Аўторак, 21 Май 2019 19:15

8 чэрвеня адбудзецца святарскае пасвячэнне дыякана Артура Ляшнеўскага SDB

Аўтар

8 чэрвеня, ва ўспамін благаслаўлёнага салезіяніна-мучаніка Стэфана Шандора, адбудзецца святарскае пасвячэнне дыякана Артура Ляшнеўскага, члена Таварыства св. Францішка Сальскага.

Святарскае пасвячэнне ўдзеліць Яго Эксцыленцыя бп. Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці. Літургія прэзбітэрскага пасвячэння адбудзецца а 11-й гадзіне ў касцёле св. Яна Боско ў Мінску па адрасе: вул. Пляханава, 28-1.

Ад моманту пасвячэння салезіянін Артур Ляшнеўскі станецца святаром Каталіцкага Касцёла і будзе цэлебраваць штодзённа найсвяцейшую Эўхарыстыю, служыць вернікам у канфесіянале, а таксама ўдзяляць сакрамэнт намашчэння хворых.

Дыякан Артур звяртаецца з просьбай аб малітоўнай падтрымцы для яго ў гэтыя дні прыгатавання да прыняцця святарства. Таксама ад усяго сэрца запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да перажывання гэтага важнага для яго моманту і асабіста падтрымаць яго сваёй прысутнасццю ў гэты дзень.

Таксама будучы святар запрашае ўсіх да ўдзелу ў прыміцыйнай св. Імшы (ад лацiнскага primitiae, што азначае першы плён першага ўраджаю), якую ўпершыню новы прэзбітэр будзе цэлебраваць у роднай парафіі. Першая Эўхарыстыя салезіяніна Артура Ляшнеўскага адбудзецца 9 чэрвеня 2019 года а гадзіне 9.30 ў мiнскiм мiкрараёне Сухарава ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі па адрасе: вул. Лабанка (прыпынак Лабанка, 99). Пасля першай св. Імшы новавысвячанага святара Касцёл дае прывілей новапрэзбітэру ўдзяліць благаслаўленне з рангам папскага.

Расклад месцаў і дат наступных прыміцыйных Імшаў у святынях нашай Бацькаўшчыны будзе пададзены пазней.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Памятайце, дзеці мае, што кожны хрысціянін абавязаны даваць прыклад бліжняму, ніводнае слова не выхоўвае так, як добры прыклад.

Св. Ян Боско