Чацвер, 18 Студзень 2018 11:06

Св. Ян Боско і бл. Марыя Рамэра сталі апекунамі СДМ-2019 у Панаме

Аўтар Кл. Артур Ляшнеўскі SDB

У маі 2017 года адбылася афіцыйная прэзентацыя лагатыпа СДМ, а таксама былі прадстаўлены апекуны сусветнага моладзевага сходу. Сярод шматлікіх святых заступнікаў СДМ знайшліся і салезіянскія. Афіцыйным апекуном стаў наш умілаваны ксёндз Боско і благаслаўлёная салезіянка Марыя Рамэра.

Трэба падкрэсліць, што cв. Ян Боско з’яўляеца апекуном панамскага народа. Яго успамін, 31 студзеня, ва ўсім грамадстве абвешчаны вольным ад працы днём, а сам успамін мае ранг народнага свята.

Другім салезіянскім апекуном з’яўляецца бл. Марыя Рамэра Мэнэсэс, званая апосталам Коста-Рыкі. Яна нарадзілася 13 студзеня 1902 г. у Гранадзе, Нікарагуа. Калі мела 12 гадоў, захварэла рэўматызмам, а яе хуткае выздараўленне прызнана цудам. Адчуваючы пакліканне, ўступае ў кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. У 1931 годзе адпраўляецца працаваць ў Сан-Хасэ ў Коста-Рыцы. Там клапацілася аб бедных дзецях і вучыла катэхізісу. С. Марыя заснавала спецыяльную вёску для бедных сем'яў, даючы кожнаму з іх свой уласны дом. Дзякуючы яе намаганням у вёсцы быў пабудаваны касцёл у гонар Дзевы Марыі. 2 ліпеня 1977 яна вярнулася да сясцёр на радзіме, дзе і памерла ад сардэчнага прыступу ва ўзросце 75 гадоў. Праз тыдзень яе цела прывезлі ў Коста-Рыку, дзе ўрачыста і пахавалі. Беатыфікаваў с. Марыю Папа Ян Павел II 14 красавіка 2002 года.

Сярод апекуноў СДМ-2019 аказаліся таксама св. Ян Павел ІІ, св. Ян Дыяга Куаўхтлатоатцын, св. Марцін дэ Порэс, св. Ружа з Лімы, бл. Мучанік Абп Оскар Арнульфа Рамэро і св. Юзэф Санчэс дэль Рыо.

Для Салезіянскай Сям’і гэта вялікі гонар і місія. Апякунства салезіянскіх святых на Сусветных Днях Моладзі – гэта выраз павагі і любові Касцёла да нашай Кангрэгацыі. Паказвае гэта таксама, як шмат дабра салезіяне і салезіянкі робяць для выхавання маладых людзей па ўсім свеце. Гэты гонар таксама кладзе на нашыя плечы цяжар місіі – яшчэ больш працаваць дзеля збаўлення душ, асабліва пакінутай і духоўна занядбалай моладзі.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Будзьце ўпэўнены, што той, хто адаруе Найсвяцейшы Сакрамэнт, мае надзейную дарогу і ўзнагароду вечнага збаўлення.

Св. Ян Боско