Нядзеля, 01 Лістапад 2020 11:20

Салезіянская сям’я Беларусі памаліліся за памерлых сабратоў на могілках у вёсцы Дварэц

Аўтар

30 кастрычніка салезіянская сям'я Беларусі сабралася ў вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёна, каб памаліцца за памерлых сабратоў і асвяціць новыя помнікі траім сабратам.

Традыцыйна ў пачатку лістапада каталікі наведваюць могілкі, каб навесці там парадак і памаліцца за памерлых продкаў. Каталіцкі Касцёл заклікае людзей да памяці і шанавання памерлых. У гэтыя дні пры выкананні належных умоў можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душу, якая знаходзіцца ў чыстцы. У гэтым годзе салезіяне распачалі наведванне могілак памерлых сабратоў з вёскі Дварэц. Дварэц - гэта месца, дзе сто год таму салезіяне распачалі сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. Таму сімвалічна, што добраўпарадкаванне месцаў пахавання салезіянаў у рамках падрыхтоўкі святкавання 100-годдзя прысутнасці членаў таварыства на Беларусі распачалося менавіта з гэтага месца.

Св. Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. На распачацце Імшы ўсіх прысутных прывітаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Таксама кс.Віктар зачытаў імёны памерлых салезіянаў, якія працавалі на нашай зямлі і за якіх цэлебруецца святая Імша. Разам з салезіянамі маліўся таксама і мясцовы пробашч ксёндз Павел Скуба.

Казанне да прысутных прамовіў пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску і дэкан дэканату Мінск-Усход кс. Аляксандр Мятліцкі SDB. Святар звярнуў увагу на тое, што кожны хрысціянін добра ведае шлях, які вядзе да збаўлення, але ведаць шлях і ісці ім - розныя рэчы. Кс. Аляксандр адзначыў, што памерлыя сабраты пісалі гісторыю салезіянскага таварыства на гэтай зямлі. Сёння мы можам задаць сабе пытанне, якую гісторыю пішам мы і куды крочым.

Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр падзякаваў прысутным за супольную малітву, а таксама адзначыў, што вельмі цешыцца з магчымасці перажываць такі важны момант са сваімі сабратамі.
Потым прысутныя, молячыся Вяночак да Божай Міласэрнасці, накіраваліся на могілкі, дзе адбылося асвячэнне помнікаў ксяндзу Людвіку Віткоўскаму SDB і сабратам каад’ютарам Стэфану Залеўскаму SDB і Казіміру Ляхоўскаму SDB.

Ксёндз Віктар уручыў падзячную грамату з подпісам біскупа Аляксандра і сваім асабістым спадару Вадзіму Грудзе, чыя фірма дапамагла пры усталяванні помнікаў. Каля магіл салезіянаў прагучала малітва і падзяка памерлым за іх жыццё і сведчанне.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе нашы здольнасці і намеры, уся наша праца і цярпенні, усе намаганні будуць мець сэнс толькі тады, калі мы будзем рабіць гэта на хвалу Бога

Св. Ян Боско