста маліцца.
І як да райскага Эдэма,
Натоўпы, не зважаючы на ўсе праблемы,
Імкнуліся ў капліцу гэтую ўвайсці,
Каб праз цябе спакой у сэрцах тут знайсці.
Ты Яна Боско сынам быў духоўным,
Яго харызмы, радасці быў поўны.
І вось абразік у труне трымаеш
З яго выявай — нібы сэрцам абдымаеш.
І хоць памёр, аддаўшы цела ты зямлі,
Аднак лунаеш духам у вышыні.
Цяпер ты з неба будзь нам успамогай
У цяжкасцях, сумнівах дапамогай.
Маліся ты за нас прад тронам Божым,
Каб з Ім сустрэцца ў вечнасці мог кожны.

Крыніца: http://ave-maria.by

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter»
Тэгі
Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Тэст: Рараты

Пра нас

Кіраўніцтва Рэлігійнай Каталіцкай Місіяй “Таварыства св. Фрацішка Сальскага”

Рэгіянальны Настаяцель Місіі:
кс. Віктар Гайдукевіч SDB

Вікарый і эканом Місіі:
кс. Алег Жураўскі SDB

Радныя:

Каляндар

снежань 2017
Нд Пн Вт Ср Чц Пт Сб
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31

Выбраныя запісы

  • Новая салезіянская суполка для сем’яў “ADMA Сям’я” пачала сваю дзейнасць у Беларусі
    Першая сустрэча новай для Беларусі салезіянскай суполкі для сем’яў
  • “Сабраты ў фармацыі”: Міхал Радзевіч SDB
    Каманда SDB.by/news запускае праект “Сабраты ў фармацыі”. Праект накіраваны
  • Салезіянскі святар Тытус Зэман абвешчаны бласлаўлёным
    30 верасня 2017 у Браціславе ксёндз салезіянін Тытус Зэман
Угору