Пятніца, 23 Чэрвень 2017 10:16

Рух “Маці ў малітве” у Смаргоні

Аўтар

З кастрычніка 2016 года ў смаргонскай парафіі Св. Міхала Арханёла дзейнічае малітоўная суполка “Маці ў малітве”. Пра тое, як і калі яна паўстала і якую дзейнасць вядзе распытаў sdb.by.

Даведка:

Міжнародны малітоўны рух “Маці ў малітве” (“Mothers Prayers”) узнік у Англіі у 1995г. Яго заснавальніцы – дзве жанчыны-каталічкі з Велікабрытаніі, Вераніка і Сандра. Яны адчулі асаблівую патрэбу маліцца за сваіх дзяцей і ўнукаў, бо ніякім іншым чынам не маглі дапамагчы сваім родным, якія жывуць ў неспакойным свеце. Праз малітву жанчыны зразумелі, што Езус заклікае ўсіх маці даверыць сваіх дзяцей Яго апецы. У хуткім часе Вераніка Уільямз саставіла і выдала буклет абавязковых малітваў. У цяперашні час суполкі “Маці ў малітве” дзейнічаюць больш чым у 100 краінах, а буклет перакладзены і выдадзены на 25 мовах. Першыя малітоўныя групы “Маці ў малітве” на Беларусі з’явіліся ў лютым 2001 года. Зараз гэтыя групы існуюць ва ўсіх дыяцэзіях нашай краіны. Кардынатар руху ”Маці ў малітве” у Беларусі – Людміла Губіна.

Узнікненне групы “Маці ў малітве” у Сморгонi

Варта адзначыць, што ініцыятыва арганізаваць групу, дзе матулі будуць маліцца за сваіх дзяцей, належыць спадарыні Аліцыі Грыцук. Калi яе сыну яшчэ не было i десяцi год, а зараз яму ўжо дваццаць, узнікалі складанасці з выхаваннем. Аліцыя ўвесь час малілася за яго, звярталася за парадамі да святароў. У той час у яе ўзнікла думка, што многія маці маюць пэўныя цяжкасці з выхаваннем. Яна марыла стварыць пры касцёле такую групу, куды б маглі звярнуцца маці, у якіх былі розныя праблемы з дзецьмі. Члены той групы аказвалі б дапамогу і давалі б парады: каму, што і як неабходна рабіць. Але з боку святароў адказ заўсёды быў аднолькавы: так нельга. А хто адкажа як можна? Маці Божая Суцяшальніца Засмучаных у Барунскім касцёле была вядомая Аліцыі з дзяцінства. Яна перыядычна бавала ў Барунскім санктуарыі, Маці Божая адказвала на розныя просьбы і малітвы. А заклік Святога Яна Боско “Даверцеся Марыі і ўбачыце, што такое цуды” яшчэ і пацвердзіў правільны выбар у каго прасіць дапамогі.

У мінулым годзе на свята Божай Міласэрнасці ў Барунах чарговы раз жанчына прасіла Маці Божую аб ласцы навяртання для сына. У той момант прыйшло разуменне, што трэба маліцца  і за яго сяброў. Аліцыя падзялілася, што гэта Маці Божая цудоўным чынам здзейсніла так, што ў наступную нядзелю яна трапіла на Імшу, на якой распачыналася беатыфікацыі Божага Слугі Эдварда Вайніловіча. Тады  словы малітвы “Добры Божа, дай і мне зразумець сваё зямное і хрысціянскае пакліканне, адкрый сэрца маё на Тваю святую волю, бо толькі тады я змагу зрабіць больш добрага для сваёй душы, Бацькаўшчыны, хрысціянскага народа і ўсяго чалавецтва” сталі заклікам маліцца аб узнікненні пры касцёле групы, якая дапамагала б вырашаць праблемы матуль у выхаванні дзяцей.

Пан Бог чуе ўсе просьбы, таму Ён адказаў на малітву спадарыні Аліцыі, але выбраў для гэтага свой час. Заручыўшыся падтрымкай сяброўкі Таццяны Арцеменка, якая таксама жадала ўдзельнічаць у такой групе, Аліцыя звярнулася да ксяндза Паўла Шчарбіцкага SDB. Адказ ксяндза Паўла вельмі  ўзрадаваў: такая група існуе, яна называецца “Маці ў малітве”. Які Пан Бог добры і міласэрны! Варта было толькі даверыць Яму сваю мару і яна здзейснілася найлепшым чынам. Урэшце жанчыны звярнуліся да пробашча Алега Жураўскага SDB, які блаславіў і даў згоду, каб стварыць групу “Маці ў малітве” ў Смаргоні.

   У кастрычніку 2016 года ў парафію прыехала каардынатар руху “Маці ў малітве” ў Беларусі Людміла Губіна. Яна прывезла малітоўныя буклеты, фільм, у якім Вераніка Уільямз растлумачвае парадак малітоўных сустрэч, кнігу Веранікі “Радость подчинения Ему”. Падчас парафіяльных аб’яў Людміла расказвала пра сутнасць руху “Маці ў малітве”. У той дзень 36 матуль пажадалі далучыцца да руху “Маці ў малітве”, а на сёняшні дзень іх ужо 45. Некаторыя маці прыйшлі, каб іх  малітва за дзяцей была больш эфектыўнай, некаторыя шукалі заспакаення ўласнай душы, а некаторыя, каб проста падзякаваць Пану Богу за цудоўных дзяцей. Наталля Субко расказала, што ў той кастрычніцкі дзень на св. Імшы падчас малітвы ўзнікла такая думка: “Пане Езу, зрабі так, каб я была як мага бліжэй да Цябе”. І вось напрыканцы св. Імшы пачула, што існуе магчымасць праз малітву дапамагаць дзецям  і  змяняцца самой. Тады палічыла, што гэта было запрашэнне і для яе.

Першыя сустрэчы павінны былі адбыцца 21, 22 і 23 кастрычніка. Аліцыя адзначае, што  неўзабаве ў яе жыцці пачаліся перашкоды, з імі прыйшлі сумненні. Яна звярнулася з парадай да ксяндза Алега Жураўскага, а ён адразу выкрыў сутнасць: злы дух зусім не жадаў, каб матулі даверылі сваіх дзяцей Пану Богу. Зараз Аліцыя выказвае вялікую падзяку святарам за малітву і падтрымку: ксяндзу Алегу Жураўскаму, ксяндзу Паўлу Шчарбіцкаму, ксяндзу Здзіславу Вэдэру, ксяндзу Чэславу Паўлюкевічу. Вялікай падтрымкай, матывацыяй, сталі словы святароў, якія паўтараліся ў размове з кожным з іх: “Толькі наперад!”  Таму толькі дзякуючы іх малітоўнай падтрымцы ў запланаваны час у парафіі ўжо адбыліся першыя малітоўныя сустрэчы матуль!

Духоўная канцэпцыя руху “Маці ў малітве”

Маці наведваюць малітоўныя сустрэчы перш за усё для таго, каб маліцца за сваіх дзяцей і ўнукаў, а таксама, каб падтрымліваць іншых маці праз малітву і сяброўскі ўдзел. Не менш важным з’яўляецца асабістае духоўнае развіццё.

Духоўная канцэпцыя ўдзельніц руху “Маці ў малітве” – прастата, абсалютнае падпарадкаванне сваёй волі Пану Богу і радаснае служэнне Яму. Пра радасць у жыцці шмат разважаюць маці, кожная жадае, каб гэтай радасцю было напоўнена яе жыццё і жыццё яе дзяцей. Св. Ян Боско казаў: “Д’ябал баіцца радасных”. Не забываючы аб гэтых словах на кожнай сустрэчы маці з даверам звяртаюцца да Езуса за дапамогай. І Пан Бог выслухоўвае іх малітвы: усе жанчыны прыходзяць на сустрэчы з прыемнымі ўсмешкамі на тварах, з цеплынёй вітаюцца адна з адной, цікавяцца дамашнімі справамі. Цяжка паверыць, што многія з іх былі незнаёмымі яшчэ некалькі месяцаў назад.

Жанчыны расказалі, што заснавальніца руху Вераніка Уільямз  выдае інфармацыйныя лісткі. У апошнім была такая фраза: “Калі вы самотныя ў сваёй веры, то цяжка папасці на неба. З вамі павінен быць яшчэ хто-небудзь”. Такая моцная падтрымка аднадумцаў на самай справе дапамагае змяняцца жанчынам, умацоўвацца ў сваёй веры. Таццяна Арцёменка расказала, як матулі са смеласцю бяруць на сябе новыя і новыя малітоўныя абавязкі – усе удзельніцы руху маліліся за здароўе кс. Алега Каралёва SDB падчас яго хваробы, а таксама ў малітвах верных заўсёды моляцца ў інтэнцыях, аб якіх просяць бліжнія. Ад вербнай нядзелі арганізавалі такі малітоўны штурм, калі ўсе адначасова а дзявятай гадзіне вечарам маліліся “Вяночак да Божай Міласэрнасці”, а затым далучылі Навэнну да Божай Міласэрнасці ў інтэнцыі навяртання родных людзей. Такая агульная малітва мела свой працяг у маі Літаніяй да Маці Божай, у чэрвені літаніяй да Сэрца Езуса. Таццяна таксама адзначыла, што ўдзел у парафіяльных набажэнствах стаў больш свядомым.

Божая прысутнасць і малітва пробашча

Што б ні рабілі жанчыны, ва ўсім яны бачаць Божую прысутнасць: у арганізацыі Адарацый, Крыжовага Шляху, у супольных спевах… І тое, што ў групе няма нейкіх таямніц адна ад адной, а ўсе жанчыны адчуваюць сябе як сёстры, гэта таксама лічаць Божай ласкай.

У дыяцэзіяльны Дзень Маці, першая нядзеля мая, матулі прынялі ўдзел у аўтобуснай пілігрымцы да слыннага цудамі абраза Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы засмучаных. Жанчыны вельмі ўдзячныя ксяндзу пробашчу Алегу Жураўскаму SDB, які быў ініцыятарам гэтага паломніцтва. Удзельніцы руху распавялі, што заўсёды адчуваюць малітоўную падтрымку свайго душпастыра і самі заўсёды за яго моляцца. Ксёндз Алег не раз сустракаўся з матулямі, праводзіў духоўныя размовы, адказваў на хвалюючыя пытанні. Святар заўсёды адкрыты на сустрэчы з тымі, у каго здараецца нейкая праблемная сітуацыя.  

У цяперашні час у асяроддзі смаргонскіх жанчын руху “Маці ў малітве” узнікла новая ініцыятыва – аказваць святарам больш грунтоўную малітоўную падтрымку і стварыць для іх так званыя “Маргарыткі”. Многія выказваюць жаданне маліцца за ксяндза пробашча, за біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB і за іншых святароў.

У чэрвені, верасні, у студзені і сакавіку адбываюцца агульныя сустрэчы тых груп “Маці ў малітве”, што дзейнічаюць па ўсёй краіне. У гэтым месяцы такое мерапрыемства будзе адбывацца ў Ляхавічах. Вядома, што маці не могуць надоўга пакінуць дзяцей, сям’ю, але некалькі чалавек збіраецца здзейсніць паездку ў Ляхавічы.

Рух “Маці ў малітве” і перамены ў жыцці

Збіраючыся разам у групах, жанчыны шчыра моляцца да Духа Святога за сваіх дзяцей, чытаюць Святое Пісанне, спяваюць песні праслаўлення Пана Бога. Удзельніцы на гэтых сустрэчах часта заўважаюць, як Бог праз Сваё Слова адказвае на розныя пытанні, якія іх хвалююць. Малітвы адбываюцца адзін раз у тыдзень, а жанчыны з нецярпеннем і радасцю чакаюць гэтых малітоўных сустрэч. Матулі расказалі, што дзякуючы адна адной, яны духоўна ўзрастаюць.

Удзельніцы руху яскрава адчуваюць, як змянілася іх жыццё пасля наведвання групы “Маці ў малітве”: кожны дзень стаў пачынацца з радасці, з’явіўся давер да Бога, палепшыліся адносіны на працы, у сям’і, дзеці пачалі давяраць... Многа прыемных і радасных гісторый расказалі таксама матулі: у сям’і сына многа гадоў не было дзяцей, а ў хуткім часе пасля пачатку малітваў з’явілася радасная навіна – цяпер бабуля чакае ўнука. Іншыя гісторыі: малады чалавек прыступіў да сакраманту Пакаяння перад святам Вялікадня, пасля доўгага перыяду чакання сын знайшоў працу…Але самым радасным пацвярджэннем, што Бог адказвае на малітвы, з’яўляюцца выказванні самых дзяцей: “Толькі таму, што ты, мама, молішся за мяне, са мной не здарылася аварыя”. Сын у якога былі праблемы з алкаголем сказаў: “У мяне, дзякуючы тваім малітвам, мама, нават іншыя думкі пачалі з’яўляцца”. Думкі такія: “Так раблю, бо гэта маё жыццё. Але ты, мама, маліся за мяне”.

Наталля адзначае, што ў групе ёсць матулі маладога ўзросту, у якіх яшчэ маленькія дзеці. Яны адчулі неабходнасць даверыць сваіх дзяцей Богу. І гэта вельмі важна, бо толькі ў Яго ёсць лепшы план жыцця. А праз давер Богу лепш папярэдзіць узнікненне праблем, чым  затым змагацца з імі.

І самае галоўнае, як сцвярджаюць жанчыны – з’явілася адчуванне ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Яны ведаюць, што Бог абавязкова адорыць іх сіламі, каб справіцца з усім, што будзе адбывацца ў жыцці. 

Як уступіць у рух “Маці ў малітве”?
 
Існуе мацярынства не толькі фізічнае, але і духоўнае. Яно аб’ядноўвае жанчын, нават калі яны не маюць дзяцей. Таму ў групу “Маці ў малітве” можа ўступіць кожная жанчына!
 
Кантактныя дадзеныя для тых жанчын, якія жадаюць уступіць у рух “Маці ў малітве”:
 +37529 215-08-20 (Спадарыня Аліцыя Грыцук)

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Будзце паслухмянымі. Праз гэта мы будзем дастойныя споўніць Божую волю і зробім адзіны крок у верх па лесвіце святасці.

Св. Ян Боско