Аўторак, 29 Жнівень 2017 14:11

“Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё”: рэкалекцыі для дзяўчат прайшлі ў Лебедзеве

Аўтар Дземянкова Ліза

З 16 па 24 жніўня ў Лебедзеве праходзілі чарговыя рэкалекцыі для дзяўчат. Тэмай быў абраны радок з Евангелля “Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё”(Мц 6,21) . Таму на працягу гэтых дзён усе ўдзельніцы накіравалі свае намаганні на распазнаванне і пошук уласнага скарбу.

Больш за 20 дзяўчат з усіх куткоў Беларусі разам з сястрой Тэрэсай Сольнічэк FMA, сястрой Дар'яй Еўтухоўскай FMA, сястрой Веранікай Огар FMA сабраліся разам, каб паразважаць над сваім жыццём, словам Божым і проста адпачыць ад штодзённых абавязкаў. Манахіні праз канферэнцыі і сустрэчы дапамагалі дзяўчатам у адкрыцці жыццёвага шляху і ў пазнанні Божага плану адносна кожнай з іх.

Акрамя сясцёр, на працягу ўсіх рэкалекцый удзельніцам дапамагаў пробашч мясцовай парафіі ксёндз Уладзімір Русак. Галоўнай часткай кожнага дня рэкалекцый была святая Імша, падчас якой маладыя верніцы радавалі парафіян з в. Лебедзева ўрачыстымі спевамі. Ксёндз Уладзімір прамаўляў да прысутных казанні, якія глыбока пранізвалі маладыя сэрцы.

У адзін з дзён у Лебедзева завітаў ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB, які таксама звярнуўся з прамовай да дзяўчат, падкрэсліваючы важнасць духоўнага кіравання ва ўзрастанні кожнага чалавека.

Быў час на розныя гульні і на тое, каб проста пабыць у цішыні.  Удзельніцы рабілі таксама цудоўныя рэчы сваімі рукамі, глядзелі цікавыя фільмы.

Дзяўчаты хадзілі ў невялікую пілігрымку ў Гудагай, што славіцца цудоўным абразом Маці Божай. Там яны мелі сустрэчу з сёстрамі кармелітанкамі, якія падзяліліся сваім сведчаннем і расказалі пра свой ордэн.

Варта адзначыць, што рэкалекцыі ў дзяўчат пачаліся з няпростага задання: ім патрэбна было адмовіцца ад тэлефонаў на ўсе гэтыя дні! Аднак потым яны самі казалі, што нічога складанага ў гэтым не было.

Дзяўчаты шчыра дзякуюць усім, хто  падрыхтаваў і правёў гэтыя рэкалекцыі.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі вашай душы або целу будзе нешта пагражаць, звярніцеся да свайго Анёла Ахоўніка, і я запэўніваю, што ён будзе суправаджаць вас і абараняць.

Св. Ян Боско