Святы часоў Апакаліпсіса

У Кракаве маю знаёмую законную сястру, якая знаходзіцца ў кляштары сясцёр клярысак. Яна мае вельмі вялікае набажэнства да св. Яна Боско. Для мяне, салезіяніна, бачыць жывы культ нашага заснавальніка ў іншым законе было дзіўна. Сястра Ядзвіга вельмі часта ў размовах пра ксяндза Боско паўтарае: “Гэта святы часоў Апакаліпсіса”. Гэты новы тытул нашага святога вельмі доўга не ўладкоўваўся ў маёй галаве. Калі запытаў сястру, чаму яна так яго кліча ў сваіх малітвах, яна адказала: “Гэта Хрыстовы рыцар, які забраў у д’ябла яго штодзённы хлеб – душы! Пекла, якое бачыў у снах і з якім ваяваў аж да выканчэння, ненавідзіць яго усёй сваёй нянавісццю. Веру, што так, як ратаваў душы з пастак д’ябла пры жыцці – ўратуе і перад канцом нашага свету”.

Пасля размоў з с. Ядзвігай я пачаў прыглядацца да святога Яна Боско менавіта з гэтага пункту гледжання. Ксёндз Боско ў маіх вачах і вачах усяго каталіцкага свету асацыіруецца з радасццю, усмешкай, рухам, аптымізмам. І гэта добрая асацыяцыя! Аднак, калі глядзець глыбей, можна зразумець, што тая радасць і аптымізм – гэта канкрэтная зброя з нянавісцю да пякельнага ворага. Ён не баяўся з амбоны і падчас асабістых сустрэч казаць пра пекла, суправаджаць тых, якія выразна праз свае ўчынкі туды накіроўваліся, і, што самае галоўнае, ратаваць тых, якіх сабе падрыхтаваў д’ябал. Быць ворагам пекла стала яго місіяй і нават пакліканнем. Менавіта св. Яну Боско належаць словы: “Ксёндз не ідзе сам да неба, не ідзе таксама сам да пекла. Калі чыніць дабро, пойдзе да неба разам з душамі, якія былі збаўлены яго добрым прыкладам; калі чыніць зло і з’яўляецца прычынай згаршэння, пойдзе на згубу разам з душамі, якія сталіся асуджанымі праз яго благое сведчанне”.

У сённяшнім свеце заўважаю тэндэнцыю не казаць пра пекла, д’ябла, цяжкі грэх. Трэба каб усё было дыпламатычна, каб каго-небудзь не напалохаць. Вялікая колькасць людзей увогуле кажаць, што Бога і д’ябла няма - гэта міф. У такой сітуацыі міласэрны Бог церпіць з-за бязвер’я і няўдзячнасці людзей. А д’ябал? А ён трыўмфуе! А што яму болей жадаць: не верачы ў яго, ніхто яго не асцерагаецца і не змагаецца з тым, што ён маскіруючы прапаноўвае чалавеку. Па праўдзе кажучы, сучасны свет забраў у д’ябла працу. Яму больш не трэба нічога рабіць – чалавек сам усё зробіць.

27836380 1732825720131535 1040237636 o

Вораг д’ябла

Св. Ян Боско быў ворагам д’ябла і пекла. Ён ведаў кошт, які заплацяць тыя, што адвярнулі аблічча ад Бога. Кожную хвіліну жыцця ахвяраваў, каб ратаваць тых, каму пагражае небяспека. І сапраўды д’ябал яго за гэта ненавідзіў. Часта нават атакаваў яго ў снах. Святы прачынаўся ад пачуцця, што яго штосьці душыць, альбо груба скідывае з ложка. Падобныя атакі злога меў і святы айцец Піо. Гэта не былі атакі спакусаў, толькі помста, поўная роспачы. Шатан у гэтых святых бачыў свой пройгрыш.

Выбіраючы св. Яна Боско ў якасці зброі супраць пекла, Бог даў яму каштоўны дар – сны. Сны святога - гэта тэма-акіян, яны апавядалі будучыню, прадказвалі смерць каралёў і рымскіх пап, але большасць з іх мела сімвалічны характар. У гэтых снах Божы палец паказваў святому канкрэтныя пагрозы, якія маглі знішчыць душы, адданыя апецы святога выхаваўцы. Шмат разоў у снах прыходзіў шатан, кідаў пагрозы, а часамі нават адкрываў таямніцы - чаму так ці іначай адбываецца з чалавечай душой. Д’ябал прыходзіў да яго ў розных абліччах: вялізны вуж, слон, бык, неіснуючае жудаснае стварэнне. Сам святы казаў салезіянам, што Бог, паказваючы нам д’ябла і пекла, выкарыстоўвае сімвалы, бо калі б мы ўбачылі іх сапраўднае аблічча, нашыя сэрцы не вытрымалі б.

Адной з яго найбольш жудасных прывідаў быў сон пра пекла 17 красавіка 1868 года. Няшмат якія святыя мелі гэты па-сапраўднаму жахлівы дар – бачыць тых, якія вечна церпяць. Пекла ўбачылі, напрыклад, св. Кацярына Сіенская, святыя дзеці з Фацімы і наш святы Ян Боско. Пасля гэтага сну ксёндз Боско вельмі доўга адчуваў сябе дрэнна. Яго сэрца не магло знесці таго, што церпяць асуджаныя. Аднак, сабраўшы сілы, ён зразумеў, што павінен зрабіць усё, каб тых няшчасных было як мага меней. Поўны смутку і жаху ў вачах апавядае гэты сон у араторыі, каб перасцерагчы юнакоў і салезіянаў.

Прывід пекла

Ксёндз Боско з таямнічым правадыром, які быў з ім амаль падчас кожнага прывіду, распачынае сваю вандроўку на шырокай дарозе. Шлях гэты быў гладкі і прыгожы, але, як у хуткім часе заўважыў святы, вёў радыкальна ўніз. На гэтай дарозе ён бачыў шмат людзей, таксама былі там хлопцы з араторыя. Пілігрымы мелі на сабе надпісы, якія сведчылі аб грахах, што вызначылі кірунак вандроўкі. Ксёндз Боско, як сапраўдны ваяр Хрыста, пачаў разглядаць надпісы, каб выявіць грахі, якія найчасцей паяўляюцца і з якімі трэба будзе дапамагчы юнакам у араторыі. На найбольшай колькасці надпісаў віднеліся наступныя правіны: нячыстасць, непаслухмянасць і пыха. Аглядаючы душы, якія мелі гэтыя грахі, святы заўважыў, што ўсе тры амаль заўсёды ў камплекце паўяўляліся разам. Ён зразумеў, што яны выходзяць з сябе ўзаемна, кожны з іх з’яўляецца іх жа плёнам.

Бачыць, як шмат душаў ідуць на вечнае асуджэнне, для ксяндзя Боско было незносным. Плачучы, святы пытае свайго правадыра: “Што з’яўляецца прычынай згубы тых душ, асабліва маладых юнакоў?”. Правадыр адказаў: “Благія сяброўства, амаральныя кнігі і грэшныя навыкі”. Думаю, што гэтыя тры пункты актуальныя і ў наш час. Размаўляючы з моладзю, якая дзесьці згубіла ў жыцці дарогу, спатыкаюся з адным і тым жа зместам гісторыі:

  1. Пачаў хадзіць з благімі кампаніямі;
  2. нічога благога не бачыў у парнаграфіі і сэксуальных практыках;
  3. барацьба з грэшнымі навыкамі і залежнасцямі для мяне была бессэнсоўнай.

Гэты сцэнарый ні адну душу даводзіць да духоўнага і маральнага дна, а што самае галоўнае, да ўнутранай пустаты.

Акрамя пакутаў і прычынаў граху, Бог паказаў Яну Боско сродкі, дзякуючы якім душа можа вызваліцца з путаў д’ябла, пакуль яшчэ крочыць у пілігрымцы жыцця. Святы апавядае пра раскіданыя на дарозе нажы, мячы, малаткі. Апісывае іх прызначэнне наступным чынам: “Нажы большых памераў азначалі медытацыю і дазвалялі без цяжкасцяў сарваць путы пыхі. Троху меншыя азначалі чытанне духоўных кніг. Два спецыяльныя мячы сімвалізіравалі набажэнства да Найсвяцейшага Сакрамэнту, а асабліва частую Камунію і набажэнства да Маці Божай. Малаток – гэта святая Споведзь. На некалькіх меншых нажах былі відочныя надпісы: набажэнства да св. Юзафа, св. Алаізія і іншых святых. Пры дапамозе гэтых сродкаў шмат хлопцаў, якія мелі добрую волю, змаглі звольніць сябе з паніжаючай няволі”.

Гэтым сродкам святы быў верны да канца жыцця. Усе яго гаміліі, катэхэзы і слоўкі на добрую ноч базіраваліся на гэтых праўдах: Эўхарыстыя, Марыя, Споведзь і культ святых. Яго запал у абвяшчэнні гэтых збаўленных практык быў настолькі вялікі, што кажучы пра гэта з амбоны, не раз плакаў і з узрушэннем заклікаў юнакоў і салезіянаў да шчырай цэлебрацыіі гэтых святых набажэнстваў.

Таямнічы будынак

Калі Ян Боско разам са сваім правадаром дайшоў да канца дарогі, убачыў таямнічы будынак. На вялізных дзявярах віднеўся надпіс: “Мейсца, дзе няма збаўлення”. Гэта была брама пекла. Убачыўшы хлопца, які накіроўваўся да гэтых брам, святы прагнуў яго затрымаць, але правадыр сказаў, што тут на яго лёс ніхто не мае ўплыву. Юнак падышоў да дзвярэй, якія паглынулі яго нібы ў вялізную вогненную печ. Сітуацыя пачала паўтарацца. Хлопцы падыходзілі да дзявярэй з надпісам свайго прысуду на чале. Дзверы пекла за адну секунду паглыналі іх. Некаторых у пекла кідалі благія сябры, іншыя былі звязаныя з іншымі, што азначала ўдзел іншых асоб у грахах юнакоў. Святы апавядае, што аглядаючы гэты жудасны рытуал, выліў усе свае слёзы і страціў голас ад крыку, папярэджваючы асуджаных, аднак ніхто яго не пачуў.

Кульмінацыяй быў уваход святога праз брамы пекла. Углядаючыся ў жудасны, не маючы канца калідор, святы пачуў вялікі ўнутраны боль, моц яго пачала пакідаць. Правадыр сказаў да яго наступныя словы: “Ад гэтай хвіліны тут больш ніхто не будзе мець калегаў, якія яму дапамогуць, ані добразычлівага сябра. Не сустрэне любячага сэрца, ані позірку, поўнага літасці, і не пачуе ані воднага добрага слова. Гэта ўсё прапала назаўсёды”. Ідучы далей, уваходзяць у цёмную пячору, з вялікім страхам Ян Боско апісвае тое, што ўбачыў: “Уся пячора і ўсё, што ў ёй(…), было распалена да белага жару і ззяла тысячамі градусаў гарачыні. Гэты агонь не сгараў, але ператворваўся ў попел. (…) Агарнула мяне вялікая завіруха шалёных думак, бо ўбачыў я як нейкі хлапец разбіваецца аб пякельную браму. Нялюдскі крык выдала яго цела, калі быў укінуты ў начынне з растопленым да беласці металам. Пазней прапоўз у сярэдзіну пячоры. Там яго хутка апанаваў параліч і ён застаўся так ляжаць, аппалены тэмпературай агня. Толькі рэха жудаснага крыку цягнулася яшчэ доўгі час па пячоры”. Вочы святара яшчэ доўга аглядалі, як тысячы душ згараюць у непагасных полымях пекла. Тысячы новых душ выплёўвала ў сэрца валадарства д’ябла вогненая брама. Гэта працэдура роспачы, здавалася, не скончыцца ніколі.

У іншай пячоры святы ўбачыў душы, якія пакутавалі ад нязносных мукаў сумлення, прыпамінаючы нястомна свае правіны і здрады Божай любові. У іх вачах віднелася невымоўная роспач і пачуццё страты – страты таго скарба, якім ёсць добры Бог. Спаралізаваныя душы ад часу да часу былі замучаны і бязлітасна зноў і зноў забіваныя. Святы прагнуў паразмаўляць з церпячымі мукі, каб даведацца аб прычынах іх пякельнага прысуду, аднак душы маўчалі, як бы не звяртаючы на яго ўвагу.

27785908 1732825726798201 2026433627 o

Чыстасць

Правадыр, убачыўшы прагненне Яна Боско даведацца аб прычынах прыбывання душ у пекле, завёў яго ў наступную пячору. Выглядала яна як зала, прыгатаваная для святочнага балу. Над дзвярыма віднеўся надпіс: “Шостая запаведзь”. Правадыр паказаў далоняй на надпіс і сказаў: “Руйнуючы гэтую запаведзь, шматлікія ператварылі сваё збаўленне ў руіны”. Тлумачачы далей, ён падкрэсліў, што мноства душ затойвае гэтыя грахі на Споведзі, не саромеецца гэтых чынаў, альбо апранае грэх у дыпламатычныя словы, каб не прызнацца спаведніку цалкам.

Чытаючы гэтую прывід, ўсвядаміў я сабе, што наш сучасны свет на самой справе не з’яўляецца больш распустным, чым мінулыя часы. Грэх нячыстасці заўсёды лавіў людзей, прагнучы забраць чыстасць не толькі цела, але і духа. У нашыя часы сэксуальнасць больш піярыцца, гэта праўда. У часы ксяндза Боско гэты грэх быў, але існаваў нібы ў канспірацыі, ціха, незаўважальна. Сённяшні свет страціў сорам да цела. Сучасную моладзь не здзіўляе аголеннасць і пастаянная прысутнасць элементаў сэксуальнасці ў рэкламах, фільмах, размовах. Мы проста прызвычаіліся… Ці ж гэта не “бал” для сатаны? Прызвычаянне падсвядома змушае нас у розным працэнце дакранацца да гэтага граху. А дзе ў гэтым святасць асобы, далікатнасць у адносінах, павага да чалавека? Чытаючы гэта, сучасны малады чалавек мог бы падумаць, што мне 60 гадоў, і што людзі, якія так думаюць павінны вымерці як дыназаўры. Такая мода… Думаю, што мода рабіць тое ці іншае загубіць шматлікіх. Старэе тое, што выдумаў чалавечы розум і фантазія. Адзенне, манеры, стылі з часам становяцца неактуальнымі. Аднак Бог актуальны заўсёды, бо Яго не выдумаў чалавек! Ён Бог і кропка! Яго слова, навука, асцярогі, былі актуальныя 2000 год таму і сёння. Калі чалавек сурёзна не падыдзе да Бога, то ім сурёзна можа заняцца д’ябал.

Хцівасць

Ідучу далей, Ян Боско ўбачыў, тых, якія цярпелі з-за прычыны хцівасці і празмернага прагнення багацця. Гэтае згубнае жаданне давяло некаторых да забойства, крадзежа, здрады… Параўноўваючы сітуацыю моладзі ХІХ стагодзя і нашых часоў, трэба падкрэсліць, што тым першым было горай. Сёння эканамічная сітуацыя, напрыклад, у Беларусі, аптымальная. Няма галодных, няма нізкага ўзроўню ўбогасці сярод людзей. Канешне, жадаем большага стандарта, і на гэта мае права кожны чалавек, які працуе. Аднак тут я бы хацеў звярнуць увагу не на жаданне эканамічнай справядлівасці, што ў грунце рэчаў з’яўляецца справай добрай, але на прагненне мець усё за любы кошт. Культ якаснага, добрага жыцця б’е ранг сярод рэкламаў. Праца за мяжой, безпройгрышная латарэя, хуткія грошы ў кароткі срок… Гэта толькі некаторыя дэвізы сённяшняга свету. Размаўляючы з людзьмі, мне часамі здаецца, што без грошай шчасця ўвогуле не існуе. Чалавек для фінансавай адлігі гатовы зрабіць усё: здрадзіць, сведчыць фальшыва, вырачыся праўды, перакрочыць Божыя запаведзі… І невядома адкуль бярэцца гэтае ўжо традыцыйнае самавытлумачэнне: “Дык за штосьці ж трэба жыць”, альбо: “Бога ў каструлю не пакладзеш”. Трэба жыць не за штосці, што мае вартасць толькі тут на зямлі, але для кагосьці: для Бога, родных, сяброў… Не задавальняе нас стандарт, хочацца болей і болей, а гэтае “болей” становіцца раптам болей за Бога і іншага чалавека. Такі дынамізм развіцця мараў і жаданняў людзей прыводзіць нашае грамадзянскае і духоўнае жыццё да ўтопіі.

27846381 1732825730131534 1131148898 o

Непаслухмянасць

Наступным грахом, які стаў прычыннай асуджэння душ, была непаслухмянасць. Гучыць банальна, праўда? Здаецца, што аб такіх рэчах трэба казаць дзецям, а не моладзі і не дарослым. Ян Боско бачыў у пекле хлопцаў з араторыя, якія не слухаючы яго правілаў, якія заставіў сваім выхаванцам, сыходзілі з праўдзівага шляху і, што самае галоўнае, зводзілі іншых.

Непаслухмянасць – грэх супраць Бога, бліжняга і сябе. З гэтага граху пачалася журботная вандроўка першых людзей у свет, поўны болю, цярпення і нястомнага змагання. Непаслухмянасць – гэта першы грэх чалавецтва. Дар нашай вольнай волі настолькі пачынае дурманіць галаву, што ў пэўным сэнсе мы пачынаем змагацца за нашую незалежнасць, адкідаючы правілы, наказы, перасцярогі. Здаецца, што гэта ўсё супраць нас, а нам трэба ахвярна бараніць сваю вольнасць. Пачынаецца ўсё даволі проста – станаўленне аўтарытэту бацькоў на ўзровень ніжэй плінтуса. Пазней атрымоўваюць сваю порцыю выхавацелі і настаўнікі, якім, паводле мяне, яшчэ горай, бо не могуць амаль ніяк паўплываць на моладзь, бо тая рэагуе ў адзін голас: “А што вы мне можаце зрабіць?”, “Я маю правы!”, “Я на вас у суд падам!”. Вось некаторыя словы, якія чуюць настаўнікі ў школах, калі спрабуюць навярнуць выхаванцаў да паслухмянасці і дысцыпліны. А пазней? А пазней у іерархічным парадку атрымоўвае плёны непаслухмянасці Касцёл, духавенства і сам Бог. Непаслухмянасць – гэта не шлях да адновы і новых свабодных уражанняў, але шлях да дэградацыі свабоды дзяцей Божых і жыццё паводле правілаў, якія дыктуе маё вялікае эга.

Дакрануцца да пекла

Апошнім пунктам пілігрымкі св. Яна Боско ўздоўж пякельных мураў быў дотык да яго сцен. Святы не хацеў, аднак правадыр настойваў і урэшце сілай прыклаў руку ксяндза Боско да мура пекла, які адзяляла ад палаючага агню роспачы шатана мільёны кіламетраў. Гэты дотык, які, паводле аповесці святога, доўжыўся ледзве хвіліну, быў дотыкам да вечнай згубы, якой няма канца. Бязлітасны боль апанаваў усё цела і св. Ян Боско з жахам і крыкам абудзіўся, не маючы сіл цярпець далей. Гэты жудасны сон адкрыў перад вачыма святога выхаваўцы праўду аб тым, што чакае душы, якія адвярнуліся ад Божай любові і выбралі шлях самазадавальнення і самапраслаўлення. Бог адарыў яго гэтым прывідам, каб у сэрцы Дона Боско распаліць яшчэ большы агонь ахвярнасці ў ратаванні душ: “Дай мне душы, ўсё іншае забяры!”. Гэтыя словы салезіянскага дэвіза як мага дакладней перадаюць сэнс паслання з таго свету, якое атрымаў Ян Боско: ідзе вайна за душы, іншае проста не лічыцца…

Здаецца мне, калі б больш людзей па-сапраўднаму задумваліся аб балеснай праўдзе пекла, то магчыма, што вялікая колькасць грэшнікаў і недаверкаў спантанна распачалі б дыялог са сваёй душой і сумленнем. Ксёндз Боско не баяўся казаць пра пекла! Ён не страшыў пеклам аратарыйных дзяцей. Ён казаў праўду, а праўда, як кажа прыслоў’е, прыпякае, але вызваляе!

Езус шмат разоў казаў пра апошнія рэчы, якія чакаюць нас пасля смерці, таксама казаў пра пекла і папярэдзіў, што падзел на выбраных і асуджаных адбудзецца неўзабаве. Тэма пекла ў Яго Евангеллі сустракаецца больш за шэсцьдзесят разоў. Аднак, будучы хрысціянамі, мы павінны верыць, што д’ябал не мае над намі моцы, калі Бог з намі. Таму да працы! Ведаючы, кім ёсць мой вораг – хутчэй на барыкады. Трэба абараніць сябе і іншых перасцерагчы. Вера, чыстае сумленне і сакрамэнты – вось наша зброя. Калі ў нашых сэрцах асвячальная ласка, мільёны, мільярды кіламетраў пякельных мураў трымцяць са страху.

Размова аб пекле – гэта заўсёды справа цяжкая і складаная. Па-хрысціянскі гэтая тэма заўсёды павінна адлюстроўвацца ў святле людской годнасці і прыгажосці паклікання да вечнага жыцця. У нашым духоўным жыцці пекла павінна выступаць ў якасці чырвонага святла, якое забараняе ісці пешаходам на другі бок вуліцы падчас руху машын, каб не страціць жыццё – вечнае жыццё. Ксёндз Боско прыпамінаў пра пекла, бо любіў сваіх выхаванцаў і так моцна прагнуў іх уратаваць. Толькі сапраўдны сябра мае адвагу затрымаць свайго сябра перад небяспекай. Вораг паступае наадварот: маўчыць, а нават і цешыцца з гора іншага. Маўчанне сённяшняга свету на тэму д’ябла і пекла з’яўляецца адназначным. Трэба ведаць, хто са мной, а хто супраць мяне ў гэтым пілігрымаванні па сцежках нашага жыцця.

 

Знайшлі памылку? Вылучыце яе і націсніце «Ctrl + Enter»

Пра нас

Кіраўніцтва Рэлігійнай Каталіцкай Місіяй “Таварыства св. Фрацішка Сальскага”

Рэгіянальны Настаяцель Місіі:
кс. Віктар Гайдукевіч SDB

Вікарый і эканом Місіі:
кс. Алег Жураўскі SDB

Радныя:

Каляндар

Люты 2018
Нд Пн Вт Ср Чц Пт Сб
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28

Выбраныя запісы

  • Пасланне Генеральнага настаяцеля да моладзі на Урачыстасць святога Яна Боско
    Мая дарагая моладзь, Дазвольце мне прывітаць вас з вялікай
  • Дні Духоўнасці Салезіянскай Сям’і вачыма кс. Алега Каралёва SDB
    З 18 па 21 студзеня на Вальдокко, вельмі харызматычным
  • Ксёндз Боско вучыў, што Бог прагне, каб мы заўсёды былі шчаслівымі
    Больш чым калі-небудзь я перакананы, што ксёндз Боско і
Угору