Серада, 25 Ліпень 2018 09:10

Летні вакацыйны час з Богам сабрата ў фармацыі Міхаіла Радзевіча SDB у Італіі

Аўтар Сабрат Міхаіл Радзевіч SDB

Летні час – гэта час фізычнага адпачынку, але не духоўнага, бо духоўнае развіццё чалавека доўжыцца без перапынку.

Мне б хацелася падзяліцца з вамі сваімі перажываннямі і сваёй дзейнасцю ў Італіі пад час летняга перыяду.

 

Летні час у Італіі вельмі насычаны рознымі акцыямі, як на інспектарыяльным узроўні (I campi animatori – выязныя лагеры для аніматараў, I pellegrinaggi – пілігрымкі, I campi vocazionali – лагеры аб распазнанні паклікання, I campi della Parola – лагеры Слова і інш.), так і на мясцовым (I campi estivi – вакацыі з Богам, выязныя лагеры і інш.). Кожная акцыя дапамагае маладому чалавеку ўзрастаць у духоўных і ў чалавечых каштоўнасцях, правесці радасна час у коле сяброў і пасябраваць з новымі хлопцамі і дзяўчатамі, а таксама дае шанц добра адпачыць фізычна пасля насычанага школьнага года.

Раскажу коратка, у якіх акцыях мне давялося ўдзельнічаць.

З 8 па 20 чэрвеня я прыняў удзел у I campi dei animatori – двух выязных лагерах для аніматараў у Pracharbon. Гэта невялікае мястэчка ў рэгіёне Валле д’Аоста, дзе знаходзіцца салезіянскі дом адпачынку. У гэтым месцы пад час вакацый і не толькі салезіяне арганізоўваюць розныя акцыі, як для моладзі, так і для дзяцей. У Pracharbon ёсць усё неабходнае, каб добра правесці час: капліца, спальныя пакоі, кухня, пакоі для гульняў, канферэнц-зала, футбольнае поле, валейбольнае поле. І, канешне ж, горы, якія асабіста мне дапамагаюць суцішыцца і разважаць пра Пана Бога і Яго справы, а таксама пра свае пытанні, якія найбольш турбуюць.

У першым этапе лагера (8-14 чэрвеня) удзельнічала каля 60 аніматараў ва ўзросце 16-18 гадоў. Разам з ксяндзом Стэфанам Мондін SDB, сястрой Сарай Перыні FMA і іншымі аніматарамі ўдзельнікі лагера разважалі над тэмамі “Хто такі аніматар і якія характарыстыкі павінен мець”, “Пазнанне самога сябе: хто я, я і маё цела”, “Як праводзіць малітву ў араторыі ці ў касцёле”, “Духоўнае развіццё аніматара: малітва, споведзь і святая Імша”. У другім этапе (14-20 чэрвеня) прыняло ўдзел каля 70 аніматараў ва ўзросце 13-15 гадоў. Разам з ксяндзом Джыммі SDB, з маладымі сабратамі клерыкамі Фабрыцыё SDB, Франклінам SDB, Міхаілам Пагані SDB, з сястрой Паолай FMA і іншымі аніматарамі прысутныя разважалі над наступнымі тэмамі: “Я і іншыя”, “Я і забавы”, “Я і Бог”. Кожны дзень лагера быў вельмі насычаны: малітва, канферэнцыі, праца па групах, пасілкі, сустрэча са спецыяльным госцем, вясёлыя вечары, гульні і інш. Кожны дзень заканчваўся традыцыйным слоўкам на дабранач. Дадому хлопцы і дзяўчаты ад’язджалі задаволеныя, бо змаглі духоўна ўзбагаціцца.

З 29 чэрвеня па 8 ліпеня разам з ксяндзом Джаванні Біянко SDB і іншымі аніматарамі я ўдзельнічаў у выязным лагеры для дзяцей са школы першага узроўня (Scuola Media) у невялічкім горадзе каля мора Аласіо (Alassio), горад-курорт у Італіі ў рэгіёне Лігурыя.

Кожны дзень лагера распачынаўся святой Імшой, затым была канферэнцыя, праца па групах, пасля якой ішлі на мора. Пасля абеду таксама забаўляліся на моры: спачатку ладзілі турніры сярод каманд, а пасля мелі вольны час, хтосьці плаваў у моры, хтосьці гуляў на пляжы, хтосьці загараў, а хтосьці рабіў вежы ці замкі з пяску. Перад вячэрай праходзілі турніры сярод каманд і дзень заканчваўся вясёлым вечарам і традыцыйным слоўкам на дабранач, якое гаварыў кожны з арганізатараў. Пад час гэтых дзесяці дзён два разы выязджалі ў аквапарк і мелі магчымасць наведаць французскую фабрыку парфумерыі. Дзеці вельмі добра правялі час.

З 16 ліпеня па 3 жніўня ўдзельнічаю ў Вакацыях з Богам у Chatillon. У лагеры ўдзельнічае каля 100 дзяцей і каля 30 аніматараў. Кожны дзень арганізоўваем вялікія гульні-турніры, раз у тыдзень - выезд у басейн, завяршаем дзень малітвай і слоўкам на добрую ноч. У лагеры разважаем над тэмай “Вазьмі сваё жыццё і зрабі шэдэўр – будзь кіраўніком свайго жыцця” (“Prendi la tua vita e fanne un capolavoro”). Кожны дзень разважаем над адной з чатырох эмоцый: радасць (gioia), адвага (coraggio), энтузіязм (entusiasmo), захапленне (sorpresa). З дапамогай гэтых чатырох эмоцый вучымся быць кіраўнікамі свайго жыцця, звяртаючы ўвагу на тое, што Езус павінен займаць першае месца ў нашым жыцці.

Што мяне чакае наперадзе? Гэта моладзевая пілігрымка ў Рым (Il cammino sinodale) на сустрэчу са Святым Айцом Францішкам. Пад час пілігрымкі аднаўлю свае манаскія абяцанні разам з іншымі сабратамі. У жніўні буду перажываць духоўныя рэкалекцыі ў Авільяно (Avigliano). У канцы жніўня буду ўдзельнічаць у трохдзённай сустрэчы салезіянаў, маладых сабратоў у фармацыі.

P.S.: Пра ўсіх памятаю ў сваёй малітве і таксама прашу аб малітве за мяне. З найлепшымі пажаданнямі на далейшае перажыванне летняга часу.

 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Асцерагайцеся грэху непарадачнасці, зрабіце ўсё, што вы зможаце, каб заўсёды вашы споведзі былі добрымі.

Св. Ян Боско