Аўторак, 20 Люты 2018 07:30

„Араторый без музыкі, як цела без душы”: св. Ян Боско і музыка

Аўтар Кл. Адам Цесьляк SDB

Найбольш з усіх рысаў ксяндза Боско мяне захапляюць яго ўменне выкарыстоўваць свае таленты і зацікаўленасць у паслузе іншай асобе. Многа было такіх, якія лічылі сябе выдатнымі акрабатамі, навукоўцамі, альбо прадпрымальнікамі, аднак не многія здабылі сабе панадчасовую любоў, альбо хаця б звычайнае прызнанне.

Св. Яна Боско асаблівым чынам палюбіў моладзь: “Для вас вучуся, для вас працую, для вас жыву і за вас гатовы я жыццё аддаць”. Музыка ў гэтым вымярэнні не была выключэннем. Ксёндз Боско ўмеў граць на скрыпцы, фартапіяна і аргане, умеў чытаць ноты, а нават і не блага спяваў (шкала яго тэнара дасягала другой актавы). Гэтага было дастаткова, каб зрабіць разнастайнымі і цікавымі сустрэчы ў араторыі пры дапамозе супольнага спева, а таксама для напісання новых твораў для аратарыйнай моладзі.

Некаторыя спевы ксёндз Боско кампанаваў за хвіліну, як напрыклад спеў да Божага Дзіцятка. Іншыя, ў сваю чаргу, паўставалі дзякуючы накладанню тэкста на пачутую на вуліцы мелодыю, якая, як лічыў, магла спадабацца хлопцам. У такія моманты ксёндз Боско стараўся запомніць мелодую, альбо адразу запісваў ноты на кавалку паперы. Менавіта ў такі спосаб паўстала песня да Анёла Ахоўніка (Angioletto del mio Dio), якую спяваюць і сёння.

Шмат твораў ствараецца для літургічнага ўжытку: мелодыя да „Gloria”(Хвала), „Tantum ergo”(Гэты велічны Сакрамэнт), а таксама мелодыі для частак цэлай Імшы. Аднак тут назіраецца супраціў: ксёндз Боско прапаноўваў больш просты стыль музыкі, годны мейсца і падзеі, яму не падабаліся свецкасць і тэатральныя эфекты сучасных для яго сакральных спеваў. Шмат увагі звяртаў на не модны ўжо тады грыгарыянскі спеў. Меў свядомасць, што музыка з’яўляецца фундаментальным элементам святой Імшы, а не дадаткам ці непатрэбнай аздобай. Музыка, паводле яго, разам са словамі, жэстамі цела і архітэктурай твораць цудоўны спеў, якім ёсць хвала, якая ўзносіцца Богу. Таму св. Ян Боско старанна клапаціўся, каб кожную касцёльную ўрачыстасць суправаджалі адпаведныя годныя спеў і музыка. Гэты спеў павінен злучаць прыгажосць і прастату, каб кожны мог у яго ўвайсці і падтрымаць сваім удзелам.

Такім чынам, у араторыі на Вальдокко паўстае хор хлопцаў, які меў вялікую пашану і славу ў Турыне. Хлопцы выконвалі не толькі папулярныя пабожныя спевы, але таксама творы сусветных маэстра, такіх як Расіні, Хэйдн альбо Палестрына.

Музыка гучала таксама падчас так званых паходаў, калі на чале з ксяндзом Боско хлопцы крочылі на гару Супэрга (санктуарый на гары недалёка ад Турына), альбо ў іншае святое месца. Адзін з такіх эпізодаў апісвае кс. Лемуэ: “Цяжка сабе ўявіць, з якім запалам спявалі хлопцы мелодыі, якія ведалі на памяць, а таксама той энтузіазм людзей, якія іх слухалі. 

Аднойчы ксёндз Боско арганізаваў хлопцам паход да касцёла Маці Божай дэль Пілонэ, які знаходзіўся ў аколіцы горада. На трох лодках паплылі яны па рацэ Пад, а даплыўшы да сярэдзіны ракі, заспявалі прыгожую марыйную песню. Слухачы, якія знаходзіліся на берагах ракі, чуючы такі цудоўны спеў, падыходзілі бліжэй і нібы ў зачараванні крочылі бульварамі ўздоўж ракі, накіроўваючыся за лодкамі. Сярод хлопцаў было шмат граючых на трубах, яны чынілі далікатны акампанімент матывам, якія спяваліся, даючы непараўнальны эфект. 

Жыхары прадмесця Дэль Пілонэ выходзілі на двор, а калі лодкі прычалілі да берага, сабраная грамада абдарыла спевакоў гучнымі авацыямі. Гэта былі першыя музычныя трыўмфы ксяндза Боско, якія папярэдзілі тысячы наступных у будучыні, здабываючых апладысменты ў кожным кутку свету” (Memorie Biografiche II, rozdz. XIII).
Музыка ў араторыі, перадусім, спаўняла выхаваўчую ролю. Яна звяртала ўвагу хлопцаў на прыгажосць, займала час, стварала прастору для рэалізацыі юнацкай радасці, якая для ксяндза Боско была, як мы добра ведаем, інтэгральным складнікам святасці. Важным плёнам такога выхавання з’яўляецца св. Дамінік Савіо, які праз некаторы час выпаўняў у араторыі функцыю кантара і саліста хора. З гэтай прычыны Пій ХІІ абвясціў Дамініка “нябесным апекуном Pueri cantores (спяваючых юнакоў)”, а св. Ян Боско назваў яго “правадыром у спеве і праслаўленні Бога”.

Турынскі выхаваўца пачаў таксама супольнае навучанне музыцы (да гэтага моманту музыкальная адукацыя адбывалася прыватна). Музыцы і спевам вучыў сам ксёндз Боско, а таксама адзін з першых салезіянаў, будучы місіянер, біскуп і кардынал Ян Кальера. З гэтай наватарскай практыкі выраслі першыя музычныя салезіянскія школы.

Нельга таксама забыцца аб аркестры, які паўстае ў рамесных майстэрнях на Вальдокко. Гледзячы на даўнія здымкі, можна з лёгкасцю заўважыць, што ксёндз Боско вельмі моцна ганарыўся ім.

З дзевятнадцатага стагоддзя перанясёмся ў часы больш блізкія нам. Жадаю паказаць вам, як моцна ўкаранілася распачатая ксяндзом Боско традыцыя музыкі не толькі сярод салезіянаў, але таксама і ў каталіцкім Касцёле.

Першай вельмі важнай асобай з’яўляецца кс. Антоні Хлёндоўскі SDB, на самой справе - Хлёнд (Хлёндоўскі – гэта псеўданім). Ён быў братам знакамітага салезіяніна, кардынала Аўгуста Хлёнда, Прымаса Польшчы. Як і два старэйшыя браты, Антоні быў пасаджаны ў цягнік да Італіі з картачкай ў руцэ, на якой было напісана: “Ксёндз Боско”. Такім спосабам ён апынуўся ў салезіянскім доме. У тыя часы гэта была вельмі папулярная практыка. У Польшчы тады яшчэ не было салезіянаў, таму юнакоў, жадаючых прысвяціць сябе салезіянскай харызме, адпраўлялі ў Італію менавіта такім спосабам.

Антоні меў вялікі музычны талент, ён стаўся знакамітым кампазытарам касцёльных спеваў. Таксама ён з’яўляецца аўтарам многіх спеваў, якія мы прызвычаіліся чуць у нашых святынях. Апрача спеваў, належаць яму мелодыі частак Імшаў і прэлюдый, якія ўжываюцца ў паўсюдным Касцёле. Праз шмат гадоў быў заснавальнікам і кіраўніком хора ў Асвенцыме. Стаў таксама заснавальнікам знакамітай школы арганістаў у Пшэмыслю. Добра вядомая мелодыя “Хвала на вышынях”, якую выконваюць ва ўсіх салезіянскіх касцёлах і не толькі, належыць яго аўтарству.

Наступнай асобай, якая паўплывала на музычную спадчыну салезіянаў на ўсходзе Еўропы, з’яўляецца кс. Станіслаў Арміньскі SDB. Ён напісаў самую папулярную версію мелодыі “Апэль Яснагурскі”, які выконваецца штодзённа а гадзіне 21.00 перад цудадзейным абразом Маці Божай Чэнстахоўскай у знакамітым польскім нацыянальным санктуарыі. Ён быў капеланам і членам Дзяржаўнай Арміі Польшчы. Падчас акупацыі займаўся хорам, які складаўся больш чым са 100 асоб, таксама чынна ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстанні. Быў выкладчыкам у школе арганістаў у Пшэмыслі, а апошнія гады жыцця знаходзіўся ў Румі, дзе быў заснавальнікам і апекуном хора “Ліра”, парафіяльнага аркестра, а таксама хора для дзяцей.

Апошнім салезіянінам Усходу, які пакінуў свой уклад у развіццё салезіянскай музыкі, стаў кс. Ідзі Маньскі SDB. Для Беларусі гэтая постаць вельмі важная, таму што некаторы час кс. Ідзі працаваў на нашых землях, на Валожыншчыне. 

Падчас акупацыі прыехаў у вёску Багданава, дзе прабываў да канца вайны. Менавіта ён аднавіў перадапошнюю святыню ў гэтай вёсцы. Кс. Маньскі з’яўляецца аўтарам спеву “Марыя без грэху зачата”, які спяваем падчас навэнны да Беззаганнага Зачацця Маці Божай, а таксама песні да Маці Божай Успамогі “Спрадвеку верных”. Музычны талент і прагненне стаць выхаваўцам ідэальна скампанаваліся і адначасова ў паўнаце аб’явіліся ў салезіянскім пакліканні гэтага святара. Яго жыццяпіс можа быць прыкладам для многіх выхаваўцаў, не толькі салезіянаў. Яго метады выхавання, яго стыль знаходжання сярод маладых і па сённяшні дзень жывуць на пляцоўках, дзе працаваў і выхоўваў. Гэты салезіянін мне найбольш прыпамінае ксяндза Боско, бо ксёндз Боско таксама жыве ў нашай вялікай сям’і.

Без ваганняў трэба сказаць, што салезіянскі дух выдатна выражаецца ў спеве і музыцы, бо яны найлепш пераказваюць людскую радасць. 

 Лучнасць людскіх галасоў і ноты, сабраныя ў мелагучныя мелодыі, – гэта малітва праслаўлення Стварыцеля яго тварэннем, дзецьмі Божымі. Ці ў Небе можа панаваць цішыня? Ці радасць, вынікаючая з блізкай прысутнасці каханага Бога, Айца і Сына і Духа Святога можа маўчаць? Думаю, што праслаўленне анёлаў і святых у Божым Вадарстве і з’яўляецца музыкай, музыкай любові і вечнага шчасця.

Іншыя матэрыялы ў гэтай катэгорыі: « Святы Ян Боско пра пекла

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі чый-небудзь сын пакідае сваіх бацькоў, каб адказаць на сваё пакліканне, Езус Хрыстус сам займае месца ў гэтай сям'і

Св. Ян Боско