Серада, 14 Кастрычнік 2020 22:59

Пахавальная св. Імша за бацьку кс. Алега Каралёва SDB прайшла ў Мінску

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

У парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску адбылася пахавальная св.  Імша за Валерыя Каралёва, бацьку ксяндза Алега Каралёва SDB, вікарыя парафіі і адказнага за салезіянскі моладзевы Цэнтр у Мінску.

Святую літургію ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Таксама падтрымаць ксяндза Алега і памаліцца аб супакоі для душы яго таты прыбылі біскуп Юрый Касабуцкі, сабраты салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB, святары кармэліты, ксёндз Дзмітрый Пухальскі і дырэктар “Радыё Марыя” ксёндз Аляксандр Фаміных. Таксама на Імшы прысутнічалі салезіяне супрацоўнікі, моладзь і шматлікія вернікі. Словы спачування для родных і блізкіх перадаў Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які зараз вымушаны знаходзіцца ў Польшчы.

Падчас казання біскуп Аляксандр адзначыў, што ўсіх нас, кім бы мы ні былі, чакае адзін канец, і варта задумацца аб тым, што нас чакае пасля смерці. Кожны павінен адказаць сабе на пытанне, ці не пара і яму туліцца да Бога, каб яго адыход быў напоўнены хрысціянскім супакоем, даверам і малітвай. Вялікую надзею дае вера ў тое, што Бог, які стварыў кожнага з нас, не з’яўляецца Богам мёртвых, але Богам жывых. Прыдзе той час, калі ўсе памерлыя паўстануць са сваіх магіл.

Напрыканцы Імшы словы спачування ксяндзу Алегу і ўсім родным выказалі біскуп Юрый Касабуцкі і ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.  Ксёндз Алег у сваю чаргу выказаў падзяку ўсім прысутным за падтрымку і малітву, а таксама запрасіў працягваць маліцца за яго спачылага тату.

Вечны адпачынак дай яму, Пане.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не лічы сябрамі тых, хто цябе празмерна хваліць.

Св. Ян Боско