Чацвер, 15 Люты 2018 15:39

“Сабраты ў фармацыі”: Юрый Пашкавец SDB

Аўтар Кл. Юрый Пашкавец SDB

У рамках праекта “Сабраты ў фармацыі” каманда SDB.by/news працягвае знаёміць вас з тым, як умацоўваюцца ў сваім пакліканні і які вопыт перажываюць клерыкі з Беларусі. На гэты раз сваім досведам дзеліцца кл. Юрый Пашкавец SDB.

 

Божы Провід прывёў мяне ў Паўночную Італію, у Турын, дзе я спазнаю яшчэ глыбей Божую любоў і стараюся адказваць на яе, узрастаючы на дарозе паклікання. Супольнасць, у якой жыву і вучуся, знаходзіцца недалёка ад Вальдокко, дзе на працягу шматлікіх гадоў ксёндз Боско прысвячаў сваё жыццё выхаванню хлопцаў. Гэта вялікі дар для мяне - вучыцца на гэтай зямлі, адкуль бярэ свой пачатак харызма святога Яна Боско.

*Салезіянская супольнасць на Крочэтта (Crocetta - назва раёну ў Турыне).

З гісторыі супольнасці

Міжнародная салезіянская супольнасць святога Яна Боско (Crocetta) у Турыне змяшчае ў сабе студэнтат - Фармацыйная Супольнасць і Тэалагічны Факультэт Папскага Салезіянскага Універсітэта; араторый - Моладзевы Цэнтр; касцёл; інтернат для хлопцаў- студэнтаў. Гэта ўсё складае адзіную салезіянскую пляцоўку на Крочэтта.

Міжнародная салезіянская супольнасць святога Яна Боско была першым Тэалагічным Студэнтатам у Салезіянскім Таварыстве і мела свой пачатак у Foglizzo Canavese ў 1904 годзе. 8 верасня 1923 года благаслаўлёны Філіп Рынальдзі перанёс супольнасць у Турын- Crocetta. Салезіяне актыўна займаліся тэалагічнай фармацыяй, а таксама пастырскай паслугай у араторыі і ў рэктаральным касцёле, прысвечаным Марыі Успамозе Хрысціянаў. З 3 мая 1940 года студэнтат становіцца асноўным цэнтрам Папскага Салезіянскага Універсітэту. У 1965 Папскі Салезіянскі Універсітэт пераносяць у Рым, і ў наступныя тры гады (1965- 1968) пляцоўка Crocetta перажывае сваю рэструктурызацыю і пашырэнне. Праз некалькі год (1971- 1974) таксама араторый і касцёл перажываюць глыбокія змены, абнаўленні і пашырэнні. У 1968 годзе Салезіянскі Тэалагічны Студэнтат з горада Баленго (Bollengo) пераносіцца на Crocetta ў якасці Турынскай секцыі Тэалагічнага Факультэта Папскага Салезіянскага Універсітэту.

З 1969 года пачынае сваю дзейнасць інтэрнат для студэнтаў.

*Сітуацыя на сённяшні дзень.

Распачну ад інтэрната для студэнтаў, а пазней распавяду пра супольнасць.

У гэтым годзе ў інтэрнаце знаходзяцца 87 хлопцаў, якія паходзяць са шматлікіх куткоў Італіі і вучацца ў Турыне ў розных навучальных установах, большая частка ў Палітэхніцы. Адзін з дэвізаў ксяндза Боско - "Добрыя хрысціяне і сумленныя грамадзяне" - актуальны таксама і сёння. Таму салезіяне прапануюць хлопцам у інтэрнаце не толькі суправаджэнне і дапамогу ў вучобе, але таксама ствараюць асяроддзе, якое спрыяе чалавечаму ўзрастанню: культурнаму, рэлігійнаму, у адносінах з іншымі.

Араторый - Моладзевы Цэнтр на Крочэтта з'яўляецца месцам сустрэчы і ўзрастання шматлікіх дзяцей і моладзі, асабліва беднай. Хапае таксама моладзі з іншых краінаў і іншых веравызнанняў.

Супольнасць

Наша супольнасць складаецца з 84 салезіяніна (з іх 58 у пачатковай фармацыі) з 14 краін. На першым курсе нас 15. Такая вялікая супольнасць і разнастайнасць сабратоў з'яўляецца для мяне вялікім багаццем.

Мы разам молімся, удзельнічаем у святой Імшы, ядзім, вучымся, працуем, гуляем. Жыццё ў супольнасці дае шмат магчымасцяў развівацца, сябраваць, служыць, вучыцца новаму, прымаць любоў і любіць. Сабраты з'яўляюцца дапамогай ва ўзрастанні ў святасці.

З панядзелка па пятніцу - лекцыі. На нашым факультэце вучацца таксама свецкія асобы і прадстаўнікі іншых манаскіх таварыстваў.

Вучыцца вельмі цікава.

Кожную суботу і нядзелю (а часам і ў іншыя дні) мы маем апостальскія практыкі. Раз'язджаемся па розных араторыях (не толькі салезіянскіх), парафіях і іншых месцах, дзе ёсць моладзь.

Я разам з двума сабратамі езджу ў Гассіна, мясцовасць, якая знаходзіцца недалёка ад Турына. Там ёсць дыяцэзіяльная парафія, у якой нясе паслугу толькі адзін святар. Таксама там ёсць араторый, але ўжо на працягу шматлікіх гадоў салезіяне з нашай супольнасці прыязджаюць і дапамагаюць анімаваць душпастырства.

Знаходзячыся там, праводзім час з дзецьмі і моладдзю, гуляючы, анімуючы, дапамагаючы ў катэхэзе, альбо ў іншых арганізацыйных момантах і сустрэчах. Ёсць група аніматараў, а таксама групы мамаў і татаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці араторыя і парафіі ў Гассіна.

 

У гэтым мястэчку ёсць арганізацыя "Джыратондо", якая дапамагае беларускім дзецям з рэгіёнаў, пацярпеўшых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Два разы на год дзеці ад 7 да 10 гадоў, якія жывуць у небяспечных і неспрыяльных абставінах, прыязджаюць ў Гассіна на два месяцы, і адзін раз у год прадстаўнікі гэтай арганізацыі, валанцёры, аніматары едуць у Беларусь (Гомельская вобласць), каб дапамагчы тым, чым могуць.

У супрацоўніцтве са студэнтамі з Беларускага Педагагічнага Універсітэта імя Максіма Танка служаць дзецям гомельшчыны матэрыяльна, арганізацыяй і правядзеннем летніх вакацый, цікавых гурткоў. Часам едуць і лекары (стаматолагі), каб дапамагчы дзецям, клапоцячыся аб іх здароўі.

 

Шчыра кажучы, я быў здзіўлены, даведаўшыся аб гэтым супрацоўніцтве, бо не ведаў, што існуе гэтая арганізацыя. Увогуле, у Італіі ёсць больш арганізацый, якія дапамагаюць беларускім дзецям.

 

 

 

Вось так з большага выглядае маё жыццё на гэтым этапе фармацыі.

Я шчаслівы, што магу далей ісці дарогай Божай любові, якая мяне кліча служыць моладзі, як святы Ян Боско.

 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Я жадаю студэнтам, каб змаглі пазнаць свецкую навуку, не  забываючыся пра науку Святых.

Св. Ян Боско