Серада, 24 Студзень 2018 00:51

“Трэба расквітнець там, дзе пасадзіў нас Бог”

Аўтар Артур Ляшнеўскі SDB

Cлодыч святасці паводле св. Францішка Сальскага

Праўду кажучы, за акном зіма, але заўсёды, калі надыходзіць 24 студзеня, ўспамін св. Францішака Сальскага, перад маімі вачыма раскрывае сваю прыгажосць нібы каштоўны дыван духмяная вясна. Адразу пачынаю ўяўляць рознакаляровыя кветкі на палях і паласатых пчолак, якія сваёй ахвярнай працай збіраюць каштоўны скарб прыроды – мёд. Мёд заўсёды будзе для нас знакам цеплыні, дабрыні і салодкасці. Часта любім пасмакаваць яго на свежай булцы, альбо адчуць яго лекавую моц ў гарбаце з малінамі. Менавіта гэты твор пчалінага рою з’яўляецца найбольш адпаведным сімвалам постаці святога біскупа Жэневы, якога сёння ў літургіі прыпамінае Касцёл. “Мядовы Доктар” – так называе яго каталіцкая традыцыя, падкрэсліваючы яго лагоднасць  і слодыч любові.

“Бог з’яўляецца Богам людскога сэрца” (Трактат аб Божай любові, I, XV) - у гэтых словах адлюстроўваецца духоўнасць св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла. Гэты святы, па праўдзе кажучы, адкрыў новую эру ў хрысціянскай духоўнасці, якая трывае і па сённяшні дзень. Святы біскуп адхіліў перад вернымі заслону Божай прысутнасці ў свеце, паказаў Бога ў штодзённасці, даў канкрэтныя простыя падказкі на шляху да святасці, а таксама паказаў Стварыцеля, які мае блізкае нашай немачы і слабасцямі сэрца. Божае сэрца дзякуючы яму стала не толькі найсвяцейшым, таямнічым і незразумелым нам, простым людзям, але праявілася ў тэрміне “людское”. Хрыстус, прыняўшы чалавечае цела, стаўся адным з нас. Хто, як не Ён, ведае пра нашыя праблемы, хваляванні, мары? Божае сэрца праз уцелаўленне Езуса стала бліжэй да чалавека, а св. Францішак дапамог простым верным душам гэта зразумець і прыняць Бога, які пасяліўся сярод нас.

Біскуп Сальскі жыў у вельмі складаны час. Гэта была эпоха “2-га гуманізму”, як яе любяць называць гісторыкі. Пратэстанты, якія апаноўвалі Еўропу, з амбонаў сваіх збораў абвяшчалі, што чалавек не мае ўплыву на сваю святасць, гуманізм вывышае чалавека як караля сусвету, кажучы што духоўная дасканаласць – гэта пародыя. У каталіцкай думцы яшчэ панаваў сярэднявечны погляд святасці, магчымай толькі і выключна ў межах вялікіх вырачэнняў і найлепей у якім небудзь закрытым кляштары. Супрацьстаянне трох бакоў на поле чалавечай духоўнасці разгортвала сапраўдную ваенную баталію. На жаль, удзел у гэтых дэбатах мелі толькі духоўныя і выбітныя людзі той эпохі. А просты люд? Просты люд араў поле, пёк хлеб і гадаваў дзетак. Яго ўдзел – прыняць тое, што прымуць тыя на гары…

Францішак Сальскі пераступае трываючы шматлікія гады падзел. Будучы духоўным заможнага паходжання, спускаецца да самых нізоў – да людзей. Яго гаміліі не былі накіраваны, як звычайна было прынята, да магнатэрыі, сабранай у святыні, але да ўсіх без выключэння. Біскуп для ўсіх – гэта была па-сапраўднаму навізна. Св. Францішак стварае свой рэцэпт хрысціянскай дасканаласці. Інгрыдыенты выглядалі наступным чынам:

  1. Любоў да Бога, якая з’яўляецца цэнтрам і крыніцай хрысціянскага жыцця;
  2. Унутраны супакой і шчырая радасць;
  3. Салодкая лагоднасць і непакананая цярплівасць;
  4. Некрывадушная пакора.

Сальскі паставіў гэтыя чатыры краявугольныя камяні на рогах фундамента святасці, якую практыкаваў сам і радзіў іншым. Аднак большай рэвалюцыяй у сферы духоўнага жыцця стала тое, што жаданую святасць, паводле яго, можна было здабыць сярод каструль і апалонікаў – гэта значыць у звычайнай штодзённасці. У цэнтры духоўнага змагання чалавека святы ставіць Божую любоў, а не асабістыя заслугі, пакуты і ахвяраваныя цярпенні. Паводле яго, менавіта з любові выцякаюць усе вядомыя духоўнасці дзяцей Божых.
Чалавек, паводле навучання Сальскага, павінен не толькі пакахаць свайго Стварыцеля, але таксама шчыра любіць сваё асабістае месца ў жыцці. Адной з маіх улюбёных думак гэтага святога ёсць рада, якую біскуп напісаў у лісце да спадарыні Блюлярт, якая вельмі моцна зайздросціла сваёй сястры, якая была законніцай. Святы напісаў наступныя словы: “Калі прагнем быць святымі паводле нашай волі, ніколі імі не будзем па-сапраўднаму; святымі трэба быць згодна з воляй Божай. А воляй Божай ёсць тое, каб спадарыня з любові да Яго шчыра пакахала практыкаванне свайго жыццёвага стану жыцця”. У іншым лісце да той самай асобы піша: “Калі ласка, не сейце свае мары ў чужым агародзе; дбайце пра свой сад. Няхай ваша душа не жадае быць кімсці, кім не з’яўляецца, але моцна прагне быць тым, кім вы ёсць. Навошта будаваць замкі ў Іспаніі, калі мы жывём у Францыі?”.

Францішак у сваім навучанні вельмі моцна датыкае духоўнага рэалізма, каб не памнажаць мары і прагненні, якія з’яўляюцца толькі і выключна нашай воляй, а не Бога. Сваім духоўным дзецям нястомна паўтараў: “Трэба расквітнець там, дзе пасадзіў нас Бог”. Тым самым пакрэсліваў, што кожны сацыяльны і духоўны стан, кожная жыццёвая сітуацыя з’яўляюцца плённай глебай для духоўнага ўзрастання. Не трэба шукаць надзвычайнасці ў жыцці, але сярод звычайнай, шэрай атмасферы дня шукаць Бога, які ўжо там. Вялікі націск ставіць на вернасць штодзённым абавязкам, менавіта гэтую думку св. Яна Боско пазней пераказвае сваім хлопцам у першым араторыі.
Яго план духоўнага развіцця не датычыцца “надзвычайных спраў, але штодзённай дробнай мітусні”.  Менавіта там адбываецца асабістая сустрэча з Найвышэйшым. “Ці прагнеш падабацца Богу? – пытае Францішак. – Калі яшчэ не выбраў свайго стану жыцця, зрабі гэта як мага хутчэй, калі ўжо выбраў яго - тут знойдзеш Бога, Бога які будзе апекавацца табою!”.

Кожны з нас атрымаў ад Бога ўнікальную магчымасць стаць святым па-свойму, гэта значыць там, дзе пасылае мяне Бог, з тым багаццем талентаў і магчымасцяў, якімі адаравала нас Неба. Не трэба шукаць невядома якіх духоўных практык і ўзнёслых пачуццяў на малітве. Патрэбны давер Божаму плану і любоў да гэтага плана – такога, які атрымаў менавіта я. Кожны з нас з’яўляецца ўлюбёным Божым нашчадкам. Наша спадчына – лёс, які атрымалі з рук нашага Айца – “зямля абяцаная”. На гэтай зямлі кожны па-свойму засаджвае сад духоўнага жыцця. А калі нашыя дрэвы заквітнеюць, паклічам працавітых пчол, каб сабралі жаданы мёд – слодыч вечнага жыцця, якім мы павінны падзяліцца з кожным, каго сустрэнем на сваім жыццёвым шляху.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пан Бог зможа ўзнагародзіць ахвярнасць, якая дзеецца, каб быць паслухмяным Яго Святой воле.

Св. Ян Боско