Нядзеля, 07 Люты 2021 16:09

ПАВЕДАМЛЕННЕ ГЕНЕРАЛЬНАГА НАСТАЯЦЕЛЯ ДЛЯ МОЛАДЗІ НА СВЯТА ДОНА БОСКО

Аўтар

“Радуйцеся заўсёды ў Пану” (Флп 4, 4)

Мая дарагая моладзь, радасць з'яўляецца галоўнай рысай хрысціянскага жыцця.

Сардэчна вітаю кожнага з вас на пяці кантынентах: вас, моладзь "салезіянскага свету", і тых, хто атрымае праз вас гэтае пасланне.

У артыкуле 17 Канстытуцыі салезіянаў Дона Боско, які называецца "Аптымізм і радасць", мы чытаем: "Паколькі ён з'яўляецца прадвеснікам Добрай Навіны, [салезіянін] заўсёды радуецца. З яго паходзяць струмені гэтай радасці і ён здольны выхоўваць у хрысціянаў радасны падыход да жыцця". Я ўпэўнены, што такі падыход для нас, салезіянаў, і для ўсіх членаў нашай салезіянскай сям'і - гэта штосьці прыгожае, што з’яўляецца часткай нашай харызматычнай ідэнтычнасці. Як бы мне хацелася, каб так было і ў вашым жыцці, дарагая моладзь!

Я хачу паразважаць з вамі пра гэтую глыбокую радасць, якая зыходзіць ад Бога і ад сувязі з Ім. Безумоўна, місія нашага хрысціянскага паклікання таксама ў тым, каб несці радасць свету: гэту глыбокую і сапраўдную радасць, якая доўжыцца таму, што паходзіць ад Бога. Я перакананы, што вы, як і многія маладыя людзі, прагнеце (а часам і патрабуеце) чуць, што хрысціянскае  пакліканне - гэта радасць і надзея.

Дарагая мая моладзь, нашы сэрцы створаны для радасці і для жыцця ў надзеі. Гэта тое, з чым мы нараджаемся, тое, што моцна ўкараняецца ў сэрцы кожнага чалавека: сапраўдная радасць, не мімалётная, але глыбокая і поўная, якая надае "смак" нашаму існаванню. "Вы, моладзь - гэта сучаснае праяўленне Бога", - казаў Папа Францішак[1]. Вы знаходзіцеся на тым этапе, калі пазнаеце жыццё, адкрываеце сябе і адносіны з іншымі. Вы шукаеце будучыню, і ў вас ёсць мары. Вы прагнеце шчасця, сяброўства і моцнай любові. Вы любіце дзяліцца, маеце ідэалы і складаеце планы. Усё гэта з'яўляецца часткай вашага юнацкага жыцця. Я не кажу, што ўсе маладыя людзі жывуць такім чынам. На жаль, ёсць тыя, якія вельмі далёкія ад гэтых мараў, хоць таксама маюць права развіваць іх і не павінны адмаўляцца ад іх. У жыцці мы маем дары, якія няспынна пасылае нам Айцец: радасць заставацца жывымі і здаровымі, радасць прыгажосці прыроды; радасць сяброўства і сапраўднай любові, радасць ад добра зробленай працы, нават калі яна патрабуе намаганняў, але прыносіць вялікае задавальненне. Радасць добрай сямейнай атмасферы - нават калі не ўсе з вас сустрэліся з гэтым ў жыцці; радасць ад таго, што вас разумеюць, радасць служыць іншым.

Прыемна ўсведамляць, што мы з'яўляемся часткай гэтай рэальнасці, дарагая моладзь, і разумець, што ўсё гэта не плён выпадковасці, а тое, чаго Бог жадае для кожнага з нас, для кожнага з вас, таму што Бог - гэта крыніца сапраўднай радасці, і гэта радасць бярэ свой пачатак у Ім. Прыемна ўсведамляць, што Бог нас вітае, прымае і любіць. Прыемна адчуваць у глыбіні сэрца, што Бог любіць кожнага асабіста. Маладога чалавека вельмі кранае той момант, калі ён упэўнена можа адкрыць для сябе вялікую ісціну: "Бог мяне любіць. І ён любіць мяне безумоўна, непаўторна і асабіста". І вялікім доказам такой любові з'яўляецца сустрэча з Яго Сынам Езусам Хрыстом: у Ім мы знаходзім радасць, якую шукаем. Сапраўдная і рэальная сустрэча з Езусам у кожным абуджае вялікую ўнутраную радасць.

Калі я пішу гэта, я думаю пра вас, дарагая моладзь, якая належыць да іншых рэлігій, хто, магчыма, на уласным прыкладзе не можа адчуць тое, што я кажу пра Езуса, хоць і разумее мае словы. Аднак вы можаце мець гэтыя асабістыя і блізкя адносіны незалежна ад вашай рэлігійнай прыналежнасці: Бог любіць вас і любіць вас глыбока, бо любі́ць бязмерна усё, што Ён стварыў – ёсць сутнасць Бога. Вы ёсць у Яго любові; І я таксама. Кожны з нас, кожны з вас, дарагая моладзь.

Любая ў Богу моладзь, дзе б вы ні знаходзіліся, незалежна ад вашай рэлігіі, адкрыйце сваё сэрца Богу, адчуйце, што Бог ёсць прысутны ў вашым жыцці, што Ён верны і ніколі не пакіне вас. Мы заўсёды можам сустрэць яго ў Яго Слове: "Калі знаходзіў Твае словы, я паглынаў іх, і Тваё слова стала для мяне радасцю і ўцехаю сэрца майго". (Ер 15, 16). Прыслухайцеся да голасу Бога і да Яго Слова, і вы атрымаеце шмат адказаў на пытанні, якія маеце ў сваім сэрцы і ў сваіх думках.

Падобна таму, як рабіў Дон Боско, айцец і настаўнік моладзі ва ўсім свеце, я хацеў бы прапанаваць вам ад яго імя быць мужнымі і ніколі не адыходзіць ад Бога, усёй душой выбіраць Яго кожную хвіліну вашага жыцця, не быць задаволеным, калі даеце мінімум, але аддаваць лепшае, што ёсць у вашых сэрцах. Ваша жыццё, дарагая моладзь, з’яўляецца каштоўным дарам, і да якога б служэння вас Бог ні паклікаў, варта аддаваць усяго сябе, жыць у служэнні і любові да іншых. Як кажа Папа Францішак: "Дарагая моладзь, вы бясцэнныя! Вы не для продажу! Калі ласка, не дазваляйце сябе купляць. Не дазваляйце спакушаць сябе. Не дазваляйце падпарадкоўваць сябе ідэалогіі, якая фарміруе вашыя думкі і ў выніку робіць вас рабамі, наркаманамі, прыносіць расчараванні ў жыцці. Вы бясцэнныя (...) Закахайцеся ў гэтую свабоду, якую прапануе Езус"[2].

Па прыкладзе Дона Боско, заахвочваю вас, як я пісаў у дэвізе на мінулы год, напаўняцца энтузіязмам, успрымаць жыццё як свята, веру - як сапраўднае шчасце. Такі шлях Дон Боско выбраў для сябе і здзейсніў гэта реальнасцю са сваімі хлопцамі ў Вальдокко. Сёння такім Вальдокко святочнага жыцця і радасці можа стаць любое з салезіянскіх альбо несалезіянскіх месцаў і дамоў, дзе вы знаходзіцеся. Я прашу вас стаць і быць місіянерамі радасці, таму што вы вучні і паслядоўнікі Езуса. Распавядайце сябрам і іншым маладым асобам, што вы знайшлі каштоўны скарб, якім з'яўляецца сам Езус. Распаўсюджвайце радасць і надзею, якія паходзяць ад веры, дзяліціся гэтымі дарамі з іншымі.

Будзьце місіянерамі для іншых маладых людзей, як прапаноўваў Дон Боско сваім хлопцам у Вальдокко, каб прыносіць найбольш патрабуючым, тым, каму дрэнна, хто пакутуе, і тым, хто "не мае магчымасцяў", радасць, якую Езус прапануе кожнаму. Нясіце гэтую радасць у свае сем'і, школы, універсітэты; кажыце пра гэта на месцах працы і сваім сябрам. Вы ўбачыце, калі радасць у вашым сэрцы паходзіць ад Бога, яна па-сапраўднаму стане заразнай, дзівосна заразнай, бо дае жыццё.

Спадзяюся, што пасля гэтых разважанняў вам лягчэй зразумець словы, якія Дамінік Савіо зазвычай паўтараў у Вальдокко: "Сапраўдны святы  заўсёды радасны".

Няхай Марыя, Маці і Дапамога хрысціянаў, суправаджае ўсіх нас у гэтым падарожжы. Яна прыняла Бога ў сабе і абвяшчала Яго песняй хвалы і радасці: "Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы" (Лк 1,46-47).

 

Якая радасць адгукаецца ў вашых сэрцах сёння, дарагая мая моладзь?

Жадаю вам быць шчаслівымі цяпер і заўсёды ў Небе, як казаў Дон Боско!

Благаслаўляю вас і атуляю сапраўднай і глыбокай любоўю,

Генеральны настаяцель

Анхель Фернандес А. SDB

 

[1] Францішак. Гамілія на святой Імшы падчас Сусветных дзён моладзі, Кампа Сан-Хуан-Пабла II - Парк метро (Панама), 27 студзеня 2019 г. У Пастсінадальнай апостальскай адгартацыі Папа таксама выкарыстоўвае гэтыя словы ў якасці назвы раздзела III

[2] Францыск, CM \ 122

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Салезіянская “Атлантыда” на беларускай зямлі

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Заўсёды прыступаючы да Святой Камуніі, старайцеся быць дарагімі Богу і людзям, а Святая Маці будзе прасіць вам аб гэтай ласцы, каб прынялі Святую Камунію ў канцы вашага жыцця.

Св. Ян Боско