Субота, 06 Жнівень 2016 19:42

Завяршыліся Сусветныя Дні Моладзі ў Кракаве

Аўтар

На працягу тыдня салезіянская моладзь з Беларусі ўдзельнічала ў Сусветных Днях Моладзі 2016, якія адбываліся ў польскім горадзе Кракаў. Уся праграма дзён моладзі была дапасаванай да Году Міласэрнасці.

 Пілігрымы з Беларусі мелі вельмі насычаную праграму, знаёміліся са славутасцямі Кракава, вандравалі па святым месцам, удзельнічалі ў катэхэзах і набажэнствах з Папам Францішкам. Адметным днём для салезіянскай моладзі стаў дзень, калі сустракаліся ўсе салезіяне, якія прыбылі на СДМ з розных канцоў свету, унікальны момант у жыцці, паўдзельнічаць у інтэрнацыянальнай Салезіянскай акцыі такога маштабу.

Пілігрымы вярнуліся ў Беларусь і прыступілі да сваіх штодзённых абавязкаў, але не аднойчы ў сваіх успамінах яны будуць вяртацца да Сусветных дзён моладзі, якія адбыліся ў Кракаве. Узгадваць архітэктуру гэтага прыгожага горада, яго ветлівых жыхароў, тыя святыя месцы ў якіх пабывалі, словы Папы Францыска, які перасцерагаў моладзь ад ляноты і заклікаў да дзейнасці. Некаторыя з пілігрымаў пажадалі падзяліцца сваімі ўражаннямі ад СДМ2016 з чытачамі парталу sdb.by.

Павел Слізевіч:

Ехаў першы раз на СДМ. Не ведаў наогул, нават прыблізна, як гэта будзе адбывацца. Нават сумняваўся троху, ці не будзе гэта больш моладзевая, чым каталіцкая сустрэча. Дарэмна. Будзе хлуснёй сказаць, што ўсе прайшло супер: было шмат недахопаў арганізацыйных, з боку менавіта арганізатараў СДМ, розных іншых перашкод, але ўсе гэта дробязі. Яны ніяк не ўплываюць неверагоднасць сустрэчы. Пералічваць цудоўныя моманты можна бясконца: прабіраючае да дрыжыкаў выступленне моладзі з Плоцка, на сустрэчы салезіянаў, якая стварыла па просту прынікаючы ў глыбіню душы канцэрт і пантамімы; цудоўнае прадстаўленне кантынентаў і іх святых падчас сустрэчы з Папам (а як можна забыць пра Еўропу, прадстаўленую беларускім голасам?); крыжовы шлях, які не адпускаў ні на хвіліну, праз які ты яшчэ бліжэй зразумеў таямніцы Адкуплення нашай віны; канферэнцыі ў парафіях (сумна толькі, што атрымалася пабыць толькі на адной беларускай, але нават гэтага хапіла, каб паездка не прайшла на дарма.); словы Папы Францішка і галоўнае гэта Святыя Імшы штодня і Адарацыі, тое абагульняючае Усё, без чаго не было б аніякага сэнсу ў гэтым усім. Сорамна толькі, што шмат часу патраціў дарэмна, не разважаў над словамі Жыцця, якія чуў там. Але спадзяюся, што тое, што адклалася ў сэрцы і занатавана ў блакноце дасць карані, хай можа і праз запозненыя разважанні, ужо не на СДМ. Не магу не сказаць велізарнае дзякуй ксяндзу Станіславу SDB і ўсім тым, хто далучыўся да прыгатавання гэтай паездкі. Без вас - нас там не было б. Дзякуй вялікі таксама ўсім, хто быў побач падчас гэтых дзён, за іх сяброўства і сведчанне Веры. Гаспадарам, што прынялі нас, хоць яны гэтага хіба і не прачытаюць (але візітка sdb.by у іх есць, так што, хто ведае). Але асабістае дзякуй толькі Аднаму - Богу. Па першае, за тое, за што нельга пераставаць дзякаваць ніколі - за адкупленне нас Сваёю Крывёю. А таксама і за тое, што на гэта падарожжа была ягоная Воля. Хвала Пану!

Дзіяна Дудойць:

Калі я даведалася, што ёсць магчымасць паехаць на СДМ у Кракаў, я адразу вырашыла, што павінна быць там. Гэта ўнікальная магчымасць, якую нельга было губляць. Думкі, эмоцыі, перажыванні, якія я адчула падчас гэтых дзён, немагчыма перадаць словамі. Атмасфера, якая панавала паміж моладдзю, была неверагоднай. Вельмі цудоўна разумець, што ўсе мы розныя, але сабраліся дзеля аднаго: каб сустрэць Езуса. Дзякуючы простым і шчырым словам Папы Францыска, я даведалася шмат новага і цікавага. Некаторыя яго думкі найбольш яскрава запомніліся мне. Ён казаў : “Не дайце ўвесці пад наркоз вашу душу”, “ Езус – спадар рызыкі! Не хавайце ў сабе зацікаўленасць, але рызыкуйце.” Гэтыя словы гучалі як заклік для моладзі, заклік змагацца за сваю будучыню і будучыню ўсяго народа. Я магу шчыра і ўпэўнена сказаць, што ўва мне сапраўды распалілася іскра Божай міласэрнасці, якой я павінна цяпер падзяліцца з іншымі.

 

Аляксандра Вільтоўская:

Я ў захапленні. На такой сустрэчы я ўпершыню. Паездка на Сусветныя Дні Моладзі пакінула моцны духоўны адбітак на маім развіцці ў веры. Дзякуй, Пану Богу за такую магчымасць.

 

Віталій Крыстал:

Калі з’яўляецца магчымасць некуды паехаць, заўжды імкнешся яе выкарыстаць! І вось гэты шанец! Сусветная сустрэча моладзі і сустрэча з Папам у Кракаве 2016! І гэта не проста паездка, гэта магчымасць аднавіць сябе, узбагаціць сябе духоўнай моцай і быць падрыхтаваным да дасягнення новых вяршыняў і мэтаў! І чаканні спраўдзіліся! Атрымалася дастаткова насычаная і дружная паездка, валадаром у якой быў Езус! Менавіта зараз разумееш, наколькі Ты малы і слабы чалавек! Вандроўка ў Кракаў дапамагае ў чарговы раз зразумець, што з Езусам магчыма ўсё ў гэтым няпростым зямным жыцці! Вялікі дзякуй, усім тым, хто быў побач падчас гэтай пілігрымцы, хто прымаў на начлег, хто настаўляў і хто проста сказаў “Прывітанне, Ты адкуль?”. Вера здзяйсняе неверагодныя рэчы! З Богам!

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Да хваробаў душы трэба адносіцца так жа сур’ёзна, як да хваробаў цела.

Св. Ян Боско