Чацвер, 17 Сакавік 2016 23:27

Адказныя за душпастырства моладзі і пакліканні распрацавалі накірункі дзейнасці

Аўтар Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч

План працы і асноўныя накірункі дзейнасці на наступныя тры гады былі распрацаваны на сустрэчы 8 сакавака ў Смаргоні. Такая сустрэча была першым крокам на шляху стварэння Рады салезіянскіх араторыяў Беларусі, якую было вырашана заснаваць у ходзе візітацыі Рэгіянальнага настаяцеля.

Адказным за правядзенне сустрэчы быў адказны за салезіянскае душпастырства моладзі і пакліканняў у Беларусі кс. Іван Огар SDB.

Святары, сёстры, салезіяне супрацоўнікі і кандыдаты, аніматары і былыя салезіянскія выхаванцы — усяго 14 чалавек, якія прадстаўлялі ўсе араторыі Беларусі, абмеркавалі прапанаваны святарамі план, удзельнічалі ў яго дапрацоўцы і ўдакладненні пэўных пытанняў у справе выхавання моладзі і рэалізацыі салезіянскай харызмы ў цэлым па краіне і на месцах. Распрацаваны дакумент пазней будзе зацверджаны на ўзроўні дэлегатуры і стане абавязковым для выканання на месцах. Звычайна падобнае планаванне праводзілі святары, у такім шырокім складзе гэта праца выконвалася ўпершыню.

Між іншым, на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні ўніфікацыі сістэмы падрыхтоўкі памочнікаў аніматараў у кожным араторыі — першы этап фармацыі, які рыхтуе будучых аніматараў. Вырашана стварыць дапаможнік па фармацыі, вызначаны адказныя асобы. Таксама ўдзельнікі падкрэслілі важнасць гарманічнага супрацоўніцтва ўсіх галін Салезіянскай сям’і ў рэалізацыі запланаванай праграмы развіцця. Разважалі аб спосабах правядзення сустрэч моладзі, акцэнтавалася ўвага на фарміраванне хрысціянскай свядомасці і адказнасці членаў Салезіянскай сям’і і моладзі, да якой яна паклікана. Важным стала пытанне рэалізацыі салезіянскай харызмы, а значыць прэвентыўнага погляду на выхаванне моладзі, на узроўні дыяцэзіяльных і міждыяцэзіяльных мерапрыемтсваў і сустрэч моладзі.

Наступная сустрэча Рады араторыяў, склад  якой будзе яшчэ ўдакладнены, запланавана на жнівень бягучага года. На ёй члены гэтай новай структуры больш падрабязна застановяцца над планаваннем наступнага 2016/2017 навучальнага і пастаральнага года.

 

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Верны муж Марыі Рух “Маці ў малітве” у Смаргоні »

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Людзям хворым, якім наканавана цярпець ад пакутаў цялесных, дастаткова паслухмяна спаўняць указанні лекара і апекуноў, а таксама перажываць уласныя цярпенні ў супакоі і ў духу любові да Бога.

Св. Ян Боско