Нядзеля, 22 Май 2016 22:54

Агульнабеларускае свята Марыі Успамогі Хрысціянаў у Смаргоні

Аўтар С. Вераніка Блізнюк FMA i аніматар Ганна Семак

21 мая ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылася агульнабеларуская салезіянская ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў. Галоўнай тэмай гэтага святкавання былі словы св. Яна Боско: "Даверцеся Марыі, і вы ўбачыце, што такое цуды".

Марыя ў гэты дзень сабрала разам вялікую колькасць прадстаўнікоў Салезіянскай сям’і Беларусі на чале з шаноўнымі гасцямі: кс. біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB, дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, сястрой Габрыэлай Родэ FMA, адказнай за візітаторыю Еўропа Ўсходняя-Грузія “Маці Бога” і кс. Віктарам Гайдукевічам SDB, рэгіянальным настаяцелем рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага на Беларусі.

Самай важнай часткай святкавання была Св. Імша, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр. І падчас гаміліі ён прыгожа распавёў гісторыю з'яўлення тытулу Успамогі Хрысціянаў. Таксама адзначыў, што Марыя Успамога адыграла вялікае значэнне ў жыцці св. Яна Боско. "Вялікі ўклад у развіццё культу Марыі Успамогі Хрысціянаў здзейсніў і святы Ян Боско. Ён стварае “ўласны” абраз Марыі Успамогі Хрысціянаў і ўласны абраз Маці Божай. Як ведаем, ксёндз Боско жыў у вельмі смутныя часы для Хрыстовага Касцёла. А нават і небяспечныя часы. Таму ксёндз Боско бачыў у кульце Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў агульны крык усяго хрысціянства і ўсіх народаў, знаходзячыся ў небяспецы, па дапамогу да Марыі, якая дагэтуль настолькі эфектыўна магла нішчыць і перамагаць усе атакі праціўніка. У гэтым закліку – Марыя Успамога Хрысціянаў – святы Ян Боско бачыў мабілізацыю ўсіх сіл “сыноў святла”, каб змагацца з “сынамі цемры” пад сцягам Марыі Успамогі" – адзначыў кс. біскуп Аляксандр у сваёй гаміліі. Менавіта для Марыі кс. Боска разам са св. Марыяй Дамінікай Мадзарэлло заснаваў Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі – Сясцёр Салезіянак, жадаючы стварыць жывы помнік удзячнасці Марыі.

Вялікай радасцю для сялезіянскай сям’і Беларусі стала прыняцце ў аніматары 14 юнакоў і дзяўчат, якія жадаюць па прыкладу Марыі быць паслухмянай прыладай для адкрыцця Божай любові найбольш патрабуючым дзецям і моладзі. Напрыканцы святой Імшы Дочкі Марыі Успамогі (Сёстры Салезіянкі) аднавілі свае манаскія абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці.

Другой часткай праграмы святкавання быў мюзікл "Песня пра Марыю", які прадставілі дзяўчынкі з дзіцячага хора парафіі св. Міхала Арханёла пад кіраўніцтвам с. Веранікі Блізнюк, FMA. Кропкай мюзікла сталі словы с. Габрыэлі Родэ: “Трымайцеся моцна за руку Марыі, давярайце Ёй, молячыся на ружанцы!” Працягам урачыстасці стала інтэрактыўная праграма, падрыхтаваная моладдзю, якая не дазволіла сумаваць, а заахвоціла да актыўнага ўдзелу ў забавах. Прыкладам весялосці і крэатыўнасці сталі нашы святары і сёстры. Напрыканцы хор з парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (Бараўляны) урачыста адспяваў марыйны Акафіст.

Канчатковым пунктам праграмы было традыцыйнае салезіянскае "слова на развітанне" кс.Віктара Гайдукевіча SDB. Кс. Віктар у сваім слове адзначыў: " Сёння дзякуем Міласэрнаму Богу за тое, што чарговы раз дазволіў нам сустрэцца на супольнай малітве, праслаўляць і дзякаваць Яму за нашу нябесную Маці – за Маці, якую мы асаблівым чынам па прыкладу нашага духоўнага Айца св. Яна Боско праслаўляем пад тытулам Успамогі Хрысціянаў. У сённяшні дзень, калі мы ўспамінаем нашу Нябесную Маці, няхай кожны з нас памятае пра сваю родную маму і дзякуе ёй сёння асаблівым чынам за дар жыцця, выпрошваючы для яе ўсе патрэбныя Божыя ласкі. Няхай кожны з нас сёння патэлефануе да сваёй мамы, падзякуе ёй, запытаецца можа што патрэба і адчуе, як прыгожа мець маму. Тыя, чые мамы адышлі да Пана – яны не засталіся сіротамі, яны маюць так як кс. Боско прасіў Успамогу як Маці і таксама асаблівым чынам павінны сёння да Яе звярнуцца". Таксама кс. Віктар распавёў пра цуд, які адбыўся ў 1844 годзе ў Монтафіі д'Асці з мужчынам, які цярпеў ад ліхарадкі і атрымаў аздараўленне, дзякуючы парадам кс. Боско, каб маліцца да Маці Божай.

Пасля супольнай малітвы да Марыі кс. біскуп Аляксандр Яшэўскі ўрачыста благаславіў прысутных праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў.
“О Марыя, Найласкавейшая Маці! Ва ўсе часы Ты была Успамогай Хрысціянаў, атулі нас сваёю чулаю апекаю пры жыцці і асабліва – у хвіліну нашай смерці. Учыні, каб мы, любячы і ўшаноўваючы цябе на зямлі, маглі праслаўляць Тваю міласэрнасць у небе. Амэн.”

Фота: Эліна Урбанайць

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Без цярпення не можам стаць святымі.

Св. Ян Боско