Нядзеля, 08 Студзень 2017 11:25

У Жупранах адбылася чарговая сустрэча аб пакліканні для дзяўчат

Аўтар Эльвіра Юхневіч

З 3 па 5 студзеня ў вёсцы Жупраны (Ашмянскі раён) пры парафіі Св. Апосталаў Пятра і Паўла прайшла сустрэча аб пакліканні для дзяўчат, якую арганізавалі сёстры салезіянкі.

Галоўнай была тэма «Сям'я — школа жыцця і любові». Таксама сабраныя разважалі над тым, як не стаць дзяўчыне маладой пенсіянеркай, як сям'я можа быць пляцоўкай для ўзрастання ў любові, і як паслухмянасць можа навучыць любіць.

Кожны дзень дзяўчаты мелі магчымасць удзельнічаць у святой Імшы. Яе праводзіў кс. Казімір Мурава SDB, які таксама прыняў удзельніц сустрэчы ў сваёй хаце. У першы дзень дзяўчаты разважалі над словамі Папы Францішка, з якімі ён звярнуўся да маладых людзей падчас сустрэчы ў Рыме, заклікаючы юнакоў і дзяўчат любіць па прыкладзе Хрыста. Падчас малітвы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам кожная з удзельніц рэкалекцый шукала той заклік, які Бог праз словы Папы скіроўвае да яе.

На другі дзень было шмат сюрпрызаў: цікавая канферэнцыя, гадзіна пустыні (асабістае разважанне ў цішыні над дадзеннымі пытаннямі), калядаванне па вёсцы, прагляд фільма «Апошні падарунак» і нават незвычайная сустрэча па Skype з Юліяй Клявец, якая знаходзіцца на фармацыі ў сясцёр салезіянак у Італіі. Яна распавяла пра шлях распазнання свайго паклікання і падзялілася дзесяццю пунктамі, якія ёй у гэтым дапамаглі. Таксама ў Жупраны завітала с. Ірына Барцэвіч FMA з сям`ёй Эдуарда і Веранікі Рогач, якія прыехалі разам за сваёй дачкой Дамінікай. Так дзяўчыты мелі шанец пачуць гісторыю паклікання маладой сям’і і задаць розныя пытанні маладым бацькам.

Апошні дзень быў прысвечаны разважанню над словамі Святога Пісання, а менавіта над прыкладам Святой сям’і, у цэнтры якой заўсёды стаіць Езус Хрыстус.

У сустрэчы прынялі ўдзел дзяўчаты з розных куткоў Беларусі: з Багданава, Жупранаў, Мінску і Смаргоні. Удзельніцы гэтай сустрэчы дзякуюць сёстрам салезіянкам Вераніцы Огар FMA, с. Тэрэсе Сальнічак FMA, с. Дар'і Еўтухоўскай FMA за арганізацыю і правядзенне такіх сустрэч — цудоўную магчымасць развівацца духоўна і праводзіць час з карысцю. А таксама дзяўчаты дзякуюць кс. Казіміру Мураве SDB за гасціннасць, цікавыя казанні і ўсмешку.

Такія сустрэчы аб пакліканні праводзяцца некалькі разоў на год. На іх запрашаюцца дзяўчыты ад 14 гадоў. Наступная сустрэча адбудзецца ў Смаргоні 11 – 12 лютага.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Давярайце сваё жыццё Марыі і ўбачыце, што такое цуды.

Св. Ян Боско