Чацвер, 28 Студзень 2021 23:12

1921 Дварэц

Аўтар
Першым салезіянскім цэнтрам на тэрыторыі сучаснай Беларусі стала вёска Дварэц Дзятлаўскага раёна. У тыя часы гаспадыняй маёнтка была Марыя Ева Радзівіл з дому Завішаў. Княгіня Марыя славілася мецэнацтвам. Менавіта яна прыняла рашэнне ахвяраваць палац і землі ў Дварцы салезіянам. У чэрвені 1921 года ў Дварэц накіроўваецца кс. Людвіг Гастыла SDB, які стаў першым салезіянінам на беларускай зямлі.
Па просьбе дзяржаўных уладаў спачатку салезіяне зрабілі ў Дварцы часовы прытулак для сірот. Ужо 21 красавіка 1922 года туды прывезлі першых хлопцаў. З прытулку для сірот дом у Дварцы вельмі хутка ператварыўся ў прафесійную школу з абутковымі і сталярскімі майстэрнямі. У 1927 годзе дом у Дварцы стаў уласнасцю Таварыства св. Францішка Сальскага, а манаскія ўлады зарэгістравалі дом пад тытулам св. Юзафа. Першым дырэктарам манаскай супольнасці быў абраны кс. Віктар Зджалэк SDB. У 1934 годзе па просьбе Мітрапаліта Віленскага Рамуальда Ялбжыкоўскага салезіяне ўзялі пад апеку таксама і мясцовую парафію. Першым салезіянскім пробашчам парафіі Божага Цела ў Дварцы стаў кс. Ян Жак SDB. Перспектыўная дзейнасць дварэцкай школы не была доўгай. 17 верасня 1939 года савецкія войскі ўвайшлі ў Дварэц. Адразу адбылася касацыя салезіянскага цэнтра, а ўся маёмасць салезіянаў была разрабавана. Падчас ваенных дзеянняў будынак школы быў прыстасаваны пад склад, дзе захоўвалася амуніцыя, а пазней яго ўзарвалі.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пабожнасць, навука, радасць – яны прынясуць вам шмат салодкага, як мёд, задавальнення.

Св. Ян Боско