Беларусь не з’яўляецца выключэннем - на салезіянскіх пляцоўках нашай краіны таксама з вялікім размахам адбыліся святочныя праграмы, прысвечаныя кс. Боско. Новым момантам у сёлетніх праграмах стала прамая трансляцыя свята ў Instagram.
Здаецца, нічога незвычайнага, зараз падлеткі актыўна вядуць прамыя трансляцыі ў сацсетках, паказваючы сваім падпісчыкам, як ідуць па вуліцы ці спажываюць ежу. Але трансляцыя мерапрыемстваў накшталт гэтых дазваляе адчуць еднасць Салезіянскай Сям’і ва ўсім свеце. Напрыклад, падчас трансляцыі з мінскага араторыя адзін карыстальнік, аналізуючы фотаздымкі якога можна здагадацца, што гэта салезіянскі святар з Паўднёвай Амерыкі, пісаў у стужку „Viva Don Bosco” і дасылаў шмат падабаек. Далучаліся да трансляцыі таксама і іншыя карыстальнікі з далёкага замежжа. Акрамя таго, многія маладыя людзі, якія з-за розных абставін не змаглі прыняць непасрэдны ўдзел у свяце, мелі магчымасць далучыцца да яго, гледзячы на экраны сваіх смартфонаў.
Такая любоў да сучасных тэхналогій не з’яўляецца для салезіянаў нечым надзвычайным. Ксёндз Боско быў вельмі перадавым чалавекам, ён быў адным з першых святароў, які трапіў на фотаздымак. Таксама святар выкарыстоўваў сучасныя тэхналогіі ў друкарстве, заўважаў, як мяняецца свет і імкнуўся ісці ў нагу з часам, нават апярэджваў яго.
Сучасныя тэхналогіі адчыняюць перад намі цудоўныя магчымасці, дапамагаючы скарачаць адлегласць з дапамогай сацыяльных сетак і мэсанджэраў. У наш час салезіянская моладзь можа дзяліцца сваёй радасцю з іншымі незалежна ад месца знаходжання, сачыць за тым, што адбываецца ў салезіянскіх араторыях па ўсім свеце і бачыць, як там ажыццяўляецца салезіянская харызма. Генеральны Настаяцель можа звяртацца да Салезіянскай Сям’і па ўсім свеце, запісаўшы відэа і апублікаваўшы яго на YouTube. Магчымасцяў вельмі шмат, галоўнае карыстацца імі з розумам, не забываючы, што мы жывем у рэальным свеце. Дзелячыся ў інтэрнеце сваёй радасцю, варта паклапаціцца, каб гэта была сапраўдная радасць, якая ідзе з глыбіні сэрца і якой баіцца шатан.
Падпісвайцеся на нашыя рэсурсы ў сеціве і рабіце ўсё, толькі не грашыце!