Пятніца, 11 Студзень 2019 18:31

Папа: салезіяне пакліканы ісці на перыферыі свету і гісторыі

Аўтар vaticannews.va

Салезіяне пакліканы ісці на перыферыі свету і гісторыі, працы і сям’і, культуры і эканомікі, якія патрабуюць аздараўлення, напісаў Францішак у прадмове да кнігі Антоніа Кар’ера “Evangelii gaudium з Донам Боско”.

Поўны тэкст прадмовы да выдання, у якім салезіянская супольнасць аналізуе Апостальскую адгартацыю Францішка ў душпастырска-адукацыйным ключы, апублікавала італьянская “Avvenire”.

“Вам, салезіянам, пашчасціла, таму што ваш заснавальнік, Дон Боско, не быў святым з тварам “Вялікай Пятніцы” – самотным, панурым, але хутчэй з тварам “Пасхальнай Нядзелі”. Ён быў радасным, гасцінным, нягледзячы на тысячы цяжкасцей і праблем, якія штодня яго даймалі”, - напісаў Францішак.

Па словах Папы, разумны носьбіт “радасці Евангелля”, Дон Боско адрасаваў рэвалюцыйнае пасланне свету, у якім святары жылі адасоблена ад жыцця народа, калі пайшоў на “сацыяльныя і экзістэнцыяльныя перыферыі” жыцця.

“Святар беднай і самотнай моладзі выходзіў на вуліцы, уваходзіў на заводы, фабрыкі і ў турмы і там знаходзіў самотных, пакінутых хлопцаў і дзяўчат, падпарадкаваных работадаўцам, пазбаўленым сумленнасці. Ён нёс радасць і клопат сапраўднага выхавальніка ўсім маладым людзям, якіх выцягваў з вуліц”, - адзначыў у прадмове Пантыфік.

Ён прызнаўся, што зведаў гэтую атмасферу радасці і сямейнага цяпла, калі хлопчыкам наведваў пачатковую школу пры салезіянскім каледжы ў родным Буэнас-Айрэсе. “Салезіяне выхавалі мяне ў прыгажосці, у працы і ў быцці вельмі радасным, і ў гэтым – вашая харызма”, - напісаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў пра тры “белыя любові” Дона Боско – Мадонну, Эўхарыстыю і Папу, якія, адпаведна, давалі мужнасць перад абліччам выклікаў і небяспек, нагадвалі пра важнасць годнага ўдзелу ў літургіі і ўмацоўвалі любоў да Касцёла. Наследуючы гэты прыклад, сёння салезіянін “пакліканы ісці насустрач усім перыферыям свету і гісторыі, перыферыям працы і сям’і, культуры і эканомікі, якія маюць патрэбу ў аздараўленні”, падкрэсліў Папа.

“Я перакананы, што знаёмства з гэтымі старонкамі будзе карысным усім сынам і дочкам Дона Боско, раскіданым па свеце, і ўсім, хто падзяляе салезіянскую адукацыйную харызму”, - заключыў Святы Айцец.

Кніга “Evangelii gaudium з Донам Боско” на італьянскай мове з’явіцца на паліцах кнігарняў 15 студзеня 2019 г.

Крыніца: vaticannews.va

Думкі ксяндза Боско

Памятайце пра годны адпачынак, каб забавы былі карыснымі, аднаўлялі сілы цела і душы. Асцерагайцеся, каб забавы не былі пустымі, а час – змарнаваны.

Св. Ян Боско