Серада, 12 Кастрычнік 2016 09:00

Салезіянкі запрасілі дзяўчат на «Week-end», каб паразважаць аб пакліканні

Аўтар

У выходныя 8 і 9 кастрычніка ў Бараўлянах адбылася сустрэча аб пакліканні для дзяўчат. Дзяўчаты са Смаргоні, Мінску і з саміх Бараўлян, якія прынялі запрашэнне ад сясцёр салезіянак на ўдзел у сустрэчы на тэму «Адкрываю сябе», сабраліся разам у араторыі імя святога Дамініка Савіо. Праграма сустрэчы прадугледжвала як тэарытычныя, так і практычныя заняткі, а таксама духоўныя і малітоўныя  моманты падагульнення і разважання.

У суботу пасля супольнай малітвы на святым ружанцы дзяўчатам былі запрапанаваны гульні, звязаныя з тэмай і спосабам перажывання гэтых двух дзён: «хадзіць вакол самой сябе», адкрываць і слухаць голас таго, хто ведае нас лепш, бо Ён нас стварыў.  Адразу пасля гульні салезіянка супрацоўніца Ірына Рамуальдаўна Клявец правяла фармацыйнае спатканне. Яна звярнула увагу дзяўчат, што важна крочыць да свайго шчасця, якое ў сваю чаргу залежыць ад таго, як мы сябе прымаем. Пасля вячэры удзельніцы сусрэчы атрымалі практычныя заданні па гэтай тэме. Выконваючы іх, дзяўчаты самі вызначалі крокі, праз якія жадаюць узрастаць, адкрываючы сябе, жадаюць імкнуцца да прыняцця сябе і змагацца за сваё шчасце. Дзень скончыўся малітвай і разважаннем перад Езусам Эўхарыстычным, перад адзіным люстэркам, у якім можна ўбачыць сябе ў святле праўды.

Другі дзень сустрэчы распачаўся з разважання над Божым Словам і ўдзелу ў святой Імшы. Невыпадкова як раз у гэтую нядзелю літургія прадстаўляла ўрывак сустрэчы з Хрыстом, які аздараўляе, асабліва тых, хто разумее сваю патрэбу быць збаўленым, бо ведае сябе і прымае. Падчас «пустыні» (час на асабістае разважанне ў цішыні) дзяўчаты разважалі над тым, як распараджаюцца атрыманымі ў жыцці дарамі і над канкрэтнымі крокамі, праз якія жадаюць аднаўляць у сабе Божае аблічча падоранае ў момант хросту.

Адкрытасць дзяўчат дазволіла ў свабодзе выказаць і падзяліцца перажытым падчас гэтых дзён, а таксама прадставіць свае прапановы для наступнай сустрэчы.

Шчыра дзякуем Богу, усім удзельнікам і арганізатарам гэтай сустрэчы, усім тым хто, дапамагаў, а таксама святарам, якія нас прымалі!

Такі «Week-end», прыцсвечаны пазнанню саміх сябе і разважанню аб уласным пакліканні, будзе праходзіць яшчэ не раз на працягу года. Запрашаем далучыцца ўсіх жадаючых дзяўчат. Сачыце за аб’явамі.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Сучаснасць гэтага свету – як цемра. Але Бог – гэта Святло, а Найсвяцейшая Панна – Зорка Ранішняя. Ускладай усе свае надзеі на Бога і Марыю

Св. Ян Боско