Распачалася сустрэча св. Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый. Прывітальнае слова да сабраных прамовіў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар адзначыў, што аплаткавыя сустрэчы з’яўляюцца вельмі прыгожай традыцыяй і яму вельмі прыемна, што салезіянская сям’я мае магчымасць спаткацца перад святам Божага Нараджэння ў цёплай сямейнай атмасферы. Таксама вельмі важным з’яўляецца прысутнасць біскупа і прадстаўніка Папы на сустрэчы такога фармату.
Біскуп Аляксандр прамовіў да сабраных гамілію, у якой паразважаў над служэннем, да якога пакліканы кожны чалавек. Біскуп падкрэсліў, што ў сваім служэнні мы павінны браць прыклад з Езуса, служыць безкарысна, узіраючыся ў глыбіню чалавечага сэрца.
Пасля ўдзелу ў Ахвяры Пана прысутныя перайшлі ў араторый, дзе адбылося дзяленне аплаткай. Кожны змог выказаць адно аднаму пажаданні на будучы год, перапрасіць за крыўды, падзякаваць за пражыты год. Таксама святары салезіяне падрыхтавалі для ўдзельнікаў сустрэчы прыемны падарунак – беларускамоўнае выданне Новага Запавету.