Аўторак, 29 Студзень 2019 22:11

Салезіянская “Атлантыда” на беларускай зямлі

Аўтар Дыякан Артур Ляшнеўскі SDB

Гісторыя першага ў Рэчы Паспалітай касцёла св. Яна Боско

Калі чыгункай едзеш з Ліды да Гродна, у вочы кідаецца маленькая станцыя “Курган”. На гэтай станцыі цягнік амаль ніколі не затрымліваецца, а навокал віднеюцца палі і лясы. Цікава, ці задумаўся хто-небудзь, чаму гэтая станцыя знаходзіцца тут, сярод поля, і чаму мае менавіта такую назву.

Калісьці Курган быў адным з фальваркаў Рэчы Паспалітай і належыў да гміны Тарнова лідскага раёна. Шчыра кажучы, тут не было шмат жыхароў, але Курган яднаў пад сваім крылом шматлікія хутары, рассеяныя па навакольных лясах і палях. Тут знаходзіўся двор мясцовай засцянковай шляхты - паноў Жураўскіх[1]. Гісторыя гэтых дробных магнатаў нам амаль невядомая, аднак увагі заслугоўваюць апошнія ўладальніцы засценка сёстры Алена і Марыя Жураўскія.

Сёстры сустрэлі ў Вільні пралата кс. Караля Лубянца. Ён намовіў іх ахвяраваць невялічкі маёнтак на Лідчыне Таварыству св. Францішка Сальскага, салезіянам, якія перспектыўна праводзілі выхаваўчую дзейнасць у Вільні ў майстэрнях на вуліцы Добрай Рады[2]. Сёстры, бачучы ахвярную працу новага на гэтых землях ордэна, згаджаюцца. Такім чынам, у 1925 годзе Алена і Марыя Жураўскія ахвяруюць фальварак Курган і 110 гектараў зямлі Салезіянскай Кангрэгацыі. Аднак ахвяраванне не мела сталага характара, яно было здзейснена на ўмовах часовага карыстання, каб дзейнасць ордэна магла атрымоўваць даход ад упарадкавання даручаных яго апецы зямель і дзякуючы гэтаму дапамагаць дзейнасці віленскіх салезіянаў.

Часовасць адміністрацыі зямельнага надзела трывала аж да 1932 года. Менавіта ў гэтым годзе салезіяне з Вільні цалкам і назаўсёды купляюць Курган у сясцёр Жураўскіх. З таго моманта, калі маёнтак стаў поўнасцю салезіянскім, паўстала пытанне, як яго загаспадараваць. Першай ідэяй было ўтварэнне ў Кургане сірацінца, каб там распачаць выхаваўчую дзейнасць сярод мясцовых бедных хлопцаў. Салезіяне ў падмурку сваёй харызмы маюць місію выхаваўча-душпастырскай працы сярод найбольш занядбанай моладзі, таму ідэя дому для сіротаў і бедных хлопцаў з наваколля была як мага больш прыбліжана да першапачатковай думцы святога заснавалька салезіянаў ксяндза Яна Боско. Аднак планы хутка змяніліся з-за лакалізацыі фальварка, які знаходзіўся ў 3,5 км ад чыгуначнай станцыі, у 8 км ад пошты і ў 8 км ад парафіяльнага касцёла ў Белагрудзе.

Салезіяне часта наведвалі Курган, так як трэба было ладзіць справы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю. Яны бачылі вялікую патрэбу душпастырскай апекі для мясцовага насельніцтва, якое ў большасці было праваслаўным. Апавяданні пра Курган разышліся па інспекторыі (правінцыі) салезіянаў, што паўплывала на хуткае прыняцце рашэння настаяцелем. У ліпені 1933 года кс. Інспектар (правінцыянал) варшаўскай інспекторыі кс. Станіслаў Плывачык SDB адкрывае ў Кургане філіяльны дом віленскага кляштара салезіянаў, дзейнасць якога накіроўвае на душпастырска-парафіяльную працу.

Першым салезіянінам, які прыбыў на новую пляцоўку, стаў кс. Ігнацый Васілеўскі SDB. Праз некаторы час да яго далучыліся каад’ютары (законныя браты) Ігнацый Вольны SDB і Ігнацый Янік SDB[3]. Тры Ігнацыя распачынаюць салезіянскую дзейнасць на нялёгкай з пункту гледжання рэлігіі зямлі. Законныя браты больш займаліся гаспадаркай і зямельным кіраваннем фальварка, кс. Васілеўскі, у сваю чаргу, пачаў збіраць аўчарню Хрыстовых авечак вакол былога маёнтка Жураўскіх.

Сядзібны дом, які атрымалі салезіяне, з’яўляецца творам драўлянага дойлідства. Ён пабудаваны на ўзор тыповых сядзібных гнёздаў дробнай шляхты на нашых землях. Прамавугольны ў плане будынак досыць вялікіх памераў у сярэдзіне фасада мае шырокі порцік на дзвюх парах драўляных калонаў, якія ўздымаюць угару трохвугольны франтон. Такі самы порцік знаходзіца на супрацьлеглым баку будынка.

1 красавіка 1934 года папа Пій ХІ абвяшчае Яна Боско святым. З гэтай нагоды настаяцелі інспекторыі жадаюць пабудаваць у яго гонар касцёл – першы касцёл у Рэчы Паспалітай з такім тытулам. Лёс падае на Курган. Улады ордэна зацвярджаюць рашэнне і будова пачынаецца.

Асяроддзе, у якім распачалі працаваць салезіяне ў Кургане, было вельмі ўбогае, таму святыня таксама павінна была быць такой. Вырашаюць будаваць з матэрыялу, якога было вельмі шмат навокал і з якога будавалі ўсе навакольныя дамы – з дрэва. Будаўнічы матэрыял ахвяравалі сем’і Жураўскіх і Кунцэвічаў, а таксама салезіянін кс. Людвіг Гастыла SDB[4], настаяцель з Дварца ахвяраваў на новы касцёл дошкі. Будаўніцтва доўжылася толькі год, і ўжо 15 кастрычніка 1935 года адбылося ўрачыстае асвячэнне Мітрапалітам віленскім Арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. Рэктарам новаасвечанага касцёла быў абвешчаны яго будаўнік – кс. Ігнацый Васілеўскі[5].

Касцёл св. Яна Боско ў Кургане быў творам народнага драўлянага дойлідства. Прамавугольны ў плане будынак святыні скончваўся плоскай алтарнай сцяной ззаду і невялічкім ганкам-бабінцам спераду. Будова была накрыта двусхільным бляшаным дахам з сярэдніх памераў вежай-сігнатуркай з боку пярэдняга фасада. Вежачка была накрыта шатровым дахам з мядзяным крыжом у звянчэнні. На вежы таксама знаходзіўся звон “Ян Боско”, ахвяраваны кс. Войцехам Балавайдрам SDB, які склікаў мясцовых жыхароў на малітву. Сцены касцёла і вежы былі ашаляваныя драўлянымі дошкамі. Па баках алтарнай часткі знаходзіліся дзве сакрыстыі пад аднасхільным дахам. Святыня была ўзнесена на высокім каменным падмурку з шырокімі сходамі перад уваходам. Унутры прастору касцёла ўпрыгожвалі тры алтары, выкананыя ў салезіянскай майстэрні ў Вільні. У галоўным алтары быў размешчаны абраз Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, а ў бакавых - св. Яна Боско і Святой Сям’і[6].

Плённае душпастырства салезіянаў і прысутнасць у засценку новага касцёла пабуджала манаскія ўлады да таго, каб зацвердзіць у Кургане новую парафію. Праца салезіянаў была ўзнагароджана зацвярджэннем у Кургане манаскага дому. Кляштар быў заснаваны Віленскім Мітрапалітам 23 сакавіка 1935 года і кананічна зацверджаны генеральным настаяцелям салезіянаў кс. Пятром Рікальдонэ SDB 10 чэрвеня 1935 года[7]. Кс. Васілеўскі ў 1940 годзе пакідае Курган і займае вакантнае месца пробашча ў Ваўкавыску, дзе таксама здзяйсняў функцыю дзекана аж да канца Другой сусветнай вайны[8]. На яго месца ў Курган з Ружанастоку прыязжае кс. Юзаф Буяр SDB. Новы апякун курганскай супольнасці старанна намагаецца зарэгістраваць парафію і акрэсліць тэрыторыю душпастырскай апекі салезіянаў на Лідчыне.

Адразу кс. Буяр пачынае пераконваць мясцовых жыхароў. Новыя парафіяне павінны дабравольна прагнуць адзялення ад мацярынскіх касцёлаў ў Белагрудзе і Ваверцы, каб далучыцца да касцёла ў Кургане. Праводзяцца размовы і збіраюцца патрэбныя подпісы да Віленскай Курыі. Тытул пробашча кс. Юзаф Буяр атрымоўвае ўжо ў кастрычніку 1941 года. Мясцовыя католікі пазітыўна адгукаюцца на прапанову салезіянаў і ў вельмі хуткім часе вызначаюцца 26 вёсак і хутароў, якія павінны адміністратыўна належыць да парафіі св. Яна Боско. Агульная колькасць душаў курганскай парафіі лічыла 648 чалавек[9]. Гэта была невялічкая парафія пры салезіянскім кляштарным доме, аднак зацвярджэнне парафіі ўвесь час адкладалася. Канчатковаму зацвярдэжэнню перашкаджае выбух Другой сусветнай вайны.

У 1941 годзе інспектар салезіянаў звяртаецца да Мітрапаліта Ялбжыкоўскага з просьбай юрыдычнага зацвярджэння парафіі св. Яна Боско ў Кургане і ахвяруе маёнтак на яе патрэбы і ўтрыманне. Мітрапаліт згаджаецца, аднак просіць узнесці патрэбныя для парафіяльнага жыцця будынкі, а таксама заснаваць у Кургане могілкі, якія павінны стаць парафіяльнымі[10].

Чакаючы рашэння, салезіяне наладжваюць багатае душпастырскае жыццё ў Кургане. Была ўстаноўлена сталая катэхізацыя дзяцей і дарослых, рэгулярныя Імшы і набажэнствы ў касцёле, заснаваны парафіяльны хор, пры кляштары дзейнічае невялічкая школа для хлопцаў, якім салезіяне выкладаюць навукі на ўзроўні тагачаснай гімназіі паводле польскай сістэмы адукацыі. Аднак нямецкая акупацыя прырывае дзейнасць законнікаў і ўсе намаганіі па ўтварэнні парафіі.

Кс. Юзаф Буяр разам з іншымі мясцовымі святарамі быў арыштаваны нямецкімі жаўнерамі ў ліпені 1942 года[11]. Ксяндзоў размясцілі ў вязніцы ў Лідзе на вуліцы Сыракомлі. Вязняў ганебна білі і зневажалі. Салезіяніна адведвала ў вязні с. Марыя Ліпінская FMA, якая сама паходзіла з Ліды. У сваім сведчанні сястра пісала: “Акрамя таго, што ўсіх турбавала няпэўнасць заўтрашняга дня, самапачуццё вязняў было добрым. Увесь час размаўлялі на рэлігійныя тэмы і чыталі духоўную літаратуру. Між іншым з вялікай цікавасцю чыталі біяграфіі св. Яна Боско і св. Марыі Дамінікі Мадзарэлло.”[12] Святары прадчувалі свой блізкі канец, але духам кожны быў прыгатаваны. Была агучана дата расстрэлу – 10 сакавіка 1943 года. Кс. Буяр ў вязніцы моцна захварэў і падчас транспарціроўкі святароў, калі іх везлі ў грузавой машыне на месца экзекуцыі, страціў прытомнасць. Салезіяніна вярнулі ў вязню, дзе ён у пакутах і самоце памёр 16 сакавіка 1943 года. Цела законніка разам з целамі расстрэленых святароў пахавалі ў супольнай магіле ў Лідзе[13].

Замест кс. Буяра ў Курган прыехаў кс. Францішак Цафалка SDB. Савецкая ўлада не згадзілася на служэнне салезіянаў і прымусіла законнікаў пакінуць Курган. У Кургане на той час апрача кс. Францішка яшчэ быў каад’ютар Ян Ружыцкі SDB і першая на тэрыторыі сённяшняй Беларусі салезіянка с. Яніна Вавжыняк FMA, якая прыбыла з Ружанастоку, каб дапамагчы салезіянам у правядзенні душпастырства. Законнікі пасля няўдалых перагавораў з уладай пакідаюць Курган, вывозячы касцёльныя абразы, келіхі і каштоўны інвентар. Курганскі караван уцякае ў Ружанысток ля Гродна[14].

Выезд салезіянаў з Кургана стаўся пачаткам канца гэтай мясцовасці. Амаль 100 гектараў зямлі – маёмасць ордэна – было канфіскавана савецкай уладай і перададзена мясцоваму калгаснаму двару. Касцёл некаторы час стаяў зачынены, аднак улада, якая выступае супраць якога-небудзь праяўлення рэлігійнасці, доўга не магла цярпець прысутнасць культавага будынку. У 1960 годзе сельсавет прыняў рашэнне разабраць святыню, а з касцёльнага будаўнічага матэрыялу зрабіць клуб у вёсцы Радзівонішкі. Як сведчаць мясцовыя жыхары, у клуб бацькі пускаць дзяцей баяліся – каб Бог не пакараў. Клуб стаяў пусты. Старшыня калгасу, раз’юшаны сітуацыяй, сказаў вяскоўцам разабраць клуб на свінарнікі. Спадарыня Валянціна, жыхарка найбліжэйшай ад Кургана вёскі Радзівонішкі, кажа: “Бярвення з касцёла мы на хлявы не ўзялі. Я казала людзям, каб бралі святое дрэва і палілі ў печах, каб, не дай Божа, у свінарніку не гніло. Памятаю гэты касцёлак і ксяндзоў, што дзяцей вучылі, таксама памятаю. Мы хоць праваслаўныя, алё ў курганскі касцёлак хадзілі. Добрыя святары там працавалі.”[15]

Каб на месца знішчанага касцёла людзі не хадзілі маліцца Богу, на дарозе, што вяла да храма і манаскага дому салезіянаў, паставілі кароўнік, які стаіць тут і сёння. Дайсці да курганскага гаю можна толькі праз калгасную ферму, альбо праз поле. Сярод дрэў і дзікіх кустоў віднеецца каменны падмурак і ганак касцёла св. Яна Боско. Побач з падмуркам магіла забітых немцамі выхаванкаў. Троху далей ляжаць касцёльныя крыжы з мядзянымі цыбулінамі. Цуд іх захавання – лакалізацыя гаю – дзесці ў полі, куды не даехаць, забыты і зарослы дрэвамі. Нават мясцовыя жыхары маюць клопат, каб паказаць дарогу да курганскага гаю. Троху далей віднеецца законны дом – былы фальварак Жураўскіх. Захаваны цалкам. Драўляны, шляхецкі двор з ганкам і калонамі. Пасля выгнання салезіянаў ён выкарыстоўваўся ў якасці дому для сямей калгаснікаў. Зараз у доме выбіты вокны і дзверы. Вакол фальварка прыродны мур вялізных валуноў, якія растаўлены па перыметры фальварка. Рассадка дрэў прыпамінае мінулыя алеі і сады, якія даўно здзічэлі.

Курган знік з беларускіх мапаў. Цяжка яго знайсці. Аднак, нягледзячы на план камуністаў, якія прагнулі знішчыць усе памяткі рэлігійнасці на гэтай зямлі, памяць аб курганскім касцёле ўвесь час жыве. Жыве таксама памяць пра законнікаў – духоўных сыноў св. Яна Боско, якія, нягледзячы на перашкоды і цяжкія ўмовы існавання, вырушылі на лідскую зямлю, каб у салезіянскай харызме сеяць Божае насенне. Курган стаў яшчэ адной рэліквіяй беларускай зямлі. Рэліквіяй, якая сведчыць аб тых падзеях нашай гісторыі, калі Бога жадалі выдаліць з нашай памяці, аднак з сэрца Яго выдаліць ім не ўдалося! Падмурак першага ў Рэчы Паспалітай касцёла св. Яна Боско самотна хаваецца ў цені дзікіх кустоў. Выглядае нібы Хрыстовая грабніца, якая чакае цуду уваскрасення.


Крыніца: Часопіс “Наша вера” (№2 (84) 2018)


[1]   Пар: J. Pietrzykowski, Salezjanie w (archi)diecezji wileńskiej w latach 1919-1939, w: Mój Kościół w historię wpisany, księga pamiątkowa dedykowana ks. Profeserowi Tadeuszowi Krachelowi, Białystok 2007, с. 376; A. Świda, Towarzystwo Salezjańskie. Rys historyczny, Kraków 1984, с. 170; J. Ślósarczyk, Historia Prowincji świętego Jacka Towarzystwa Salezjańskiego w Polsce, t. 2, с. 626.

[2] Пар: J. Pietrzykowski, Duchowni polscy – dobrodzieje salezjańscy z lat 1898-1938, Seminare 2002, 18, с. 618-620.

[3] Пар: J. Pietrzykowski, Salezjanie w (archi)diecezji wileńskiej w latach 1919-1939, w: Mój Kościół w historię wpisany, księga pamiątkowa dedykowana ks. Profeserowi Tadeuszowi Krachelowi, Białystok 2007, с. 376.

[4] Салезіянскі Архіў Варшаўскай Інспекторыі, Папка Курган, Хроніка салезіянскага дома ў Кургане (279).

[5] Пар: Pokłosie Salezjańskie, год XIX, №11 1935, с. 227; J. Ślósarczyk, Historia Prowincji świętego Jacka Towarzystwa Salezjańskiego w Polsce, т. 2, с. 182.

[6] Салезіянскі Архіў Варшаўскай Інспекторыі, Папка Курган, Хроніка салезіянскага дома ў Кургане (279).

[7] Archivio Salesiano Centrale [Цэнтральны Салезіянскі Архіў у Рыме], F 681,

Kurhan.

[8] Пар: J. Pietrzykowski, Towarzystwo Salezjańskie w Polsce w warunkach okupacji 1939-1945, Warszawa 2015, с. 198.

[9] Бібліятэка Літоўскай Акадэміі Навук імя Урублеўскіх у Вільне [Lietuvos Mokslų Akademijos Vrublevskių], F. 318-21355, Парафіяльны адзел. Папка Курган, с. 10, 10v.

[10] Бібліятэка Літоўскай Акадэміі Навук імя Урублеўскіх у Вільне [Lietuvos Mokslų Akademijos Vrublevskių], F. 318-21352, Папка Курган. Справа эрэкцыі парафіі, с. 1, 2.

[11] Некралог Польскіх Салезіянаў 1891-1976, Кракаў-Лодзь 1976 г., с. 87.

[12] B. Kant, Księga Męczeństwa Salezjanów Polskich. 55 polskich salezjanów zamordowanych

przez hitlerowców, Warszawa 2012, с. 79

[13] Пар. B. Kant, Księga Męczeństwa Salezjanów Polskich. 55 polskich salezjanów zamordowanych

przez hitlerowców, Warszawa 2012, с. 79.

[14] Салезіянскі Архіў Варшаўскай Інспекторыі, Папка Курган, Карыспандэнцыя кс. Францішка Цафалкі да кс. Часлава Лаўферскага, Ружанысток 12.06.1968 г.

[15] Вусны дыялог з сведкам, Радзівонішкі 22 ліпеня 2015 года.

Думкі ксяндза Боско

У выглядзе адкінутых, убогіх ёсць сам Збавіцель. Гэта не бедныя хлопцы просяць аб міласэрнасці, а сам Езус у выглядзе сваіх бедных. Рабі ўсё, што можаш, а Пан Бог зробіць, чаго не хапае. Ён ніколі цябе не ашукае, калі працуеш для Яго.

Св. Ян Боско