Пятніца, 26 Жнівень 2016 09:18

Сустрэча аб пакліканні для дзяўчат

Аўтар Эльвіра Юхневіч

З 16 па 24 жніўня ў вёсцы Бердаўка (Лідскі раён) прайшла сустрэча аб пакліканні для дзяўчат пад назвай “Яны сустрэлі Езуса”,  якую арганізавалі сёстры салезіянкі. На працягу 9 дзён мы разважалі над урыўкамі евангелля,  у якіх жанчыны з рознымі гісторыямі жыцця сустрэлі Езуса, і як гэта змяняла іх жыццё. Штодзённыя спатканні падкрэслівалі  розныя аспекты жыцця і паводзін: “Неспазнаныя (неспадзяваныя) жаданні”, “Міласэрны позірк”, “Служэнне і цішыня”, “Пакора і адвага”, “Ахвярнасць”.

Кожны дзень пачынаўся з сустрэчы з Панам у прыгожым мясцовым касцёле на Святой Імшы, якую адпраўляў кс. Міхал Стэцкевіч. Падчас кожнага дня мы рознабакова развіваліся: маліліся, разважалі над сваім будучым і бягучым жыццём, дзякуючы дадзеным нам пытанням, пазнавалі сапраўдную “сябе”, выказвалі свае думкі, гатавалі ежу, умацоўвалі дух еднасці праз спартыўныя гульні.

У адзін з дзён была арганізавана невялікая пілігрымка. Праз бадзёрыя крокі, вясёлы спеў і супольную малітву, цудоўнае надвор’е і прыгожы краявід мы хутка прыйшлі ў Ліпнішкі. Там нас ужо чакаў ксёндз пробашч Вітальд Жэльветра OFMCap, які падзяліўся сведчаннем свайго жыцця і пакінуў нам хрысціянскія жыццёвыя парады. А сястра Люцыя Пашук са Зграмаджэння Маці міласэрнасці (Вострабрамскай) пачаставала нас гарбатай і ахвяравала свой час, бавячыся разам з намі.

А на пяты дзень нашага адпачынку да нас завітала госця – Клявец  Ірына Рамуальдаўна ACS . Яна правяла незабыўную канферэнцыю ў незвычайнай форме аб жыцці хрысціянскай дзяўчыны, жонкі і маці. Але гэта не ўсе сюрпрызы. Пасля гэтай канферэнцыі мы мелі мастэр клас па фларыстыцы ад Петрусевіч Іры ACS. Разам з  ёй  упрыгожвалі кветкамі касцёл (атрымалася сапраўды прыгожа J ), за што ёй шчыры дзякуй.

Суботнім вечарам мы запрасілі жыхароў вёскі на традыцыйны салезіянскі вясёлы вечар гульняў, спеваў і плясак, а ў нядзелю на малітоўны вечар перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Праз гэта жадалі падзяліцца салезіянскім духам радасці, малітвы і любові.

Як на самой справе дзяўчаты перажылі гэтыя дні, спытаем у іх саміх:

Ульяна, 14 гадоў: “Мне вельмі спадабаліся гэтыя рэкалекцыі аб распазнанні свайго паклікання. Штодзённая Святая Імша, малітва, ружанец, вяночак – усё гэта дапамагала духоўна расці і развівацца. Смачная ежа, сямейныя адносіны паміж усімі намі, добры настрой – гэта тое, што я знайшла. Абавязкова вярнуся на наступны год на рэкалекцыі, каб добра, плённа і цікава правесці час у кампаніі дзяўчат”.

Ангеліна, 15 гадоў: “Гэта былі цудоўныя 9 дзён разам з дзяўчатамі. Кожны дзень у нас былі канферэнцыі, з якіх я вынясла, што трэба мець час, каб слухаць, што хоча сказаць нам Бог і таксама мець час, каб зразумець гэта. Кожны наш дзень пачынаўся са Святой Імшы, менавіта гэты момант даваў сілы на ўвесь дзень. Увогуле, я пазнала шмат новага і цікавага, таму жадаю ў наступным годзе далучыцца да нас”.

Лізавета, 14 гадоў: “Было вельмі весела. Кожны дзень распачынаўся са Святой Імшы, а пасля пачыналася цікавая праграма, кожны дзень розная. Мы хадзілі нават у пілігрімку ў Ліпнішкі, дзе ксёндз распавядаў нам розныя гісторыі з яго жыццця. З духоўных момантаў больш за ўсё спадабалася адарацыя. Запрашаю ўсіх дзяўчат на наступныя рэкалекцыі аб пакліканні, таму што падчас іх ёсць магчымасць пазнаёміцца з дзяўчынкамі і пазнаць нешта новае для сябе і пра сябе”.

Кацярына, 18 гадоў: “Падчас сустрэчы мы ўзгадвалі біблейскіх жанчын, якія ў сваім жыцці сустрэлі Хрыста. Праз штодзённыя разважанні і малітву мы шукалі ў цішыні сваіх сэрц адказ на пытанне: “Якое пакліканне для мяне з’яўляецца сапраўдным шчасцем, прыгатаваным для мяне Панам Богам?” У наступным годзе таксама знайду час, каб яшчэ раз прыехаць на сустрэчу дзяўчат”. 

У сустрэчы прынялі ўдзел дзяўчаты з розных куткоў Беларусі: Мінск, Смаргонь, Бараўляны, Багданаў, Шчучын, Жупраны, Дзятлава, Радунь. Выказваем шчырую падзяку сёстрам салезіянкам (с. Тэрэса Сольнічак FMA, с. Валянціна Кот FMA, с. Вераніка Огар FMA, с. Дар’я Еўтухоўская FMA) за добрую арганізацыю, падрыхтоўку і правядзенне гэтых дзён. J Асаблівую падзяку складаем пані Людміле Огар за гасціннасць, дапамогу і адкрытае сэрца.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Мы будзем збаўлены дзякуючы Божай Ласкі і Яго дапамогі, якой заўсёды хопіць, каб толькі была на тое наша воля. Маліцеся, каб малітва з гэтай мэтай была сапраўды дзейнай. Праз веру атрымаеце тое, аб чым просіце.

Св. Ян Боско